Міжнародная летняя школа беларусістыкі 2017: уражанні і адкрыцці

20 Jul, 2017.

Сёлета з 1 па 16 ліпеня ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы ўжо трэці раз прайшла Міжнародная летняя школа беларусістыкі. На ўдзел у ёй было пададзена больш за 100 заявак з 20 краін. Сярод якіх Украіна, Расія, Літва, Аўстрыя, Германія, Англія, Канада, Японія, Кітай, ЗША, Індыя і іншыя. Пра тое, як праходзіла мерапрыемства, мы спыталі ў кіраўніка праекта Лідзіі СЯМЕШКА, прафесара, кандыдата філалагічных навук.

 – Лідзія Іванаўна, раскажыце, калі ласка, з чаго ўсё пачалося?

— Лінгвістычныя школы – гэта традыцыйная практыка вывучэння моў. Тут за кароткі час можна пачаць гаварыць на мове, далучыцца да культуры, добра правесці час – гэта спалучэнне навучання і адпачынку. Такія школы вядуцца амаль ва ўсіх краінах.

Увогуле, сама ідэя ўзнікла ў 90-я гады, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Сабраліся на свой першы кангрэс беларусы замежжа і стварылі международную асацыяцыю беларусістаў. Гэта было на філалагічным факультэце БДУ. Правялі 2-3 школы. І гэты рух спыніўся, таму што не было фінансавай падтрымкі.

У канцы 90-х я загадвала кафедрай беларускай мовы на філалагічным факультэце. І мы аднавілі гэты праект. Выдалі першы падручнік “Гаворым па- беларуску” для замежнікаў. Але потым у 2000 годзе я паехала за мяжу і вярнулася толькі ў 2014 годзе. За гэты час школа спыніла сваю працу. Я вярнулася ў краіну і вярнула школу.

– А якія мэты ставіць перад сабой школа?

– Неабходнасць у школе ёсць. Гэта вельмі важна, калі мы хочам, каб нас бачылі, ведалі нашыя традыцыі, досвед. Беларускі свет такі багаты і глыбокі. Возьмем Купалу, Коласа. Якая філасофія, архетыпы! Людзі гэтага не ведаюць, не разумеюць гэтую важнасць.Таму на школу я старалася сабраць нацыянальную навуковую эліту ў галіне лінгвістыкі, літаратуразнаўства, культуралогіі, гісторыі. Людзей дасведчаных, каб яны маглі зрабіць прэзентацыю нашай культуры.

А ўвогуле, я стаўлю перад сабой мэту, каб нашы госці адчулі сябе настолькі камфортна і ўтульна, каб ганарыліся тым, што вывучаюць беларускую мову. Яна такая адметная. На маю думку, калі людзі гавораць па-беларуску, мяняецца выраз твару, мелодыка, інтанацыя, чалавек прыгажэе. Гэта цудоўна. Трэба гаварыць і не баяцца.

– Хто ўдзельнічае ў школе беларусістыкі?

Прыязжаюць вельмі розныя людзі. І для большасці з іх беларуская мова не другая і не трэцяя, а ўжо чацвёртая. Таму ў іх ужо ёсць свой кагнітыўны стыль, свае падыходы для вывучэння мовы. Нам трэба адпавядаць іх узроўню. А ў нас у краіне няма напрамку “беларуская мова як замежная”. Студэнты прыязджаюць, а ў нацыянальным класіфікатары такой спецыяльнасці няма, і кафедры выкладання таксама няма. Усё гэта актывізавала распрацоўку пытанняў выкладання беларускай мовы як замежнай і ў выніку паслужыла асновай для пашырэння профілю філалагічнай адукацыі і ўвядзення на філалагічным факультэце БДУ новай спецыялізацыі «Беларуская мова як замежная». Былі распрацаваны праграмы навучання па гэтай спецыялізацыі, праграмы спецкурсаў, спецсемінараў, а таксама асэнсоўвалася канцэпцыя Міжнароднай школы беларусістыкі.

Распрацоўваем вучэбныя метадычныя матэрэялы. Арыентуемся на еўрапейскую шкалу ўзроўню і стандарту. У 2016 годзе пачалася тэма “Узроўні камунікатыўнай кампетэнцыі, кампетэнтнасны падыход”, і да 2020 года мы павінны яе скончыць. Мы распрацоўваем стандарт, праграму і ўжо выдалі лексічны мінімум для “А” ўзроўню. Гэта самыя актыўныя словы, з дапамогай якіх можна ствараць камунікацыю, пісьмовыя і вусныя тэксты. Плануем адкрыць сертыфікацыйны цэнтр. Калі будзе працаваць школа, то будуць прыязджаць сюды замежнікі і пачынаць вывучаць нашу мову.

– Што для вас было самым скаладаным у арганізацыі і правядзенні школы?

– На жаль, у гэтым годзе мы не змаглі прыняць тых, хто хацеў павысіць свой узровень, прымалі ўдзел толькі новыя слухачы. Давялося скараціць колькасць удзельнікаў з 9 груп да 5 з-за адсутнасці сродкаў. Нашым спонсарам быў “Белаграпрамбанк”, які аказаў фінансавую падтрымку ў правядзенні некалькіх экскурсій. Выкладчыкі ў нас працуюць амаль бясплатна. Гэта мае асабістыя кантакты, некаторыя мае былыя студэнты.

Калі я была на ХІІІ летняй школе славенскай мовы, літаратуры і культуры, то адзначыла для сябе тое, як уважліва да нас ставіліся. Мадэль нашай школы я ўзяла адтуль: 2 лекцыі ў дзень і 4 гадзіны практыкума. Кожны дзень спявалі песні, нас усюды прымалі і мэр, і прым’ер-міністр, і рэктар у тым ліку. І нас было 300 чалавек, але ж спраўляліся.

– Раскажыце падрабязней, як праходзіла школа беларусістыкі?

– Два тыдні праходзіла адукацыйна-культурная праграма, у межах якой замежнікі мелі магчымасць не толькі інтэнсіўна вывучаць беларускую мову ў пастаянным маўленчым асяродку, але і пазнаёміцца з культурным жыццём Беларусі, даведацца пра традыцыі, гістарычную спадчыну беларускага народа.

Адукацыйная частка праграмы ўключае інтэнсіўны практыкум беларускага маўлення (20 акадэмічных гадзін на тыдзень), разлічаны на пачатковы (А1, А2) і сярэдні (В1, В2) узроўні валодання беларускай мовай. Для слухачоў з высокім (С1, С2) узроўнем валодання беларускай мовай прапануюцца семінары, майстар-класы, прысвечаныя інтэрпрэтацыі тэкстаў беларускай культуры. Праграма ўключае таксама лекцыі-прэзентацыі па актуальнай міждысцыплінарнай беларусазнаўчай (лінгвакультурнай, гісторыка-краіназнаўчай, літаратуразнаўчай, лінгвадыдактычнай) праблематыцы і індывідуальныя кансультацыі з вядомымі навукоўцамі ў галіне беларусазнаўства па заяўленай слухачамі праблематыцы.

Вучоба спалучаецца з багатай і разнастайнай культурнай праграмай. Сярод культурна-пазнавальных мерапрыемстваў пешыя вандроўкі па Мінску і выязныя аўтобусныя экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі, наведванне музеяў, мастацкіх галерэй, тэатраў, бібліятэк, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, мастакамі, творчымі калектывамі.

 Шмат фотаздымкаў і відэа можна пабачыць у суполцы праекта.

А вось, што думаюць пра школу госці.

Раскажыце крыху пра сябе, адкуль Вы?

– Мяне завуць Han Xiaoye. Я працую ў Другім Пекінскім інстытуце замежных моў на факультэце рускай мовы. І ў нас на факультэце ёсць спецыяльнасць беларуская мова. Я прыехаў з 5 студэнткамі вывучаць беларускую мову.

– Падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі. Ці падабаецца вам?

– Нам вельмі падабаецца. Выдатная арганізацыя. Мы ўжо шмат чаго даведаліся. Да абеду мы вучымся, а потым у нас экскурсіі. У Беларусі мы першы раз. Прыемна здзіўляе хуткасць, з якой павышаецца наш узровень ведаў. Атмасфера добрая, прыгожая сталіца, вельмі спадабаўся Полацк, ваш старажытны горад. Паветра ў вас свежае, неба сіняе-сіняе, людзі ціхія, ветлівыя.

Якім вопытам вы хацелі б падзяліцца з беларусамі?

– Як у вас кажуць, трэба пуд солі разам з’есці, каб гэта зразумець. Але мы, калі гулялі па горадзе, убачылі, што ў вас мала катаюцца на роварах, затое вельмі шмат хуткіх гучных матацыклаў. У нас у Пекіне электраровары. Яны вельмі зручныя, асабліва для дастаўкі тавараў. Гэта нашмат танней, бо пры карыстанні машынай кошт тавараў павышаецца.

Як Вам здаецца, ці ёсць паміж нашымі нацыямі што-небудзь агульнае?

– Я думаю, мы вельмі падобныя. Я вельмі рана ўстаю і гуляю паблізу. І я бачу такіх жа людзей, якія едуць на працу. Беларускі народ працавіты. Мне вельмі ў вас падабаецца.

 Таццяна СІДЛЕЦКАЯ, Украіна

Таццяна, чаму Вы прыехалі да нас?

— Мне вельмі падабаецца беларуская мова. Гэта цудоўная прыгожая мова. Я вывучаю яе толькі тыдзень, але ўжо магу размаўляць. У школе шмат цудоўных людзей, і для мяне вялікі гонар з імі пазнаёміцца.

Чаму Вы выбралі менавіта беларускую мову?

— Я вывучаю славянскую філалогію. Гэта мая чацвёртая мова.

Вы набылі сяброў на гэтым праекце?

— Так, тут шмат людзей з розных краін і мы ўсе можам размаўляць па-беларуску. Гэта вельмі цікава дапамагаць вучыць адзін аднаму мову.

Якая Ваша любімая беларуская страва?

— Я вельмі люблю дранікі з мачанкай. Такая смачная страва! Асабліва мне падабаецца беларуская квасніца. Гэта цудоўны напой.

 Ostapczuk Jerzy, Польшча

Раскажыце пра мэты Вашага візіту, калі ласка.

— Я прыехаў у Мінск на гэтую летнюю школу, каб крыху ўспомніць беларускую мову, якую я вучыў у дзяцінстве. Але многія гады не мог карыстацца ёй і забыўся. Я хачу пачытаць кнігі, размаўляць з раніцы да вечара на беларускай мове. І потым пасля школы мы можам падтрымліваць адносіны з яе ўдзельнікамі.

Ці адрозніваюцца спосабы выкладання мовы ў Польшчы і Беларусі?

— Мне цяжка сказаць, я працую з мёртвымі мовамі, і лінгафонныя кабінеты мне ўжо не патрэбныя. Я працую толькі з тэкстамі і слоўнікамі. Вось і сваёй дачцэ ўжо купіў «Мінімум беларускай мовы» для зносін.

 Garcia Chaparro Jaime, Іспанія

– Адкуль Вы? Дзе вучыцеся?

– Я з Мадрыда. Вучуся на дыпламата. Міжнародныя адносіны. Акрамя беларускай мовы вучу рускую, грэчаскую мовы.

Чаму вы абралі беларускую мову?

– Доўгая гісторыя. Я раней вывучаў толькі рускую мову і зарэгістраваўся на старонцы, дзе можна пісаць тэксты і носьбіты потым будуць выпраўляць памылкі. Са мной звязалася беларуская дзяўчына і сказала, што хоча размаўляць на іспанскай і паглыбляць свае веды. Мы дамовіліся, што будзем размаўляць па скайпе. Яна мне распавяла пра беларускую мову і сказала, што ёй карыстаецца вельмі мала людзей. Я падумаў, што вельмі шкада. Зацікавіўся, пачаў чытаць і вырашыў, што буду вучыць мову.

Вы першы раз у Беларусі і на школе. Падабаецца?

– Гэта штосьці зусім іншае. Вельмі цікава. Вельмі падабаецца арганізацыя мерапрыемства, цікавыя лекцыі і магчымасць размаўляць з сябрамі на беларускай мове. Не вельмі падабаецца клімат. Калі мы прыехалі, пачаліся дажджы, холад і вецер.

У Вас вельмі добрая беларуская мова. Як доўга вы яе вывучалі?

– Тры гады самастойна. Гэта маё хобі. Але на самой справе гэта вельмі карысна для маёй будучай працы. Я ведаю іспанскую, англійскую, французскую, беларускую, рускую і грэчаскую мовы. Часцей за ўсё я праводжу тры гадзіны ў дзень за вывучэннем моў.

Вы знайшлі сяброў у Беларусі?

– Вядома, з дзяўчынай па перапісцы я сябрую 5 гадоў. І дзякуючы ёй я цяпер тут. І жыву цяпер у яе. У мяне шмат сяброў у Беларусі, і з многімі я не паспяваю пабачыцца. Таму планую прыехаць сюды яшчэ раз.

 Напрыканцы школы я дала такую тэму: «Як вы ўяўляеце вобраз Беларусі?». І дзяўчынка Варвара, украінка, прыгажуня з доўгай касой, напісала: «Для мяне беларуская мова як папялушка. Яе багатыя злыя сёстры: руская, польская мовы – не заўважаюць, стараюцца прынізіць. І яна сядзіць на беразе Свіслачы і сумуе… Я вельмі спадзяюся, што прыйдзе прынц, які возьме яе, падыме, і ўсе убачаць, якая яна прыгожая, самая лепшая…” Ад гэтых слоў у прысутных міжволі пацяклі слёзы, бо гэта было вельмі кранальна.

Таццяна БАГАМАЗАВА

Фота аўтара, а таксама з суполкі — vk.com/mlshb

print

Вам таксама можа спадабацца: