«Жанчына года БДУ»: поспех і прызнанне

25 мая, 2026.

Атмасфера свята панавала 16 красавіка ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы, дзе ўшаноўвалі выдатных жанчын БДУ. Прэмія, прысвечаная 105-годдзю ВНУ і Году беларускай жанчыны, стала прызнаннем заслуг прыгожай часткі калектыву перад універсітэтам і краінай. Больш чым сто жанчын атрымалі ўзнагароды ў 8 намінацыях. Мы пагутарылі з лаўрэаткамі пра іх працу і жаночую ролю ў грамадстве.

«Лідарства і кіраванне»

Алена Кальмакова, дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Амаль 25 гадоў таму яна з адзнакай скончыла геаграфічны факультэт, працоўны стаж у БДУ – 20 гадоў. Зрабіла кар’еру ад выкладчыка да дэкана факультэта (на пасадзе з 2022 г.). За 92-гадовую гісторыю ФГГ Алена Генадзьеўна стала першай жанчынай, якая ўзначаліла падраздзяленне.

– Якія былі цяжкасці ў новай ролі кіраўніка?

– Мне давялося цалкам пераарыентаваць сваю дзейнасць. Праца дэкана – гэта перш за ўсё праца менеджара. Кіраваць калектывам – нялёгкая задача, якая патрабуе трымаць у галаве мноства паралельных працэсаў: развіццё кадравага патэнцыялу, арганізацыю адукацыйнага працэсу і навуковай дзейнасці, а таксама вырашэнне гаспадарчых момантаў. Поспех факультэта – поспех усяго калектыву. Мне пашанцавала мець каманду аднадумцаў, за што я ім вельмі ўдзячная.

– Чаму вырашылі звязаць свой шлях з БДУ?

– Абставіны склаліся самі сабой. Паступіла ў аспірантуру, хутка абараніла дысертацыю, і мне прапанавалі застацца ва ўніверсітэце. Гледзячы назад, разумею, што перадумовы да гэтага былі: я расла ў педагагічнай дынастыі. Бабуля і дзядуля былі заслужанымі настаўнікамі, сястра таксама выбрала такі шлях. Лічу, гэта прызванне. Праца з людзьмі патрабуе асаблівых кампетэнцый: не кожны зможа знайсці падыход да «вялікіх дзяцей» – студэнтаў. Я з тых шчаслівых людзей, якія займаюцца любімай справай і атрымліваюць аддачу.

Навуковыя інтарэсы – рэгіянальная фізічная геаграфія і дыдактыка вышэйшай і сярэдняй школы. За гады працы выкладала больш за 10 курсаў: ад класічнай біягеаграфіі і палеагеаграфіі да «Geoeconomics of Countries» на англійскай мове. Зараз чытаю курсы «Фізічная геаграфія мацерыкоў» і «Фізічная геаграфія свету». Апошні курс самы аб’ёмны на нашым факультэце, і чытаю яго досыць даўно.

– Якія пераўтварэнні плануеце ўкараніць на ФГГ?

– Факультэт, як і ўніверсітэт – перадусім не сцены, а людзі. Самае каштоўнае – кадравы патэнцыял. Менавіта таму бачу сваёй галоўнай задачай стварэнне ўмоў для прафесійнага росту маладога пакалення. Зараз мы актыўна працуем у гэтым напрамку: на факультэце навучаецца рэкордная для нас колькасць аспірантаў і дактарантаў – больш за 40 чалавек. Гэта наш адказ на праблему адсутнасці сярэдняга звяна педагогаў, якая актуальная для многіх. Нам важна вырасціць годную змену, захаваўшы пераемнасць ведаў.

Таксама ў планах – абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Спецыфіка нашага факультэта звязана з палявымі даследаваннямі, якія патрабуюць сучаснага абсталявання для якаснай працы.

Многія задумкі ўжо ўвасабляюцца ў жыццё. За апошнія гады адкрылі дзве новыя спецыяльнасці на бакалаўрыяце, шэсць англамоўных магістарскіх праграм. У будучыні хацелася б запусціць новую спецыяльнасць, адукацыйную праграму ў калабарацыі з замежным партнёрам. Ідэй вельмі шмат – галоўнае, каб на іх рэалізацыю хапала часу і падтрымкі аднадумцаў.

– Дзе бераце сілы на ўсе сферы дзейнасці і як бачыце ролю сучаснай жанчыны?

– Мабыць, самы складаны выклік сучаснасці – асабліва ў кантэксце года жанчыны – гэта ўменне ўсё паспяваць. Галоўнай праблемай становіцца дэфіцыт часу. Прычым важна не проста закрыць спіс спраў, а выканаць усё якасна: рэалізавацца ў прафесіі і пры гэтым дастаткова ўвагі надаць сям’і. Знайсці гэты баланс і захаваць высокую планку ва ўсіх сферах, бадай, самы сур’ёзны «чэлендж», з якім мне даводзіцца сутыкацца штодня.

На мой погляд, сёння гендарная прыналежнасць адыходзіць на другі план. Поспех чалавека залежыць ад яго асобы, кампетэнцый. Улічваючы сучасныя трэнды, лічу, што роля жанчыны ў соцыуме будзе толькі ўзрастаць. Жанчыны атрымліваюць якасную адукацыю, яны амбіцыйныя і сацыяльна актыўныя, што непазбежна вядзе да ўзмацнення іх уплыву.

«Ветэран працы»

Тамара Макарава, загадчыца кафедры экалагічнага і аграрнага права юрыдычнага факультэта

Тамара Іванаўна скончыла юрыдычны факультэт БДУ ў 1981 годзе, працуе ва ўніверсітэце з 25 сакавіка 1985 г., вось ужо 41 год. Прайшла шлях ад лабаранта да загадчыцы кафедры. Яна прызнаецца, што ганарыцца ўзнагародай і тым, што ўніверсітэт адзначыў яе працу.

– Як вы ацэньваеце свой шлях у БДУ?

– Сумесна з маімі калегамі ў 1991 годзе стаяла ля вытокаў стварэння кафедры экалагічнага і аграрнага права (і дагэтуль адзінай у Беларусі), а разам з ёй навуковай школы экалагічнага, прыродарэсурснага і аграрнага права, кіраўніком якой з’яўляюся. Гады працы ва ўніверсітэце ўключаюць не толькі адукацыйны працэс, які займае першае месца ў нашай справе, але і навуковую дзейнасць з арыентацыяй на праватворчы працэс, а таксама падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

У мяне асабіста 7 вучняў, адзін з якіх грамадзянін Казахстана. Універсітэт вылучыў мяне на пасаду старшыні экспертнага савета па юрыдычных навуках Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, якую я займала на працягу дзевяці гадоў (2015–2024 гг.). Гэта мая праца, якую я сумленна выконваю, а ацэнку ёй даюць надзеленыя паўнамоцтвамі кіраўнікі ўніверсітэта.

– Як змяніліся ўніверсітэт і студэнты за чатыры дзесяцігоддзі і што, па-вашаму, засталося нязменным у духу БДУ?

– Цяпер з вышыні пражытых гадоў бачыш, што ўніверсітэт змяніўся кардынальна! Але адбывалася гэта паступова: другая палова 80-х гг. ХХ ст. – перабудова – надзеі на лепшае; пачатак 90-х – старыя сцены і парты, адсутнасць новых падручнікаў, добрых навуковых часопісаў; а з другой паловы 90-х – пад’ём і рост. Дзяржава ўклала значныя сродкі ва ўніверсітэт, і ўніверсітэцкі калектыў адказаў поўнай самааддачай. Гонар за нас, жаданне не падвесці – галоўныя стымулы добра працаваць.

Канстанта – сам дух універсітэта – той творчы і навуковы патэнцыял, які тут акумулюецца на працягу ўжо больш чым ста гадоў, прыцягвае ва ўніверсітэт таленавітых навукоўцаў і педагогаў. У гэтай атмасферы працаваць цікава і прыемна.

А вось як змяніліся студэнты? Цяпер ва ўніверсітэце вучацца равеснікі маіх унукаў. Можа, з гэтай прычыны мне здаецца, што мы ў свае студэнцкія гады былі больш сталымі…

– Як трансфармавалася роля жанчыны ва ўніверсітэцкім асяроддзі на працягу вашай кар’еры?

– Адбылося глыбіннае пераўтварэнне. Зараз на кіраўнічых пасадах ва ўніверсітэце працуюць дзясяткі жанчын. А я памятаю часы, калі ў кіраўніцтве юрыдычнага факультэта не было ніводнай. Цяпер нас прыкладна палова, у тым ліку наш дэкан Святлана Ананіч. Жанчыны не толькі навучаюць студэнтаў, рыхтуюць да абароны аспірантаў, плённа займаюцца навукай, але і кіруюць адукацыйным і навуковым працэсамі.

– Што дапамагае вам захоўваць любоў да сваёй справы?

– Камунікацыя са студэнцкай моладдзю як сапраўды невычэрпная крыніца энергіі, якая жывіць, і жаданне падзяліцца з імі ведамі літаральна ўключае разумовы працэс, які генеруе навуковыя ідэі. Бывае так: чытаеш студэнтам лекцыю, тлумачыш праблемныя аспекты, у нейкі момант разумееш шляхі іх вырашэння. На рашэнне складаных нарматворчых задач могуць нацэліць пытанні, якія задаюць студэнты.

«Жанчына працы»

Таццяна Свірына, вядучы бібліятэкар аддзела аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ

Узнагарода стала прызнаннем яе стараннасці – каля 10 гадоў яна працуе ў аддзеле аўтаматызацыі, дзе займаецца вядзеннем Электроннай бібліятэкі. Яна кажа, што ў камфортных умовах і без лішняй мітусні справа добра ладзіцца, а апрацоўка дадзеных – гэта тое, што ёй сапраўды падабаецца.

– З якімі задачамі сутыкнуліся ў апошні час? Дзе бераце натхненне?

– Гэта аднаўленне тэмпу працы пасля пераезду Фундаментальнай бібліятэкі са звыклых сцен галоўнага корпуса ў новы будынак на Даўгабродскай. Мяне матывуе ўсведамленне таго, што мая дзейнасць тэхнічна ўплывае на павышэнне паказчыкаў універсітэта. У прыватнасці, гэта тычыцца цытаванасці: публікацыі аўтараў і іх індэксацыя ў РІНЦ фарміруюць асабісты рэйтынг даследчыкаў.

Акрамя таго, якаснае напаўненне і правільнае афармленне Электроннай бібліятэкі – гэта прамы ўклад у рэйтынг Фундаментальнай бібліятэкі.

– На ваша меркаванне, якая роля жанчыны ў сучасным грамадстве?

– Быць не толькі матуляй і захавальніцай сямейных традыцый, але і актыўнай, незалежнай асобай, здольнай уплываць на будучыню грамадства.

«Навуковая дзейнасць»

Марына Гутоўская, загадчыца кафедры германскага мовазнаўства філалагічнага факультэта, старшыня пярвічнай арганізацыі РГА «Белая Русь» БДУ Узнагароду ўніверсітэта ўспрымае як высокую ацэнку навуковай дзейнасці і важны стымул для будучай актыўнай працы. Лічыць, што жаночая роля ў беларускай навуцы гістарычна высокая і працягвае ўзмацняцца, жанчыны складаюць вялікую частку навуковага патэнцыялу краіны.

– Якое ваша навуковае дасягненне за апошні час вы лічыце самым прыкметным?

– Ёсць асабістыя дасягненні – вынікі праведзеных даследаванняў дакладваюцца на прадстаўнічых міжнародных навуковых форумах, публікуюцца ў міжнародных навуковых выданнях і ўкараняюцца ў адукацыйны працэс. Ёсць студэнцкія – падрыхтаваныя пад маім кіраўніцтвам студэнцкія навуковыя працы адзначаны дыпломамі I ступені ў рэспубліканскіх конкурсах навуковых работ, кандыдацкія дысертацыі – стыпендыямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2025 г. за плённую навукова-педагагічную дзейнасць удастоена падзякі Прэзідэнта.

Ёсць калектыўныя – даручаная мне кафедра германскага мовазнаўства сёлета пачала распрацоўку актуальнай НДР «Магчымасці вялікіх моўных мадэляў у сучаснай лінгвістыцы: тэарэтыка-метадалагічныя і прыкладныя рашэнні» ў рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Сацыяльна-эканамічная, палітычная і нацыянальна-культурная бяспека беларускай дзяржаўнасці» на 2026–2030 гг.

Але самым значным лічу ўклад у развіццё супрацоўніцтва БДУ з найбуйнейшымі цэнтрамі адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі: Інстытутам мовазнаўства Расійскай акадэміі навук, Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам імя М. В. Ламаносава, Маскоўскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам, Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэтам. Па маёй ініцыятыве і непасрэднай рэалізацыі пры ўдзеле названых устаноў на базе БДУ праведзены маштабныя міжнародныя навуковыя канферэнцыі: «Мова, культура, творчасць у трансдысцыплінарным вымярэнні: традыцыі і інавацыі» (2021, 2025; арганізатары: БДУ, ІМ РАН, МДУ імя М. В. Ламаносава) і «Англістыка ў трэцім тысячагоддзі: новыя падыходы і шляхі развіцця» (2024; БДУ, ІМ РАН, МДЛУ), а таксама серыя навукова-метадычных семінараў «Лінгвадыдактыка вуснага перакладу» (2025; БДУ, СПбДУ). Названыя навуковыя мерапрыемствы аб’ядналі больш за 450 навукоўцаў з 12 краін.

– Якая ваша галоўная крыніца энергіі, калі даводзіцца сумяшчаць грамадскую дзейнасць з акадэмічнай нагрузкай?

– Напэўна, усведамленне комплекснасці місіі БДУ. Мы працуем з моладдзю, і наша задача – не толькі фарміраваць прафесійныя кампетэнцыі, але і развіваць таленты і творчыя здольнасці моладзі, далучаць да нацыянальных духоўна-маральных каштоўнасцяў. Рэалізацыя такога комплексу задач, на мой погляд, патрабуе сумяшчэння акадэмічнай і грамадскай дзейнасці.

– Якую параду дасце студэнткам, якія толькі пачынаюць свой шлях у навуцы?

– Знайдзіце настаўніка, які будзе зацікаўлены ў развіцці абранага навуковага напрамку і зможа спрыяць станаўленню маладога навукоўца – добры навуковы кіраўнік дапаможа пазбегнуць тыповых памылак і эфектыўна інтэгравацца ў акадэмічную супольнасць. І пачніце даследчую працу як мага раней, з 1–2 курса – ранні старт паспрыяе своечасоваму фарміраванню навукова-тэарэтычнай базы і назапашванню неабходнага вопыту для далейшых паглыбленых навуковых пошукаў.

«Ідэалагічная і выхаваўчая дзейнасць»

Алена Скакун, начальнік аддзела па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Інстытута бізнесу БДУ

Гэты знак адметнасці падкрэсліў яе пераканаўчы ўклад у агульную справу – 18 гадоў працы ў БДУ. На яе думку, роля жанчыны сёння шматгранная. Жанчына адначасова прафесіянал, лідар, стваральніца і захавальніца сацыяльных каштоўнасцяў.

– Як вы развіваеце студэнцкія традыцыі і далучаеце студэнтаў да грамадскага жыцця?

– Студэнцкае жыццё ў нашым інстытуце насычанае. Тут практычна кожны навучэнец знойдзе сабе занятак для душы. Так, напрыклад, студэнцкае самакіраванне дае магчымасць праявіць сябе. Падтрымліваючы студэнцкія ініцыятывы, мы давяраем ім арганізацыю маштабных івентаў і запуск праектаў – гэта тое, што робіць моладзевае жыццё дынамічным. Нашы выпускнікі застаюцца часткай вялікай сям’і. Традыцыі ўзаемадзеяння «студэнт – выпускнік» дазваляюць навучэнцам атрымліваць ментарскую падтрымку і буст у кар’еры.

– Як знайсці баланс паміж высокімі дысцыплінарнымі патрабаваннямі і інтарэсамі моладзі?

– На мой погляд, гэта пераход ад мадэлі «кантролю» да мадэлі «саўдзелу». Сучаснае пакаленне шануе сэнсы, аўтаномію і псіхалагічны камфорт. Трэба захоўваць баланс паміж «трэба» і «навошта». Адметная рыса цяперашняга маладога пакалення – патрэба ў рацыянальным абгрунтаванні правілаў. Прыярытэтнае значэнне набывае індывідуальны падыход.

– Што для вас з’яўляецца галоўнай узнагародай у працы са студэнтамі?

– Вынік не заўсёды можна вымераць лічбамі. Гэта так званая інвестыцыя ў «чалавечы капітал», якая прыносіць узнагароду ў некалькіх вымярэннях: назіранне за развіццём, інтэлектуальны рост, эмацыйная ўцягнутасць. Калі адчуваеш дачыненне і пражываеш шлях разам, тады і атрымліваеш матывацыю да новых дасягненняў.

«Грамадская дзейнасць»

Юлія Смірнова, дацэнт кафедры сацыяльнай і арганізацыйнай псіхалогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук

Амаль 26 гадоў прафесійнай дзейнасці Юліі Сяргееўны звязаны з альма-матар. Для яе прэмія стала паказчыкам высокай ацэнкі праведзенай работы, крыніцай новых надзей і планаў. Вылучае, што галоўнае натхненне, калі даводзіцца сумяшчаць актыўную грамадскую дзейнасць з навучальнай нагрузкай, дае цікавасць і любоў да справы, якой яна займаецца, падтрымка калег і блізкіх.

– Вы старшыня прафбюро ФФСН, узначальваеце камісію па ідэалагічнай і інфармацыйна-аналітычнай рабоце. Якое дасягненне ў грамадскай працы за апошні час выклікае ў вас найбольшы гонар?

– Галоўны гонар – каманда нашага прафбюро, сіламі якога ў мінулым годзе быў арганізаваны і праведзены цэлы шэраг мерапрыемстваў у новым для факультэта фармаце. Так, мы арганізавалі экскурсійную паездку «Сэрца Палесся» і каляднае чаяванне, на якім павіншавалі калег з надыходзячымі святамі. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць згуртаванню калектыву, падтрыманню і ўмацаванню спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату. Плануем паўтарыць гэты вопыт у бягучым годзе і ўпэўненыя, што гэта пакладзе пачатак новым добрым традыцыям факультэта.

2026 год знакавы: 105 гадоў спаўняецца Беларускаму прафесійнаму саюзу работнікаў адукацыі і навукі, 105 гадоў з дня заснавання святкуюць БДУ і яго пярвічная прафсаюзная арганізацыя. У планах – праца па інфармацыйным суправаджэнні і арганізацыі ўдзелу членаў прафсаюза ў святочных падзеях.

– На ваша меркаванне, якая роля жанчыны ў сучасным грамадстве?

– Мне хацелася б адзначыць жаночы ўклад у развіццё сацыяльнай сферы, асаблівую ролю ў навучанні і выхаванні будучых пакаленняў, захаванні сямейных каштоўнасцяў і ўмацаванні інстытута сям’і, духоўна-маральных асноў беларускага грамадства.

«Адукацыйная дзейнасць»

Святлана Захарава, дацэнт кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ

Для яе гэтая ўзнагарода з’яўляецца пацвярджэннем высокай значнасці выкладчыцкай працы. Сваю дзейнасць на кафедры сумяшчае з выкладаннем у Ліцэі імя Ф. Э. Дзяржынскага БДУ, дзе вучыць дзяцей рускай мове і літаратуры.

Звязаўшы сваё прафесійнае жыццё з БДУ ў 2001 годзе, яна прайшла шлях ад аспіранта да дацэнта кафедры. З 2019 года кіруе вучэбна-метадычным аб’яднаннем настаўнікаў рускай мовы і літаратуры ў ліцэі. Лічыць, што роля жанчыны ў грамадстве нязменная ў часе: умець натхняць на вялікія і малыя справы, падтрымліваць, накіроўваць.

– Што лічыце вызначальным паказчыкам поспеху педагога вышэйшай школы сёння?

– Прафесіяналізм – першы крок да поспеху. Нельга спыняцца, трэба ўмець мяняцца, быць не проста ў трэндзе, а прагназаваць развіццё, быць крыху наперадзе, умець бачыць перспектыву.

– Якія метады дапамагаюць вам знайсці падыход да студэнтаў?

– Існуе мноства спосабаў прабіцца да розуму і сэрцаў сучасных студэнтаў, але нейкага ўніверсальнага метаду няма. Па-мойму, аднастайнасць – самы вялікі вораг для педагагічнай дзейнасці. Трэба ўмець адчуваць аўдыторыю, быць гнуткім, адаптавацца пад запыты студэнтаў і весці іх за сабой. Асабісты прыклад, напэўна, самы эфектыўны метад навучання і выхавання, але часам добрае пачуццё гумару і аптымізм бываюць больш эфектыўнымі, чым іншыя прыёмы.

– Быць выкладчыкам – вялікая эмацыйная праца. Што дапамагае захоўваць адданасць справе?

– Трэба любіць сваю працу, умець бачыць у ёй станоўчыя бакі. Вельмі матывуе, калі даведваешся, што ўчарашнія студэнты ідуць у прафесію і становяцца выдатнымі педагогамі. Яшчэ прыемна бачыць, як яны выкарыстоўваюць у сваёй працы тое, што вывучалі на занятках.

«Прафесійная дзейнасць»

Святлана Дубасава, загадчыца інтэрната №5 Студэнцкага гарадка БДУ

Для яе гэта ацэнка – прызнанне працавітасці і эфектыўнасці. Дзякуючы высокаму ўзроўню эмпатыі, яна па-майстэрску выбудоўвае камунікацыю і кіруе паўсядзённымі працэсамі.

Лічыць, што сёння роля жанчыны ў грамадстве шматгранная і дынамічная.

– Якое ваша дасягненне за апошні час вы лічыце самым вялікім?

– Стварэнне камфортнай і шчырай атмасферы, значнае паляпшэнне ўмоў пражывання ў інтэрнаце. Наш 5 інтэрнат унікальны ў сваім родзе: 99% жыхароў – замежныя студэнты. Таму патрэбна ўлічваць разнастайнасць культур, рабіць інтэрнат утульным шматнацыянальным домам.

Высокія паказчыкі сталі магчымымі дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва студэнцкага гарадка ў асобе начальніка Сяргея Дуброўскага, намеснікаў начальніка Сяргея Вальтэрава і Кацярыны Шаронавай.

– На вашу думку, у чым заключаецца галоўная місія сучаснай жанчыны-прафесіянала ў структуры вядучай ВНУ краіны?

– На мой погляд, перш за ўсё ў тым, каб, выкарыстоўваючы свае веды, вопыт і ўнікальныя якасці, спрыяць развіццю ўніверсітэта як цэнтра перадавых інавацый і фарміравання высокакваліфікаваных спецыялістаў. Разам з тым уносіць уклад у развіццё грамадства і ўмацоўваць прынцыпы справядлівасці і роўнасці.

– Ваша пажаданне калегам-жанчынам універсітэта.

– Хачу сказаць словы падзякі прарэктару па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ўніверсітэта Ганне Бакун за падтрымку і дабрыню. Усім жанчынам – заставацца выдатнымі, таленавітымі і мэтанакіраванымі. Хай ваша праца цэніцца, а дома чакаюць утульнасць і згода.

Алена СВIНКО

print

Вам таксама можа спадабацца: