Шымон Перэс “створаны з будучыні”

13 Mar, 2014.

 

IMG_3335
18 сакавіка 2014 года ў Інстытуце журналістыкі БДУ прайшла лекцыйная прэзентацыя “Створаны з будучыні”, прысвечаная прэзідэнту Дзяржавы Ізраіль Шымону Перэсу. Лекцыю праводзіў першы сакратар Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Ганна Кейнан. Падчас лекцый прайшло адкрыццё фотавыставы “Шымон Перэс: шлях ад Віленскай вуліцы ў Вішнёве на Прэзідэнцкую вуліцу ў Іерусаліме”.
Ганна Кейнан падзякавала кіраўніцтву факультэта з нагоды мерапрыемства.IMG_3336
“Дзякуй за тое, што падтрымліваеце нашы сяброўскія адносіны, якія выяўляюцца ў падобных мерапрыемствах. Гэта добрая падстава сабрацца і пагаварыць. Нягледзячы на то што, 90-годдзе Шымон Перэс святкаваў у 2013 годзе, такі жыццёвы шлях, які ён прайшоў, усё, што ён робіць сёння, дазваляе гэтаму святу працягнуцца даўжэй”.
На лекцыі падкрэслілі: Ізраіль і Беларусь злучае галоўным чынам той факт, што Шымон Перэс паходзіць з Беларусі.
Сёння Шымон Перэс з’яўляецца найстарэйшым дзейным кіраўніком дзяржавы на планеце. Гэта дзявяты прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль. Ён выконвае цырыманіяльныя функцыі. Напрыклад, падпісанне законаў, ухваленых ізраільскім парламентам, скарачэнне тэрміну зняволеных. Але ўплыў Шымона Перэса ў дзяржаве, як і ва ўсім свеце, вялікі.
Ён з’яўляецца лаўрэатам Нобелеўскай прэміі 1994 года. Чалавек, які ў лютым гэтага года ўвайшоў у кнігу рэкордаў Гінэса як прэзідэнт, які правёў самы вялікі па колькасці ўдзельнікаў анлайн-урок па пытаннях грамадзянскага права.
“Гэта адзін з абавязковых прадметаў, які вучаць усе школьнікі ў Ізраілі. І на ўрок ва ўсіх класах прыйшло адначасова больш за 6 тысяч вучняў. Намеснік главы асацыяцыі кнігі рэкордаў Гінэса спецыяльна прыехаў, каб асабіста ўбачыць гэта”.
Ён заснавальнік штогадовай прэзідэнцкай канферэнцыі ў Ізраілі, якая прыцягвае да сабе карыфеяў з многіх краін свету. “Канферэнцыя пра навіны, пра тое, чым можна спрыяць паляпшэнню нашага свету на арэне міжкультурных, міжнацыянальных адносін”.IMG_3339
Шымон Перэс з’яўляецца добрым сябрам Марка Цукерберга – заснавальніка сеткі Facebook.
“У нашага прэзідэнта ёсць свой акаўнт на Facebook, які ўвесь час папаўняецца рознымі звесткамі пра Ізраіль”.
15 сакавіка было зацверджана, што менавіта Шымон Перэс атрымае залаты медаль Кангрэса ЗША.
Шымон Перэс – выхадзец з вёскі Вішнёва Валожынскага раёна Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь. Ён пражыў на Беларусі 11 гадоў. Пасля ён пераехаў у Ізраіль са сваімі бацькамі.
“Яго гісторыя – гэта гісторыя Дзяржавы Ізраіль”.
За аснову лекцыі была ўзятая яго Нобелеўская прамова, якая прагучала ў 1994 годзе. Нароўні з прэм’ер-міністрам Дзяржавы Ізраіль Іцхакам Рабінам і кіраўніком Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыі Ясірам Арафатам ён спрыяў падпісанню пагаднення ў Осла ў 1994 годзе.
“У гэтай прамове ён гаварыў, што з самага ранняга свайго дзяцінства ён марыў. Быў “чалавекам мары”. Ён верыць у тое, што мары спраўджваюцца, у тое, што неабходна верыць. Ёсць людзі, якія проста будуюць сваё жыццё. А ёсць людзі, якія вераць у тое, што яны робяць. Нясуць сваю мару і прыходзяць да дасягнення сваіх мэт”.IMG_3337
“Можна быць старым, як свае гады, але маладым, як свае мары”
Шымон Перэс – прамы доказ таго, што мары спраўджваюцца.
Да з’яўлення дзяржавы ў 1948 годзе гэта была пустэльная зямля. У Ізраілі і зараз 60 % тэрыторыі займае пустыня.
“Нельга было пабудаваць дзяржаву без веры і надзеі людзей, якія былі трошачкі вар’ятамі, таму што верылі ў тое, што можна стварыць немагчымае”.
Пераважная большасць перасяленцаў – гэта выхадцы з Беларусі, Украіны, Польшчы.
“Яны вырашылі пакінуць сваё багатае мінулае і звязаць сваё жыццё з гэтай марай. Прыязджалі ў гэтую абсалютна пустэльную мясцовасць і браліся за матыкі, лапаты, самі праполвалі зямлю”.
Да моманту стварэння дзяржавы такіх яўрэяў-энтузіястаў было 716 тысяч, сёння з 8 мільёнаў жыхароў, якія пражываюць у Дзяржаве Ізраіль 6 мільёнаў – яўрэйскае насельніцтва.
“З мары ў рэальнасць – гэтае спараджэнне той веры, што можна стварыць з нічога нешта”
Сёння Ізраіль – прадстаўнік 12 нобелеўскіх лаўрэатаў у розных галінах навук, уключаючы, вядома ж, Шымона Перэса. У асноўным гэта хімікі.
“Хайн Вайцман – першы прэзідэнт Ізраіля – таксама паходзіў з Беларусі. Ён быў выдатным хімікам. Пэўна, нездарма шмат ізраільскіх нобелеўскіх лаўрэатаў атрымалі ўзнагароду ў галіне хіміі. Ён падняў гэтую галіну навукі на высокі ўзровень”.
Падчас лекцый казалі пра гісторыю стварэння дзяржавы, а таксама пра становішча яўрэйскага народа падчас Другой сусветнай вайны.
“6 мільёнаў яўрэяў было знішчана. На сёння ў Ізраілі жывуць 6 мільёнаў. Падумайце, які перыяд часу трэба было, каб аднавіць насельніцтва? Не кажучы пра тое, што гэтыя шэсць мільёнаў – пакаленне, у якога няма працягу. У іх не нарадзіліся дзеці, унукі ,праўнукі… Засвоіўшы гэтыя ўрокі, мы не дазволім дапусціць падобнай катастрофы”.
Без войска гэтага зрабіць, на жаль, нельга. PERES_SHimon2
“Звярніце ўвагу на тое, што гэта – Армія абароны Ізраіля. Гэта не армія нападу, гэта не армія-агрэсар. Яна накіраваная менавіта на абарону”.
“Войны вызначаюцца тымі, у каго больш ведаў. Веды – гэта сіла, тое, што прадугледжвае паспяховасць”
Шымон Перэс – чалавек, які робіць усё магчымае для паляпшэння адукацыі ў краіне.
“Кожны ізраільцянін імкнецца да таго, каб у яго было вышэйшая адукацыя. Гэта не пустыя словы. Доказы гэтаму ёсць у статыстыцы”.
Паводле даследавання арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцці, 46 % насельніцтва Ізраіля – людзі з вышэйшай адукацыяй. Гэта другое месца ў свеце.
Штораз, звяртаючыся да моладзі, Шымон Перэс кажа пра важнасць навучання. “Не слухайце вашых бацькоў і настаўнікаў – верце ў саміх сябе, таму што яны ў вас шукаюць недахопы. Вы знаходзьце ў сабе вартасці”.
Гімн дзяржавы Ізраіль – “Надзея”. Прыкладам можа паслужыць дзень добрых спраў, які прайшоў 15 сакавіка 2014 года. Ініцыятыву прыдумалі ў Ізраілі.
“У гэты дзень 500 тысяч валанцёраў пайшлі праполваць градкі, акультурваць тэрыторыі. Працавалі агульна 2 мільёны гадзін за адзін дзень. І гэты не модны кірунак, проста так выхоўваюць у Ізраілі з малых гадоў”.
Падвесці вынік можна словамі Шымона Перэса: “Ты можаш быць малы, як тваё эга, або вялікі, як мэта, якой ты служыш”.
Няма больш паважанага і любімага прэзідэнта ў Ізраілі, чым Шымон Перэс.
“Шымон Перэс створаны з будучыні, таму што ён чалавек будучыні. Многае ажыццявілася і ажыццявіцца дзякуючы яму”.

Фаіна НАКАНЕЧНАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: