Вольга Махнач: «Працаваць з таленавітымі людзьмі заўсёды цікава»

28 Jan, 2026.

У межах праекта «Размовы пра культуру і творчасць» рады прадставіць наступнага ўдзельніка – народны фальклорны ансамбль «Сарматы» БДУ. Ужо больш за 30 гадоў калектыў займаецца адраджэннем беларускіх народных песень і іх папулярызацыяй у новай музычнай апрацоўцы і сучасным гучанні. Пра ўнікальнасць ансамбля і творчую дзейнасць расказала мастацкі кіраўнік Вольга Махнач.

Яна нарадзілася ў 1977 г. Удзельнічала ў ансамблі з дзяцінства. У 1996 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, у 2001 г . – Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. У тым жа годзе пачала працу ў ансамблі ў якасці кіраўніка аркестравай групы. З 2015 г. – кіраўнік калектыву.

Як пачалася гісторыя ансамбля?

Народны фальклорны ансамбль Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «Сарматы» (раней – «Тутэйшая шляхта») быў заснаваны ў 1992 годзе маім бацькам – кандыдатам хімічных навук, які адначасова з’яўляецца таленавітым музыкантамаматарам і аўтарам дэбютных праграм ансамбля – Леанідам Махначом. Калектыў складаўся першапачаткова з выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта. Гэта было цікавае і разнастайнае аб’яднанне творчых людзей, якія шанавалі беларускую культуру і мову. З цягам часу ансамбль мяняўся, пашыраўся рэпертуар, павялічвалася колькасць канцэртаў і выступленняў.

Як вы сталі кіраўніком ансамбля?

Я была ўдзельніцай гэтага праекта з першых дзён. У той час яшчэ школьніцай я іграла на цымбалах. Атрымаўшы адукацыю, пачала кіраваць аркестравай групай ансамбля.

Хто можа стаць удзельнікам ансамбля «Сарматы»? 

Ансамбль складаецца са студэнтаў, супрацоўнікаў і выпускнікоў нашай навучальнай установы, якія маюць неабходныя здольнасці, навыкі і якім даспадобы гучанне і непаўторны стыль нашага гурта.

З якіх нумароў складаецца рэпертуар?

Рэпертуар вельмі шырокі – ад музыкі, папулярнай у колах шляхты ВКЛ, прыкладна з XVI ст., і да аўтарскіх твораў у стылі фолк-рок, мы яго акрэслілі як «сармацкі рок». Ёсць таксама беларускія народныя песні ва ўласнай апрацоўцы.

У якім фармаце праходзяць рэпетыцыі?

Фармат нашых рэпетыцый можа быць розны і залежыць ад мэты, якая стаіць перад намі. Ён уключае і агульныя рэпетыцыі-прагоны канцэртнай праграмы на сцэне ў канцэртных строях, і развучванне новых песень у малых групах, і індывідуальныя заняткі. Рэпетыцыі заўсёды вельмі насычаныя і актыўныя, бо часу звычайна не хапае.

Якія ўнікальныя музычныя інструменты выкарыстоўваюцца падчас выступленняў?

Інструментальны склад можа змяняцца ад класічнай гітары і акустычнай бас-гітары да бас-гітары, ударнай устаноўкі і электрагітары з працэсарам, неабходнымі для выканання музыкі ў стылі фолк-рок. Акрамя таго, у нас гучаць скрыпка, цымбалы, народныя і класічныя духавыя інструменты (дудкі, акарыны, дуды, флейта, труба). І, зразумела, вакал. Спяваем шматгалосна. Наша вакальная група ўяўляе сабой ансамбль салістаў. Кожны выконвае сваю асобную партыю, таму і патрабаванні да нашых выканаўцаў (як вакалістаў, так і інструменталістаў) вельмі сур’ёзныя.

Падзяліцеся, калі ласка, самым яскравым успамінам, звязаным з ансамблем.

Для мяне гэта і рэпетыцыі, і канцэрты, і выступленні. Кожнае ўзаемадзеянне з калектывам – гэта няспынны творчы працэс, які застаецца ў памяці і натхняе яшчэ доўгі час.

Якім дасягненнем гурта вы ганарыцеся найбольш?

Падчас рэалізацыі кожнага канцэрта ўзнікаюць пэўныя тэхнічныя складанасці, і, калі атрымліваецца рэалі завац ь усё, што было запланавана, гэта выклікае пачуццё задавальнення і жаданне рухацца далей . Ансамбль мае вялікую колькасць студыйных запісаў, чым мы таксама ганарымся. Некаторыя творы з’яўляюцца музычнымі помнікамі беларускай культуры, як, напрыклад, раманс «Дзеванька», напісаны Антонам Абрамовічам на словы Яна Баршчэўскага ў першай палове XIX ст. на беларускай мове. Мы зрабілі яго студыйны запіс. Таксама гэта шматлікія творы з «Полацкага сшытка» XVII ст., гімн «Багародзіца» (у розных крыніцах падаецца час напісання ад XIII ст.) і інш.

У чым унікальнасць «Сарматаў»?

Мы прыкладваем усе намаганні, каб кожны наш канцэрт стаў яркім эмацыйным перажываннем. Працаваць з таленавітымі людзьмі заўсёды цікава і ганарова. Большасць удзельнікаў прыходзяць да нас з пачатковымі музычнымі ведамі альбо зусім без іх. Калі назіраеш, як развіваюцца творчыя здольнасці нашых студэнтаў, гэта вельмі натхняе.

Што б вы хацелі пажадаць усім, хто займаецца творчай дзейнасцю?

Хачу пажадаць ім натхнення, таленавітых людзей побач і шырокіх магчымасцяў для рэалізацыі планаў.

Даведка

Народны фальклорны ансамбль «Сарматы» БДУ – гэта:

34 гады творчай дзейнасці Рэгулярныя канцэрты, выступленні і гастролі

Папулярызацыя беларускіх народных песень

Званне «Народны» ў 2000 г.

Ганаровы медаль і падзяка ад Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў 2025 г.

Музей гісторыі БДУ,

упраўленне па справах культуры БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: