Маленькі беларускі свет — падарунак ад школы беларусістыкі замежнікам

21 Jul, 2017.

З 1 па 16 ліпеня 2017 г. пры ўдзеле Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы БДУ прайшла 3-я Міжнародная летняя школа беларусістыкі. Два тыдні 50 слухачоў усіх узростаў з розных краін – ад ЗША да Японіі – знаёміліся з нашай мовай і культурай. Мерапрыемства падрыхтавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

«Міжнародная летняя школа беларусістыкі (МЛШБ)»– гэта двухтыднёвая адукацыйна-культурная праграма, у межах якой замежнікі маюць магчымасць не толькі інтэнсіўна вывучаць беларускую мову ў пастаянным маўленчым асяроддзі, але і пазнаёміцца з культурным жыццём Беларусі, даведацца пра традыцыі, гістарычную спадчыну беларускага народа», - расказвае Лідзія СЯМЕШКА, кіраўнік праекта, прафесар кандыдат філалагічных навук.

Праграма МЛШБ складалася з трох кампанентаў:

1. Практыка беларускага маўлення. Камунікатыўныя заняткі, скіраваныя на актыўнае авалоданне навыкамі вуснай і пісьмовай маўленчай дзейнасці, якія праводзіліся ў групах паводле ўзроўняў (A1 – B2). Для слухачоў, якія ўжо валодалі мовай на выдатным узроўні (C1 – C2), прапаноўвалі цыкл семінарскіх заняткаў.

2. Цыкл лекцый. Лектары МЛШБ знаёмілі слухачоў з актуальнымі пытаннямі і праблемамі сучаснага беларусазнаўства.

3. Культурная праграма. Кожны дзень школа прапаноўвала слухачам культурныя мерапрыемствы: экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі; навеведванне музеяў, выстаў, бібліятэк; сустрэчы з дзеячамі беларускай культуры, мастацтва, навукі; тэматычныя вечарыны.

Праграма прадугледжвала магчымасць дадатковых індывідуальных кансультацый.

Вось ўражанні і думкі некаторых удзельнікаў:

Хаймэ ГАРСІЯ, Iспанія:

– Беларускую мову пачаў вучыць каля трох гадоў назад. Раней вучыў рускую мову. Тады запісаўся на старонцы, дзе можна пісаць тэксты, а носьбіты выпраўляюць твае памылкі. Праз гэтую старонку са мной звязалася беларуская дзяўчына, якая хацела практыкаваць сваю іспанскую мову праз Skype. Дамовіліся і пачалі размаўляць. Аднойчы яна сказала, што на беларускай мове размаўляе вельмі мала людзей. Гэта моцна ўразіла мяне, зацікавіўся, пачаў чытаць пра гэтую справу і вырашыў вучыць.

У летняй школе беларусістыкі я ўдзельнічаў упершыню. Агульныя ўражанні вельмі станоўчыя. Праграма даволі поўная: былі разнастайныя лекцыі, практыка маўлення, граматыка. Хацеў бы падкрэсліць ролю валанцёраў, якія апынуліся кампетэнтнымі і актыўнымі. Карацей кажучы, раю запісацца ўсім, хто жадае ўдасканальваць сваю беларускую мову.

Беларуская мова для нас, іспанцаў, малавядомая і адпаведна іспанскамоўных матэрыялаў для яе вывучэння няма. Вось чаму трэба ўсё шукаць і рабіць самому. Гэта цікава: вечна пазнаеш нешта новае, карыснае, адкрываеш для себя новую мову. Але я заўважыў, што не ўсе беларусы размаўляюць на роднай мове. Напэўна, аказвае ўплыў адсутнасць беларускамоўнага наваколля: калі ўсе размаўляюць па-руску, з цягам часу становіцца цяжэй пераходзіць на беларускую з-за недахопу практыкі. Мове трэба развівацца і ў іншыя напрамкі: яна павінна пачаць абслугоўваць новыя сферы жыцця. Мне вельмі падабаецца ваша мова з-за мілагучнасці. Нават сварка не так груба гучыць па-беларуску. Калі параўнаць беларускую з іспанскай мовай, фанетыка ў нас даволі простая, паколькі звонкія гукі тыпу «дж», «ж» або «з» адсутнічаюць. З-за гэтага вымаўляць дзеясловы, якія заканчваюцца на збегі зычных накшталт "-джваць", часам становіцца сапраўдным кашмарам. Таксама, у іспанскай мове ні склонаў, ні такой колькасці прыставак няма.

Яшчэ быў на экскурсіі па Менску, атрымаў вельмі добрае ўражанне ад кнігарні Логвінаў. Гэта даволі цікавае месца з арыгінальнымі рэчамі, як востраў сучаснасці ў моры будынкаў мінулага».

 Уладзіміра САЛАШКАВА, Чэхія:

– Летняя школа – гэта не толькі вывучэнне беларускай мовы, гэта вялікая магчымасць даведацца шмат цікавага пра Беларусь, яе жыхароў, культуру, гісторыю. Думаю, у Чэхіі магчымасць вывучаць беларускую мову ёсць толькі ў Празе. Я сама па адукацыі філолаг і перакладчык, мая спецыяльнасць – руская і польская мовы. Захапляюся славянскімі мовамі, культурай, гісторыяй. Акрамя таго, мой хлопец – беларус. Напэўна, таму ўзнікла жаданне вывучаць беларускую мову. З паездкі запомніліся лекцыі, экскурсіі і выключна дрэннае надвор'е.

Раней мала што ведала пра Беларусь: чытала нешта ў інтэрнэце, думала, што Беларусь ёсць Расія. Нязвыкла, што ў вас велізарныя і шырокія вуліцы. Некаторыя будынкі савецкай пабудовы нагадваюць пра тыя часы. Разам з гэтым, лічу, у Беларусі шмат сучасных высокіх будынкаў – у нас больш старая архітэктура. Здзіўлялі надпісы кшталту: «Беражыся аўтамабіля!».

Што тычыцца беларускай мовы, то мне яна вельмі падабаецца. Здзівіла, колькі ў мове можа быць сінонімаў аднаго слова. Напрыклад, сняданак, снеданне, сняданне. Так цікава!

Шмат чытала пра тое, што беларускае насельніцтва ў большасці размаўляе па-руску. Калі беларус хоча размаўляць на роднай мове, яму трэба ствараць вакол сябе свой беларускі свет. Няхай, гэта крыху штучны занятак.

МЛШБ – гэта магчымасць наладжвання і паглыблення навуковых і культурных кантактаў з замежнымі даследчыкамі і прыхільнікамі беларускай мовы, літаратуры, культуры, гэта спосаб пашырэння ў свеце ведаў пра моўную і культурную самабытнасць беларускага народа, пра беларускую гістарычную традыцыю, нацыянальныя каштоўнасці і ўклад нашага народа ў сусветную культуру і навуку.

Яўгенія НАВІЧЭНКА

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *