Дар’я Усціновіч: «Тэатр – гэта мастацтва на стагоддзі»

26 Feb, 2026.

Наступны ўдзельнік праекта «Размовы пра культуру і творчасць» – народны студэнцкі драматычны тэатр БДУ «На балконе». Калектыў ужо многія гады з’яўляецца сімвалам насычанага творчага студэнцкага жыцця. Пра працу над спектаклямі, падбор рэпертуару і сцэнічныя вобразы распавяла рэжысёр тэатра Дар’я Усціновіч.

Наша гераіня ў 2020 годзе з адзнакай скончыла Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў, у 2025 г. – таксама з адзнакай – Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Брала ўдзел у мностве фестываляў і праектаў: «Сучасная драматургія Расіі і Беларусі», Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі, XX Міжнародны конкурс самастойных рэжысёрскіх прац пры Дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Я. Вахтангава, тэатральная лабараторыя ГІТІСа ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і інш.

Якім быў ваш творчы шлях?

Мой творчы шлях склаўся нечакана нават для мяне самой. Адразу пасля школы я паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. З Віцебска пераехала ў Гомель. Вучоба давалася мне лёгка, гэта быў цікавы час. Але паступова я пачала задумвацца, ці той напрамак я абрала, ці сапраўды я хачу развівацца ў гэтай сферы. Я зразумела, што самая галоўная праблема ў тым, што мне бракуе творчасці. І да канца 1 курса я ўжо была ўпэўнена, што трэба штосьці змяняць. Я распачала доўгую карпатлівую працу. Самастойна падрыхтавалася да ўступных выпрабаванняў, падабрала матэрыял, шмат рэпеціравала і чытала. І ў выніку паступіла ў Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў на спецыяльнасць «акцёрскае мастацтва». За час навучання ў каледжы маё жыццё змянілася цалкам. Упэўнена, што зрабіла правільны выбар і што гэта менавіта тое, чым я хачу займацца. Акрамя таго, я ўсвядоміла, што мяне вельмі прыцягвае рэжысура. Я вырашыла займайцца гэтым далей і паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на спецыяльнасць «рэжысура тэатра». Пяць гадоў я вучылася ў майстра Віталя Катавіцкага. Мой творчы шлях, восем гадоў навучання – гэта толькі пачатак. Я ўпэўнена, што маё навучанне яшчэ не скончылася і я працягну і далей развіваць свае навыкі і здольнасці.

Як вы сталі рэжысёрам тэатра «На балконе»?

Падчас навучання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў я спрабавала сябе ў якасці педагога па сцэнічным маўленні, сцэнічным руху, акцёрскім майстэрстве. Я набіралася досведу і паступова задумвалася пра месца, дзе магла б увасобіць усе свае ідэі. І якраз у гэты момант я даведалася, што ў тэатр «На балконе» патрэбны рэжысёр. Я прайшла творчае сумоўе і даволі хутка пачала працаваць. Я вельмі ўдзячная, што ў мяне паверылі, далі магчымасць выяўляць сябе ў тэатры і кіраваць калектывам.

У чым, на ваша меркаванне, заключаецца сакрэт даўгалецця тэатра «На балконе»?

Я шчыра лічу, што тэатр – гэта мастацтва на стагоддзі. Нават са з’яўленнем кінематографа і развіццём інфармацыйных тэхналогій ён не страціў сваёй унікальнасці Менавіта ў тэатры можна адчуць сапраўдныя жывыя эмоцыі. Мы не можам тое ж адчуваць праз экран.

Хто можа стаць часткай вашага калектыву?

У першую чаргу гэта студэнты БДУ, бо тэатр «На балконе» частка – універсітэта. Але мы рады і студэнтам іншых ВНУ, і выпускнікам. Самае галоўнае, каб чалавек шчыра хацеў стаць часткай тэатра, як кажуць, каб «гарэлі вочы». Усё астатняе можна вырашыць, і мы заўсёды дапамагаем новым удзельнікам хутчэй асвоіцца ў тэатры.

Як праходзіць падрыхтоўка да выступленняў?

Трэба ўлічваць, што ў тэатры займаюцца акцёры-пачаткоўцы. Для многіх гэта першы досвед выступленняў, першыя ролі і эмоцыі. Адсюль неабходнасць доўгай паэтапнай карпатлівай працы. У першую чаргу я пазіцыяную сябе як педагог. Усе заняткі мы пачынаем з трэнінгаў па акцёрскім майстэрстве, сцэнічным маўленні, пластыцы. Мы вывучаем асновы акцёрскай ігры, яе прынцыпы. Разам мы спрабуем асвоіць розныя тэхнікі. Пасля папярэдняга навучання мы прыступаем да працы над спектаклем. Я вельмі ўсвядомлена падыходжу да выбару матэрыялу. Імкнуся зрабіць так, каб ён быў не толькі цікавым і актуальным, але і дапамагаў артыстам раскрыць сябе, навучыцца чамусьці новаму. На рэпетыцыях я часта выкарыстоўваю эцюдны метад, які дазваляе акцёрам імправізаваць. Я прагну выбудаваць нашы рэпетыцыі такім чынам, каб роля нараджалася ўнутры саміх акцёраў. Каб яны не бяздумна казалі завучаныя словы, а па-сапраўднаму пражывалі свае ролі.

Як вы дапамагаеце акцёрам ужыцца ў ролю?

Існуе шмат акцёрскіх тэхнік. Самая папулярная – Канстанціна Станіслаўскага, дзе мы спрабуем праз прапанаваныя акалічнасці перанесці сябе ў акалічнасці жыцця героя і паставіць сябе на яго месца. У сваёй працы я кіруюся прынцыпам ісці ад акцёра. Усё вельмі індывідуальна. Мая задача – максімальна распавесці пра ўсе магчымыя варыянты і рашэнні, і ў працэсе акцёры выбіраюць, які спосаб, якая тэхніка ім больш падыходзіць.

Што ўваходзіць у рэпертуар тэатра?

У рэпертуары тэатра за 80 гадоў творчай дзейнасці сабралася нямала цікавых пастановак. На дадзены момант я стала рэжысёрам двух спектакляў: «Сіняе неба, а ў ёй воблака» і «Шкляны звярынец». Таксама ў рэпертуары ёсць музычна-паэтычная кампазіцыя «Я перад вамі з памяццю сваёй», прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне. А таксама канцэрт «Франтавыя брыгады». На міжнародным фестывалі студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар» у 2025 г. акцёры тэатра атрымалі дыплом «Найлепшы акцёрскі дуэт» за спектакль «Шкляны звярынец». У 2025 г. тэатр стаў лаўрэатам гран-пры ў VI міжнародным фестывалі-конкурсе музычнага і тэатральнага мастацтваў «Кансананс». Сачыце за дзейнасцю тэатра, мы рыхтуем шмат цікавага!

 

Без чаго не можа існаваць тэатр «На балконе»?

Тэатр не можа існаваць без акцёраў. Я не перастаю дзівіцца сваім хлопцам і дзяўчатам. Хтосьці з іх толькі пачынае свой шлях у гэтай сферы. Шмат хто вучыцца на спецыяльнасцях, вельмі далёкіх ад творчасці. Але гэта не замінае ім увесь свабодны час, усе сілы прысвячаць сябе мастацтву. Гэта мяне вельмі матывуе. Я разумею, што яны займаюцца гэтым не дзеля карыслівых мэт, матэрыяльных выгод і не дзеля сусветнага прызнання. Яны проста не могуць жыць без тэатра.

Падзяліцеся, калі ласка, самым яркім успамінам, звязанымі з тэатрам «На балконе».

Гэта, вядома, пастаноўка майго першага спектакля для тэатра «На балконе» «Сіняе неба, а ў ёй воблака». Гэта была мая першая вялікая самастойная праца па-за навучаннем у акадэміі. Складанасць была ў тым, што я толькі прыйшла ў тэатр. Усё трэба было пачынаць спачатку. І вось доўгачаканая прэм’ера. Самым кранальным момантам для мяне было запрашэнне акцёраў выйсці з імі на сцэну. Мы глядзелі на залу, якая пляскала ў далоні, а ў вачах ва ўсіх нас былі слёзы. У гэты момант стала зразумела, што ўсё было не дарма і што ўсе цяжкасці пераадольныя. Пастаноўкай гэтага спектакля тэатр пацвердзіў званне «Народны». Гэта было для нас вельмі важна і каштоўна.

Што б вы пажадалі тым, хто хоча звязаць сваё жыццё з культурай і творчасцю?

Ніколі не пераставайце верыць у сябе. Шлях мастацтва цярністы, складаны і доўгі. Але калі вы вырашылі, што хочаце звязаць сваё жыццё з гэтай сферай, то будзьце гатовыя да любых выпрабаванняў, не дазваляйце крытыцы сябе зламаць. Будзьце адданыя сабе – і вы даможацеся поспеху!

 

Народны студэнцкі драматычны тэатр БДУ «На балконе» – гэта:

80 гадоў актыўнай творчай дзейнасці

Драматычныя спектаклі па п’есах беларускіх, рускіх і замежных драматургаў.

Званне «Народны» ў 1977 г.

Удзельнік і арганізатар міжнароднага фестывалю студэнцкіх і моладзевых тэатраў «Тэатральны куфар БДУ».

Удзел у міжнародных конкурсах і фестывалях

Музей гісторыі БДУ,

упраўленне па справах культуры БДУ

 

 

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: