Тэатры БДУ на «Куфры–2016»: драмы і эксперыменты (+відэа)

1 Dec, 2016.

Тэатр-студыя «На філфаку»

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт ужо ў 13-ы раз праводзіць Міжнародны фестываль студэнцкіх і моладзевых тэатраў «Тэатральны куфар». З 24 па 30 лістапада сваю творчасць паказвалі ўдзельнікі 23 дарослых і дзіцячых тэатраў з 14 краін. Заснавальнікамі фестывалю з'яўляюцца ўпраўленне па справах культуры БДУ, народны студэнцкі драматычны тэатр БДУ «На балконе» і народны музычны тэатр-студыя «На філфаку» БДУ. Таксама разам з гэтымі калектывамі ўніверсітэт прадстаўляў эксперыментальны тэатр «Галава-нага» Інстытута журналістыкі. Пастаноўкі нашых тэатраў адрозніваліся па падачы, але ў аснове кожнай ляжала важная праблема.

????????????????????????????????????

Тэатр «На балконе»

Тэатр «На балконе» 24 лістапада паказваў пастаноўку «Вялікае перасяленне. Уроды» па п'есе М. Рудкоўскага. У цэнтры спектакля – людзі і народы. На індыйскім вакзале, на беларускай кухні, у польскім пакоі, на англійскай будоўлі, у канадскай паліклініцы, на расійскіх прасторах героі распавядаюць свае гісторыі. У якой краіне лепш жыць? Рэплікі акцёраў не толькі маглі рассмяшыць, але і вымушалі задумацца.

«Вечныя праблемы падымаюцца ў пастаноўцы: пошук сябе ў свеце і свайго шчасця, – распавядае рэжысёр Ягор НАЙМАРК. – Нашы акцёры хоць не прафесійныя, але, думаю, могуць спаборнічаць у майстэрстве са студэнтамі ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Для мяне вялікі плюс «Тэатральнага куфра» заключаецца ў абмене вопытам. Не заўсёды атрымліваецца выехаць куды-небудзь паглядзець аматарскія тэатры і ацаніць іх».

У «Вялікім перасяленні» былі задзейнічаны акцёры-пачаткоўцы, якія далучыліся да тэатра ў верасні. Яны, здаецца, хутка злавілі інтанацыю спектакля, што дапамагло ім імкліва ўліцца ў працу. Пастаноўка праходзіла ў камернай абстаноўцы. Каб не страціць прывабнасці спектакля і кантакту са слухачамі, глядацкія крэслы размясцілі на сцэне.

????????????????????????????????????

Тэатр «На балконе»

Праца ставілася і пры дапамозе мастацкага кіраўніка «На балконе» Дзмітрыя ЦIШКО: «Лічу, актуальнасць спектакля ва ўвасабленні ідэі таго, што добра там, дзе нас няма. Многія чамусьці імкнуцца ўцячы кудысьці, але бегчы, па вялікім рахунку, няма куды». Як рэжысёр «Тэатральнага куфра» Дзмітрый адзначае, што форум у сваім родзе ўнікальны:

«Гэта адзіны ў Беларусі міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў. Тут ёсць магчымасць убачыць выступы адзін аднаго, пагутарыць. Гэта развівае ў студэнтаў любоў да творчасці. Да таго ж у гэты раз у нас ёсць новаўвядзенне – дзіцячыя спектаклі. Раней заявак на ўдзел прыходзіла шмат, але гэтую ідэю рэалізавалі толькі сёлета.

Мне як рэжысёру цікава для сябе падкрэсліць незвычайныя прыёмы. «На балконе» – драматычны тэатр, але на форуме зацікавілі пластычныя спектаклі тэатра «Калаж» Саратаўскага ўніверсітэта і «На філфаку». Магчыма, «На балконе» зробіць штосьці ў гэтым кірунку».

foto-tkufar-3-kopiya

Эксперыментальны тэатр «Галава-Нага»

Эксперыментальны тэатр «Галава-Нага» Інстытута журналістыкі БДУ паказаў спектакль-рытуал «Мова Х» па вершы Вальжыны Морт «Беларуская мова» 26 лістапада. Сама пастаноўка доўжылася крыху больш за 20 хвілін. У адведзены час гледачоў запрасілі да ўдзелу ў рытуале-пасвячэнні беларускай мове. Нарадзіцца разам з мовай, дапамагчы ёй развіцца, сустрэцца з перашкодамі і зноў перарадзіцца. Аснову рытуалу складае традыцыйнае тэатральнае кола: застацца або вырвацца з яго кожны вырашаў для сябе сам. «Спектакль і прызначаўся для малой колькасці гледачоў, – кажа мастацкі кіраўнік Аляксей СТРЭЛЬНIКАЎ.

– Першапачаткова гэта была лабараторная праца для тых, хто прыйшоў спрабавацца ў наш тэатр. І гэта перарасло ў паўнавартасны спектакль. Сам твор Вальжыны Морт быў напісаны 15 гадоў назад. Пастаноўка не столькі пра мову, колькі пра тых людзей, якія спрабавалі на ёй размаўляць 15 гадоў таму, пра пакаленне».

Пасля заканчэння прысутныя абмяркоўвалі спектакль, дзяліліся ўражаннямі. Наведнікі сышліся ў меркаванні, што «Мова Х» ім спадабаўся: прамая камунікація акцёраў і гледачоў не пакідае абыякавым. «У студэнцкіх тэатрах можна паэксперыментаваць. Мы не абцяжараныя абавязковым репертуарам і цэнамі на квіткі», – разважае Аляксей.

????????????????????????????????????

Тэатр-студыя «На філфаку»

У гэты ж дзень тэатр-студыя «На філфаку» здзіўляла пластычным спектаклем «Патрабуецца мадэль». Тут раскрываецца праблема сэксуальнага рабства. Ці праўдзівыя частыя аб'явы ад замежных мадэльных агенцтваў? Ці не падманваюць абяцаннямі пра высокія заробкі і ахову? Доўжыцца пастаноўка не больш за 40 хвілін. Тут няма дыялогаў, але танцы, нясціплыя рухі, крыкі казалі самі за сябе. У напружанні зала знаходзілася ўжо з першых хвілін.

Аўтар і рэжысёр Кацярына ТАНАНАЙКА таксама іграла са студэнтамі на сцэне. Па яе словах, акцёрам «На філфаку» прыйшлося шмат папрацаваць над сабой, каб глядач не сумняваўся ў шчырасці таго, што ён бачыць. «Галоўная задача  – увайсці ў вобраз і не выходзіць з яго, – падкрэслівае Кацярына. – Мы акцёры, і перад намі такая няпростая жыццёвая сітуацыя, якую трэба данесці да аўдыторыі. Студэнтам гэтая тэма не блізкая. Нават я сама не ведаю, што пры гэтым адчувае чалавек. Але яны малайцы, справіліся. Тут удзельнічалі і пачаткоўцы з вераснёўскага набору».

Ідэя пастаноўкі з'явілася ў рэжысёра пасля таго, як тая ўбачыла рэальнае існаванне гэтай праблемы у Еўропе. Гэта моцна яе ўзрушыла. Так і вырашыла, што гэтае вострае пытанне будзе ўвасоблена на сцэне. У планах тэатра – наступнай паставіць камедыю.

«Студэнцкія тэатры – найлепшае, што можа быць, – дзеліцца ўражаннямі Кацярына. – Мы не залежым ад абавязковага плана альбо сцэнарыяў. «Тэатральны куфар» дае імкненне рабіць нешта далей, глядзець на іншых і атрымліваць ад гэтага асалоду».

Алена ЛЯЎШЭНЯ

Фота аўтара

Чытайце таксама:

kopiya-577fcc16c31e9-kopiya Дырэктар тэатральнага фестывалю БДУ Кацярына Саладуха: “Мы арыентуемся не на геаграфію, а на мастацкую каштоўнасць”

 

 

luchshaya-rezhissura-izrail-kopiyaШто было ў «Тэатральным куфры»? Падведзены вынікі XIII Міжнароднага фестывалю студэнцкіх і моладзевых тэатраў

 

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *