Дырэктар тэатральнага фестывалю БДУ Кацярына Саладуха: “Мы арыентуемся не на геаграфію, а на мастацкую каштоўнасць”

25 Nov, 2016.

devushka_sidit_kartina_soloduha_ekaterina

Калі судзіць па чалавечых мерках, фестываль «Тэатральны куфар» сёлета пайшоў бы ў сёмы клас. Узрост немалы, хоць і падлеткавы. Дырэктар найбуйнейшага міжнароднага форуму студэнцкіх і моладзевых тэатраў Кацярына Саладуха з ім ад самага нараджэння. На яе вачах фестываль вырас у паўнавартасную тэатральную падзею, якую добра ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і далёка за межамі. Што самае галоўнае – яго з нецярпеннем чакаюць гледачы і ўдзельнікі. Пагутарылі з Кацярынай пра шырокую геаграфію, якасныя змены і высокую мэту фестываля.

Тэатральны куфар» праводзіцца ў 13-ы раз. Што змянілася з першага фестывалю?

– Шмат што змянілася. Фестываль стаў добра вядомы, пра яго гавораць, яго самі знаходзяць. Аб гэтым можна судзіць па колькасці заявак, у тым ліку ад новых тэатраў, пра якіх мы раней самі не ведалі. Гэта значыць, інфармацыя аб ім перадаецца з вуснаў у вусны, што прыемна. Пачыналі мы адразу з міжнароднага ўзроўню: на першым фестывалі прадставілі свае спектаклі чатыры замежныя калектывы. У першыя гады была мэтанакіраваная праца на прасоўванне фестывалю, на пошук калектываў у інтэрнэце, з дапамогай знаёмых, уступалі ў розныя арганізацыі. Нам вельмі дапамагла Міжнародная асацыяцыя ўніверсітэцкіх тэатраў, мы з’яўляемся яе членам з 2006 года. Гэта быў такі вялікі бум для нас у плане кантактаў, прасоўвання і пазнавальнасці фестывалю.

-На прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця «Куфра» Вы казалі, што ў гэтым годзе паступіла каля ста заявак ад тэатраў, у выніку засталося толькі 24. Наколькі цяжка даецца гэты адбор?

– Вельмі складана адбор даецца кожны год, таму што шмат добрых тэатраў жадаюць паўдзельнічаць. Ўсіх, вядома, узяць не можам, варта выконваць нейкі парытэт у адносінах да іншых краін. Але няма такога, што хтосьці абавязкова павінен удзельнічаць. Украінскія калектывы былі у мінулым годзе з вельмі цікавымі працамі, у гэтым іх не будзе. Польшча таксама не на кожным фестывалі выступае. У гэтым годзе ёсць сумесны праект, але няма польскага тэатра. Можа прысутнічаць толькі прадстаўнік ад краіны, які правядзе майстар-клас або член журы. Ёсць калектывы, якія ўдзельнічаюць заўсёды. У тых жа тэатраў, якія нам вядомы, адзін год можа быць добры спектакль, іншы год – слабейшы. А мы ўсё ж такі арыентуемся больш на якасць, а не на геаграфію. І няма такога, што абавязкова павінны быць суседзі, але калі сусед такі як Расія дасылае 25 заявак з агульнай масы, то натуральна, ёсць з чаго выбраць. Мы стараемся адбіраць тэатры не толькі з Масквы ці Санкт-Пецярбурга, а напрыклад, як у гэтым годзе з Зарэчнага, Саратава, і ў іх вельмі добрыя працы. Мы арыентуемся на мастацкую каштоўнасць, на мастацкі ўзровень, таму што мы адказваем за нашага гледача, за яго час і хацелася б не расчароўваць нашых прыхільнікаў. У гэтым годзе дадалася дзіцячая праграма, таму колькасць спектакляў узрасла, але яны ідуць у свой час, на свае пляцоўкі. Спадзяемся, агульнаму графіку яны не перашкодзяць. Мы мяркуем, што мэтавая аўдыторыя таксама будзе неяк падзелена.

-Вы таксама адзначалі, што беларускіх тэатраў становіцца з кожным годам усё больш, зараз іх амаль палова. Аб чым гэта можа гаварыць?

–Палову праграмы складаюць беларускія, у тым ліку і дзіцячыя тэатры, што вельмі прыемна. Былі гады, калі мы рабілі асобны шоукейс для беларускага тэатра і маглі б у гэтым годзе зрабіць. Але не ўсе тэатры, якія падалі нам заяўку, трапілі ў праграму. Ёсць такія тонкія нюансы з шоукейсам, якія перш за ўсё звязаны з гледачом: не заўсёды ёсць жаданне ісці на такую праграму, бо ўзровень спектакляў розны. Таму мы ўсё ж такі вырашылі адабраць самых моцных і паставіць іх у агульную праграму. У рэшце рэшт, фестываль праводзіцца ў Беларусі, і адна з нашых місій – гэта прасоўванне беларускага моладзевага фестывальнага тэатральнага руху. Не заўсёды было шмат беларускіх тэатраў. Першыя гады было больш студэнцкіх калектываў, цяпер не ва ўсіх універсітэтах захаваліся тэатры, таму больш незалежных моладзевых праектаў, што таксама добра.

-А колькі ўсяго ўдзельнікаў?

-355 удзельнікаў, з іх два дастаткова вялікіх дзіцячых калектыва па 35 чалавек.

-Як звычайна праходзіць падрыхтоўка да фестывалю?

-Чым больш фестываль, тым больш мы хочам ўвасобіць у ім нейкіх сваіх ідэй. Штогод мы эксперыментуем і шукаем нешта новае, каб нам самім было цікава. Рабіць адно і тое ж 13 гадоў па накатанай нецікава. Сэнс тады  гэта рабіць?! Сумніўная асалода. Задавальненне мы атрымліваем, калі запускаем фестываль, калі прыязджаюць ўдзельнікі, з’яўляюцца эмоцыі, ідзе абмен вопытам, уражаннямі. А апошні перыяд падрыхтоўкі, звычайна месяц перад фестывалем, – гэта насамрэч такі складаны час. Але фестываль мы рыхтуем на працягу года. Як толькі заканчваецца адзін, фактычна пачынаецца падрыхтоўка да наступнага. Мы падводзім вынікі, аналізуем, што ў нас атрымалася, што пакідаем на наступны год. Нейкія ідэі, безумоўна, з’яўляюцца на працягу года, не ўсё нараджаецца адразу. Але ёсць такі момант у планаванні, важны, як я лічу, гэта падвядзенне вынікаў – і літаральна адразу ж мы ажыццяўляем падачу заявак на наступны. Мы вызначаем на заключным сходзе па выніках фестывалю дату будучага фэсту і пачынаем працу нанова. Зразумела, нейкія перыяды больш актыўныя, нейкія цішэй, але калі дадаць да таго, што мы рассылаем заяўкі, збіраем удзельнікаў, вядзем усю гэтую камунікацыю, пошук спонсараў, яшчэ шмат арганізацыйных момантаў – атрымліваецца, што гэта такі бесперапынны працэс на працягу года.

-Якім чынам Вы вырашаеце, хто будзе ў складзе журы?

-Журы заўсёды міжнароднае. Апошні год яно складаецца з сямі чалавек. Абавязкова адзін прадстаўнік з Беларусі. Мы стараемся, каб было па адным прадстаўніку з розных краін. Гэта не рандомны выбар, а людзі, якіх мы ведаем, яны маюць пэўны статус. Нават не заўсёды гэта залежыць ад узросту. У нас няма такога, што толькі мастадонты павінны быць. У гэтым годзе ў журы будзе прадстаўніца з Украіны, ёй 23 гады. У нас няма узроставых рамак, мы стараемся міксаваць, каб быў дарослы і моладзевы погляд, былі прадстаўнікі іншых фестываляў, якія могуць адбіраць і тут жа запрашаць да сябе калектывы, рэжысёры, якія глядзяць з пункту гледжання сваёй прафесіі, часам бываюць акцёры, педагогі абавязкова. Улічваючы, што члены журы ў нас не толькі працуюць над ацэнкай спектакля, яшчэ яны праяўляюць сябе творча: праводзяць майстар-класы. Зыходзячы з усяго гэтага мы і робім падбор журы.

kopiya-saladuxa

-Чаму вырашылі ўключыць тэатры дзяцей у праграму фестывалю?

-Такое новаўвядзенне не выпадкова. Штогод мы атрымлівалі немалую колькасць заявак ад юных творцаў, але вымушаныя былі адмаўляць ім, рэдка яны з’яўляліся ў якасці спецыяльных гасцей. Такую сітуацыю мы палічылі не справядлівай і запрасілі дзяцей стаць часткай вялікай сям’і «Тэатральнага куфара». Сёння, як нам здаецца, страчана сувязь пакаленняў, і тэатральнаму выхаванню дзяцей надаецца не так шмат увагі. Мы ж хацелі б аднавіць гэтае першае важнае звяно ў ланцужку тэатральнага гледача, аматара, прынамсі, у нашым фэсце. Мы спадзяемся, што гэты эксперымент будзе мець поспех.

Невыпадкова і канцэпцыя фестывалю 2016 года гучыць «Я так гуляю!». Нароўні з вучэннем і працай, гульня – як адмысловы від чалавечай дзейнасці блізкая і дзецям, і дарослым. Сутнасць гульні у здольнасці, адлюстроўваючы, зменьваць рэчаіснасць. Так і тэатр, што ёсць, у тым ліку, гульня, імкнецца змяніць гэты свет да лепшага!

Гутарыла Наталля КУДРАШОВА

Чытайце таксама:

devushka_sidit_kartina_soloduha_ekaterina

Тэатры БДУ на «Куфры–2016»: драмы і эксперыменты

 

 

ursgeqi6uxw-kopiyaГід па «Тэатральнаму куфару»

 

 

 

luchshaya-rezhissura-izrail-kopiya

Што было ў «Тэатральным куфры»? Падведзены вынікі XIII Міжнароднага фестывалю студэнцкіх і моладзевых тэатраў

print

Вам таксама можа спадабацца: