Ад рукапісу да тыражу або Як ствараюцца кнігі ў БДУ

20 Jun, 2016.

IMG_0273

Пятнаццаць гадоў адзначыла ў чэрвені ўпраўленне рэдакцыйна-выдавецкай работы. Пра асноўную задачу гэтай структуры – стварэнне арыгінал-макетаў вучэбных і навуковых выданняў БДУ, пра штодзённыя клопаты і святочныя радасці мы пагутарылі з начальнікам УРВР Наталляй ГЕРАСІМОВІЧ.  

– Ва ўмовах эканамічнага крызісу, які ўдарыў і па кнігавыдавецкай справе, што змянілася ў рабоце УРВР? Ці стала менш кніг вышэйшай якасці?
– Якасць заўсёды аднолькавая. Мы дасканала рыхтуем тое, што выдаём. Але цяпер больш уважліва разглядаюцца праекты планаў да выдання. Наколькі запланаванае неабходна для навучальнага працэсу, колькі студэнтаў рыхтуюць па дадзеным кірунку, што ўжо выдадзена па гэтай дысцыпліне… Такім чынам колькасць выданняў памяншаецца. З’явілася і альтэрнатыва традыцыйнай кнізе – электроннае выданне. Грошай на яго падрыхтоўку трэба менш, прытым гэта таксама якасна падрыхтаваны дапаможнік, з грыфам. Між іншым, усе нашы папяровыя выданні маюць электронныя версіі, якія мы ў вызначаным парадку штомесяц перадаём у Электронную бібліятэку БДУ.
– Як ацэньваецца кніжная прадукцыя БДУ па-за межамі ўніверсітэта?
– Часта нашы кнігі адзначаюцца грама­тамі на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі», а два выданні ўзялі дыплом першай ступені. У 2013 г. перамог дапаможнік па англійскай мове, а сёлета навучальны да­паможнік Deutsch прызнаны найлепшым у намінацыі «Падручнік новага стагоддзя». Здаецца, журы аддае перавагу еўрапейскай вёрстцы, афармленню і напаўненню – а гэтым якраз вылучаецца літаратура на замежных мовах. Прадстаўлялі мы нашы кнігі і на прасторы СНД, напрыклад, на конкурсах «Універсітэцкая кніга Еўразіі» (2015 г.), «Універсітэцкая кніга – 2014: сацыяльна-гуманітарныя навукі» (Казань), там многія выданні БДУ былі адзначаны дыпломамі. Прыемна, што наша ўніверсітэцкая кніга на фоне літаратуры з усёй СНД выглядае вель­мі годна, і па якасці, і па разна­стайнасці.

Зроблена ў СССР
Літаратура БДУ на рускай і беларускай        мовах, здаецца, больш адпавядае таму, як было прынята бачыць падручнік за савецкім часам.
Пра нашу кнігу можна сказаць: «Зроблена ў СССР». Значыць, зроблена якасна, добрасумленна. Значыць, кожны спецыяліст са свайго боку адпрацаваў кнігу. Усе коскі, усе старонкі на сваіх месцах…
Бывае, аўтар прыходзіць з рукапісам і здзіўляецца – маўляў, ну што тут яшчэ рабіць, я ўжо ўсё вычытаў, трэба друкаваць. Аўтар звычайна не здагадваецца, які вытворчы цыкл павінен прайсці яго твор, каб на выхадзе атрымалася якаснае выданне. Бывае вельмі крыўдна разгарнуць кнігу вядомага аўтара – і пабачыць элементарныя памылкі, якія з’явіліся там не таму, што аўтар непісьменны, а таму, што людзі, адказныя за падрыхтоўку кнігі, не зрабілі яе як належыць. Скарысталі знакамітае імя, патрэбу мець выданне пэўнага кірунку – і зарабілі грошай, не прыклаўшы асабліва намаганняў, каб кнігу адрэдагаваць.

IMG_0255

Выйсці ў тыраж
– А што ўяўляе сабой цыкл падрых­тоўкі кнігі – ад аўтарскай задумы да здачы ў тыраж?
– Працэс выдання кніг павінен быць упарадкаваны, адладжаны. Каб не атрымалася, што сёння ў нас няма над чым працаваць, а назаўтра ўсе адразу прыбягуць з рукапісамі. Зрэшты, і такое здараецца… Але ў рэдакта­раў заўсёды мусіць быць праца, для гэтага ствараецца так званы рэдакцыйны партфель. Існуе план выдання на год – ён раз­глядаецца на Рэдакцыйна-выдавецкім савеце БДУ, зацвярджаецца рэктарам. Аўтары, якім па­шчасціла трапіць у Перспектыўны план, прад­стаўляюць ва УРВР свае рукапісы з аба­вязковым камплектам дакументаў як сведчанне, што аўтарскі арыгінал разгля­даўся на кафедры і на факультэце, што на рукапіс маюцца рэцэнзіі спецыялістаў у адпаведнай галіне, прытым не з БДУ. Ву­чэб­наму выданню абавязкова патрэбна рэцэн­зія адпаведнай кафедры і грыф – усе выданні вучэбнага кірунку ў БДУ выходзяць толькі з грыфам Міністэрства адукацыі або вучэбна-метадычнага аб’яднання па сваім кірунку. Гэта знак якасці – рукапіс кампетэнт­нымі ўста­­новамі рэкамендаваны да выкарыстання ў навучальным працэсе розных ВНУ.
Усе такія аўтарскія арыгіналы з патрэб­нымі дакументамі мы збіраем, разглядаем, складаем праект плана. Тыраж фарміруем з улікам запытаў нашай бібліятэкі, якая па факультэтах высвятляе патрэбу ў тым ці іншым выданні. Які планаваць аб’ём выдання, вырашаецца з дапамогай Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы, дзе высвятляецца, якая колькасць гадзін на якую дысцыпліну адведзена. Вядома, не можа быць кніга ў 500 старонак, калі дысцыпліна прадугледжвае мала гадзін. Тэхнічны рэдактар вызначае колькасць старонак адпавед­на тэхнічным патрабаванням – каб атрым­ліваліся пэўныя сшыткі ўнутры кнігі. Затым выстаўляюцца такія параметры, як фармат, каляровасць. Потым кнігу вычытваюць рэдактар, карэктар, праглядаюць тэхнічны і мастацкі рэдактары, нарэшце адбываецца вёрстка. Усе гэтыя працэсы могуць шматкроць паўтарацца, з унясеннем правак ледзь не да поўнага перапісання аўтарам свайго твора. Бо часам, пакуль аўтар уносіць праўкі рэдактараў, яму хочацца нешта перарабіць, прыходзіць нейкая ідэя – і потым перад рэдактарам фактычна новы тэкст. А колькі на вёрстцы ўсяго пабачыш… Няма межаў удасканаленню, і гэта вельмі цікавы працэс.

«Проста так грошы БДУ не трацім»
Ёсць кнігі, якія ў чорна-белым выкананні не маюць сэнсу: выданні з картамі, касмічнымі здымкамі і г. д. Каляровасць патрабуе да­датковых сродкаў. Штогод выходзяць святочныя выданні – да юбілею кафедры, факультэта, універсітэта, яны прадугледжваюць крэйдаваную паперу, вялікую коль­касць фотаздымкаў, нестандартны фармат. Бывае, наш мастак забракоўвае большасць прадстаўленых фотаздымкаў як непрыдатныя для паліграфічнага выканання, да­водзіцца пераздымаць. Усё гэта зацягвае працэс падрыхтоўкі такіх выданняў. Шмат залежыць ад таго, наколькі імпэтна працуюць адказныя за кнігу – ёсць такія, што ўсё хутка пераробяць, мы з імі працуем камандай; трапляюцца і такія, якія лічаць, што лепей ведаюць, як нам рабіць нашу працу… У любым выпадку, проста так грошы БДУ не трацяцца. Мы падыходзім да выдаткаў ра­зумна і з папярэднім аналізам.
– Ці рыхтуюцца зараз адмысловыя выданні да юбілею БДУ?
– Так, у серыі «Памяць і слава», прысвечанай асобам БДУ, значным для ўсёй беларускай навукі, сёлета выйшла кніга «Л. М. Шакун. Да 90-годдзя з дня нараджэння». Рыхтуецца і яшчэ адно падобнае выданне. Упершыню прадставім літаратурна-мастацкае выданне «Кветкавыя ветразі», змест якога складуць вершы сяброў клуба аматараў мастацкага слова «КЛУмБа» БДУ, гэта праект фундаментальнай бібліятэкі. Думаю, атрымаецца цікавай кніга пра дынастыі вучоных БДУ – яшчэ адзін падарунак да юбі­лею альма-матар.

Копия Слайд УРВР

Моўнае пытанне
– Надоечы УРВР падрыхтавала надзвычай цікавы слоўнік-мінімум лінгвіс­тычнай тэрміналогіі на рускай, беларускай і кітайскай мовах. Як робяцца падобныя, іншамоўныя і шматмоўныя, выданні? Хто іх карэктуе?
– На кітайскай мове часта рыхтуюцца кнігі. У такіх выпадках уся надзея на аўтарскі калектыў, бо ў нас няма спецыялістаў, каб рэдагаваць і карэктаваць такія выданні. Мы займаемся іх тэхнічным афармленнем – скажам, каб практыкаванні былі аформлены ў адным ключы, каб пералікі стаялі ўсе з аднолькавымі «зорачкамі», а не абы-як.

На прастор, на шырокі прастор
– У навуковых часопісах «Веснік БДУ» і «Сацыялогія», за выпуск  якіх адказвае УРВР, таксама наспявае патрэба ў «інша­моўных» спецыялістах – апошнія рэка­мен­дацыі для гэтых выда­н­няў прадугледжваюць шырэйшае выкарыстанне англійскай мовы, стварэнне англамоў­най версіі сайта… Хто тут будзе займацца рэдактурай і карэктурай?
– Як будзе наладжана праца ў гэтым рэчышчы, пакуль дакладна не ведаю. Але мяркую, што многія аўтары і іх рэцэнзенты доб­ра ведаюць англійскую мову, з улікам спецыфікі сваёй галіны навукі. Вялікая ро­ля рэдкалегій, якія могуць мець аднаго англамоўнага спецыяліста… Пра гэта трэба гаварыць і думаць. Бо сёння часта маем фар­мальны, літаральны пераклад рускай або беларускай анатацыі на англійскую мову. Але ж англамоўная анатацыя вельмі важная: калі ў ёй замежны навуковец знойдзе тое, што яму трэба, то можа заказаць пераклад усяго артыкула. Таму англамоўная анатацыя павінна быць значна большага аб’ёму, чым сёння; у ёй павінна быць пэўная структура. А хто яе павінен рабіць – тут трэба абмяр­коўваць, вырашаць супольна. З таго часу, як пастаўлена задача павысіць міжнародны рэйтынг нашых навуковых часопісаў, у аддзела навуковых перыядычных выданняў значна дадалося працы. Трэба ўлічваць міжнародныя выдавецкія стандарты. Адно руплівае афармленне бібліяграфічных спасылак чаго вартае! Бывае, не разбярэш, дзе заканчваецца назва часопіса і пачынаецца назва артыкула, на якія спаслаўся аўтар. Рэдактару даводзіцца разбірацца, шукаць у інтэрнэце, зацвярджаць праўкі з аўтарам, а тых аўтараў вялікая колькасць… Задача ўступіць у Scopus або Web of Science сур’­ёзная, патрабуе ўдумлівага аналізу: а што мы, уласна, друкуем у нашых часопісах? Якаснае напаўненне артыкула не выправіш «міжна­родным» афармленнем. Некаторыя аўтары кажуць – вой, ды я зляпіў артыкул за вечар. Гэта крыўдна, гэта зневажае. А яшчэ нашым часопісам пільна патрэбна рэцэнзаванне, пажадана сляпое. Рэцэнзіі, якія прыносяць аўтары – цудоўна, але мы ведаем, як яны пішуцца, часам самімі аўтарамі. Не, часопіс павінен адпраўляць артыкулы, якія плануюцца ў нумар, на рэцэнзію спецыялістам у адпаведных сферах. Ёсць рэцэнзаванне – ёсць навуковы часопіс. Гэ­та доўгі шлях, але ён пасільны, калі будзе жаданне абодвух бакоў, і аўтараў, і рэдкалегіі. А мы, УРВР, толькі выканаўцы.

DSCN0923

Наталля Герасімовіч на 5-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Навуковае выданне міжнароднага ўзроўню” у Маскве

Кадры рашаюць
Задача УРВР – якасная падрыхтоўка арыгі­нал-макета, які потым, стаўшы кнігай, будзе служыць студэнтам, прытым не толькі ў БДУ. Мы робім макет з таго, што нам прадставілі. Але нашы супрацоўнікі не раўнадушныя да таго, што робяць. Не проста заганяюць артыкул ці кнігу ў фармаль­ныя рамкі, а са­праў­ды цікавяцца, задаюць аўтарам пытан­ні, калі бачаць, што нешта не стыкуецца.
– Гонар упраўлення складаюць, вядома, заслужаныя работнікі. А як з мала­дымі? Калі падбіраеце рэдактараў, якія якасці найперш улічваеце? Ці можна «давыхаваць» рэдактара ў працэсе работы?
– Рэдактара выхаваць складана. Лічу: або чалавеку дадзена бачыць тэкст, адразу ўвесь, і разумець, што ў ім не так ці што мо­жа быць палепшана, або гэтага не дадзена. Калі падбіраю рэдактараў, вызначальным бывае, ці можа кандыдат рэдагаваць тэксты на бе­ларускай мове, ці заўважае «злёту» непатрэбныя словы, нагрувашчванні і велягу­рыс­тасці, якія часта вылучаюць псеўданаву­ковы стыль, ці можа выправіць шматлікія паўторы, ці бачыць структуру главы, артыкула, усёй кнігі. Яшчэ важна, каб чалавек быў ветлівы, уважлівы, уседлівы, руплівы – усё гэта бачна на першым жа сумоўі.
– Ці маецца «цякучка» кадраў?
– Ёсць людзі, якія вельмі доўга працуюць у нашым упраўленні. А моладзь, адпра­ца­ваўшы два гады, сыходзіць шукаць вялікія заробкі. Як правіла, рэдка хто знаходзіць… Былі выпадкі, калі людзі, сышоўшы, праз некаторы час вярталіся да нас – гэта пры­емна. Значыць, у нас ёсць нейкая стабіль­насць. Бо і сама паспрабавала працаваць у іншым выдавецтве – але мне спадабалася, што ў БДУ якасці работы, якасці кнігі на­даецца такая вялікая ўвага.
– УРВР налічвае каля 40 чалавек – ці робяцца нейкія захады, каб здружыць супрацоўнікаў? Зразумела, у сяброўскай супольнасці лепей працуецца…
– Мы заўсёды ўсе дні народзін адзна­чаем разам. Купляем для імянінніка торт, цукеркі і невялічкі падарунак, ладзім гарбату. Натуральна, святы з’ядноўваюць. Нядаўняе святкаванне юбілею нашага ўпраўлення аб’яднала ўсіх – нават тых, хто спярша не дужа хацеў «аб’ядноўвацца». У нас атрымалася сяброўская сустрэча, падчас якой кожны супрацоўнік атрымаў сваю арыгі­нальную падзяку. Людзі розныя, людзі ціка­выя, добрасумленныя і, да таго, з пачуццём гумару – без яго рэдактару немагчыма.
Гутарыла
Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ

SDC10257

print

Вам таксама можа спадабацца: