Вучыць замежнікаў рускаму: слухачы спецыяльнасці “РКІ” атрымалі дыпломы пра перападрыхтоўку

30 Nov, 2016.

img_5184

Для факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі БДУ гэта другі выпуск спецыялістаў, якія змогуць навучаць рускай мове замежнікаў. Сёлета другі дыплом атрымалі сем студэнтаў, характэрна, што двое з іх зусім нядаўна самі былі замежнікамі.

Максат Керымаў і Гуванч Ягшыгелдыеў з Туркменістана прайшлі шлях, што завецца, ад вучня да настаўніка: сем гадоў назад прыехалі ў Беларусь атрымліваць вышэйшую адукацыю як замежныя студэнты. Рускую мову прыйшлося вучыць з нуля, але жаданне і зацятасць дапамаглі не толькі хутка пераадолець моўны бар’ер, але і атрымаць у адзін год адразу два дыпломы. Выпускнікі плануюць вярнуцца на радзіму і выкладаць рускую мову суайчыннікам. Максат у Туркменістане працуе з беларускімі кампаніямі, якія займаюцца калійнымі ўгнаеннямі. Зараз дыпламаваны спецыяліст дадаткова будзе выконваць абавязкі перакладчыка, а таксама навучаць іншых супрацоўнікаў кампаніі рускай мове. У Гуванча ў планах працаваць у Туркменістане выкладчыкам рускай у школе ці ўніверсітэце.

Максат Керымаў з дэканам ФПКП Ганнай Басавай

Максат Керымаў з дэканам ФПКП Ганнай Басавай

— Спецыяльнасць вельмі запатрабавана і актуальная. На яе не прыходзяць выпадковыя людзі. У нашых слухачоў ёсць вызначаныя планы на будучыню датычна прафесіі, – распавядае Кацярына Хальпукова, куратар спецыяльнасці “Руская мова як замежная”. – Замежнікі сёння хочуць вучыць рускую мову, таму людзі, у якіх ёсць адпаведны дыплом, якія могуць выкладаць рускую мову як замежную, вельмі каціруюцца за мяжой. Яны могуць працаваць як з дарослымі людзьмі, напрыклад, з прадстаўнікамі пасольства, так і з дзецьмі-білінгвамі.

img_5183

Сёння выпускнікі спецыяльнасці паспяхова працуюць з замежнікамі не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Германіі. Слухачы, якія атрымалі дыплом пра перападрыхтоўку сёлета, паедуць выкладаць у Туркменістан і Турцыю.

Здабыць другую прафесію могуць усе, хто ўжо мае вышэйшую адукацыю. Для таго, каб атрымаць дыплом пра перападрыхтоўку і выкарыстоўваць свае веды ў працы з замежнікамі, неабходна паспяхова засвоіць навучальную праграму – навучанне доўжыцца два гады па завочнай форме, уключае чатыры сесіі і практыку.

Валерыя БАНДАРЧЫК

img_5126

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: