На шляху да перамогі: жанчыны БДУ падчас вайны

25 мая, 2026.

Вялікая Айчынная вайна падзяліла жыццё ўніверсітэцкай супольнасці на «да» і «пасля». Адмысловымі старонкамі ў летапісе БДУ сталі подзвігі яго жанчын. Кожная з іх пісала сваю гісторыю гераізму. У гэтым матэрыяле — лёсы выкладчыц, супрацоўніц і студэнтак БДУ. Іх стойкасць і вернасць Радзіме сталі сімвалам нязломнасці духу.

Марыя Барысаўна Осіпава

27.12.1908 г. – 05.02.1999 г.

Выпускніца Мінскага юрыдычнага інстытута, Герой Савецкага Саюза Нарадзілася ў сядзібе Серкавец. У 1933–1935 гг. навучалася ў Вышэйшай сельскагаспадарчай партыйнай школе імя У. І. Леніна. У 1940 г. скончыла Мінскі юрыдычны інстытут (з 1954 г. быў рэарганізаваны ў юрыдычны факультэт БДУ). У першыя дні акупацыі г. Мінска арганізавала адну з першых падпольных груп . Пасля ўсталявання сувязі з партызанамі ў жніўні 1941 г. група актыўна ўдзельнічала ў разведвальнадыверсійнай працы . Гераічна выявіла сябе ў аперацыі «Адплата» 22 верасня 1943 г., падчас якой быў ліквідаваны генеральны камісар Генеральнай акругі Беларусь Вільгельм Кубэ. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 кастрычніка 1943 г. М. Б. Осіпавай было прысвоена званне Герой Савецкага Саюза з узнагароджаннем ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка». Пасля вызвалення г. Мінска актыўна ўдзельнічала ў аднаўленчых працах. Займала адказныя пасады ў вышэйшых органах дзяржаўнай улады. За высокія заслугі была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны I ступені , ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. 

Вольга Дзмітрыеўна Акімава

01.07.1883 г. – 04.07.1969 г.

Педагог, выкладчык, навуковец-альголаг, дэкан біялагічнага факультэта БДУ Нарадзілася ў в. Туржэц Тураўлянскай воласці Полацкага павета Віцебскай губерні. Адукацыю атрымала ў Полацкім жаночым духоўным вучылішчы, Вышэйшай вольнай школе Лесгафта ў Санкт-Пецярбургу, на Вышэйшых жаночых прыродазнаўчанавуковых курсах. Пасля завяршэння навучання ажыццяўляла актыўную выкладчыцкую дзейнасць у шматлікіх навучальных установах. У верасні 1924 г. В. Д. Акімава пачала працаваць на аддзяленні прыродазнаўства педагагічнага факультэта БДУ. У 1931 г. стала дэканам створанага ў БДУ біялагічнага факультэта – першай жанчынай-дэканам у гісторыі ўніверсітэта. Затым займала пасаду дацэнта кафедры батанікі Віцебскага педагагічнага інстытута. У ліпені 1941 г. В. Д. Акімава прайшла эвакуацыю. У 1943 г. была запрошана ў якасці выкладчыка ў БДУ на ст. Сходня, дзе ўніверсітэт аднавіў працу падчас вайны . Унесла значны ўклад у развіццё адукацыйнага працэсу ў перыяд эвакуацыі. У 1943 г. была паўторна прызначана на пасаду дэкана біялагічнага факультэта БДУ. Змагла кваліфікавана арганізаваць працу па рашэнні кадравых і матэрыяльна-тэхнічных задач. У 1953 г. была ўзнагароджана ордэнам Леніна. Працягвала працу на біялагічным факультэце на пасадзе дацэнта да 1956 г.

Марыя Парфір’еўна Баранава

09.10.1918 г. – 05.11.1992 г.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі народаў СССР гістарычнага факультэта БДУ Нарадзілася ў г. Орша. У 1937 г. паступіла на гістарычны факультэт БДУ. У чэрвені 1941 г. прайшла эвакуацыю. У 1941–1942 гг. выкладала гісторыю ў школе в. Горкі Ірбіцкага раёна Свярдлоўскай вобласці. Затым заняла пасаду завуча і дырэктара. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны М. П. Баранава ўносіла пасільны ўклад у набліжэнне перамогі і распаўсюджанне адукацыі. У 1943 г. працягнула навучанне на ст. Сходня, дзе аднавіў працу БДУ. У 1944 г. завяршыла навучанне ва ўніверсітэце. З 1945 г. М. П. Баранава выкладала на кафедры гісторыі народаў СССР. У 1947 г. скончыла аспірантуру гістарычнага факультэта БДУ. У 1956 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю. За высокія заслугі была ўзнагароджана медалямі «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «Удзельніку працоўнага фронту».

Вольга Раманаўна Скараход

12.07.1915 г. – 25.06.1994 г.

Доктар хімічных навук, прафесар кафедры аналітычнай хіміі хімічнага факультэта БДУ Нарадзілася ў мястэчку Брагін Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Адукацыю атрымала ў сельскагаспадарчым тэхнікуме, затым працягнула навучанне на хімічным факультэце БДУ ў 1934– 1939 гг. Пасля завяршэння навучання працавала асістэнтам на кафедры аналітычнай хіміі. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася ў Брагіне. У жніўні – снежні 1943 г. В. Р. Скараход была ў партызанскім атрадзе імя Р. І. Катоўскага. У 1943–1945 гг. працавала настаўнікам хіміі ў Брагінскай сярэдняй школе. Унесла вялікі ўклад у распаўсюджанне адукацыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. У 1945 г. аднавіла працу ва ўніверсітэце і паступіла ў аспірантуру хімічнага факультэта БДУ. У 1953 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю . У перыяд правядзення даследаванняў унесла значны ўклад у развіццё метадаў хімічнага аналізу. У 1970 г. абараніла доктарскую дысертацыю. У лістападзе 1972 г. В. Р. Скараход было прысвоена званне прафесара. На кафедры аналітычнай хіміі БДУ В. Р. Скараход працягнула працу да 1986 г. За высокія заслугі была ўзнагароджана медалём «За шматгадовую плённую працу», Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Валянціна Уладзіміраўна Чапко

25.02.1925 г. – 23.11.2004 г.

Доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ. Нарадзілася ў г. Мінск. Скончыўшы школу з адзнакай у 1940 г., без экзаменаў паступіла ў Ленінградскі караблебудаўнічы інстытут на машынабудаўнічы факультэт. Напачатку Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічала ва ўзвядзенні ўмацаванняў на ўскраінах Ленінграда. У лістападзе 1941 г. падчас абстрэлу была паранена і праходзіла лячэнне ў шпіталі. У 1942 г. была разам з іншымі пацыентамі эвакуявана па Дарозе жыцця. У 1942 г. пасля лячэння пачала службу ў 914-й асобнай тэлеграфна-будаўнічай роце, дзе служыла і яе маці. Падчас службы прайшла Курск, Белгарад, Малдавію, Бесарабію, Румынію, Венгрыю, Чэхаславакію, Аўстрыю, Маньчжурыю. Пасля вяртання з фронту ў 1945–1950 гг. навучалася на гістарычным факультэце БДУ. У 1953 г. В. У. Чапко абараніла кандыдацкую дысертацыю, затым працягнула актыўную даследчую дзейнасць. У 1967 г. абараніла доктарскую дысертацыю. У 1976–1983 гг. загадвала кафедрай гісторыі БССР гістарычнага факультэта БДУ. У 1983 г. перайшла на кафедру гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў. Пасля выхаду на пенсію ў 1991 г. працягвала працу на факультэце па сумяшчальніцтве. За высокія заслугі была ўдастоена шэрагу ўзнагарод: ордэна Айчыннай вайны II ступені, медалёў «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй», «За ўзяцце Будапешта». Навуковая і педагагічная дзейнасць В. У. Чапко была ацэнена ордэнам «Знак Пашаны», медалём «Ветэран працы».

Ніна Георгіеўна Паўлава 

07.01.1921 г. – 08.08.1990 г.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі народаў СССР гістарычнага факультэта БДУ Нарадзілася ў в. Мокрае Жукоўскага раёна Бранскай вобласці. У 1938 г. паступіла на гістарычны факультэт БДУ. Напачатку Вялікай Айчыннай прайшла эвакуацыю. У перыяд ваенных дзеянняў займала пасаду інспектара ў Сярэднеазіяцкай ваеннай акрузе. Затым працавала на абаронным заводзе ў г. Цюмень. Н. Г. Паўлава ўносіла пасільны ўклад у набліжэнне перамогі. У 1943 г. працягнула навучанне на ст. Сходня, дзе аднавіў працу БДУ. У 1945 г. атрымала дыплом гісторыка і паступіла ў аспірантуру. Падчас навучання Н. Г. Паўлава выкладала на кафедры гісторыі народаў СССР. У 1949–1952 гг. з’яўлялася навуковым сакратаром БДУ. Працягвала ажыццяўляць актыўную выкладчыцкую дзейнасць. У 1954 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю. За высокія дасягненні была ўзнагароджана медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».

Зінаіда Іванаўна Завістовіч

1911 г. – 1944 г.

Аспірантка біялагічнага факультэта БДУ, удзельніца падполля г. Мінска, ахвяра лагера смерці «Трасцянец» Нарадзілася ў 1911 г. У 1935 г. паступіла на біялагічны факультэт БДУ. У 1940 г. з адзнакай скончыла ўніверсітэт і паступіла ў аспірантуру. З моманту пачатку Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася сувязной партызанскай брыгады «Дзядзька Коля». Усталёўвала сувязь з савецкімі патрыётамі і перадавала інфармацыю партызанам. Дастаўляла каштоўныя друкаваныя матэрыялы і звесткі ў партызанскую брыгаду «Дзядзька Коля». Дом, дзе пражывала сям’я З. І. Завістовіч, у 1942–1944 гг. стаў месцам збору і перапраўкі людзей у партызанскія атрады. Унесла значны ўклад у набліжэнне перамогі. 27 чэрвеня 1944 г. падпольшчыкі групы З. І. Завістовіч разам з ёй былі арыштаваны і накіраваны ў лагер смерці «Трасцянец». Загінула ў 1944 г.

Аляксандра Міхайлаўна Багаслов

Асістэнт кафедры фізічнай геаграфіі СССР геаграфічнага факультэта БДУ, сувязная партызанскага атрада Нарадзілася 28 лютага 1919 г. У 1937–1941 гг. навучалася на геаграфічным факультэце БДУ. Навучанне было перапынена ў сувязі з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. У маі 1942 г. А. М. Багаслова далучылася да 128 атрада 14 партызанскай брыгады. У 1942–1944 гг. з’яўлялася сувязной партызанскай брыгады. Пасля вызвалення БССР ад нямецкафашысцкіх захопнікаў А. М. Багаслова працягнула навучанне і скончыла геаграфічны факультэт. У 1945 г. пачала працаваць на кафедры фізічнай геаграфіі СССР. Затым была пераведзена на кафедру геалогіі і глебазнаўства. У 1953 г. была пераведзена на пасаду асістэнта кафедры геалогіі геаграфічнага факультэта БДУ. У 1956 г. аднавіла працу на кафедры фізічнай геаграфіі СССР. Працягнула працу на геаграфічным факультэце БДУ да 1975 г. За высокія дасягненні была ўзнагароджана медалямі «За баявыя заслугі», «Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «50 гадоў Узброеных Сіл СССР», «60 гадоў Узброеных Сіл СССР», нагрудным знакам «25 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».

Варвара Пятроўна Вырвіч

15.12.1922 г. – 1998 г.

Выпускніца БДУ, камандзір камсамольскамоладзевага дыверсійнага партызанскага атрада імя С. М. Будзённага Нарадзілася ў г. Рэчыца. Адукацыю атрымлівала ў політэхнічным інстытуце. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны сышла добраахвотнікам на фронт. Заняла пасаду санітарнага інструктара, брала ўдзел у баях. Падчас вайны прайшла навучанне ў Маскве ў разведвальна-дыверсійнай спецшколе. Пасля навучання ў 1943 г. была накіравана ў распараджэнне Беларускага штаба партызанскага руху і дыслацыравалася на тэрыторыі Добрушскага і Веткаўскага раёнаў. Заняла пасаду камандзіра камсамольска-моладзевага дыверсійнага партызанскага атрада імя С. М. Будзённага. У той перыяд стала вядомай пад пазыўным «Каця». Пад яе кіраўніцтвам атрад браў удзел у шматлікіх дыверсіях і аперацыях рэйкавай вайны, аказваў дапамогу партызанам. За здачу «Каці» ворагам была прызначана высокая цана, пра што сведчаць шматлікія ўлёткі. Атрымаўшы сур’ёзныя раненні і не маючы магчымасці працягваць удзел у ваенных дзеяннях, узначаліла Добрушскі камітэт камсамола і працавала ў Гомельскім абкаме ЛКСМБ. У паваенныя гады атрымала юрыдычную адукацыю ў БДУ. За высокія заслугі была ўзнагароджана ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны» I і II ступені, «За перамогу над Германіяй».

Марыя Андрэеўна Жыдовіч

19.10.1906 г. – 12.11.1977 г.

Доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ, дэкан філалагічнага факультэта БДУ Нарадзілася ў в. Дукора Ігуменскага павета Мінскай губерні. Адукацыю атрымала ў Магілёўскім педагагічным тэхнікуме, затым – у Мінскім вышэйшым педагагічным інстытуце. У 1938 г. паступіла ў аспірантуру Мінскага педагагічнага інстытута на кафедру беларускай мовы. У ліпені – жніўні 1941 г. М. А. Жыдовіч знаходзілася ў эвакуацыі. У 1943 г. пачала працу ў якасці выкладчыка беларускай мовы на ст. Сходня, дзе аднавіў працу БДУ. Унесла значны ўклад у развіццё адукацыйнага працэсу ў перыяд эвакуацыі. У 1944 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю. У 1949 г. М. А. Жыдовіч было прысвоена званне дацэнта. У сувязі з недахопам навуковых кадраў у 1946–1953 гг. М. А. Жыдовіч сумяшчала выкладанне ў БДУ з працай у АН БССР. У 1951–1952 гг. М. А. Жыдовіч заняла пасаду дэкана філалагічнага факультэта БДУ, стаўшы першай жанчынай-дэканам дадзенага факультэта. У 1954–1956 гг. навучалася ў дактарантуры Інстытута мовазнаўства АН СССР у Маскве. У 1958 г., абараніўшы доктарскую дысертацыю, стала першым у Беларусі доктарам філалагічных навук у галіне беларускага мовазнаўства. У 1960 г. было прысвоена званне прафесара. За высокія заслугі была ўзнагароджана медалямі «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне» ў 1945 г., «За працоўную доблесць» у 1960 г., Граматай Вярхоўнага Савета БССР у 1951 г., Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР у 1976 г. У 1971 г. была ўдастоена звання «Заслужаны дзеяч навукі БССР».

Міра Бенцыянаўна Фрыдман

10.08.1908 г. – 28.06.1972 г.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі народаў СССР гістарычнага факультэта БДУ Нарадзілася ў мястэчку Калінкавічы Мазырскага павета Мінскай губерні. У 1926–1930 гг. навучалася на сацыяльна-гістарычным аддзяленні педфака БДУ і займала пасаду лабаранта на рабфаку БДУ. Пасля навучання выкладала на кафедры марксізму-ленінізму ў г. Віцебск, з 1937 г. чытала курс «Гісторыя народаў СССР». Стала адной з першых аспірантак кафедры гісторыі народаў СССР. Напачатку Вялікай Айчыннай вайны была эвакуявана ў г. Ульянаўск, дзе выкладала ў педінстытуце. Затым заняла пасаду штатнага лектара гаркама і абкама партыі. Унесла вялікі ўклад у распаўсюджанне адукацыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. У 1944 г. была залічана старшым выкладчыкам кафедры гісторыі народаў СССР і ажыццяўляла актыўную выкладчыцкую дзейнасць. У паваенныя гады абараніла кандыдацкую дысертацыю. З 1949 г. з’яўлялася дацэнтам кафедры гісторыі СССР. Выкладчыцкую працу працягвала да 1972 г. За высокія заслугі была ўзнагароджана медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».

Аляксандра Міхайлаўна Папова

Кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры глебазнаўства і геалогіі геаграфічнага факультэта БДУ, метэаназіральнік 17-й паветранай арміі Нарадзілася 30 студзеня 1921 г. у пасёлку Міхайлаўка Міхайлаўскага раёна Валгаградскай вобласці. У 1937–1939 гг. навучалася ў Сталінградскім дзяржаўным настаўніцкім інстытуце . У 1940–1942 гг . займала пасаду настаўніка прыродазнаўства і геаграфіі ў сярэдняй школе ў Міхайлаўцы. Унесла вялікі ўклад у распаўсюджанне адукацыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. У 1942 г. А. М. Папова пачала службу ў штабе 17-й паветранай арміі ў якасці метэаназіральніка. Удзельнічала ў ваенных дзеяннях у Балгарыі , Югаславіі , Румыніі . Пасля Вялікай Айчыннай вайны А. М. Папова заняла пасаду старшага лабаранта кафедры глебазнаўства геаграфічнага факультэта БДУ. У 1949–1952 гг. навучалася на геаграфічным факультэце БДУ. У 1957–1961 гг. з’яўлялася кіраўніком глебавага атрада, створанага пры кафедры. У 1970 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю і была пераведзена на пасаду старшага выкладчыка кафедры. Працягнула працу на геаграфічным факультэце да 1977 г. За высокія заслугі была ўзнагароджана медалямі «За абарону Сталінграда», «За баявыя заслугі».

Па матэрыялах гістарычнага і геаграфічнага факультэтаў, архіва і музея БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: