З аднаго боку, дакладная навука, вышэйшая матэматыка і свет спадарожнікавых здымкаў, з другога – гітара, падарожжы і філасофія пастаяннага пошуку. Герой інтэрв’ю – Яўген Лявіцкі, студэнт-геадэзіст, які спалучае ў сабе, здавалася б, несумяшчальнае: аналітычны розум, неабходны для працы з картамі, і творчы пачатак, які ён знаходзіць у музыцы і даследаванні новых месцаў. Яго гісторыя паказвае, што шлях у сучасную навуку можа быць поўны асабістых адкрыццяў.
Студэнт факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Яўген навучаецца па спецыяльнасці «космааэракартаграфія і геадэзія». Яго шлях у навуку пачаўся са школьнага захаплення геаграфіяй і актыўнага ўдзелу ў рэспубліканскіх алімпіядах, што і прадвызначыла выбар ВНУ і напрамку навучання.
Самым яркім успамінам студэнцкага жыцця для яго застаецца дзень засялення ў інтэрнат на першым курсе.
– Вось гэтая атмасфера, калі ўсё для цябе новае: новы горад, новае месца вучобы, новыя людзі вакол. Было сапраўды цікава, як атрымаецца ўліцца ў новыя абставіны, – успамінае ён.
Гэты момант, поўны чакання і адкрыццяў, стаў для яго сімвалічным пачаткам дарослага жыцця.
Яшчэ ў школе акадэмічныя поспехі адкрылі яму дарогу ў банк адоранай моладзі, куды ён быў залічаны ў канцы 9 класа пасля перамогі на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Асновай яго цікавасці да гэтай галіны з самага пачатку сталі карты.
– Асабіста мяне заўсёды прываблівалі карты, вось не ведаю чаму, але яны быццам дазваляюць убачыць тое, што нас атачае, пад іншым вуглом, гэта мяне ў іх і заварожвала, – прызнаецца студэнт.
Сёння гэты інтарэс трансфармаваўся ў больш глыбокае і спецыялізаванае захапленне. У цэнтры яго навуковых інтарэсаў зараз знаходзіцца геадэзія, а асабліва яе складаны тэарэтычны раздзел – вышэйшая геадэзія.
– Канкрэтна ў геадэзіі мне не дае спакою – у добрым сэнсе гэтага слова – яе раздзел вышэйшая геадэзія. Звязаны ён збольшага з вылічэннямі і хутчэй нагадвае вышэйшую матэматыку, што мяне якраз-такі ў ім і прываблівае, – тлумачыць ён.
Гэты выклік, які спалучае ў сабе дакладнасць матэматыкі і прыкладную геаграфію, з’яўляецца для яго галоўным інтэлектуальным стымулам. Пакуль яго практычны вопыт абмяжоўваецца напісаннем навуковых артыкулаў, аднак усе планы звязаны з прафесійным развіццём у абранай сферы. Сваю мэту ён фармулюе проста і амбіцыйна: стаць першакласным геадэзістам.
Па-за вучобай Яўген знаходзіць баланс у музыцы і падарожжах. У якасці хобі ён называе ігру на гітары, а вольны час стараецца прысвяціць даследаванню роднай краіны.
– Стараюся вырвацца з Мінска куды-небудзь у блізкія раённыя цэнтры альбо славутасці ў навакольных вёсках, каб развеяцца альбо прасякнуцца вайбам беларускай глыбінкі, – дзеліцца Яўген.
Гэтыя паездкі дазваляюць яму не толькі адпачыць, але і ўбачыць на практыцы тыя прасторы і ландшафты, вывучэнню якіх прысвечана яго будучая прафесія.
Яго жыццёвай філасофіяй з’яўляецца прынцып пастаяннага пошуку і развіцця. Ён лічыць, што нельга спыняцца на чымсьці адным, а трэба пастаянна спрабаваць сябе ў абсалютна розных сферах. Галоўнай крыніцай натхнення для яго – музыка, якую ён вызначае як асаблівы, глыбока эмацыйны спосаб самавыяўлення. Гэтае спалучэнне – аналітычны склад розуму, неабходны для геадэзіі, і творчы пачатак, што падсілкоўваецца музыкай і падарожжамі, – фарміруе яго ўнікальны падыход да вучобы і будучай прафесіі.
Шлях Яўгена Лявіцкага – чарга свядoмых выбараў: ад школьнай карты на сцяне да складаных геадэзічных вылічэнняў, ад алімпіяднай задачы да навуковых артыкулаў. Ён не проста ідзе па абранай спецыяльнасці, а ўдумліва будуе траекторыю будучага першакласнага спецыяліста, для якога геаграфія – гэта і дакладная навука, і асаблівы спосаб бачыць свет. Яго гісторыя нагадвае, што аснова сапраўднага прафесіяналізму – гармонія паміж аналітычным мысленнем, практычным інтарэсам да свету і асабістай зацікаўленасцю, якая і робіць працу справай жыцця.
Марыя КАРКВЕЛІС
