Трэцякурснік факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ Станіслаў Шчагляк стаў пераможцам міжнароднага адборачнага этапу спаборніцтваў па робататэхніцы «Кубак РТК: Мінск». Цяпер ён прадставіць Беларусь у фінале прэстыжнага турніру. Хлопец і раней не раз станавіўся ўдзельнікам і прызёрам міжнародных спаборніцтваў па робататэхніцы.
«Кубак РТК» – гэта маштабныя спаборніцтвы наземных робатаў, якія праходзяць на адмысловым палігоне. Турнір уключае тры ўзроўні складанасці: «Кубак РТК міні», «Кубак РТК» і «Кубак РТК: Вышэйшая ліга». Станіслаў выступаў у апошнім, самым складаным. Гэты этап разлічаны на ўдзел студэнцкіх каманд з 3 чалавек і прадугледжвае распрацоўку аўтаномных робатаў для вырашэння рэальных праблем: вычарпанне прыродных рэсурсаў, пагаршэнне экалогіі, харчовая бяспека, выпрацоўка і захаванне энергіі, пагрозы нацыянальнай бяспецы.
На беларускім этапе ўдзельнікам трэба было запраграмаваць свае мадэлі так, каб яны выяўлялі і ліквідавалі кароткія замыканні пры электролізе медзі на прадпрыемствах. Сёння гэта распаўсюджаная праблема, на вырашэнне якой сыходзіць шмат часу, сіл і рэсурсаў. Робаты павінны аўтаматызаваць працэс і прыбраць людзей са шкоднай зоны.
Упершыню «Кубак РТК» прайшоў у 2013 годзе. З таго часу ў ім паўдзельнічалі больш за 7000 чалавек з краін СНД. Галоўныя мэты спаборніцтваў – падтрымаць таленавітую моладзь, даць ёй абмяняцца вопытам і паказаць, што робататэхніка – гэта цікава.
«Мне вельмі падабаецца, што мая праца супадае з маім хобі»
Станіслаў нарадзіўся і вырас у Мінску. Вучыўся ў 191 школе, потым у 2 гімназіі, затым у Ліцэі імя Ф. Э. Дзяржынскага БДУ. Факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій абраў, таму што там быў самы блізкі да робататэхнікі напрамак ва ўніверсітэце. Таксама, як выпускнік ліцэя, ён мог паступіць без экзаменаў. Цяпер трэцякурснік ужо год працуе ў сферы робататэхнікі.
– Усё задавальняе, мне вельмі падабаецца, што мая праца супадае з маім хобі, – кажа ён.
Атрыманыя на спаборніцтвах веды дапамагаюць яму і на працы. Ён прызнаецца, што для яго ідэальная сітуацыя, калі тое, чым ты займаешся для задавальнення, прыносіць яшчэ і грошы.
«Некаторыя дэталі купляў у рыбалоўнай краме»
Робат, з якім Станіслаў перамог, яго ўласная распрацоўка. І хоць да спаборніцтваў дапускаецца каманда да трох чалавек, ён выступаў адзін.
– Я праектаваў яго з нуля, сам выбіраў камплектуючыя, друкаваў дэталі на 3D-прынтары, збіраў і праграмаваў, – дзеліцца студэнт.
Першапачаткова ён планаваў выкарыстоўваць шасціколавае шасі, але з-за недахопу кантролераў рухавікоў прыйшлося перайсці на гусенічную схему. Большасць дэталяў робата надрукаваны на 3D-прынтары, які ён раней таксама распрацаваў і пабудаваў сам, на што сышло дзевяць месяцаў. А некаторыя дэталі канструкцыі, як ён сам расказвае, купляліся ў рыбалоўнай краме.
«Канкурэнты ў першы дзень яшчэ збіралі робатаў, а я ўжо тэсціраваў»
Падрыхтоўка да спаборніцтваў расцягнулася на некалькі тыдняў. І ўвесь гэты час Станіславу даводзілася сумяшчаць вучобу, працу і стварэнне робата.
– На праектаванне, зборку і праграмаванне робата сыходзіў увесь вольны ад працы і вучобы час. Я і зараз закрываю даўгі па лабараторных работах, назапашаныя за перыяд падрыхтоўкі, – прызнаецца пераможца.
Сітуацыю ўскладнялі і пастаўшчыкі дэталяў.
– Некаторыя камплектуючыя я атрымаў пазней, чым планаваў, таму прыйшлося разбірацца з імі ўжо ў працэсе праграмавання робата, – тлумачыць студэнт.
На саміх спаборніцтвах галоўнай праблемай сталі перашкоды ў ланцугу сілкавання, створаныя сервапрывадамі. З-за іх гублялася сувязь паміж асноўным камп’ютарам робата і дапаможным мікракантролерам.
– І ў апаратным, і ў праграмным плане я паспеў рэалізаваць значна менш, чым хацелася б.
Перарабляць схему ўжо не было часу, і на другой спробе робат нармальна паехаў толькі пад самы канец. Тым не менш гэтага хапіла для перамогі. Станіслаў ацэньвае ўзровень падрыхтоўкі сапернікаў як нізкі – у першы дзень спаборніцтваў яны яшчэ збіралі сваіх робатаў, у той час як ён ужо тэсціраваў на трасе.
– Да апошняга дня я не быў упэўнены, што паспею дарабіць робата да спаборніцтваў. Выснову можна зрабіць такую: нельга здавацца, трэба ісці да канца, выкарыстоўваць кожную гадзіну.
«Уражанні станоўчыя»
Арганізацыя спаборніцтваў была якасная. Усё было прадумана, палігон працаваў, заданні дакладныя. Аднак адзін момант усё ж выклікаў неразуменне.
– Спаборніцтвы разлічаны на студэнтаў з вопытам у робататэхніцы, а ў якасці прыза за першае месца далі адукацыйны набор на Arduino для пачаткоўцаў, узроўню сярэдняй школы, – расказвае ён.
Тым не менш галоўнае – не прыз, а выхад у фінал і магчымасць праверыць свае сілы на больш высокім узроўні.
«У фінале разлічваць на слабых сапернікаў не варта»
Перамога на мінскім этапе адкрывае дарогу ў фінал прэстыжнага турніру. Станіслаў ужо думае над канструкцыяй новага робата і заказаў дадатковую электроніку. У наступным годзе ён таксама плануе працягваць удзел. Настрой сур’ёзны: узровень падрыхтоўкі расійскіх каманд значна вышэйшы, таму што ў іх гэтыя спаборніцтвы праходзяць ужо не першы год. Разлічваць на слабых канкурэнтаў у фінале, па яго меркаванні, не варта.
– Асноўная мэта майго ўдзелу – палепшыць свае навыки, атрымаць новыя веды. Хацелася б заняць прызавое месца ў фінале, – кажа студэнт.
