Студэнты БДУ ўзялі бронзу на чэмпіянаце свету па праграмаванні

30 Jun, 2014.

eba36f85-29d2-4342-8db8-28b6cf15616c Студэнты БДУ зноў сярод найлепшых каманд чэмпіянату свету па праграмаванні (ACM-ICPC). Фінал сусветнага першынства завяршыўся 26 чэрвеня ў Екацярынбургу. Каманда БДУ ў складзе сту­дэнтаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі трэця­кур­сніка Аляксандра Некрашэвіча, чацвёртакурснікаў Яўгена Грыцке­віча і Аляксея Колесава заняла 14 месца ў агульным заліку. Трэнер і кіраўнік каманды – прафесар Уладзімір Котаў, асістэнт – Павел Іржаўскі. Камандныя студэнцкія спаборніцтвы па праграмаванні маюць высокі статус і выклікаюць вялікую цікавасць сярод студэнтаў усяго свету, якія спецыялізуюцца ў галіне інфармацыйных тэхналогій. У адборачных турах чэмпіянату сёлета стартавалі 33430 удзельнікаў-студэнтаў з 2385 універсітэтаў 89 краін. У выніку серыі вочных спа­бор­ніцтваў заваявалі права на ўдзел у фінале найлепшыя каманды 122 універсітэтаў. Еўропу прадстаўлялі 33 каманды, Паўноч­ную Амерыку – 21, Лацінскую Амерыку – 17, Азію – 42, Афрыку і Блізкі Усход – 7, Аўстралію і Акіянію – 2 каманды. Па правілах у фінале можа ўдзельнічаць адна каманда ад адной навучальнай установы. Студэнцкія каманды БДУ рэгулярна паказваюць годныя вынікі і змагаюцца ў фінале. Так, у 2004 г. у Чэхіі каманда БДУ заваявала залатыя медалі, у 2008 г. у Канадзе – бронзавыя, а ў 2012 г. дзве беларускія каманды з БДУ і БДУІР прывезлі сярэбраныя і бронзавыя медалі. У 2013 г. каманда БДУ зноў заваявала «серабро». Сёлета фінал спаборніцтваў, якія называюць яшчэ «Бітвай інтэлектаў» (Battle of the Brains), праходзіў у сапраўды тытанічнай барацьбе. У выніку засталіся без узнагарод каманды такіх прызнаных праграмісцкіх школ, як Ма­сачусецкі і Стэнфардскі ўні­вер­сі­тэты ЗША, Кіеўскі і Харкаўскі на­цыянальныя ўніверсітэты Укра­іны, Саратаўскі, Новасібірскі, Уральскі і Маскоўскі фізіка-тэхнічны ўнівер­сітэты Расіі, універсітэты Кітая, Карэі, Японіі, Індыі. Беларуская каманда выйграла паўфінал Паўночна-Усходняга Еўра­­пейскага рэгіёну ў снежні 2013 г., у якім змагаліся 224 ка­манды з 12 краін. Перамога ў Екацярынбургу дасталася студэнтам Санкт-Пецяр­бургскага дзяржаўнага ўніверсі­тэта. З падрабязнымі вынікамі можна пазнаёміцца на сайце www.icpc2014.ru. Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *