Васіль Стражаў: «Гуманітарны быў «нечаканым дзіцем», але атрымаўся вельмі таленавітым!»

6 Oct, 2014.

10 лет ФМО

Апошні дзень верасня асабліва запомніўся студэнтам гуманітарнага факультэта БДУ, бо менавіта 30 верасня 2014 года самы малады факультэт універсітэта распачаў імпрэзы ў гонар свайго дзесяцігадовага юбілею.
Адкрывала імпрэзы юбілею прадстаўленне на паркоўцы перад будынкам факультэта. Сёлета арганізатары пастараліся на славу! Традыцыйна адкрыў імпрэзу дэкан факультэта У. Я. Гурскі, які павіншаваў усіх студэнтаў і выкладчыкаў факультэта. І вось праз некалькі хвілін перад гледачамі паўстаў сапраўдны самурай, які прадэманстраваў прысутным цудоўнае майстэрства валодання мячом. Не абыйшлося і без парачкі хвалюючых неспадзевак: у сваім выступе акцёр задзейнічаў траіх добраахвотнікаў з натоўпу, якія дапамагалі яму прарабляць неверагодныя трукі.

10 лет ФМОПасля гэтага прадстаўлення перад прысутнымі выступіў намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце І. І. Янушэвіч, які таксама павіншаваў усіх з днём нараджэння факультэта. Затым пачалася другая частка, у якой каскадзёр прымусіў ізноў пахвалявацца гледачоў, дэманструючы магчымасці свайго цела і неверагодны спрыт. Скончылася гэтая частка імпрэзы паказам відэавіншавання ад студэнцкіх арганізацый, пасля чаго ўсе ахвотныя змаглі пакаштаваць святочны торт.
Працягнуліся імпрэзы ў актавай зале Інстытута журналістыкі БДУ, дзе праходзіў святочны канцэрт. Зала была цалкам запоўнена, бо гуманітарны факультэт прыйшлі павіншаваць не толькі яго студэнты і выкладчыкі, але і прадстаўнікі іншых факультэтаў БДУ. Вядоўцамі канцэрта былі Канстанцін Прыдыбайла і Уладзімір Лазук, вядомыя выпускнікі гуманітарнага факультэта.
Уладзімір Яўгенавіч Гурскі у сваім выступе звярнуўся да гісторыі факультэта. Усе як быццам вярнуліся ў 2004 год, калі быў падпісаны загад пра стварэнне факультэта, а таксама ажыццёўлены першы набор. Год за годам факультэт рос, папаўняўся новымі кадрамі, студэнты ўсё ахвотней паступалі сюды. На сёння гуманітарны факультэт з’яўляецца адным з найбуйнейшых факультэтаў БДУ.
Пасля гэтага слова было дадзена першаму прарэктару БДУ Міхаілу Анатольевічу Жураўкову, які павіншаваў гуманітарны з юбілеем, а таксама падарыў ад універсітэта каляровы прынтар. Пасля гэтага ён узнагародзіў выкладчыцкі склад гуманітарнага факультэта ганаровымі граматамі, падзякамі і каштоўнымі прызамі.
Павіншаваў родны факультэт студэнт 3 курса Алег Шчуцкі, больш вядомы ўсім як спявак AlenHit.
Вялікай неспадзеўкай для ўсіх стала віншаванне ад дэканаў факультэтаў БДУ, якіх, дарэчы, было восем. Яны таксама павіншавалі факультэт з днём нараджэння і паднеслі падарунак – камп’ютар.
Яркім і запамінальным быў выступ супрацоўнікаў упраўлення па справах культуры БДУ Аляксея Барэйшы і Паўла Паліўко, якія выканалі песні «Ой рэчанька, рэчанька…» і «Купалінка».
Немагчыма ў гэты дзень было не ўспомніць людзей, дзякуючы якім гуманітарны факультэт з’явіўся ў БДУ. На сцэну падняліся рэктар-заснавальнік  факультэта Васіль Іванавіч Стражаў і першы дэкан Уладзімір Захаравіч Спірын. Падчас выступу В. І. Стражаў адзначыў: «Гуманітарны быў нечаканым «дзіцем», але атрымаўся вельмі таленавітым!»
Павіншаваў усіх з юбілеем і Валерый Іванавіч Дунай, загадчык кафедры экалогіі чалавека гуманітарнага факультэта БДУ, а таксама рэктар універсітэта імя Сахарава.
Немагчыма было б уявіць свята без тых людзей, якім гуманітарны факультэт адкрыў дарогу ў жыццё. Прынялі эстафету віншаванняў выбітныя выпускнікі факультэта – Я. Рупакова, якая, дарэчы, стала адной з першых студэнтак факультэта, К. Прыдыбайла, а таксама В. Лазук, які скончыў гуманітарны ў 2014 годзе.
Музычныя віншаванні гучалі і ад студэнтаў іншых факультэтаў, і нават ВНУ. Пацешылі гледачоў песнямі Антон Мартынаў, студэнт гістарычнага факультэта, Дзмітрый Нікановіч, студэнт Інстытута журналістыкі БДУ, Паліна Калафаці, студэнтка ўніверсітэта імя Сахарава.
Нельга было абысці і цяперашніх студэнтаў. Ад усіх студэнтаў гуманітарнага факультэта выступілі П. Александровіч, К. Васілеўская, Н. Лабзо.
Кульмінацыяй свята стала выкананне гімна гуманітарнага факультэта БДУ.
На гэтым імпрэзы не скончыліся. 1 і 2 кастрычніка 2014 года была праведзена маштабная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы гуманітарнай адукацыі».
А ўвечар 1 кастрычніка ўсе ахвотнікі змаглі наведаць вечарыну ў клубе “Мэдысан”.
На працягу гэтых некалькіх дзён было сказана вельмі шмат віншаванняў на адрас факультэта. Атмасфера свята яшчэ доўга будзе панаваць у паветры.
«З днём нараджэння вас! З днём нараджэння нас! З днём нараджэння, гуманітарны!»

Кацярына ШМЫК
10 лет ФМО

Яшчэ больш фота з мерапрыемства   глядзіце тут

 

print

Вам таксама можа спадабацца: