Чытач “Універсітэта” — студэнт разважлівы і… сімпатычны

4 Sep, 2014.

шафалович сергей

Сёлета наша галоўная ўніверсітэцкая газета адзначае 85-годдзе. Гэта добрая нагода каб пазнаёміцца бліжэй з яе стваральнікамі і прасачыць за развіццём важнага карпаратыўнага выдання. Прапануем вашай увазе інтэрв’ю з галоўным рэдактарам газеты “Універсiтэт” Сяргеем ШАФАЛОВІЧАМ, якое было ўзята трохі раней, так бы мовіць, для ўнутранага карыстання.

— Сяргей Cяргеевіч, скажыце, на каго арыентавана газета “Універсітэт”?

— Газета арыентавана ў першую чаргу на выкладчыкаў і студэнтаў. Большасць рубрык адлюстроўваюць навучальны працэс ці проста студэнцкія інтарэсы. Ёсць такія рубрыкі “Студэнцкі інтэрэс”, “Студэнцкі мерыдыян”, “Весткі з факультэтаў”. У рубрыцы “Асобы” мы адзначаем сярод выкладчыкаў найбольш выбітных заслужаных людзей, прысвячаем матэрыялы круглым датам і юбілеям. Асвятляем розныя конкурсы, напрыклад, на найлепшага выкладчыка. Ва ўніверсітэце праходзіць шмат мерапрыемстваў і акцый для студэнтаў – “Дні першакурсніка”, “Капуснікі”, “Дні ведаў”, праводзіцца апытанне, напрыклад, “Якую кнігу чытае студэнт БДУ?”. Вось летась студэнты арганізавалі “Фотавеламарафон”.

— Газета ініцыюе ўласныя конкурсы?

— У апошні час не, таму што такіх мерапрыемстваў вельмі шмат на ўніверсітэцкім і факультэцкіх узроўнях. Нашай сумеснай ініцыятывай у свой час была віктарына “Папараць-кветка” – гэта велізарная колькасць пытанняў па гісторыі БДУ. Акцыю каардынавала ўпраўленне выхаваўчай працы з моладдзю. Тады яшчэ не былі развіты сацыяльныя сеткі, і падобныя конкурсы былі вельмі папулярнымі. У апошні час мерапрыемства страціла сваю навізну і сёлета ўжо не праводзілася.
Да дзевяностагоддзя ўніверсітэта мы задумалі акцыю сумесна з рэдакцыяй газеты “Знамя юности”, распрацавалі міні-віктарыну на аснове “Папараць-кветкі” для абітурыентаў. Акцыя прайшла пад лозунгам “Паступай у БДУ!”. У чатырох нумарах газеты “Знамя юности” выходзілі пытанні. Конкурс атрымаў вялікі рэзананс, каля ста чалавек даслалі свае лісты ў рэдакцыю, ну а мы, са свайго боку, дамовіліся з кіраўніцтвам пра добрыя прызы. На выставе “СМІ ў Беларусі” на цэнтральнай сцэне прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне ўдзельнікаў і пераможцаў віктарыны. Малады чалавек, які заняў першае месца, атрымаў нетбук з рук першага прарэктара. На месцы была арганізавана бліц-віктарына і ўжо ад рэдакцыі “Знамя юности” студэнты атрымалі мікрахвалёўку. Дзесяці першым удзельнікам уручаны прэзенты ад БДУ: альбомы, ручкі, нататнікі, кепкі, майкі з лагатыпам універсітэта.

— А цяпер, Вы думаеце, ужо няма сэнсу праводзіць акцыі?

— Тады гэта было прымеркавана да дзевяностагоддзя БДУ. Тыя конкурсы, якія ўжо другі раз праходзяць – ужо зусім не тое. Бывае, пілотныя праекты, напрыклад, канферэнцыі, наадварот, становяцца лепшымі, маштабнейшымі ў наступныя гады, а вось такія акцыі, як віктарына, – не. Трэба прыдумляць штосьці новае. Яшчэ да правядзення віктарыны мы абвясцілі вершаваны конкурс “Літаратурны праменад” для студэнтаў. Нам было даслана вельмі шмат цікавых прац. Творы студэнтаў публікаваліся на сайце, іх можна было каментаваць. А праз год мы апублікавалі верш пераможца ў газеце. На наступны год стала менш прыходзіць вершаў, а ў нас рукі не дайшлі, каб актывізаваць удзельнікаў.

— Як распаўсюджваецца газета?

— Ёсць адмысловыя стэнды на факультэтах. Нас у газеце чатыры чалавекі, таму мы не можам сачыць за прысутнасцю газет на стэндах. Таксама мы арганізуем абавязковае рассыланне нумароў, адпраўляем у рэдакцыі газет іншых універсітэтаў, напрыклад, у Горкі. Саму газету рассылае выдавецкі цэнтр БДУ, які яе і друкуе. Газету атрымліваюць Нацыянальная бібліятэка, Адміністрацыя Прэзідэнта, Міністэрства інфармацыі. Новыя нумары распаўсюджваюцца праз падраздзяленні ў канцылярыі. У студгарадок мы накіроўваем сто асобнікаў, пяцьдзясят – ва ўпраўленне выхаваўчай працы з моладдзю і пяцьдзясят – у прафкам студэнтаў БДУ. У першую чаргу арыентуемся на актыў. На факультэты газета прыходзіць у памеры пяцідзесяці-шасцідзесяці асобнікаў. Вось на факультэты мы нумары адпраўляем, а як яны далей распаўсюджваюцца – мы не ведаем. Але я ўпэўнены, свежыя выпускі заўсёды ляжаць у дэканатах у адкрытым доступе – заходзь і бяры. Раней на кожным факультэце быў адказны чалавек за распаўсюд газеты. А цяпер усё ў інтэрнэце.
У снежні мінулага года дэлегацыя БДУ наведала Швецыю, пазнаёмілася з друкаванымі СМІ. Нам сказалі, што нават у Швецыі такая ж сітуацыя, калі іх “супергазеты” з кідкімі загалоўкамі, велізарнымі фатаграфіямі, дызайнерскімі наваротамі чытаюць людзі не маладзейшыя за сорак гадоў. Нават там, у Швецыі, такога ўзроўню газеты моладзі не цікавыя. Гэта дадзенасць, з якой трэба жыць. Але пры гэтым лічаць, што мінімум пятнаццаць-дваццаць гадоў друкаваныя версіі газет будуць запатрабаваныя.
У нас ёсць электронная версія газеты. Цяпер мы запусцілі новы сайт, і актыўна над ім працуем. Аднак лічу, што тыя матэрыялы, якія ўвайшлі ў газету, маюць больш значны статус, а ў інтэрнэце ўсякія нататкі ў агульнай масе губляюцца. У газеце публікуюцца выбраныя матэрыялы, апрацаваныя, больш якасныя. Ёсць такі міф, што напачатку дзевяностых некаторы час газета не выходзіла. Але яна захавала сваё існаванне дзякуючы афіцыйным аб’явам.

— З якога часу выходзіць выданне?

— Афіцыйна газета існуе з 1929 года. У гэтым мы давяраем універсітэцкім гісторыкам. У 1929 годзе яна звалася “Ленінскі шлях”, затым – “За пралетарскія кадры”, падчас вайны і пасля – “За сталінскія кадры”, а з 1954 пачала звацца “Беларускі ўніверсітэт”. У 2005 годзе выйшла пастанова, што “беларускі” не можа прысутнічаць у назве структур і газета стала звацца проста “Універсітэт”.

— Якая аўдыторыя газеты? Апішыце партрэт студэнта.

— У нас шмат фатаграфіі студэнтаў з газетай у руках. У першую чаргу гэта сімпатычны студэнт ці студэнтка, запамінальны. Сама сітуацыя, звязаная з газетай і друкаванай прэсай, зводзіцца да таго, што такімі рэчамі могуць цікавіцца досыць удумлівыя, разважлівыя людзі, якім гэта трэба. Таму што ўласцівасць інтэрнэт-паведамленняў заключаецца ў тым, што засвойваецца толькі 3 % інфармацыі, матэрыялы “шапачныя”. Лід яшчэ прачытаюць, а вось націскаюць на “падрабязней” толькі 15 % аўдыторыі. Наша задача і палягае ў тым, каб дастукацца да тых людзей і стварыць умовы, каб хоць бы яны сапраўды маглі атрымліваць нашу газету.
Мы сутыкаемся з тым, што дарослыя людзі, супрацоўнікі БДУ, кажуць: “Ізноў вы са сваёй газетай!” Таму што гэта не “Камсамольская праўда”, дзе можна знайсці рэцэпт баршчу ці “смажаную” навіну. Але мы імкнёмся знаходзіць такія тэмы, якія могуць уяўляць цікавасць для ўсіх, а ад статычных навін мы адмаўляемся. Многія выкладчыкі з задавальненнем бяруць і чытаюць газету, гэта зусім іншы ўзровень развіцця. Ну як гэта, працуючы ва ўніверсітэце, не цікавіцца жыццём універсітэта? Усё таму, што мы не знаходзім нейкіх жоўтых фактаў. А калі да людзей звяртаешся, маўляў, давайце пагаворым “пра жысць”, яны адказваюць: “Не, для газеты не буду”. Навінамі і праблемамі падзяліцца не жадаюць, а вось у курыльні папросту абмяркоўваць будуць.

— Газета больш іміджавая ці інфармацыйная?

— Мы б, можа, і жадалі быць аператыўнымі і аб’ектыўнымі, але нам людзі не дазваляюць тым, што часам ад іх вельмі цяжка здабыць інфармацыю. Матэрыялы ў стылі “ўра! патрыятызм” дакучаюць, бо калі чытачы атрымліваюць газету ў рукі, яны чакаюць больш аналітычных ці крытычных матэрыялаў. Мы імкнёмся рабіць глыбейшыя паведамленні, у кожны матэрыял дадаць трохі аўтарства, развіць тэму.

— Адкуль вы атрымліваеце інфармацыю?

— Галоўным чынам ад прэс-службы БДУ. Але бывае, што да нас даходзяць навіны, пра якія і прэс-служба не ведае. Асабліва ў нас запатрабаваная інфармацыя пра мінулыя мерапрыемствы, якая прэс-службе ўжо не актуальная. Таксама даведваемся навіны ад людзей, фатографаў, да нас увесь час паступаюць званкі ад факультэтаў і падраздзяленняў.

— Ці думалі вы прыцягваць рэкламадаўцаў?

— Думалі, нават ужо размяшчалі. Галоўным чынам нам паступалі занадта дробныя прапановы. У прынцыпе, валтузні з гэтым дастаткова, шмат нюансаў, набярэцца аргументаў дзесяць за і супраць. Але самавітыя замовы мы прымалі, я самастойна распрацоўваў прайс-ліст, якога на той момант не было. Атрымліваецца, што на гэту дзейнасць трэба вылучаць ледзь ці не асобнага чалавека і ў газеце трэба знайсці месца, а фармат невялікі, і ў чатырохпалосніку матэрыялы распланаваныя, рэкламу проста няма куды ставіць. У нас і так шмат паведамленняў. Газета невялікага фармату, а пастаянных рубрык шмат. Любая новая дадатковая рубрыка нас моцна напружвае.

— А дадатковыя палосы ўвесці?

— Нам гэта ідэя падабаецца, і час ад часу мы выдаем узбуйненыя нумары, больш разнастайныя і змястоўныя. Але ўсё ўпіраецца ў рэсурсы. Па-першае, трэба штат умацоўваць яшчэ адной адзінкай. Дадасца працы рэдактару, карэктару, верстальшчыку, гэта патрабуе шмат сіл і ўвагі. Па-другое, пашырэнне палос не апраўдаецца матэрыяльнымі выдаткамі на іх выраб. Цяпер усё вельмі накладна. Нумар рэкламай ніяк не акупіцца.

— Ці атрымліваеце вы водгукі ад чытачоў, герояў матэрыялаў?

— Мы заўсёды цікавімся меркаваннем тых, пра каго ідзе гаворка ў матэрыялах. Часам тэлефануюць з журфака ці філфака і паказваюць на арфаграфічныя памылкі. А бываюць і наадварот прыемныя неспадзёўкі… А вось да дзевяностагоддзя выйшаў выпуск юбілейнай газеты, які быў добра спланаваны і прадуманы. Мы апыталі кіраўніцтва, уключылі інтэрв’ю з вядомымі выпускнікамі, гістарычны нарыс, распавялі пра яркія студэнцкія праекты і культурна-спартыўныя падзеі, але, як высветлілася, абдзялілі дэканаў, не ўзяўшы іх каментары. Аднак чыста фізічна газета не змясціла б у сябе інтэрв’ю з усімі васямнаццаццю дэканамі, але ім гэта не растлумачыш.
Часта ў прыватных гутарках нам кажуць, што бракуе злабадзённых матэрыялаў, але, як я ўжо адзначаў, для газеты афіцыйна нашы суразмоўцы часцяком самі пазбягаюць вострых тэм, а пасля заўзята крытыкуюць. Але цешыць, што ўсё ж станоўчых водгукаў значна больш.

Гутарыла
Ксенія КАРАВАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: