Беларускі спартсмен прывёў да мары японскага!

5 Jan, 2014.

Танака Хітоші

Студэнт другога курса Інстытута журналістыкі БДУ Танака Хітошы, які прыехаў у Беларусь з Японіі, распавеў пра свой жыццевы шлях, мары і планы.

Калі Хітошы толькі скончыў школу і пачаў падзарабляць афіцыян­там у рэстаране, ён моцна палюбіў спорт. «Мой улюбёны від спорту – гэта бейсбол, – кажа ён. – Бывае, што нават мой настрой цалкам залежыць ад таго, прайграла мая каманда або не». Можна сказаць, што спорт даволі нязначнае захапленне, і сам факт гэтага захаплення з лёгкасцю можна было б не згадваць у біяграфіі майго су­раз­моўцы. Але хто б мог падумаць, што менавіта спорт з'яўляецца адпраў­ным пунктам, які заахвоціў Хітошы прыехаць у Беларусь?
«Гэта было прыкладна ў 2004 годзе, – успамінае хлопец. – Я глядзеў па тэлевізары спартыўны канал і выпадкова наткнуўся на матч па кікбоксінгу. Баявымі відамі спорту я не дужа захапляюся, аднак той бой я падглядзеў да канца. Моцна мяне ўразіў адзін з удзель­нікаў, і, як пасля высвет­лілася, ён быў беларускім кік­баксёрам з сусветным імем – Аляксей Ігнашоў. Пасля матчу ў яго ўзялі кароткае інтэрв'ю, дзе я ўпершыню пачуў рускую прымаўку «семь раз отмерь, один отрежь». З таго дня ў мяне склалася асаблівае меркаванне пра славянскі менталітэт, і я пачаў цікавіцца славянскімі краінамі».
Пасля гэты кароткі паядынак перавярнуў жыццё маладога хлопца. Ён пачаў знаёміцца з культурай Расіі. Першым славянскім пісьмен­нікам, якога прачытаў Хітошы, быў М. Ф. Дастаеўскі. Узор рускай кла­січнай прозы, раман «Злачынства і пакаранне», перакладзены на япон­скую мову, канчаткова ўпэўніў Хіто­шы звязаць свой далейшы лёс са славянскай культурай. «Калі быць сумленным, – прызнаўся студэнт, – да захаплення славянскімі краі­на­мі ў мяне не было вызначанай мары. Але ў той год я сапраўды для сябе вырашыў, што мой далейшы лёс будзе звязаны з рускай мовай».
Першай прыступкай у вывучэнні новай мовы для яго стала паступленне ў Такійскі інстытут рускай мовы. «Вучыцца там было цяжка, – распавёў Хітошы. – Пачынаць вывучэнне мовы з нуля ў такім узросце праблематычна. Больш за ўсё прыходзілася завучваць правілы граматыкі. У нас была вельмі строгая выкладчыца, і нікому паблажак у вучобе не было». Менавіта падчас навучання ў гэтым інстытуце Хіто­шы і вырашыў для сябе, што хоча быць выкладчыкам рускай мовы.
Пасля аднаго года навучання інстытут даваў для студэнтаў магчымасць наведаць Маскву на месяц. Учапіўшыся за гэты шанец, Хітошы ўпершыню наведаў Расію.
Затым ён вярнуўся ў Японію, але працягнуць навучанне ў Такій­скім інстытуце рускай мовы яму так і не давялося. Праз некаторы час пасля яго вяртання цяжка захварэла яго маці. Ён кінуў вучобу і вярнуўся ў родны горад. «Па пра­фе­сіі мая маці – выкладчык у школе, – распавядае Хітошы. – У Японіі прафесія выкладчыка заўсё­ды была высокааплатнай, і маці не патрэбна была матэрыяльная дапа­мога. Я проста хацеў быць побач…».
У гэты перыяд перад Хітошы ўзні­кае мноства перашкод, з-за якіх яму нават прыйшлося адмовіц­ца ад сваёй мары стаць выкладчыкам. Навучанне ў Японіі каштуе нятанна, а калі ўладкавацца на працу, то на вучобу не будзе хапаць часу. Такім чынам, перад ім устаў выбар: альбо знайсці пастаянную працу і забыць пра рускую мову, альбо ўкласці ўсе зберажэнні ў вучобу і з'ехаць вучыцца ў іншую краіну. Урэшце Хітошы вырашыў застацца.
Знайсці працу яму ўдалося ў вядомай японскай фірме «Хітачы». «Уладкавацца ў гэтую фірму мне дапамог дзядзька, – кажа Хітошы. – Ён гаварыў, што, пакуль ёсць магчымасць, трэба абавязкова знайсці сталае месца. Перада мной з’явіліся вялікія магчымасці для кар'ернага росту, але праца мне абсалютна не падабалася. Хоць зарплата і была вялікая, але я не атрымліваў ад працы задавальнення. Калі маці канчаткова акрыяла, я вырашыў, што прапрацую ў кампа­ніі яшчэ некаторы час, каб назапа­сіць грошай, а потым пачну вывучаць рускую мову самастойна».
Так і здарылася. Хітошы зволь­ніўся з працы, якая яго абцяжарвала, і зноў уладкаваўся простым афіцыянтам, каб больш часу прысвячаць вывучэнню рускай мовы. Таксама па суботах ён хадзіў на падрыхтоўчыя курсы рускай, дзе пазнаёміўся з настаўніцай, якая прыехала ў Японію з Расіі. Калі Хітошы авалодаў рускай мовай у дастатковай ступені, то вырашыў, што ў Японіі ён ужо не зможа прасунуцца далей, бо бездакорная тэорыя нішто без практыкі. Калі стаў выбар ВНУ за мяжой, настаўніца з курсаў рускай мовы і падказала, што рускую можна вывучыць не толькі ў Расіі, але і ва Украіне і ў Беларусі.
«Тады я ўспомніў пра Аляксея Ігнашова, – сказаў Хітошы, – са­праўд­нага славянскага чалавека, які і падарыў мне першыя ўражанні пра славянскі народ. І, нядоўга думаючы, я нарэшце вырашыў пакі­нуць Японію, каб адправіцца вучыцца за мяжу, і выбар мой спы­ніўся на Беларусі».
Першыя ўражанні пра Беларусь у Хітошы былі станоўчыя. «Памятаю, усе беларусы, якія даведва­ліся, што я з Японіі, спачувалі мне, бо ў той год у мяне на радзіме адбылося няшчасце. Была вялікая аварыя на атамнай электрастанцыі «Фукусіма». Гэта ў чарговы раз нагадала мне, якімі шчырымі і спа­гадлівымі могуць быць славянскія людзі».
Хітошы вучыцца ў Беларусі ўжо больш за тры гады. Спачатку ён вучыўся на падрыхтоўчым факультэце, дзе рашэнне застацца ў Беларусі і атрымаць дыплом толькі ўзмацнілася.
Памятаючы, што Хітошы хацеў стаць выкладчыкам рускай мовы, я спытаў яго, чаму ён усё-такі па­ступіў у Інстытут журналістыкі, а не на філалагічны факультэт. «У мяне быў выбар, і я вельмі доўга думаў, – адказвае Хітошы, – але, калі я пачуў пра інстытут журналістыкі, мне проста стала цікава, як гэта – быць журналістам. Таксама мне вельмі падабаецца спорт, і я магу стаць спартыўным журналістам».
На сёння Хітошы мае вялікія поспехі на ніве журналістыкі. Зусім нядаўна ён праходзіў практыку ў спецыялізаваным выданні па турызме і пасля паспяховага яе заканчэння па-ранейшаму супрацоў­нічае з рэдакцыяй.
Сваю будучыню госць з краіны ўзыходнага сонца бачыць няпэў­най. Па яго словах, у Японіі не так шмат магчымасцяў для ўлад­­ка­вання на працу, звязаную з рус­кай мовай. Таму ён і не выключае ва­рыянта застацца жыць у Беларусі, калі атрымаецца знайсці тут занятак.
«Было цяжка вырашыцца на тое, каб пакінуць радзіму і вучыцца за мяжой, - распавядае Хитоши. - З'ехаўшы, я страціў некаторыя магчымасці, да прыкладу, магчымасць кар'ернага росту ў вядомай кампаніі. Але гэтая праца не прыносіла мне задавальнення, а наадварот, прыгнятала. Мая мара цалкам здзейсная, і чаму б не давесці справу да канца? »

Гутарыў
Эзіз АВЕЗАЎ
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *