У Беларускім дзяржаўным універсітэце адбылося сапраўднае далучэнне да культуры Паднябеснай. Нізку яркіх падзей прымеркавалі да галоўнага свята ўсходняга календара – кітайскага Новага года. Яго дата адлічваецца ад другога маладзіка пасля зімовага сонцастаяння. Сёлета новы год пачаўся 17 лютага.
Цяпер у БДУ навучаецца каля 5,7 тыс. замежных студэнтаў з 50 краін. Самую вялікую долю замежнікаў складаюць навучэнцы з Кітая – 3,4 тыс. А каб беларускія і кітайскія студэнты маглі лепш пазнаць традыцыі адно аднаго, арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму. Яна аб’яднала навуку і творчасць: ад сур’ёзных семінараў да ўтульных літаратурных вечароў, захапляльных квізаў, майстар-класаў і экскурсій. Самая галоўная мэта «Тыдня Кітая» – стварыць прастору, дзе студэнты з дзвюх краін могуць размаўляць на адной мове сяброўства, нефармальна і адкрыта.
Галоўнай пляцоўкай «Тыдня Кітая» стаў факультэт журналістыкі. Менавіта тут, на вуліцы Кальварыйскай, 9, разгарнулася асноўная праграма свята.
Старт мерапрыемствам далі 16 лютага. На ўрачыстым адкрыцці дэкан факультэта журналістыкі Аляксей Бяляеў выступіў з прамовай:
– Наш факультэт – вялікая сям’я, кожны, хто сюды прыйшоў, становіцца яе часткай і застаецца ёй назаўжды. Таму ў нас няма розніцы паміж студэнтамі, магістрантамі, аспірантамі, нашымі паважанымі выкладчыкамі.

У Кітай па абмене
Спачатку для выкладчыкаў арганізавалі метадычны семінар «Вопыт працы ў кітайскім універсітэце», дзе калегі падзяліліся ўражаннямі ад стажыровак і абменных праграм. І ім было што распавесці.
Мінулай восенню выкладчык Аксана Бурак і старшы выкладчык кафедры міжнароднай журналістыкі Анастасія Сцяпанава ездзілі ў камандзіроўку ў кітайскі горад Кайфын правінцыі Хэнань. Яны былі ў Паднябеснай 3 месяцы і правялі мноства майстар-класаў для кітайскіх студэнтаў.
У рамках праграмы выкладчыцы знаёмілі кітайскіх студэнтаў з беларускай культурай і распавядалі пра нашы асаблівасці навучання. У іх абавязкі ўваходзіла правядзенне майстар-класаў, лінгвістычных і прафарыентацыйных мерапрыемстваў, а таксама здымка відэа пра сумесную адукацыйную праграму кітайскіх універсітэтаў з БДУ.

У вольны ад працы час можна было пазнаёміцца з культурай Кітая самастойна, і выкладчыцы паспелі наведаць вялікую колькасць славутасцяў: гроты Лунмэнь (пячоры 10000 Будаў), манастыр Шаалінь, Храм Белага каня ў Лаяне, тэракотавую армію і маўзалей Цынь Шыхуан-дзі ў горадзе Сіянь, Парк жалезнай пагады ў Кайфыне, скульптуру двух імператараў у Чжэнчжоу і многае іншае.
Пра краіну адгукаюцца вельмі станоўча: маляўнічая прырода, смачная ежа і прыязныя жыхары горада Кайфын. Часцей за ўсё выкладчыкаў засяляюць у інтэрнат на базе студэнцкага гарадка, але на гэты раз прымаючы бок вылучыў выкладчыкам здымную кватэру.
З важных пунктаў, якія трэба зрабіць да паездкі, Анастасія Сцяпанава адзначыла, што для чалавека без ведання мовы, асаблівасцяў менталітэту кітайцаў і нюансаў побыту патрэбны своеасаблівы чэк-ліст выжывання:
– Асноўнае, што трэба ведаць чалавеку, які едзе ў Кітай, гэта тое, што ёсць складанасці са звыклымі сэрвісамі, якімі карыстаюцца ў Беларусі. Тут не працуюць нашы месенджары. Яны проста тут не выкарыстоўваюцца, бо ў кітайцаў свая сістэма камунікацыі і плацяжоў. Таму даводзіцца выкручвацца рознымі спосабамі.

Для таго, каб не застацца без сувязі, выкладчыца раіць загадзя аформіць сабе e-sim на тэлефон. Калі такой магчымасці няма – спампаваць некалькі праграм з VPN.
Складанасцяў у зносінах паміж беларусамі і кітайцамі практычна не было. А дзякаваць за гэта варта сучасным тэхналогіям і перакладчыку ў тэлефоне:
– Можна не вывучаць месяцамі кітайскую мову перад тым, як ляцець у гэтую краіну. Са студэнтамі мы размаўлялі на англійскай мове. Многія ведалі яе на дастаткова высокім узроўні. З жыхарамі мы размаўлялі напалову жэстамі, напалову праз тэлефон, таму заўсёды трэба мець пры сабе якасны перакладчык, афлайн-слоўнік.
Таксама ёсць вельмі добрая нейрасетка DeepSeek, праграма, якая дапамагае ў такіх выпадках, – дзеліцца Аксана Бурак. Таксама яна дадала пра неабходнасць вывучыць некалькі базавых турыстычных фраз на выпадак, калі не будзе перакладчыка ці інтэрнэту пад рукой. Бо ніколі не ведаеш, дзе яны могуць спатрэбіцца:
– Падрыхтаваныя загадзя фразы могуць дапамагчы ў няпростай сітуацыі. Ёсць вельмі цікавая гісторыя з фразай, якая азначае «не разумею на слых». Калі яе гаворыш кітайцам, яны пачынаюць пісаць іерогліфы і думаюць, што, значыць, мы разумеем напісанае. Таму, калі вы разлічваеце на доўгатэрміновую паездку, пачаць вывучаць кітайскую мову лішнім не будзе! – смяецца Аксана.
Уражанне пра кітайскіх студэнтаў ва ўсіх рознае. Нехта кажа, што кітайцы больш расслабленыя ў сябе ў краіне, бо ім тут усё звыкла. У выкладчыкаў, якія прыбылі нядаўна, уражанні зусім іншыя. Яны адгукаюцца пра студэнтаў як пра актыўных, уцягнутых маладых людзей, гатовых заўсёды дапамагчы:
– Калі мы ўпершыню сутыкнуліся з кітайскімі студэнтамі ў будынку ўніверсітэта, вельмі здзівіліся. На падаконніках ляжаць велізарныя стосы кніг, тэрмасы, падушкі, стаяць рыбацкія складныя крэслы. І ўсе займаюцца вучобай, а ў перапынках – нават не ідучы дадому – спяць. Яны пастаянна вучацца і стараюцца ўсё запомніць, – падзялілася Анастасія Сцяпанава.

Паездкі выкладчыкаў БДУ ў Кітай па праграме акадэмічнага абмену сталі важным крокам ва ўмацаванні двухбаковых адукацыйных і культурных сувязяў. Жывыя зносіны, паглыбленне ў іншамоўнае асяроддзе і знаёмства з традыцыямі Паднябеснай дазваляюць не толькі пераняць каштоўны педагагічны вопыт, але і лепш зразумець менталітэт кітайскіх студэнтаў.
У гэты ж дзень студэнты ўзялі ў рукі апалонікі і пэндзлі для каліграфіі. На кулінарным майстар-класе ўсе ахвотныя вучыліся гатаваць традыцыйныя стравы беларускай і кітайскай кухні, а ў моўным клубе «Traditional wedding ceremony in China and in Belarus» кіпелі гарачыя дыскусіі: удзельнікі параўноўвалі вясельныя абрады дзвюх краін і знаходзілі часам нечаканыя паралелі.
На наступны дзень, 17 лютага, адбыліся лекцыягутарка і віктарына «Жанчыны ў гісторыі Беларусі і Кітая», інтэрактыў па культуры дзяржавы-сябра і адкрыты ўрок кітайскай мовы. Завяршыўся дзень наведваннем кітайскага цэнтра кнігі Нацыянальнай бібліятэкі, дзе студэнты і выкладчыкі пазнаёміліся з шырокім фондам выданняў пра сістэму адукацыі, навуку, гісторыю і эканоміку Паднябеснай.
Серада, 18 лютага, стала адным з самых насычаных дзён праграмы. Будучыя спецыялісты па сувязях з грамадскасцю абмеркавалі з прадстаўнікамі кампаніі мабільнай сувязі пытанні міжкультурнага дыялогу ў прафесійнай сферы.
19 лютага прайшлі лекцыі пра чайную цырымонію, каліграфію і культуру кітайскай кухні, дзе ўсіх ахвотных навучалі мастацтву карыстацца палачкамі для ежы. Асаблівае ўражанне на гледачоў зрабіў спектакль «Легенда пра 12 месяцаў», які кітайскія студэнты прадставілі ў арыгінальным фармаце тэатра ценяў «Шэньлун». Аўтарам праекта выступіла Іна Бяляева, старшы выкладчык кафедры міжнароднай журналістыкі.
Фінальным акордам свята стала музычная гасцёўня «Чуньцзэ». Гучалі класічныя беларускія і кітайскія творы, якія сталі сімвалам сяброўства і культурнага ўзаемаразумення двух народаў.
Таццяна САВІЦКАЯ,
Фота: журфак БДУ
