Адчуць сябе студэнтам галоўнай ВНУ краіны, яшчэ не здаўшы выпускныя экзамены, не мара, а рэчаіснасць для ўдзельнікаў унікальнага праекта БДУ. За некалькі дзён яны паспяваюць не толькі трапіць на пары і паразмаўляць з выкладчыкамі, але і знайсці сяброў. «Студэнт БДУ на тыдзень» – гэта ўнікальны мост паміж школай і ўніверсітэтам, які штогод дапамагае дзясяткам абітурыентаў зрабіць усвядомлены выбар. За яго паспяховай рэалізацыяй стаіць каманда энтузіястаў на чале з куратарам Архіпам Палуянавым, а каштоўнасць праекта лепш за ўсё пацвярджаюць яркія ўражанні яго ўдзельнікаў.
Архіп Палуянаў узначаліў праект «Студэнт БДУ на тыдзень» па рэкамендацыі папярэдняга кіраўніка Дар’і Палуйкі. Да гэтага ён займаў пасаду яе намесніка і шмат чаму навучыўся за час сумеснай працы.
З праектам ён быў знаёмы ўжо некалькі гадоў. Яшчэ ў 14-м сезоне, вясной 2023 года, прымаў у ім удзел у якасці студэнта на тыдзень на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.
Як адзначыў Архіп, адбор школьнікаў праводзіцца на аснове пададзенай заяўкі і матывацыйнага ліста на тэму «Чаму я хачу стаць студэнтам БДУ на тыдзень?». На трох факультэтах – ФМА, журфаку і ФПМІ – прадугледжаны таксама другі, творчы этап, дзе ўдзельнікі атрымліваюць дадатковыя заданні. Вопыт уласнага ўдзелу ў праекце дапамагае яму разумець, як школьнікі рыхтуюцца да студэнцкага жыцця.
Куратары-студэнты разам з выкладчыкамі і адміністрацыяй факультэтаў складаюць для школьнікаў расклад, арганізоўваюць тымбілдынгі і нефармальныя сустрэчы.
– Наогул, мы імкнёмся рабіць усё для таго, каб перадаць менавіта настрой студэнцтва, – каментуе малады чалавек.
Ключавое адрозненне праекта ад стандартных дзён адчыненых дзвярэй у глыбіні пагружэння абітурыента ў жыццё факультэта.
– Унікальнасць праекта ў тым, што мы даём магчымасць пагрузіцца ў студэнцтва, застаючыся школьнікамі. Гэта дапамагае ўдзельнікам знайсці адказ на важнае пытанне: «А кім я стану, калі вырасту?»
Пры рэалізацыі праекта ўзнікае шэраг цяжкасцяў, аднак актыўную падтрымку аказвае цэнтр прафарыентацыі, студэнцкага адміністравання і працаўладкавання. Асабліва кіраўнік адзначае дапамогу Ксеніі Чэсюнайце, якая з асаблівай увагай падыходзіць да ўсіх нюансаў падрыхтоўкі. Як заўважаюць арганізатары, цікавасць да праекта расце: у сёлетнім сезоне было пададзена каля 700 заявак, што ўдвая больш, чым у папярэднім.
– У наступным сезоне, які будзе юбілейным, 20-м, мы спадзяёмся пераадолець мяжу ў 1000 заявак ад школьнікаў, –дадае Архіп.
Планы па развіцці маштабныя, ідэй вельмі многа, кіраўнікі ўпэўненыя, што змогуць здзівіць школьнікаў. Праект не толькі дапамагае абітурыентам, але і збліжае студэнтаў і выкладчыкаў, спрыяючы развіццю навыкаў арганізацыі і кіравання. Безумоўна, праект павышае зацікаўленасць абітурыентаў паступаць менавіта ў БДУ – самую аўтарытэтную ВНУ краіны.
Удзельніца праекта Паліна Сыцько вырашыла прыняць удзел, каб лепш пазнаёміцца з абранай спецыяльнасцю і ўніверсітэцкім жыццём. Яе першы дзень быў насычаным і цікавым: пачалося ўсё з інструктажу па тэхніцы бяспекі, затым было знаёмства з куратарамі і іншымі ўдзельнікамі, а пасля адбылася пара па неарганічнай хіміі разам з першакурснікамі.
Асабліва ўразілі дзяўчыну лекцыі па фізіцы, радыяцыйнай і ядзернай бяспецы, а таксама практычныя заняткі. Лекцыя па фізіцы запомнілася змястоўнасцю і займальнай падачай. У апошні дзень праекта Паліна змагла асабіста паўдзельнічаць у мерапрыемстве «Віртуозы навукі».
- Атмасфера ва ўніверсітэце, уключаючы лекцыі, практыкумы і нават каву з аўтамата, пакінула прыемныя ўражанні. За тыдзень я пазнаёмілася са многімі студэнтамі і канчаткова ўпэўнілася ў жаданні паступаць на хімічны факультэт па спецыяльнасці «хімія лекавых злучэнняў».
Школьніца рэкамендуе праект сябрам, бо ўсяго за адзін тыдзень адкрыла для сябе шмат новага, атрымада інфармацыю пра будучую прафесію і пазнаёмілася з цікавымі людзьмі.
Ангеліна Пірштук даведалася пра магчымасць стаць студэнткай яшчэ ў 10 класе, але тады не адважылася падаць заяўку. Пасля заканчэння навучальнага года яна пачала сумнявацца ў выбары паміж лагістыкай і міжнароднымі адносінамі, што і падштурхнула яе прыняць удзел у праекце для больш глыбокага знаёмства з універсітэтам і спецыяльнасцямі. За чатыры дні праекта яна атрымала адказы на ўсе свае пытанні і правяла час сярод цудоўных людзей.
– Калі я прыехала, то зразумела, што ФМА – гэта пра людзей. Менавіта калектыў факультэта дапамог стварыць незабыўныя ўражанні і накіраваў мяне на правільны шлях, – дадае Ангеліна.
Першы час для дзяўчыны было нязвыкла сядзець на парах даўжэй за 45 хвілін, але рытм ФМА хутка стаў камфортным. Цяпер яна цалкам асвоілася, і вяртанне ў школу будзе няпростым. Выкладчыкі прыемна здзівілі сваёй энергічнасцю і матываванасцю. Асаблівае ўражанне пакінулі заняткі па французскай мове. Таксама яе ўразіла праца куратараў і кіраўніцы Настассі, за што яна выказвае ім вялікую падзяку.
Удзел у мадэляванні сесіі ААН спачатку выклікаў асцярогі, але страх хутка сышоў, калі людзі вакол пачалі падтрымліваць адзін аднаго. Такі вопыт дапамог усвядоміць, што праца дыпламата складаная, але менавіта гэтая складанасць матывуе вывучаць больш моў.
Ва ўніверсітэце вучаніцу старэйшых класаў уразілі лёгкасць у зносінах і зацікаўленнасць людзей. Выкладчыкі разумелі навучэнцаў і выявіліся цікавымі апавядальнікамі. Успрыманне ўніверсітэта змянілася ў лепшы бок.
– Першапачаткова я баялася паступаць, а цяпер разумею, што не хачу пакідаць БДУ. Праект шмат чаму навучыў мяне, за што вельмі ўдзячная ўсім арганізатарам. Універсітэт пацвердзіў правільнасць абранага напрамку. Хаця я і наведала пары розных факультэтаў, міжнародныя адносіны засталіся спецыяльнасцю, пра якую хочацца даведацца больш у будучыні.
Ксенія Самсонава першапачаткова планавала паступаць на факультэт радыёфізікі, але праграма дапамагла канчаткова пераканацца ў гэтым рашэнні. Больш за ўсё дзяўчыне запомініліся лекцыі і практычныя заняткі, прысвечаныя аэракасмічным тэхналогіям. Магчымасць дакрануцца да такіх незвычайных праектаў яна ацэньвае як каштоўны досвед.
Добразычлівая і сяброўская атмасфера факультэта ўразіла аўтэнтычнасцю. Студэнты і выкладчыкі былі адкрытыя да зносін, гатовыя падтрымаць размову і дапамагчы. А праект дапамог канчаткова вызначыцца з выбарам. Цяпер дзяўчына ведае, што гэта дакладна яе факультэт. Усведамленне прыйшло пасля пагружэння ў студэнцкае жыццё.
– Калі б трэба было апісаць праект адной фразай, гэта быў бы «добры экспірыенс», які можна перажыць толькі адзін раз, але які падараваў унікальныя эмоцыі і цалкам змяніў уяўленне пра факультэт, – падсумоўвае Ксенія.
Кацярына Пагуляева даведалася пра «Студэнта БДУ на тыдзень» зусім выпадкова, ад сяброўкі, і адразу вырашыла дзейнічаць. Яна хутка падрыхтавала матывацыйны ліст для факультэта журналістыкі, а пасля праходжання ў другі этап актыўна працавала над творчым заданнем.
Будучая абітурыентка плануе паступаць у 2026 годзе і гатова прыкладаць усе намаганні для дасягнення мары. Праект прывабіў яе магчымасцю ўбачыць студэнцкае жыццё знутры.
Першы дзень прайшоў ярка і насычана: афіцыйнае адкрыццё, экскурсія па факультэце, некалькі заняткаў, агульнаўніверсітэцкае адкрыццё і сустрэча са студэнтамі-валанцёрамі «школы маладых журналістаў». Асабліва запомніўся тымбілдынг, дзе ўдзельнікі стваралі крэатыўныя плакаты і знаёміліся адзін з адным.
«Журфак – гэта людзі» – менавіта чалавечыя адносіны сталі галоўным адкрыццём праекта. За чатыры дні яна сустрэла неверагодную колькасць адкрытых і творчых асоб, з якімі было цяжка развітацца.
– Спадабаліся ўсе пары, дзе прысутнічалі творчыя заданні. Але нават тэарэтычныя заняткі былі займальнымі дзякуючы выкладчыкам. Праект дапамог мне вызначыцца з напрамкам: калі некаторыя ўдзельнікі зацікавіліся інфакамам, то я канчаткова ўпэўнілася ў выбары журналістыкі.
Так, крок за крокам, ад знаёмства з куратарамі да развітальных абдымкаў, і нараджаецца менавіта тая чароўнасць «студэнцтва на тыдзень». Розныя факультэты, розныя мары, але адзін і той жа вынік – запал у вачах і цвёрдая ўпэўненасць у сваім выбары. «Я абавязкова сюды вярнуся» – гэтая фраза гучыць з вуснаў кожнага ўдзельніка і з’яўляецца самым лепшым доказам поспеху праекта. Ён запаліў іскру, якая хутка разгарыцца ў полымя сапраўднага студэнцкага жыцця ў сценах галоўнай ВНУ краіны.
Марыя КАРКВЕЛІС
