Калі выкладчык стварае школу, здольную выхаваць пакалення пераможцаў, яго праца непазбежна становіцца прыкметнай на міжнароднай арэне. Узнагарода Huawei, уручаная Уладзіміру Котаву, стала пацвярджэннем таго, што ўклад БДУ ў развіццё IT-адукацыі выходзіць далёка за межы краіны.
Больш за трыццаць гадоў Уладзімір Котаў, загадчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі ФПМІ, фарміруе ў сценах БДУ ўнікальную школу алгарытмізацыі і спартыўнага праграмавання, якая стала адной з самых вядомых і аўтарытэтных у краіне. Яго імя трывала звязана з многімі перамогамі студэнтаў, а яго падыход да навучання – з уменнем раскрываць талент кожнага, хто гатовы прымаць выклікі.
Прызнанне Huawei: узнагарода, якая пацвярджае маштаб працы
Узнагарода кампаніі Huawei за значны ўклад у развіццё IT-галіны стала важным прызнаннем шматгадовай працы выкладчыка і яго вырашальнай ролі ў фарміраванні беларускай школы спартыўнага праграмавання:
– Я ўспрыняў гэтую навіну з натхненнем. Такая ўзнагарода з’яўляецца вынікам доўгай і ўпартай працы ў галіне станаўлення і развіцця метадаў алгарытмізацыі і спартыўнага праграмавання ў Беларусі і ў БДУ.
Усяго пяць найлепшых арганізатараў і трэнераў студэнцкіх каманд з Беларусі, Кітая, ЗША, Нідэрландаў і Польшчы атрымалі гэта прэстыжнае прызнанне, што падкрэслівае міжнародны ўзровень дасягненняў нашага навукоўца.

Каманды БДУ на сусветным узроўні
Ключавымі дасягненнямі, якія прывялі да атрымання ўзнагароды, Уладзімір Котаў лічыць паспяховыя выступленні каманд школьнікаў і студэнтаў на сусветных спаборніцтвах па праграмаванні. За гады сваёй дзейнасці выкладчык падрыхтаваў дзясяткі каманд, якія паспяхова выступалі на спаборніцтвах сусветнага ўзроўню. За плячыма студэнтаў БДУ залатыя, сярэбраныя і бронзавыя медалі, а ўсяго 24 фіналы чэмпіянату свету па праграмаванні. Штогод зборныя факультэта заваёўваюць права выступаць у фінале сярод сотні найлепшых каманд, пацвярджаючы стабільнасць і высокую якасць падрыхтоўкі. З 1998 года БДУ таксама выступае арганізатарам рэгіянальных адборачных чвэрцьфінальных спаборніцтваў чэмпіянату, падаючы пляцоўку для таленавітых студэнтаў з усёй краіны. Вялікай дапамогай для дасягнення поспеху стала падтрымка:
– Я ўдзячны за дапамогу маім настаўнікам і калегам, якія накіравалі мяне займацца такой захапляльнай і карыснай справай.
Сакрэт стабільнага поспеху студэнтаў, на думку Уладзіміра Котава, у пабудове шматузроўневай сістэмы работы з таленавітай моладдзю пачынаючы са школьнай лавы. Працу працягваюць і з выпускнікамі БДУ. Такі падыход дазваляе фарміраваць устойлівыя навыкі і падтрымліваць высокі ўзровень падрыхтоўкі на працягу многіх гадоў.
Як адбіраюць будучых чэмпіёнаў
Навучальны працэс на яго кафедры заснаваны на каманднай працы ўсяго факультэта. Калектыў стварае ўмовы для ўсебаковага развіцця студэнтаў і падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў у IT‑галіне. Для адбору і падрыхтоўкі каманд да спаборніцтваў існуе асобны трэнерскі калектыў, які плануе і арганізуе мерапрыемствы, трэніроўкі і кантрольныя выступленні. За 30 гадоў удзелу каманд БДУ ў міжнародных спаборніцтвах сфарміраваліся правераныя методыкі падрыхтоўкі:
– Большасць студэнтаў вядомыя нам яшчэ са школьных алімпіяд і летніх школ. Ужо на першым курсе праводзіцца адбор у каманды па выніках спаборніцтваў. Галоўнымі крытэрыямі з’яўляецца жаданне студэнтаў удасканальвацца ў галіне алгарытмізацыі, а таксама ўзровень падрыхтоўкі.
Асаблівая ўвага надаецца матывацыі студэнтаў падчас працяглага этапу падрыхтоўкі. Выкладчык адзначае: разуменне таго, што атрыманыя навыкі будуць запатрабаваныя ў вядучых IT-кампаніях, дапамагае студэнтам захоўваць цікавасць і дысцыпліну. У выпадку спаду выкладчык прапануе абіраць рэжым падрыхтоўкі, які адпавядае магчымасцям кожнага, каб захаваць рэсурснасць і пазбегнуць выгарання.
Маладым выкладчыкам, якія імкнуцца да поспеху ў падрыхтоўцы конкурсных каманд, Уладзімір Котаў раіць ставіць інтарэсы студэнтаў вышэй за ўласныя. Уменне дамаўляцца і матываваць каманду да ўпартай працы з’яўляецца найважнейшай умовай дасягнення высокіх вынікаў на міжнароднай арэне:
– Студэнтам я жадаю вучыцца думаць, набірацца вопыту і годна прадстаўляць універсітэт і краіну на міжнародных спаборніцтвах па праграмаванні.
Па словах Уладзіміра Міхайлавіча, спартыўнае праграмаванне – гэта не толькі спаборніцтвы і медалі, але і фарміраванне навыкаў, якія становяцца падмуркам прафесійнага поспеху ў IT.
За выдатныя дасягненні ў падрыхтоўцы студэнтаў вык л ад чык ч атыры г ады з ап ар ад з н а ч аў с я ўзнагародамі ICPC, у тым ліку двума дыпломамі «за выбітнае настаўніцтва» і трыма адмысловымі кубкамі як заслужаны трэнер. Гэтыя ўзнагароды падкрэсліваюць не толькі асабістыя заслугі, але і высокі ўзровень арганізацыі навучальнага працэсу, каманднай працы і метадычнай падтрымкі студэнтаў.
Вопыт выкладчыка паказвае, што вынік магчымы толькі пры спалучэнні талентаў студэнтаў, згуртаванасці каманды выкладчыкаў і шматгадовай метадычнай працы. Для БДУ і ўсёй ITсупольнасці Беларусі дасягненні Уладзіміра Котава з’яўляюцца прыкладам таго, як мэтанакіраванасць і настойлівасць у працы з моладдзю могуць прыносіць міжнароднае прызнанне і ўмацоўваць рэпутацыю ўніверсітэта на сусветнай арэне.
Ксенія СМІРНОВА
