У лiстападзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце прайшоў традыцыйны конкурс «Найлепшы куратар года», які стаў важнай падзеяй універсітэцкага жыцця. Мерапрыемства падкрэсліла асаблівую ролю куратараў у выхаванні студэнцкай моладзі і развіцці патэнцыялу будучых спецыялістаў.
Iнстытут куратарства ў БДУ – гэта не проста адміністрацыйная структура, а сістэма падтрымкі асобы студэнта, скіраваная на фарміраванне прафесійных, грамадзянскіх і маральных кампетэнцый. Універсітэт выбудоўвае шматузроўневую мадэль працы куратараў, спалучаючы традыцыі настаўніцтва і сучасныя лічбавыя інструменты. І менавіта куратар з’яўляецца важнай часткай студэнцкага жыцця.
Па словах прарэктара па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Ганны Бакун, інстытут куратарства – найважнейшы інстытут, які існуе ў вышэйшай школе. Яго вытокі бяруць пачатак з 50–60- х гг. ХХ ст., калі вышэйшая адукацыя перастала быць элітарнай і кожны савецкі грамадзянін мог рэалізаваць сваё права на яе атрыманне. Выхаваўчы працэс у той час лічыўся асноватворным у сістэме адукацыі і быў часткай дзяржаўнага ладу.
– Цяпер мы назіраем рэнесанс выхаваўчага працэсу ў вышэйшай школе, а дзяржаўная моладзевая палітыка з’яўляецца неад’емным, нават ключавым элементам агульнай дзяржаўнай палітыкі, – сцвярджае прарэктар.
Ганна Бакун таксама падкрэсліла велізарную ролю куратара для студэнцкай моладзі:
– Куратар – гэта не толькі злучнае звяно паміж адміністрацыяй факультэта і студэнтамі, гэта чалавек, які суперажывае, падтрымлівае, дае парады маладым людзям, а таксама нясе адказнасць за даручаную яму групу студэнтаў. Сёння ў плыні незлічоных парад ад розных блогераў, коўчаў, таролагаў і іншых «экспертаў» па асобасным росце, правільнасці рэчаіснасці і прагназаванні будучыні вельмі важна, каб у маладых людзей быў рэальны аўтарытэтны чалавек, які валодае кваліфікацыяй, транслюе веды і імкнецца падзяліцца ўласным досведам. Такім чалавекам для студэнта можа і павінен быць куратар навучальнай групы.
На думку Ганны Бакун, пры выбары прафесіі, звязанай з сацыяльнай камунікацыяй, працай з людзьмі, вельмі важна заставацца неабыякавым чалавекам да таго, што ты робіш.
– Гэта, мабыць, галоўная рыса куратара сёння, – дадае яна.
Па правілах і з душой
БДУ рэалізуе шматузроўневую мадэль куратарства: на кожным факультэце дзейнічае савет куратараў, які каардынуе выхаваўчую работу.
Сёння ў БДУ працуюць 822 куратары – на трэць больш, чым пяць гадоў таму. Іх дзейнасць ахоплівае шырокі спектр напрамкаў – ад адаптацыі першакурснікаў да рэалізацыі асветніцкіх і патрыятычных праектаў.
Куратары праводзяць рэгулярныя куратарскія і інфармацыйныя гадзіны, суправаджаюць студэнтаў у грамадскай і культурнай дзейнасці, дапамагаюць вырашаць бытавыя і вучэбныя пытанні. У сваёй працы яны актыўна выкарыстоўваюць сучасныя лічбавыя рэсурсы – электронныя журналы, метадычную «скарбонку», Telegram-каналы для абмену вопытам і каардынацыі.
У БДУ ўжо стала традыцыяй штогод выбіраць найлепшага куратара года. Гэты конкурс аб’ядноўвае дзясяткі выкладчыкаў, якія дзеляцца сваімі праектамі, ідэямі і знаходкамі. Мерапрыемства накіравана на павышэнне эфектыўнасці выхаваўчай работы , абмен досведам паміж педагогамі і ўкараненне сучасных падыходаў да куратарскай дзейнасці. Арганізатарам конкурсу выступае ўпраўленне па ідэалагічнай і выхаваўчай работы БДУ.
«Адчуваю сябе пасярэднікам паміж светлымі людзьмі»
Галоўную ўзнагароду конкурсу – гран-пры – заслужана атрымала Таццяна Сідарава, загадчык кафедры рускай літаратуры філалагічнага факультэта. Яе праект «Злучальная ніць дабра» стаў сімвалам шчырага служэння справе выхавання і духоўнага развіцця студэнтаў.
Гэты праект – вынік шматгадовага досведу і жадання аб’яднаць студэнтаў вакол ідэй духоўнасці, творчасці і дабрыні.
– Праект называецца «Злучальная ніць дабра» – гэта назва, прапанаваная нашым намеснікам дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Вольгай Крычко, вельмі дакладна перадае сутнасць нашай працы. Усе ініцыятывы ідуць ад сэрца, рэалізуюцца добраахвотна і ўзнікаюць у натуральным творчым асяроддзі філалагічнага факультэта. У іх удзельнічаюць не толькі мае студэнты, але і навучэнцы з іншых спецыяльнасцяў, а ў аснове ўсяго – сяброўства і ўзаемная падтрымка. Ёсць і пастаянны склад – выпускнікі, якія дагэтуль дапамагаюць, пішуць сцэнарыі і застаюцца часткай каманды, – адзначае Таццяна Сідарава.
Паводле яе слоў, куратарства – гэта не проста дадатковая нагрузка, а асаблівы стан душы:
– У мінулым годзе, калі я развітвалася са сваімі выпускнікамі, пачула, што я ім і другая маці, і сяброўка, і дарадчыца. Гэта прыемна, але я ніколі не скажу, што куратар можа замяніць маці або сябра. Мне камфортна ў тым становішчы, якое сфарміравалася за гады: я адчуваю сябе пасярэднікам паміж светлымі людзьмі, якія аб’ядноўваюцца дзеля добрых спраў, каб зрабіць свет крыху лепшым.
Педагог перакананая: сапраўдная каштоўнасць куратара – умець быць побач, не замінаючы студэнту развівацца. Яна параўноўвае працу куратара з працэсам раскрыцця старажытнай іконы, пад пластамі якой хаваецца духоўнае ззянне.
Паводле выкладчыцы, чалавеку ва ўсе часы неабходна адчуваць сваю патрэбнасць – гэта аснова сталення. Асабліва востра гэта адчуваюць студэнты, якія ўпершыню апынаюцца далёка ад дома.
– Я ўспамінаю сябе на першым курсе, – дзеліцца Таццяна Пятроўна. – Прыехала з пасёлка, гублялася ў карпусах, спазнялася, пачалі зніжацца вынікі. У школе была выдатніцай, а ва ўніверсітэце разгубілася. Але мяне падтрымалі выкладчыкі. Адзін прафесар, убачыўшы, што я прамокла пад дажджом і спазнілася, проста паднёс мне крэсла і сказаў: «Усё добра. Вам не холадна?» – і гэтага хапіла, каб я адчула сілы і надзею.
Гэты выпадак стаў для яе прыкладам сапраўднай чалавечнасці і педагагічнага такту.
– Слова ажыўляе і падымае з попелу. І куратарам нельга забываць пра гэтую сілу. Часам праходзяць гады, пакуль студэнт напіша табе словы ўдзячнасці. Але менавіта такія моманты і даказваюць, што ўсё было не дарма, – кажа яна.
Разважаючы пра сучасныя выклікі, Таццяна Сідарава прызнаецца, што тэхналогіі і нейрасеткі адначасова палягчаюць і ўскладняюць працу куратара:
– Сучасны чалавек ужо не здольны ўспрымаць плыні інфармацыі, і многія важныя рэчы проста губляюцца. Таму куратару трэба не толькі паказаць прэзентацыю, але і сказаць свае словы – так, каб яны дайшлі да сэрцаў студэнтаў.
На думку выкладчыка, студэнцкія рознагалоссі нельга вырашаць загадамі – толькі агульнай справай, дзе кожны адчувае сваю важнасць. Так узнік літаратурны клуб «Вежа», які стаў прасторай сяброўства, творчасці і ўзаемнага натхнення.
– Любыя канфлікты можна вырашыць толькі сумеснай справай. Калі мы пачынаем тварыць разам – граць, чытаць, спяваць, знікаюць крыўды і непаразуменні. У вальсах музыкі і слова ўсё рассейваецца, як дым, і застаецца толькі радасць. Студэнты сыходзяць, а нашы праекты жывуць.
«Мая праца – пра людзей, а не пра справаздачы і паказчыкі»
I ступень атрымала Паліна Ляжанская, дацэнт кафедры маркетынгу Інстытута бізнесу БДУ, якая прадставіла працу «Полікультурнае выхаванне: роля куратара ў адаптацыі замежных студэнтаў».
На думку Паліны Уладзіміраўны, ва ўніверсітэце, дзе вучацца прадстаўнікі дзясяткаў краін, куратар становіцца не проста арганізатарам, а чалавекам, які дапамагае кожнаму адчуць сябе часткай адзінай супольнасці.
– Сёння ў БДУ вучацца студэнты з розных краін, культур і моўных традыцый. Полікультурнасць тут не лозунг, а паўсядзённасць. Куратар становіцца тым чалавекам, хто дапамагае замежным студэнтам адчуць, што Беларусь не проста месца вучобы, а прастора, дзе можна жыць, развівацца і быць сабой. Наша мэта – ператварыць трывогу ва ўпэўненасць, а культурныя адрозненні – у крыніцу ўзаемнага абагачэння.
У сваёй працы Паліна Ляжанская абапіраецца на тры прынцыпы: разуменне таго, што адаптацыя патрабуе часу і падтрымкі, стварэнне бяспечнай прасторы для адкрытага дыялогу і павагу да культурных асаблівасцяў кожнага студэнта. Яна адзначае, што за знешняй дапытлівасцю замежных студэнтаў часта хаваецца трывога – страх новай мовы, іншай сістэмы адукацыі, бытавых цяжкасцяў. Менавіта тут пачынаецца работа куратара – з даверу і чалавечага ўдзелу.
Сваю куратарскую працу выкладчык будуе не на фармальных сустрэчах, а на пастаянным кантакце са студэнтамі. Яна арганізоўвае жывы кантакт, вырашае бытавыя пытанні, стварае агульны чат для аператыўнай сувязі і праводзіць нефармальныя мерапрыемствы, дзе студэнты могуць бліжэй пазнаёміцца і адчуць сябе часткай калектыву. Важную ролю ў адаптацыі адыгрываюць і беларускія студэнты – яны дапамагаюць замежнікам асвоіцца, што спрыяе культурнаму абмену і ўзаемаразуменню.
– Мая праца – пра людзей, а не пра справаздачы і паказчыкі, – кажа Паліна Ляжанская. – Мне важна, каб кожны, хто прыехаў вучыцца ў Беларусь, адчуў: тут яго не проста прынялі – яго зразумелі.
Па словах Паліны Уладзіміраўны, каштоўнасць куратара ў тым, каб стаць для студэнтаў чалавекам, да якога можна звярнуцца па параду, падтрымку ці проста добрае слова. Ён накіроўвае ў жыцці ўніверсітэта, здымае напружанне і не дае згубіцца сярод новых правілаў і задач.
Сярод цяжкасцяў першакурснікаў выкладчык адзначае пачуццё адзіноты і няўпэўненасць. Яна імкнецца ўключаць студэнтаў у мерапрыемствы ўніверсітэта, дапамагае адаптавацца, паказвае, што памылкі – гэта частка шляху, а не падстава здавацца. У працы з замежнымі студэнтамі куратар асаблівую ўвагу надае пераадоленню моўнага і культурнага бар’ера.
У крызісных сітуацыях куратар, на думку выкладчыка, павінен захоўваць спакой, умець выслухаць абодва бакі і накіраваць студэнтаў да дыялогу. Канфлікты яна разглядае не як праблему, а як магчымасць навучыцца лепш разумець адно аднаго.
– Для мяне куратар – гэта чалавек, які ўмее растлумачыць правілы, падказаць, куды звярнуцца ў патрэбнай сітуацыі, і тым самым зняць лішняе напружанне, якое часта ўзнікае ў студэнтаў на пачатку шляху, пры неабходнасці даць параду, а часам проста выслухаць. Такая падтрымка важная, бо яна дае адчуванне, што побач ёсць нехта, хто разумее і гатовы дапамагчы разабрацца, а значыць, студэнт можа засяродзіцца на вучобе і асабістым развіцці, не марнуючы сілы на пастаянныя сумневы і пошук адказаў самастойна.
«Быць настаўнікам, сябрам і псіхолагам у адной асобе»
Другое месца заняла Алёна Хадакова, старшы выкладчык факультэта міжнародных адносін, якая прадставіла праект патрыятычнай накіраванасці. Яе праца «Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы» была адзначана за яркую патрыятычную накіраванасць, фарміраванне ў студэнтаў пачуцця нацыянальнага гонару і адказнасці.
– Унікальнасць майго праекта ў тым, што я расказваю пра нашу краіну, яе традыцыі з першых вуснаў. Я сама асабіста была ў памятных месцах нашай краіны, на розных яе вытворчасцях. Таксама на сваім прыкладзе праз удзел у розных праектах паказваю, што шлях да поспеху магчымы і трэба дзейнічаць, спрабаваць і не баяцца! – расказвае выкладчыца.
Педагагічную дзейнасць Алёна Хадакова пачала ў 2015 годзе, у гэты ж перыяд упершыню стала куратарам навучальнай групы ў Юрыдычным каледжы БДУ. З таго часу куратарства для яе не проста абавязак, а сапраўдная місія: вучыць, выхоўваць і быць арыенцірам для студэнтаў на іх шляху прафесійнага і асабістага развіцця.
Актыўная жыццёвая пазіцыя дазваляюць ёй натхняць студэнтаў асабістым прыкладам. У красавіку 2025 года Алёна Аляксандраўна выйшла ў фінал праекта «100 ідэй для Беларусі», арганізаванага БРСМ; у сакавіку прыняла ўдзел у IV Рэспубліканскім форуме маладых навукоўцаў устаноў вышэйшай адукацыі з міжнародным узроўнем і атрымала падзяку за ўкараненне інавацыйных падыходаў у дзейнасць куратара навучальнай групы, якія спрыяюць павышэнню якасці выхаваўчага працэсу; у маі стала ўдзельніцай III Рэспубліканскага форуму куратараў навучальных груп, арганізаванага Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы.
На думку выкладчыцы, галоўная каштоўнасць куратара – быць для студэнтаў настаўнікам, сябрам і псіхолагам адначасова. Яна адзначае, што першакурснікі часцей за ўсё сутыкаюцца з вялікім струменем новай інфармацыі і неабходнасцю прывыкнуць да самастойнага жыцця, асабліва калі прыязджаюць з іншых гарадоў. У гэты перыяд, лічыць педагог, студэнтам асабліва важна мець чалавека, які гатовы падтрымаць іх у любы час і дапамагчы адаптавацца да новых умоў. У крызісных сітуацыях неабходна абавязкова выбудоўваць дыялог:
Алёна Аляксандраўна раіць выкладчыкам-пачаткоўцам не баяцца браць на сябе адказнасць. На яе думку, менавіта асабісты прыклад педагога дапамагае выхаваць у маладых людзях грамадзянскую сталасць, ініцыятыўнасць і любоў да сваёй краіны.
«Здаровыя межы паміж студэнтам і ўніверсітэтам»
Тройку пераможцаў замкнула Марына Ліпская, старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый, з выхаваўчым мерапрыемствам «Голас прафесіі: выбар дзеля будучыні краіны». Яе работа была адзначана за арыгінальнасць ідэі, акцэнт на прафесійным самавызначэнні студэнтаў і сувязь выбару прафесіі з будучыняй краіны.
– Я звярнула ўвагу, што многія студэнты не ўяўляюць, як і дзе можна рэалізавацца ў прафесіі ў нашай краіне. «Мілей свая хата, як чужая вёска» – гэта прыказка ў поўнай меры адлюстроўвае асноўны пасыл праекта, – расказвае Марына Сяргееўна.
Ідэя праекта заключалася ў тым, каб з першага курса знаёміць студэнтаў з рознымі прадпрыемствамі, арганізацыямі, вядомымі людзьмі і творчымі праектамі, звязанымі з іх будучай прафесіяй.
Марына Ліпская – лаўрэат многіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, сярод якіх перамогі ў Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе моды і фота «Млын моды» (2012, 2014), удзел у міжнародных праектах «Творчая майстэрня “Млын моды”», выступленні на навуковых канферэнцыях у Беларусі і за мяжой. За ініцыятыўнасць у культурным і грамадскім жыцці сталіцы ўдастоена прэміі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Куратарства для Марыны Сяргееўны стала лагічным працягам выкладчыцкай дзейнасці. Яна прызнаецца: быць куратарам – значыць быць побач, калі студэнтам асабліва патрэбная падтрымка.
– Быць куратарам для мяне – гэта быць чалавекам, у асобе якога студэнт можа знайсці апору, падтрымку і проста добрае слова, а часам і строгі погляд. Гэта як здаровыя межы паміж студэнтам і ўніверсітэтам. З прычыны маладосці і амбіцый студэнт не заўсёды ведае, як яму зрабіць, і, на яго шчасце, у яго ёсць куратар, які гатовы падказаць, накіраваць, растлумачыць, – расказвае Марына Сяргееўна.
Яе вопыт паказвае, што цяжкасці першакурснікаў розныя: камусьці складана ўліцца ў калектыў, хтосьці не адразу прывыкае да студэнцкага жыцця, а кагосьці адцягвае бурнае жыццё сталіцы. Вялікую ролю ў яе працы адыгрывае ўзаемадзеянне з псіхалагічнай службай факультэта, а таксама падтрымка калег – загадчыцы кафедры Алены Атраховіч, намесніка дэканa па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Дзмітрыя Лебедзя і ўсяго прафесарска-выкладчыцкага калектыву.
– На канфлікты і ўнутраныя крызісы рэагую як чалавек з вялікай адказнасцю за студэнтаў, якіх мне даручылі. Я адклікаюся тым, хто просіць падтрымкі і гатовы яе прыняць: праводжу групавыя і асабістыя размовы, заўсёды трымаю ўвагу на тым, што адбываецца ў групе, цікаўлюся ў калег вынікамі студэнтаў маёй куратарскай групы, – адзначае яна.
Праект стаў спосабам не толькі знаёміць студэнтаў з прафесійнай сферай, але і паказаць, як іх веды і навыкі можна прымяніць у будучыні. Марына Ліпская лічыць, што галоўная мэта навучання ва ўніверсітэце – даць якасныя веды і дапамагчы студэнтам паспяхова рэалізаваць іх у прафесійнай дзейнасці і асабістых праектах.
Пераможцы конкурсу прадставілі свае праекты на IV Рэспубліканскім форуме куратараў навучальных груп устаноў вышэйшай адукацыі, які прайшоў у Мінску 26–27 лістапада 2025 года.
Таццяна САВІЦКАЯ
