Гісторыкі кааперуюцца з МДУ

13 Mar, 2014.

ХодинПадчас візіту кіраўніцтва гістарычнага факультэта БДУ 24 студзеня на гістарычны факультэт МДУ імя М. В. Ламаносава падпісана праграма супрацоўніцтва і адбыўся круглы стол «Расійска-беларускае ўніверсітэцкае супрацоўніцтва: стан і перспектывы».

Галоўным вынікам стала падпісанне працоўнай праграмы супрацоўніцтва гістарычных факультэтаў БДУ і МДУ на 2014–2015 гг. (у межах дамовы паміж МДУ і БДУ). Яна змяшчае план сумесных вучэбна-навуковых мерапры­емстваў, у тым ліку абмен дактарантамі і аспірантамі, падрыхтоўку магістарскіх праграм і вучэбных практык, ажыццяўленне даследчыцкіх праектаў і інш.
На сустрэчы дэкан гістарычнага факультэта МДУ акадэмік Сяргей Карпаў і дэкан гістарычнага факультэта БДУ Сяргей Ходзін падкрэслілі значнасць глыбокіх агульных гістарычных каранёў добрасуседскіх адносін Белару­сі і Расіі, сумеснага вывучэння гісторыі Расіі і Беларусі, а таксама вылучылі супрацоўніцтва менавіта нашых уні­версітэтаў і факультэтаў.
Па словах С. П. Карпава, «універсітэцкая супольнасць грае неад’емную ролю ў інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы. Галоўнай задачай шматгадовага супрацоўніцтва з беларускімі калегамі было і застаецца разуменне неабходнасці захоўваць непа­рыў­насць гума­нітарных навуковых школ. Але, акрамя паспяховага ўза­ема­дзеяння ў мінулым, у гістарычных факультэтаў вядучых універсітэтаў Расіі і Беларусі ёсць цудоўная будучыня. Цяперашняя працоўная праграма дазволіць нам сумесна рэалізоўваць буйныя ўніверсітэцкія праекты, а менавіта: правядзенне міжнародных канферэнцый, абмен дас­ледчыкамі, агульную магістарскую практыку, архіўныя пошукі, што, безумоўна, важна і цікава ўсім кафедрам нашага факультэта».
С. М. Ходзін падкрэсліў: «Гісторыя супрацоўніцтва МДУ і БДУ па сутнасці пачынаецца з пралогу: менавіта «Маскоўская камісія», якая займалася пытаннямі падрыхтоўкі да адкрыцця Беларускага ўніверсітэта ў Мінску, уключала ў 1921 г. значную колькасць прафесараў Маскоўскага ўніверсітэта на чале з рэктарам Вячаславам Волгіным. Прафесар МДУ Уладзімір Пічэта стаў першым рэктарам БДУ, а маскоўскі прафесар Дзмітрый Канчалоўскі прачытаў першую лекцыю для беларускіх студэнтаў». Студэнты і аспіранты пачулі пра падтрымку, якую аказалі супрацоўнікі і кіраўніцтва МДУ дзейнасці БДУ ў гады Другой сусветнай вайны, пра ўдзел маскоўскіх калегаў у пасляваенным аднаўленні навуковай школы ў Мінску.
У сустрэчы бралі ўдзел пастаянныя партнёры гістарычнага факультэта МДУ: старшыня савета РГА НКА «Беларусы Масквы», доктар псіхалагічных навук, прафесар Сяргей Кандыбовіч і старшыня Асамблеі народаў Расіі доктар палітычных навук Святлана Смірнова.
Словы падзякі пасольству Беларусі ў РФ за падтрымку ўсіх гуманітарных праектаў, якія маюць дачыненне да гісторыі Беларусі, выказала кіраўнік навукова-даследчага цэнтра гісторыі дыяспар гістфака МДУ Аксана Солапава.
Андрэй ЛЮБЫ,
дацэнт гістарычнага факультэта БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: