Валянціна Цяплова: вернасць шляху даўжынёй у паўстагоддзя

26 Feb, 2026.

2026 год у Беларусі абвешчаны Годам беларускай жанчыны. Гэта магчымасць звярнуць увагу на ўклад жанчын у навуку, адукацыю, культуру і грамадскае жыццё краіны. Сярод такіх прыкладаў – прафесійны шлях Валянціны Анатольеўны Цяпловай, выкладчыцы гістарычнага факультэта БДУ, якая сёлета адзначае 50-годдзе педагагічнай дзейнасці. Паўстагоддзя працы ва ўніверсітэце – гэта сотні выпускнікоў, тысячы гадзін лекцый і семінараў, шматгадовы навуковы пошук і нязменная адданасць абранай справе.

Усё пачалося з кніг

Цікавасць да прафесіі ў Валянціны Анатольеўны нарадзілася задоўга да ўніверсітэцкіх аўдыторый:

  • Яшчэ ў школьныя гады вызначылася кола маіх інтарэсаў. Літаратура і гісторыя займалі ўвесь вольны час.

Першыя кнігі, якія адкрылі для яе глыбіню стагоддзяў, да гэтага часу захоўваюцца ў хатняй бібліятэцы. Менавіта яны сталі тым ціхім, але вырашальным імпульсам, які прывёў яе на гістарычны факультэт. Гісторыя для Валянціны Анатольеўны не проста дысцыпліна, прастора дыялогу часоў, магчымасць зразумець чалавека праз стагоддзі, навучыцца бачыць прычынна-выніковыя сувязі і адчуваць адказнасць за сучаснасць.

50 гадоў у прафесіі: што ўтрымлівае?

Праз паўстагоддзя выкладання, галоўнае пытанне гучыць так: як захаваць цікавасць да справы на працягу столькіх гадоў?

Адказ Валянціны Анатольеўны на дзіва просты і адначасова глыбокі:

  • Напэўна, гэта тая ж невычэрпная цікавасць да пазнання гістарычнага мінулага, якая выявілася яшчэ ў далёкім дзяцінстве і якая захавалася да сённяшняга дня.

Любоў да ведаў, да пошуку, да пастаяннага адкрыцця новага – вось тая ўнутраная крыніца, якая не дазваляе прафесіі ператварыцца ў руціну. Гісторыя мяняецца разам з метадалогіяй, крыніцамі, падыходамі. Мяняюцца пакаленні студэнтаў. Але нязменным застаецца матывацыя зразумець і навучыць разумець.

 

Галоўнае ў працы са студэнтамі

За дзесяцігоддзі змяніліся навучальныя планы, фарматы заняткаў, адукацыйныя тэхналогіі. Але сэнс выкладання, са слоў Валянціны Анатольеўны, застаецца ранейшым:

  • Не даць загаснуць імкненню вучняў да пашырэння і паглыблення новых ведаў, уменню крытычна думаць.

У эпоху інфармацыйнага багацця менавіта крытычнае мысленне становіцца ключавой кампетэнцыяй гісторыка. Задача выкладчыка не проста перадаць факты, а навучыць аналізаваць, супастаўляць, сумнявацца, шукаць доказы.

Не выпадкова галоўным прафесійным прынцыпам Валянціна Анатольеўна называе кампетэнтнасць:

  • Кампетэнтнасць – гэта адзін з асноўных паказчыкаў прафесіяналізму.

За гэтымі словамі гады навуковай працы, падрыхтоўкі лекцый, кансультацый, пастаяннай самаадукацыі  і павага да студэнта.

Жанчына ў акадэмічным асяроддзі: адказнасць і баланс

За 50 гадоў шмат што змянілася і ў акадэмічным асяроддзі. Валянціна Анатольеўна адзначае:

  • У гуманітарыстыцы за апошнія гады колькасць жанчын прыкметна павялічылася, а значыць, іх адказнасць за падрыхтоўку студэнтаў узрасла.

Жанчыны сёння займаюць усё больш прыкметнае месца ў навуцы і адукацыі, становяцца кіраўнікамі праектаў, аўтарамі даследаванняў, выкладчыкамі. Аднак разам з прафесійнымі абавязкамі захоўваецца і традыцыйная сацыяльная роля. Пры гэтым, паводле яе слоў, жанчына ў акадэмічным асяроддзі сутыкаецца з дадатковай нагрузкай:

  • Усведамленне таго, што яна з’яўляецца яшчэ і захавальніцай хатняга ачага, накладае на жанчыну дадатковыя цяжкасці.

Баланс паміж акадэмічнай кар’ерай і сямейнай адказнасцю – выклік, з якім працягваюць сутыкацца многія жанчыны. Але менавіта ў гэтым злучэнні прафесіяналізму і асабістай адказнасці нараджаецца асаблівая здольнасць вытрымліваць нагрузку, не адмаўляючыся ад абранага шляху.

 

Гістарычныя вобразы, якія натхняюць скрозь стагоддзі

На пытанне пра асабліва блізкія жаночыя вобразы беларускай гісторыі Валянціна Анатольеўна называе два імёны:

  • У гісторыі Беларусі ёсць два жаночыя вобразы, якія не перастаюць здзіўляць вернасцю абраным духоўным каштоўнасцям. Гэта Ефрасіння Полацкая і Соф’я Слуцкая.

Абедзве фігуры – сімвалы духоўнай стойкасці, унутранай сілы і адданасці перакананням. Іх жыццёвы шлях – прыклад таго, як асабісты выбар можа паўплываць на лёс народа і стаць часткай нацыянальнай памяці.

 

Год беларускай жанчыны: надзея на новыя імёны

Для Валянціны Анатольеўны гэты год – не проста фармальная дата ў календары.

  • Хацелася б спадзявацца, што Год беларускай жанчыны ў Беларусі стане добрай традыцыяй і будзе адкрываць новыя імёны ў навуцы.

Новыя імёны – гэта новыя даследаванні, новыя ідэі, новыя выкладчыкі, якія працягнуць традыцыю ўніверсітэцкай адукацыі. Гэта маладыя навукоўцы, якія толькі пачынаюць свой шлях і маюць патрэбу ў падтрымцы, прызнанні, магчымасці рэалізаваць сябе.

 

Парада маладым

Валянціна Анатольеўна фармулюе параду маладым жанчынам, якія выбіраюць навуку і адукацыю, вельмі ясна:

  • Ні пры якіх абставінах не збочваць з абранага шляху.

У гэтай лаканічнай формуле адлюстроўваецца яе ўласны прафесійны вопыт, правераны дзесяцігоддзямі працы ва ўніверсітэце. Шлях у навуцы патрабуе настойлівасці, унутранай дысцыпліны і гатоўнасці да пастаяннага развіцця. Ён звязаны з высокай адказнасцю, карпатлівай працай і неабходнасцю пераадольваць складанасці – як прафесійныя, так і асабістыя.

Перакананасць у тым, што вернасць абранай справе і паслядоўнасць у дасягненні мэты здольныя прывесці да выніку, праходзіць праз усю прафесійную біяграфію Валянціны Цепловай. Менавіта гэтую думку яна адрасуе тым, хто толькі пачынае свой шлях у акадэмічным асяроддзі.

 

Даведка

Валянціна Анатольеўна Цяплова нарадзілася 3 жніўня 1940 года ў г. Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад) у сям’і інтэлігенцыі. Скончыла школу з залатым медалём і паступіла на гісторыка-філалагічны факультэт Горкаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. М. І. Лабачэўскага.

У 1966 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю «грамадска-палітычныя погляды і палітычная дзейнасць і.і. Мартынава ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя». З 1974 года — дацэнт.

З 1976 года прафесійная дзейнасць Валянціны Анатольеўны звязана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам. На гістарычным факультэце БДУ яна з’яўляецца спецыялістам у галіне канфесійнай гісторыі і дзяржаўнай палітыкі на беларускіх землях XIX стагоддзя.

У пачатку 1990-х гадоў выкладчыца стала адным з арганізатараў адраджэння навуковай школы гісторыкаў царквы ў Беларусі. З 1992 года выкладае ў Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі, з 2000 года — прафесар духоўнай акадэміі. Аўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, укладальнік зборніка «Унія ў дакументах», супрацоўнічае з «Праваслаўнай энцыклапедыяй». Пад яе навуковым кіраўніцтвам падрыхтаваны кандыдаты гістарычных навук.

Узнагароджана ордэнам святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі III ступені, медалём Свяціцеля Кірылы Тураўскага, Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і іншымі ўзнагародамі.

30 студзеня 2026 года Валянціна Анатольеўна Цяплова ўдастоена ордэна святой роўнаапостальнай вялікай княгіні Вольгі II ступені за ўклад у развіццё духоўнай адукацыі ў Беларусі.

 

Ксенія СМІРНОВА

 

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: