Гумфак: 10 гадоў на скрыжаванні розных спецыяльнасцяў і кірункаў

6 Oct, 2014.

10 лет ФМО Гурскій
Што такое дзесяць гадоў? У кожнага з нас ёсць свой адказ гэта пытанне. Для самага маладога факультэта БДУ дзесяць гадоў – першая сур'ёзная дата, наш маленькі юбілей. За гэты час мы змаглі стаць адным з самых перспектыўных факультэтаў БДУ і дамагчыся ўсеагульнага прызнання. Рэгулярныя заняткі на гуманітарным факультэце пачаліся не так даўно – у кастрычніку 2004 года, – але ўжо сёння факультэт можа пахваліцца дасягненнямі як у навуковым, так і грамадскім плане. Унікальнасць гуманітарнага факультэта заключаецца ў арганічным спляценні розных спецыяльнасцяў і кірункаў. Дзякуючы шырокай арыентацыі навучання тут склалася адмысловая неперадавальная атмасфера. У гонар імпрэзы дзесяцігоддзя факультэта мы пагаварылі з дэканам, Уладзімірам ГУРСКІМ, і даведаліся пра праблемы ў мінулым, прагнозы на будучыню і ацанілі сітуацыю ў сучаснасці.
– Уладзімір Яўгенавіч, гуманітарны факультэт вядзе сваю гісторыю з 2004 года. З 2005 года Вы з'яўляецеся дэканам. Скажыце, як адчуваць, што ўжо такі доўгі тэрмін уся адказнасць ляжыць на Вас?
– Напачатку абавязкі дэкана гуманітарнага факультэта выконваў Спірын Уладзімір Захаравіч, па сумяшчальніцтве ён займаў пасаду прарэктара па эканоміцы і інвестыцыях. З  22 жніўня 2005 года, калі прайшоў першы вялікі набор і мы сталі не маленькім падраздзяленнем, а рэальным факультэтам, на гэту пасаду прызначылі мяне.
– Можна сказаць, што Вы "выгадавалі" наш факультэт. Што Вы адчуваеце, назіраючы за тым, як расце Ваша стварэнне?
– У першую чаргу, вядома, пачуццё адказнасці, бо ёсць адзін нюанс – я не выпускнік БДУ. Я скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча па спецыяльнасці "Радыётэхнічная", таму заўсёды стаяла пытанне, ці адпавядаю я ў поўнай меры гэтай пасадзе. Безумоўна, калі факультэт хваляць, мяне перапаўняе пачуццё гонару. У развіццё гуманітарнага факультэта ўкладваецца велізарная праца. Нашай галоўнай задачай было стварэнне калектыву, бо, на першы погляд, нашы спецыяльнасці не маюць агульных кропак судакранання. Тут, як кажа Васіль Іванавіч Стражаў (рэктар БДУ ў 2003–2008 – заўв. аўтара), ствараўся факультэт англійскага тыпу, калі ў адным месцы аб'ядноўваюцца розныя спецыяльнасці і кірункі. Гэта быў эксперымент, які, як я лічу, у нас атрымаўся (смяецца). Акрамя таго, што ўсталяваліся гарманічныя ўзаемаадносіны паміж кафедрамі, самі студэнты здолелі знайсці агульную мову адзін з адным.
– Многія задаюцца пытаннем, якім чынам можна сабраць на адным факультэце такія розныя кафедры. Скажыце, ці атрымалася стварыць адзінае цэлае з усіх спецыяльнасцяў, якія прадстаўлены на гуманітарным факультэце?
– Безумоўна, гэта вельмі важна, што нашы спецыяльнасці дазваляюць цесна супрацоўнічаць кафедрам. Тая ж кафедра інфармацыйных тэхналогій, здавалася б, не мае ніякага дачынення да гуманітарнага кірунку, аднак асновы інфармацыйных тэхналогій выкладаюцца для ўсіх спецыяльнасцяў. У тым ліку і кафедра сучасных замежных моў з накірункам камп’ютарная лінгвістыка можа цесна супрацоўнічаць з кафедрай інфармацыйных тэхналогій. Акрамя таго, на пасяджэнні дэканата часта ўздымаюцца пытанні пра паспяховасць студэнтаў і іх стаўленне да вучобы. Атрымліваецца, што выкладчыцкі склад кожнай кафедры знаёміцца са студэнтамі ўсіх спецыяльнасцяў.
– Любы кіраўнік так ці інакш сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі. Якіх прынцыпаў узаемадзеяння Вы прытрымліваецеся ў канфліктных сітуацыях?
– Я прытрымліваюся наступнага прынцыпу: чалавека трэба пераконваць, а не прымушаць. Ну і другі прынцып: трэба быць больш даступным. У мяне няма чаргі: як студэнт, так і педагог можа зайсці ў любы момант.
– Скажыце, што Вы можаце назваць у якасці галоўных дасягненняў за час існавання факультэта? Чым ці кім Вы ганарыцеся?
– Па-першае, нашымі актывістамі. Студактыў гуманітарнага факультэта – цэніцца. Усе моладзевыя рухі – за намі (смяецца). У прыватнасці, касцяк валанцёраў на еўрапейскіх і сусветных чэмпіянатах – нашы студэнты. Акрамя таго, нашы валанцёры супрацоўнічаюць з дзіцячымі дамамі, дамамі састарэлых, бальніцамі.
Па-другое, нашы студэнты актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядах, канферэнцыях, займаюць прызавыя месцы. Напрыклад, кафедра менеджменту можа ганарыцца пераможцамі Маскоўскай навуковай канферэнцыі. Шмат падзячных лістоў у студэнтаў спецыяльнасці “сацыяльная работа”.
Па-трэцяе, самае важнае наша дасягненне – атмасфера сяброўскай згуртаванасці. На гуманітарным факультэце склаўся шэраг традыцыйных мерапрыемстваў: “капуснік”, паездкі на Пціч – якія збліжаюць студэнтаў усіх спецыяльнасцяў.
Што ж тычыцца непасрэдна працэсу навучання, мы ажыццяўляем перавод студэнтаў на бюджэт або прапануем зніжэнне аплаты. Раней па гэтых паказчыках гуманітарны факультэт займаў другое месца пасля ФМА.
– А якія справы з працаўладкаваннем студэнтаў?
– Студэнтам бюджэтнай формы навучання заўсёды даецца размеркаванне пасля ўніверсітэта. Тым, хто навучаецца платна, пры іх жаданні, наш факультэт гэтак жа гатовы дапамагчы з працаўладкаваннем. Але, як правіла, студэнты старэйшых курсаў знаходзяць сабе працу самастойна.
– Якія перспектывы Вы як кіраўнік можаце вылучыць на найбліжэйшы час?
– Задача любога факультэта – пошук актуальных спецыяльнасцяў. Гуманітарны факультэт знаходзіцца ў такім пошуку. Напрыклад, на адзін з нашых новых кірункаў, які адкрыўся толькі год назад, прыкладную культуралогію, конкурс быў нават на платныя месцы. Мы будзем працягваць працаваць у гэтым кірунку для таго, каб нашы выпускнікі і далей заставаліся запатрабаванымі на рынку працы.
– Што б Вы пажадалі напрыканцы інтэрв'ю Вашым калегам і студэнтам?
– Хочацца пажадаць усім поспехаў. Маім студэнтам – каб вучыліся толькі на "выдатна" і каб зніжка была ва ўсіх (усміхаецца). Хай гэтыя гады вучобы будуць яркімі, каб было што ўспомніць і ў 40 і ў 70, каб сяброўства трымалася. Шчасці, здароўя, і каб мы заўсёды былі запатрабаваны.

Валерыя РАМАНАВА

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *