Асобы БДУ. Інтэрв’ю з дэканам ФМА

15 Jan, 2015.

630403 Віктар Генадзевіч Шадурскі – доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін, дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ. – Віктар Генадзевіч, Вы гэтулькі часу прысвячаеце працы. Скажыце, а ці хацелася Вам калі-небудзь не прыйсці ва ўніверсітэт? – Прагуляць працу хацелася і хочацца. Часам доўга не пакідае жаданне знаходзіцца ў гарызантальным становішчы і чытаць газеты ці глядзець тэлеперадачы. Але ўнутраны голас патрабуе ісці на працу нават у суботу, бо ў спісе задач значыцца шмат незавершаных спраў, планаў мерапрыемстваў, сустрэч, артыкулаў, лекцый і г. д. Разумееш, што гэтыя справы ніхто за цябе не зробіць. З іншага боку, ад добра зробленай працы, асабліва напружанай, атрымліваеш задавальненне. Не напружыўся – не атрымаў задавальнення. Гэта тычыцца як працы фізічнай, так і разумовай. – А ў маладосці Вы былі такім жа адказным? Памятаеце свае студэнцкія гады? Якімі яны былі? – Так, памятаю, і вельмі добра. Хоць пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ прайшло больш за 30 гадоў, здаецца, быццам гэта было толькі ўчора. У чэрвені мінулага года мы сустрэліся выпускам – сабралася больш за палову аднакурснікаў. Вельмі душэўны вечар атрымаўся, пры праглядзе старых чорна-белых фатаграфій многія нават расчуліліся. У БДУ я заўсёды імкнуўся вучыцца добра. І заўсёды быў актывістам: праводзіў розныя сустрэчы, пасяджэнні дыскусійнага клуба "Палітыкус", быў сябрам камітэта камсамола БДУ, пазней нават стаў намеснікам сакратара камітэта камсамола БДУ па інтэрнацыянальнай працы. Дзякуючы грамадскай працы маё студэнцкае жыццё было вельмі насычана: будатрады ў Беларусі і Балгарыі, навучальная практыка ў Германіі. Вольнага часу практычна не было. На курсе спачатку троху зайздросцілі "маёй кар'еры", але потым прыйшлі да высновы, што ўсё было дасягнута заслужана. Мяне гэта моцна падтрымала. Я і сёння вельмі шаную меркаванне аднакурснікаў. – Як Вы абралі сваю прафесію? – З самага ранняга дзяцінства хацелася вывучаць гісторыю, а канкрэтней гісторыю міжнародных адносін і сусветную палітыку (у дзяцінстве не ведаў, як гэта дакладна завецца). Ужо ў малодшых класах праглядаў міжнародныя навіны ў цэнтральных газетах СССР. Дарослыя на гэта зважалі і падбадзёрвалі. Мне падабалася такая ўвага. З першага класа я быў ініцыятыўным. Быў абраны камандзірам акцябрацкай зорачкі (часам жартую, што з 1 класа на кіраўніцкай працы). Ствараў цімураўскую каманду, выпускаў насценную газету, абіраўся камандзірам у гульні "Зарніца". На гэтай пасадзе быў і ў піянерскім лагеры "Зубраня". Ужо тады зразумеў, што важна не толькі арганізаваць што-небудзь карыснае і цікавае, але і зрабіць неабходны "піяр" – пісаў у дзіцячыя газеты. За артыкулы атрымліваў прызы. У старэйшых класах узяў курс на гістфак БДУ. Атрымалася! Ура! – Мяркуючы па ўсім, Вы прывыклі дамагацца пастаўленых мэт. Як Вы матывуеце і заахвочваеце сябе ў працэсе? – Мне падабаецца падарожнічаць, асабліва цікавае рэальнае жыццё рэальных людзей. Планую, каб паездкі па Беларусі і за яе межы адбываліся як мага часцей. Люблю слухаць аповеды людзей з вялікім жыццёвым досведам. Часам дазваляю сабе салодкае (люблю вельмі). – Віктар Генадзевіч, а ці часта ў Вас атрымліваецца дазволіць сабе адпачынак з добрай кнігай у руках? – На жаль, вельмі рэдка цяпер чытаю мастацкія творы. Галоўным чынам па рэкамендацыях. На маёй тумбачцы пры ложку хутчэй можна знайсці мемуарную, публіцыстычную і навуковую літаратуру, бо таго патрабуе прафесія. 630413 Хоць нядаўна прачытаў твор Алены Брава "Каменданцкі час для ластавак" (беларускі аповед пра пакаленне скалечаных жаночых лёсаў.) Вельмі ўразіла і спадабалася. Думаю, што школа і ВНУ – гэты самы прыдатны час для чытання мастацкай і іншай літаратуры. Калі будзеце працаваць, пераканайцеся самі: знайсці час для чытання ў задавальненне будзе значна складаней. – У Вас ёсць прыклад для пераймання? – Вядома, ёсць. І гэта не якія-небудзь кніжныя героі. Гэта абодва мае дзядулі, якіх ужо даўно няма. Адзін (па маці) служыў у царскай гвардыі, ваяваў на франтах Першай сусветнай вайны. Другі дзядуля Сяргей Аляксандравіч Шадурскі быў старастам праваслаўнай царквы ў 1960–1980-я гг. Таксама, вядома, мой бацька. З узростам я ўсведамляю гэта ўсё больш выразна. Яму ў лютым споўніцца 78 гадоў, але ён па-ранейшаму трымае сябе ў вельмі добрай фізічнай форме. Шмат што можа пабудаваць і паправіць самастойна, чым я пахваліцца не магу. А хацелася б. Мае дзяды і бацька адносяцца да тыпу нешматслоўных мужчын, якія адказваюць за свае справы і ўчынкі. Бацька не лезе на першыя планы, але, калі яго папросяць, зробіць усё, што ад яго залежыць, каб дапамагчы. Часам здаецца, што такія мужчыны прысутнічаюць толькі ў кіно, але іх вельмі шмат і ў рэальным жыцці. Можа, толькі "ўпакоўка" не выглядае бліскучай. – А хто быў Вашым героем у дзяцінстве? – Герояў было шмат! Пра іх я даведваўся з кіно, з дзіцячых кніг. Адмысловай павагай у мяне карысталася творчасць А. Гайдара. Вельмі любіў яго персанажаў. Не разумеў, што сапраўдных герояў можна знайсці ў рэальным жыцці. – Віктар Генадзевіч, скажыце, а на якое пытанне Вам хацелася б самому адказаць, але Вам яго ніколі не задаюць? – Чаму ніхто не пытае, ці падабаецца мне быць дэканам факультэта міжнародных адносін? Я б адказаў: "У асноўным падабаецца! Але не ўсё задавальняе!" Хоць добра разумею, што часам лепш трымаць свае думкі пры сабе. Думкі – рэч каштоўная, ад іх шмат карысці. – Скажыце, пра што Вы звычайна думаеце перад сном? – Калі на наступны дзень ці ў найбліжэйшай перспектыве мае быць якая-небудзь непрыемная і цяжкая падзея, думкі пра яго самі лезуць у галаву. Спрабуеш адцягнуць увагу, думаць пра нешта прыемнае. Часта атрымліваецца, але часам усё ж не. Разам з тым вельмі важна залішне не засмучацца – трэба наладжваць сябе на пазітыў. Часта абдумваю планы на наступны дзень, малюю ў галаве асноўныя тэзісы выступленняў. Перад сном часта чытаю газеты і ў нейкі момант усведамляю, што ўжо не чытаю, а сплю. Таксама нядрэнны варыянт. – БДУ для Вас – гэта…? – БДУ для мяне – гэта ўсё. Ён прыняў мяне школьнікам, навучыў жыццю і зрабіў даследчыкам з навуковымі званнямі і ступенямі. БДУ часта ўяўляецца мне жывым арганізмам! Як стала модна казаць, у БДУ існуе вельмі здаровая аўра! Яе трэба захоўваць! Дадатковыя звесткі: 19 лістапада 2014 г. В. Г. Шадурскі быў узнагароджаны медалем імя Францыска Скарыны за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, вялікі асабісты ўнёсак у дасягненні высокіх творчых паказчыкаў у сістэме адукацыі. Гутарыла Марыя КАЛОДКІНА, студэнтка 1 курса ФМА Фота – Марыя Калодкіна 47903  
print

Вам таксама можа спадабацца:

Адзін каментар

  1. Студентка ФМО says:

    Ой, какое классноое интервью!))
    Респект Марии!

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *