Хуліганы ці высокае мастацтва?

10 Jun, 2016.

main

Як часта вы бачыце музыкаў у пераходах? А як часта вы даяце ім грошы? І як вы думаеце, ці дапушчальна такое – выконваць музыку ў публічных месцах?

Я спусцілася позна ўвечар у падземны пераход на метро “Пушкінская” і пачула іх задоўга да таго, як убачыла. Адна дзяўчына грала на гітары, другая спявала. Частыя мінакі спыняліся, забываючы пра надзённыя справы, неаплачаныя рахункі і непрыгатаваныя вячэры. Прыгажосць музыкі многіх прымусіла злёгку ўсміхнуцца, прыслухацца, страсянуцца і падняць вышэй галаву…

Калі вулічныя музыкі выконваюць знаёмыя практычна ўсім песні, мінакам, якія чакаюць на прыпынку аўтобуса ці знаёмых у пераходзе, гэта музыка – яшчэ адзін сродак ад нуды чакання, забаўка. А для суровых прадстаўнікоў закона?

03_festival_muzykantov_29082015_tutby_zam_phsl

У Мінску вулічных музыкаў даволі шмат, яны граюць і спяваюць у адзіночку і часам паўнавартаснымі калектывамі, выкарыстоўваюць гітары, скрыпкі, духавыя і акардэоны, часам ладзяць у пераходах цэлыя прадстаўленні. Але часцей вулічныя музыкі (на слэнгу – стрытавікі, ад англ. street – вуліца) выкарыстоўваюць адну акустычную прыладу і наогул бяруць з сабой мінімум рэчаў. Усё таму, што ім часцяком даводзіцца ў прамым сэнсе ўцякаць ад прадстаўнікоў доблеснай міліцыі, якія патрулююць пераходы.

У нашай дзяржаве гранне на музычных інструментах і спеў трапляе пад артыкул 17.1. Кодэкса РБ пра адміністрацыйныя правапарушэнні і расцэньваецца як дробнае хуліганства. Тэкст артыкула гучыць так: "Нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы, абразлівае чаплянне да грамадзян і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый ці спакой грамадзян і якія выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадства, цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да трыццаці базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт".

583866894cbedf0e5b0248ef6ff74d18Парушэнне грамадскага парадку ёсць у цэлым вельмі зручная фармулёўка, пад яе можна падагнаць любое дзеянне, якое здзяйсняецца чалавекам на вуліцы, уключаючы гучную гутарку па тэлефоне і смех у кампаніі падлеткаў. І менавіта ў гэту фармулёўку ўключаюць вулічную музыку. Пры гэтым мне не зусім зразумела, чаму граць рамансы ў пераходзе і п'яным чапляцца да дзяўчат, што праходзяць міма – адно і тое ж.

"Якое ж гэта хуліганства? Музыкі месца шмат не займаюць, праходу не замінаюць. Не падабаецца – не слухай, людзі ўсё адно не затрымліваюцца ў пераходах, а хутка сыходзяць", – каментуе праблему Арцём Жыжэмскі, гітарыст, вулічны музыка са шматгадовым стажам.

З нядаўніх часоў на станцыях мінскага метро грае акадэмічная музыка – своеасаблівая спроба пазнаёміць насельніцтва з класікай і прышчапіць любоў да яе. Тады ўзнікае заканамернае пытанне: чаму нельга граць тую ж музыку ў пераходзе? У Амерыцы вулічныя музыкі ўжо даўно сталі часткай культуры, у шматлікіх еўрапейскіх краінах граць на вуліцах не злачынства. Варта было б, магчыма, перагледзець кодэкс і дакладней апісаць прававое становішча вулічных музыкаў. Вядома, нельга дапусціць, каб п'яныя хуліганы гарлапанілі на трох акордах мацюкальныя песні і называлі гэта мастацтвам, але не зусім добра і забараняць таленавітым музыкам сумленна падзарабляць і проста забаўляць мінакоў.

…Людзі ішлі звыклым мітуслівым крокам, задуменныя і стомленыя ад дзённых клопатаў. А дзяўчаты спявалі знаёмыя мелодыі дыхтоўнага рускага року, па-майстэрску ажыўляючы іх адным толькі голасам і гітарай.

Вікторыя ШАХРАЙ

DdOF3h4eSM4

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *