Адораны студэнт ФПМІ Андрэй Касцяны: «Хачу стварыць моцную школу інфарматыкі»

21 Nov, 2023.

Ён той, хто раўняецца на Леанарда Эйлера, умее пераўтвараць дзіцячыя мары ў жыццё і верыць не ва ўдачу, а ў плён уласнай карпатлівай працы. А яшчэ гэты хлопец – прадстаўнік банка даных адоранай моладзі Беларусі, які даўно аддаў сваё сэрца інфарматыцы. Знаёмцеся – трэцякурснік факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Андрэй КАСЦЯНЫ.

Студэнт заўсёды ведаў, што будзе вучыцца на спецыяльнасці «інфарматыка». Тры гады назад ён з залатым медалём і сярэднім балам 9,4 скончыў гомельскую гімназію №51. А ў банк даных адоранай моладзі хлопца ўключылі ў 2019 годзе, калі ён атрымаў дыплом І ступені на рэспубліканскім этапе алімпіяды па інфарматыцы. Таксама на рахунку Андрэя залатыя медалі на Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе ў 2020 і 2021 гадах, абсалютная перамога на Рэспубліканскай алімпіядзе і бронзавы медаль Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы IOI 2021 года. На першым курсе ён як аўтар задач удзельнічаў у распрацоўцы хэндбука ад «Яндэкса» па алгарытмах. Зараз у гэтай кампаніі Андрэй праходзіць стажыроўку і паралельна вучыцца ў школе аналізу даных.

У юнацтве мой герой трапіў у алімпіядны рух: акрамя інфарматыкі цікавіўся матэматыкай і фізікай, займаў прызавыя месцы на гарадскіх этапах. Але інфарматыцы ён канчаткова аддаў перавагу ў 9 класе.

Гэтым прадметам хлопец пачаў займацца ў другім класе, калі знаёмыя параілі бацькам завесці сына на бясплатныя нядзельныя заняткі. Выслухаўшы прапанову матулі, Андрэй згадзіўся і адправіўся адкрываць нязведанае.

– Калі ўпершыню прыйшоў на заняткі, нам у прыклад паставілі дзяўчынку, якая за дзень рашыла 196 заданняў. Тады я рашыў 204. Напэўна, дзякуючы мэтанакіраванасці, у мяне і атрымалася дасягнуць поспехаў у алімпіядах. Хаця, варта прызнацца, у пятым класе быў перыяд, калі зусім не хацелася займацца. Але матуля сказала, што няма сэнсу кідаць справу на паўдарозе, і параіла дахадзіць да канца года. Зараз за гэта я ёй вельмі ўдзячны, – узгадвае Андрэй. – З той пары, як мама завяла мяне на заняткі, я марыў стаць праграмістам. Пайшоў на ФПМІ, паколькі лічу яго найлепшым матэматычным факультэтам краіны і тут ёсць магчымасць вучыцца ў групе з узмоцненым узроўнем праграмавання.

Андрэй кажа, што яму лепш удаецца праекты рэалізоўваць, чым прыдумваць. Яму прасцей дапрацаваць план па накідах, чым згенерыраваць ідэю самастойна. Пры гэтым хлопец ніколі не саромеецца прасіць дапамогі і лічыць гэту звычку добрай якасцю. Студэнт перакананы, што калі б людзі заўсёды рабілі ўсё паасобку, то чалавецтва не дасягнула б тых тэхналагічных вынікаў, якія ёсць сёння. З усіх сваіх станоўчых якасцяў адораны студэнт вылучае стараннасць. Калі ўжо ён паабяцаў, што нешта выканае – значыць, так яно і будзе. А яшчэ ён стараецца ўсё планаваць: як вучобу, так і адпачынак. Менавіта таму ўдаецца паспяваць многае з задуманага.

Сярод любімых заняткаў Андрэя было нямала актыўнасцяў – не толькі фізічных, але і інтэлектуальных. Доўгі час ён займаўся плаваннем, танцамі, захапляўся гульнёй «Што? Дзе? Калі?», зараз жа яго сэрца аддадзена гітары. Іграць на інструменце ён можа днямі. На пытанне, кім з гістарычных асоб ён хацеў бы пабыць, студэнт адказаў: «Леанардам Эйлерам». Хлопец марыць прасачыць хуткасць развіцця думак гэтага вялікага матэматыка.

Зараз сярэдні бал Андрэя складае 8,7, і трэцякурснік прэтэндуе на прэзідэнцкую стыпендыю. Ён спадзяецца, што атрыманыя дыпломы паўфіналу студэнцкага чэмпіянату па праграмаванні ў складзе каманды БДУ дапамогуць у гэтым. У будучыні адораны студэнт бачыць сябе распрацоўшчыкам інфраструктуры вялікіх даных, а таксама плануе развіваць алімпіядны рух па інфарматыцы ў Беларусі. Зараз ён уваходзіць у склад журы абласной і рэспубліканскай алімпіяд па прадмеце і дапамагае ў правядзенні адбору на міжнародны ўзровень.

– Усё гэта стала магчымым дзякуючы майму трэнеру па інфарматыцы Міхаілу Сямёнавічу Далінскаму. Калі я быў школьнікам, бачыў, як ён вучыць дзяцей, нічога не патрабуючы ўзамен. Яму заўсёды было дастаткова адчуваць, што дапамагае камусьці станавіцца лепшым. Так ідэя зарадзілася і ўва мне. Напрыклад, зараз у Мінску няма дастаткова моцнай школы інфарматыкі, калі не лічыць Ліцэй БДУ. Гэта я б і хацеў выправіць, – заўважыў трэцякурснік. – Калі я трапіў у банк даных адоранай моладзі краіны, дадатковай адказнасці я не адчуў. Але прыемна адчуваць сваю каштоўнасць на ўзроўні дзяржавы. Яшчэ больш пераканаўся, што мне хочацца дзяліцца вопытам удзелу ў алімпіядах з тымі, хто толькі пачынае.

Андрэй ніколі не загадвае жаданні – ні на дзень нараджэння, ні кідаючы манеткі ў фантан. Ён упэўнены, што, калі чалавек хоча чагосьці дасягнуць, яму варта прыкласці да гэтага максімум намаганняў, не чакаючы прыязнасці пераменлівай удачы.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: