У БДУ вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў, у БДУІР – прымальны. Апублікаваны рэйтынг ВНУ краін СНД

11 Apr, 2014.

IMG_5646+

Расійскае рэйтынгавае агенцтва “Эксперт РА” апублікавала рэйтынг вышэйшых навучальных устаноў краін СНД. У спіс найлепшых увайшлі 153 ВНУ, якія прадстаўляюць Расію, Украіну, Казахстан, Беларусь, Малдову, Узбекістан, Азербайджан і Кыргызстан. Рэйтынг абапіраецца як на статыстычныя даныя, так і на вынікі апытанняў звыш 5,5 тысяч рэспандэнтаў – выкладчыкаў, працадаўцаў, навукоўцаў, студэнтаў і выпускнікоў. Укладальнікі рэйтынгу пазіцыянуюць яго як першы падобнага роду рэйтынг.
Усе ВНУ, якія трапілі ў рэйтынг,  размеркаваныя па пяці рэйтынгавых класах ад А да Е, дзе клас А азначае “выключна высокі ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў”, В – “вельмі высокі ўзровень”, а рэйтынгавыя класы C, D і E адлюстроўваюць адпаведна “высокі”, “прымальны” і “дастатковы” ўзроўні падрыхтоўкі выпускнікоў.
У рэйтынг трапілі чатыры беларускія ВНУ: Белдзяржуніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (БДМУ), Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ) і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР). Найлепшым з іх аўтары рэйтынгу назвалі БДУ – менавіта тут, па іх меркаванні, выпускнікі маюць “вельмі высокі” ўзровень падрыхтоўкі. У той жа час БДМУ і БНТУ аднеслі да катэгорыі, дзе выпускнікі паказваюць проста “высокі” ўзровень падрыхтоўкі. Узровень ведаў выпускнікоў БДУІР укладальнікі рэйтынгу ацанілі як проста “прымальны”.
Большасць пераможцаў рэйтынгу – ВНУ, якія прадстаўляюць сталічныя гарады: сярод універсітэтаў СНД класаў А і В доля навучальных устаноў Масквы, Кіева і Мінска складае 63 %. Як паведамляецца на сайце РА, рэйтынг паказаў, што найбольшая колькасць ВНУ, якія ўвайшлі ў выніковы спіс найлепшых навучальных устаноў, засяроджаная ў Расіі (95 ВНУ) і Украіне. Следам ідуць ВНУ Беларусі (10) і Казахстана (9). Найбольш высокія рэйтынгавыя класы A і B прысвоеныя 15 ВНУ з Расіі, а таксама тром ВНУ Украіны (Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Т. Шаўчэнка і два політэхнічныя ўніверсітэты – Кіеўскі і Харкаўскі) і Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Хоць варта сказаць, што ў класе А прадстаўлена ўсяго адна ВНУ – Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава.
Аўтары рэйтынгу адзначаюць, што іх рэйтынг кардынальна адрозніваецца ад міжнародных рэйтынгаў, якія неаднаразова складаліся раней. “Міжнародныя рэйтынгі не разглядаюць запатрабаванасць выпускнікоў ВНУ краін СНД на лакальных рынках працы. Між тым менавіта падрыхтоўка кадраў для нацыянальных эканомік з’яўляецца адной з ключавых задач вышэйшых навучальных устаноў СНД, і ігнараваць гэтую місію ўніверсітэтаў недапушчальна”, – гаворыцца на сайце агенцтва.  Укладальнікі падкрэсліваюць, што пры падрыхтоўцы свайго рэйтынгу яны гэтаму аспекту надавалі адмысловую ўвагу.
У цэлым ацэньвалі ВНУ СНД па групе крытэрыяў, сярод якіх “узровень выкладання”, “міжнародная інтэграцыя”, “запатрабаванасць сярод абітурыентаў”, “узровень запатрабаванасці працадаўцамі выпускнікоў ВНУ”, “якасць кар’еры выпускнікоў”, “супрацоўніцтва з працадаўцамі”, “узровень навукова-даследчай актыўнасці” і г. д. Ключавой меркай для прысваення рэйтынгу з’яўляецца ацэнка якасці адукацыі, а не навуковай дзейнасці.
Па запатрабаванасці працадаўцамі ўсе ВНУ класаў А і В аднесеныя да ўзроўню I (“высокая запатрабаванасць працадаўцамі выпускнікоў ВНУ”). Таксама лідараў рэйтынгу адрознівае высокі ўзровень навукова-даследчай актыўнасці (у абсалютнай большасці выпадкаў гэта ўзровень I). Яшчэ адной ярка выяўленай адметнай асаблівасцю лідараў рэйтынгу з’яўляецца высокі кошт платнага навучання: у ВНУ класа В ён у сярэднім эквівалентны 4,6 тысячы долараў у год, у той час як для класа С аналагічная лічба складае 3,3 тысячы долараў, для класа D – 2,9 тысячы долараў. Цікава, што ў топ-20 ВНУ СНД з найвышэйшым коштам платнага навучання 19 ВНУ прадстаўляюць Расію, і адна – Казахстан (Універсітэт КІМЭП, г. Алматы).
Важная выснова даследавання: “тэхнары” па-ранейшаму ў цане ў працадаўцаў – выпускнікі вядучых тэхнічных ВНУ больш запатрабаваныя рынкам працы, чым кіраванцы, эканамісты і гуманітарыі. Так, па ўзроўні запатрабаванасці выпускнікоў працадаўцамі найвышэйшая ацэнка (узровень I) прысвоеная 31 ВНУ. З іх 17 – тэхнічныя ВНУ, 9 – шматпрофільныя ўніверсітэты, і толькі 5 навучальных устаноў факусіруюцца на падрыхтоўцы эканамістаў.
Поспехі ВНУ СНД па прыцягненні студэнтаў з-за мяжы пакуль даволі сціплыя, у параўнанні, напрыклад, з брытанскімі, амерыканскімі і аўстралійскімі ВНУ. Толькі ў 21 ВНУ са спісу найлепшых доля замежных студэнтаў перавышае 10 %. Найбольшую папулярнасць у замежных студэнтаў сёння маюць медыцынскія ВНУ: сярод топ-15 навучальных устаноў з самой высокай доляй замежнікаў налічваецца 6 медыцынскіх, 5 шматпрофільных, 3 тэхнічныя ВНУ, а таксама МДІМА.

“ВНУ-лідары рэйтынгу забяспечваюць высокую якасць адукацыі, што, у сваю чаргу, пацвярджаецца ацэнкамі працадаўцаў, якія ахвотна наймаюць на працу выпускнікоў вядучых ВНУ”, – падагульнілі аўтары рэйтынгу. У сваіх высновах яны таксама распавядаюць, што ў большасці краін СНД сфера вышэйшай адукацыі зведала істотныя змены ў параўнанні з савецкай сістэмай арганізацыі вышэйшай школы. “Дамінантным трэндам вышэйшай школы ў СНД можна назваць пераход з сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў на двухузроўневую схему “бакалаўр – магістр”, адпаведную прынцыпам Балонскага працэсу. На новую сістэму ўдзельнікі рэйтынгу з Азербайджана, Малдовы і Узбекістана перайшлі цалкам; ВНУ Казахстана – амаль цалкам. Расія ж, да прыкладу, у гэтым дачыненні адстае ад краін-лакаматываў адукацыйных рэформ і захоўвае высокі працэнт пяцігадовых праграм па падрыхтоўцы спецыялістаў. А вось беларускія ВНУ па-ранейшаму верныя традыцыі савецкай вышэйшай школы: пераважная большасць навучаецца для атрымання кваліфікацыі спецыяліста”, – гаворыцца на сайце РА.
Падчас вывучэння асаблівасцяў ВНУ супрацоўнікі агенцтва зазначылі і яшчэ адну цікавую дэталь: у краінах СНД дагэтуль няма адзінага меркавання з нагоды таго, ці неабходна ператвараць ВНУ ў фармат бізнес-структур, як гэта зроблена, напрыклад, у ЗША і Вялікабрытаніі.

“У Казахстане да гэтага імкнуцца паскоранымі тэмпамі, у выніку чаго пераважная колькасць студэнтаў навучаецца на платнай аснове, дзяржаўныя ж субсідыі дастаюцца абмежаванай колькасці абітурыентаў. У Расіі і Беларусі пакуль што пераважае навучанне за кошт дзяржаўных сродкаў, але пры гэтым расійскія ВНУ ўзмоцнена прымушаюцца да зарабляння сродкаў, у тым ліку з дапамогай камерцыялізацыі навуковых вынікаў – патэнтавання, ліцэнзавання, стварэння малых інавацыйных прадпрыемстваў. У той жа час ва Украіне стаўленне да камерцыялізацыі тэхналогій, як і ў цэлым да зарабляння грошай ВНУ, значна больш стрыманае. Інавацыйных кампаній, створаных пры ВНУ, – адзінкі. Акрамя таго, заканадаўствам Украіны не прадугледжана стварэнне эндаўмент-фондаў, прытым што ў Расіі і Казахстане практыка прыцягнення сродкаў выпускнікоў на развіццё ВНУ набірае абароты”, – гаворыцца на сайце РА.
Мінадукацыі распрацавала рэйтынг ВНУ Беларусі
“На першым этапе падрыхтоўкі рэйтынгу ВНУ СНД у ліпені 2013 года быў сфарміраваны шорт-ліст 195 ВНУ: на падставе рэйтынгу Webometrics у яго ўключаныя найлепшыя ВНУ Беларусі, Казахстана, Расіі, Украіны і іншых дзяржаў Садружнасці. Дастатковыя падставы для ўключэння ВНУ ў шорт-ліст: калі ВНУ з’яўляецца адной з трох найбольш высока ацэненых ВНУ краіны па ацэнцы Webometrics або калі ВНУ ўвайшла ў топ-5000 універсітэтаў сусветнага рэйтынгу Webometrics. Для расійскіх ВНУ ўжываўся дадатковы фільтр адбору: ВНУ, якія не ўваходзілі ў топ-100 рэйтынгу ВНУ Расіі “Эксперт РА”, у шорт-ліст не ўключаліся.
Да далейшага ўдзелу ў рэйтынгу былі дапушчаныя ВНУ, якія даслалі запоўненую анкету па запыце “Эксперт РА” (154 ВНУ). Ацэнка адной з іх (Амерыканскага ўніверсітэта Арменіі) не ажыццяўлялася, бо ВНУ не падала статыстычныя даныя па рэалізацыі праграм бакалаўрыята. Нароўні з анкетаваннем для даследавання рэпутацыі ВНУ са жніўня па снежань 2013 года на партале www.OIU.ru былі праведзеныя апытанні прадстаўнікоў акадэмічных і навуковых колаў, а таксама працадаўцаў, студэнтаў і выпускнікоў. Усяго ў апытаннях было задзейнічана звыш 5,5 тысяч рэспандэнтаў. Апроч гэтага, ажыццяўляецца збор даных з навукаметрычных сістэм і адкрытых крыніц”, – гаворыцца на сайце РА.

Паводле інфармацыі TUT. BY

print

Вам таксама можа спадабацца: