Яна не планавала ісці на журфак, але трапіла менавіта туды. Не ведала, як растлумачыць спецыяльнасць «інфармацыя і камунікацыя», але цяпер вывучае PR, рэкламу і маркетынг. Ліза Занько – прадстаўніца банка даных адоранай моладзі Беларусі, студэнтка БДУ, кіраўніца праектнага напрамку студсавета і чалавек, які верыць, што «святло ёсць у кожнага – трэба толькі не баяцца ззяць».
Гераіня вучыцца на спецыяльнасці «інфармацыя і камунікацыя» на факультэце журналістыкі. Як жартуе Ліза, гэта тая спецыяльнасць, сэнс якой складана растлумачыць, асабліва дарослым ці людзям, якія пра яе нічога не ведаюць. Там студэнты вывучаюць сувязі з грамадскасцю, PR і рэкламу, а таксама маркетынг і менеджмент.
Лізавета Занько тлумачыць, што ў яе з самага пачатку была мэта — у любым выпадку паступіць у БДУ. Але на які факультэт? Гэта вырашыць была не так проста. Дзяўчына доўга выбірала паміж факультэтам міжнародных адносін, юрфакам і факультэтам журналістыкі. Спецыяльна на журфак яна не імкнулася. Ліза мяркуе, што ёй, напэўна, проста пашанцавала, што ў год яе паступлення балы былі крыху ніжэйшыя. Так, на яе думку, ёй і ўдалося прайсці менавіта на факультэт журналістыкі. Увогуле, сутнасць выбару спецыяльнасці была ў тым, што абітурыентка шукала нешта без матэматыкі, фізікі ці хіміі. Больш гуманітарнае, магчыма, звязанае з мовамі і грамадазнаўствам прываблівала мацней. І спецыяльнасць інфакама стала ідэальнай для будучай студэнткі.
У Лізы быў момант, калі на этапе поступлення яна разумела, што не праходзіць на бюджэт на ФМА. Дзяўчына думала ісці на платнае навучанне, але потым вырашыла – толькі бюджэт.
Як прызнаецца Ліза, яна дакладна не ведае, як трапіла у банк даных адоранай моладзі Беларусі. Дзяўчына мяркуе, што гэта адбылося пасля таго, як прайшла падача дакументаў на прэзідэнцкую стыпендыю, якую дзяўчына атрымала. Гэта, безумоўна, звязана з выдатнай вучобай, навуковай дзейнасцю і актыўным удзелам у жыцці факультэта.
Студэнтка з’яўляецца кіраўніком праектнага напрамку студсавета журфака. Для яе гэта не проста арганізацыя, а людзі, якія робяць яе сапраўды асаблівай. Без студсавета Ліза не ўяўляе ні студэнцтва, ні свайго жыцця наогул. Яна кажа, што гэта прыярытэт, тое, чаму гатова аддаваць увесь вольны час. Кожны чалавек у камандзе неверагодны, і ў кожнага ёсць чаму павучыцца.
— У маім студэнцтве шмат момантаў, да якіх я буду вяртацца ў думках яшчэ не адзін год. Але, напэўна, самы любімы і цёплы ўспамін – куратарства дня першакурсніка. Я дапамагала з творчым нумарам і арганізацыяй першаму курсу «інфакама». Тады мы атрымалі першае месца, і гэта быў самы яркі момант – не толькі з-за перамогі, а таму што я вельмі палюбіла першакурснікаў. Той час мы разам успамінаем з цеплынёй.
Планаў на будучыню у нашай гераіні шмат. Дзяўчына хоча развівацца ў сваёй сферы, магчыма, паспрабаваць сябе ў арганізацыі маштабных мерапрыемстваў, а пакуль яна займаецца SMM. План Лізы: пасля заканчэння ўніверсітэта стаць спецыялістам па інфармацыі і камунікацыі, PR-шчыкам ці івент-менеджарам.
Акрамя вучобы і кіраўніцтва студэнцкай арганізацыяй, студэнтка надае шмат часу хобі. Яшчэ да ўніверсітэта яна скончыла музычную школу, займалася танцамі – гэта былі яе асноўныя інтарэсы. Цяпер дзяўчына любіць гатаваць сняданкі, камунікуе з сябрамі, вучыцца новаму, чытаць і адкрываць для сябе цікавыя месцы ў Мінску.
— У мяне досыць насычанае жыццё, з хуткім рытмам, таму я стала яшчэ мацней цаніць моманты, праведзеныя з сям’ёй. Акрамя таго, мне падабаецца весці асабістыя старонкі сацсетак – спадзяюся, што буду рабіць гэта яшчэ актыўней.
Для такіх творчых спраў трэба пастаянна шукаць натхненне. Ліза бачыць яго ў першую чаргу ў сваіх бацьках. Асабліва ў тату, бо гэта, на думку трэцякурсніцы, самы разумны чалавек у яе атачэнні.
— Мяне заўсёды натхняла яго імкненне да ведаў. А мама… Яе галоўная фраза: «Ты зробіш нешта для мяне, а я вярну табе гэта ўдвая». Яна сапраўды ўмее любіць – і навучыла гэтаму мяне.
Сваім дэвізам па жыцці Лізавета лічыць выраз: «Крок за крокам – на нейкім этапе ты перастанеш баяцца». Яна растлумачыла, што заўсёды лічыла сябе даволі баязлівай, але, як выявілася, у яе характары ёсць і смеласць, і рашучасць. А апошнім часам натхненне і сілы рухацца наперад надае фраза, звязаная са студэнцтвам і праектным напрамкам: «У кожнага з нас ёсць святло – проста трэба яго раскрыць і не баяцца ззяць»
Марыя КАРКВЕЛІС