Класічная латынь яднае народы і стагоддзі

2 Oct, 2015.

Photo_5

У сярэдзіне 16 стагоддзя Беларусь, якая з’яўлялася тэрытарыяльным ядром Вялікага Княства Літоўскага, была шчыльна інтэгравана ў духоўнае жыццё Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Здаралася, што выдатныя літаратары і вучоныя з Захаду пакідалі ахопленыя міжусобнымі або рэлігійнымі войнамі родныя мясціны і кіраваліся ў землі нашых продкаў, дзе ўжо сфарміраваліся рэальныя асяродкі гуманістычнай культуры і дзе яны мелі шанс знайсці прымяненне сваім ведам і талентам. Першасная заслуга ў гэтым належала айчынным арыстакратам, якія актыўна займаліся мецэнацкай дзейнасцю і дбалі пра належнае выхаванне сваіх дзяцей. Так, у 1562–1564 гг. пры двары графа Грыгорыя Хадкевіча працаваў выдатны філолаг-класік, навучэнец вядомага нямецкага гуманіста Міхаэля Неандэра, Іаган Мюліус з Лібенродэ. У 1564 г. ён першы сярод гуманістаў эпохі Рэнесансу ўславіў ва ўрачыстых гекзаметрах на лацінскай мове перамогу войскаў Грыгорыя Хадкевіча і Мікалая Радзівіла Рудога ў Чашніцкай (Ульскай) бітве. Аднак галоўным накірункам яго літаратурнай дзейнасці былі паэтычныя пералажэнні біблейскіх тэкстаў па-лацінску і па-старажытнагрэчаску. Пры гэтым ён актыўна заахвочваў сваіх вучняў, Андрэя і Аляксандра Хадкевічаў, да паэтычнай творчасці. Сведчанне таму – паэтычныя цыклы пад назваю “Практыкаванні” (адпаведна, Андрэя і Аляксандра); яны разам з уласнымі сачыненнямі Іагана Мюліуса былі ўключаны ў збор твораў паэта, які пабачыў свет у Ляйпцыгу ў 1568 г.

У сувязі з “беларускім следам” у сваёй творчай біяграфіі Іаган Мюліус трапіў на старонкі маёй доктарскай дысертацыі, прысвечанай лацінамоўнаму ліра-эпасу ў шматмоўнай літаратуры Беларусі. Знайшоўшы ў Інтэрнэце гісторыка-геаграфічную інфармацыю пра Лібенродэ, я не думала, што калісьці давядзецца пабачыць гэтыя мясціны. Аднак на пачатку гэтага года я атрымала ліст ад спадара Андрэаса Кёлера, які ўзначальвае гістарычны гурток у Лібенродэ. Аматар гістарычных росшукаў пісаў мне, што сам ён, а таксама іншыя жыхары мястэчка зацікавіліся асобай Іагана Мюліуса і плануюць ушанаваць яго памяць у дзень Св. Пятра, 27 чэрвеня, пад час традыцыйнага штогадовага фэсту. Тым больш што менавіта сёлета спаўняецца 440 год з дня смерці паэта. Мне было прапанавана далучыцца тым ці іншымі чынам да святкавання.

Дацэнт Уладзімір Кароткі, пастар царквы Св. Пятра ў Лібенродэ Сабіна Вегнер, прафесар Жанна Некрашэвіч-Кароткая

Дацэнт Уладзімір Кароткі, пастар царквы Св. Пятра ў Лібенродэ Сабіна Вегнер, прафесар Жанна Некрашэвіч-Кароткая

Гэты ліст паклаў пачатак гісторыі нашага падарожжа ў Лібенродэ. Да ўдзелу ў юбілейнай імпрэзе была запрошана не толькі я, але таксама Уладзімір Георгіевіч Кароткі і наш сын Ян. Прыемна было адчуваць жывую зацікаўленасць неабыякавых людзей з абодвух бакоў: з нямецкага і з беларускага. Спадарыня Сабіна Вегнер, пастар царквы Св. Пятра ў Лібенродэ (той самай, дзе служыў пастарам бацька паэта Валянцін Мюліус і дзе, хутчэй за ўсё, быў ахрышчаны яго сын Іаган) даслала нам афіцыйнае запрашэнне і вяла далейшыя перамовы па праграме мерапрыемства. Прыязнае стаўленне і падтрымку адчулі мы і з боку дэкана філалагічнага факультэта БДУ прафесара Івана Сямёнавіча Роўды.

Такім чынам, дзякуючы намаганням многіх людзей, мы прыбылі ў Лібенродэ пагожым вечарам 26 чэрвеня, ужо па дарозе атрымаўшы асалоду ад прывабных краявідаў рэгіёна Паўднёвы Харц. Раней за іншых удзельнікаў святкавання мы ўбачылі падрыхтаваную намаганнямі Андрэаса Кёлера і яго калег выставу ў царкве, прысвечаную Іагану Мюліусу і яго эпосе. Радасна было пазнаць на вялікіх стэндах ужо знаёмыя мне вокладкі кніг Іагана Мюліуса, арыгіналы якіх некалькі гадоў таму мне самой давялося трымаць у руках у бібліятэках Кракава, Курніка і Вольфенбютэля. За некалькі год, праведзеных Польскай Кароне і Вялікім Княстве Літоўскім, нямецкі паэт падрыхтаваў і выдаў каля дзесяці кніг на лацінскай і старажытнагрэчаскай мовах. Не дзіўна, што менавіта вярнуўшыся з нашай краіны, у 1565 годзе, Іаган Мюліус атрымаў тытул poeta laureatus і лаўровы вянок з рук імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна ІІ.

Уласна дзень Св. Пятра пачаўся сумеснай малітвай у царкве, пасля чаго прагучала некалькі дакладаў. На пачатку Андрэас Кёлер выступіў з кароткім паведамленнем біяграфічнага характару “Мюліус і Лібенродэ”, а яго калега Манфрэд Махліт расказаў пра культурныя ўмовы, у якіх сфарміравалася творчая асоба паэта.

Перадусім была адзначана роля рэфармацыйнага руху ў рэгіёне Паўднёвы Харц, дзе знаходзіцца сусветна вядомы кляштар у мястэчку Ільфельд. Пры кляштары існавала школа, у якой вучыўся Іаган Мюліус.

У сваім дакладзе “Іаган Мюліус як прадстаўнік гуманістычнай культуры эпохі Рэнесансу і яго ўнёсак у літаратурнае развіццё Вялікага Княства Літоўскага” я звярнула ўвагу перадусім на адметнасць літаратурнай праграмы нямецкага паэта, дзякуючы якой яго творы прыцягнулі да сябе ўвагу айчынных літаратараў.

Photo_6Уладзімір Кароткі, у сваю чаргу, расказаў пра спецыфіку культурна-канфесійнай сітуацыі на землях Беларусі ў 16 ст., што стварыла грунт для суіснавання розных культурных парадыгм: каталіцкай, праваслаўнай, пратэстанцкай. На гэтым грунце і развівалася кнігавыдавецкая і мецэнацкая дзейнасць у Заблудаве (сёння на Беласточчыне), рэзідэнцыі Хадкевіча. Апагеем святкавання стала ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі: “На ўспамін пра выдатнага вучонага і паэта эпохі Рэнесансу Іагана Мюліуса, нарадзіўся каля 1535 г. у Лібенродэ, памёр 3.7.1575 г. у Ене”. Photo_1+Прыемна было, што гаспадары ўладкавалі спачатку на алтары ў царкве, а потым на спецыяльным зэдліку пад мемарыяльнай дошкай прывезены намі вянок з белых кветак з прымацаванай да яго стужкай, дзе мы напісалі па-нямецку: “Іагану Мюліусу ад беларусаў”. Спецыяльна для ўдзелу ў святкаванні ў гэты дзень прыехалі ў Лібенродэ прадстаўнікі сям’і Мюліус Шляйц, якія перадалі ў дар царкоўнай абшчыне Лібенродэ асобнік хронікі іх сям’і, выдадзенай у 1992 г. Пазней такую ж кнігу мы атрымалі па пошце ўжо ў Мінску.

У атачэнні звычайных людзей, сапраўдных патрыётаў сваёй малой радзімы, гасцінных і адкрытых для сяброўскіх зносін, надзвычай адчувальным і зразумелым было паняцце еўрапейскай інтэграцыі. Акрамя таго, успаміналіся радкі эпіграмы, напісанай Андрэем Хадкевічам яўна не без дапамогі яго нямецкага настаўніка. Эпіграма называецца “Чалавек чалавеку Бог”, і ў маім перакладзе з лацінскай мовы на беларускую выглядае так:

 

Той, хто спрыяе другім, – гэта Бог на зямлі, несумненна,

Хто ж не спрыяе другім, – воўк на зямлі, гэта факт!

Photo_3

На ўрачыстым адкрыцці мемарыяльнай дошкі: Андрэас Кёлер і Жанна Некрашэвіч-Кароткая

Пад час цудоўнага святкавання ў Лібенродэ хацелася верыць у здольнасць чалавека быць Богам на зямлі – што, уласна кажучы, і было ідэалам эпохі Адраджэння. Думалася, што ваўкі, калі нават яны і ёсць на зямлі, то гэта толькі рэальныя дзікія звяры, якія блукаюць сабе ў высакагорных лясах рэгіёна Паўднёвы Харц або ў Белавежскай пушчы на польска-беларускім памежжы. І зусім не маюць намеру ўвасабляцца ў аблічча чалавека, які жыве на сваёй зямлі – у Цюрынгіі або на Беларусі – дзеля таго, каб памятаць пра продкаў і працаваць для нашчадкаў.

Жанна  НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ

Photo_4Андрэас Кёлер, бургамістр Андрэас Герботэ, Жанна Некрашэвіч-Кароткая, Уладзімір Кароткі

Андрэас Кёлер, бургамістр Андрэас Герботэ, Жанна Некрашэвіч-Кароткая, Уладзімір Кароткі

Інфармацыя пра святкаванне 440-годдзя з дня смерці Іагана Мюліуса на нямецкіх сайтах:

http://mylius-schleiz.net/pages/aktuelles/johannes-mylius-aus-liebenrode.php

http://nordhausen.thueringer-allgemeine.de/web/lokal/kultur/detail/-/specific/Gedenktafel-fuer-Renaissance-Dichter-enthuellt-1794426578

print

Вам таксама можа спадабацца: