“КЛУмБа” сустракае студэнтаў БДУ

5 Nov, 2014.

клумба бгу

 28 кастрычніка ў чытальнай зале для працы з кніжнымі помнікамі прайшло другое пасяджэнне клуба аматараў мастацкага слова “КЛУмБа”.

Клуб аматараў мастацкага слова “КЛУмБа” адкрыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на базе Фундаментальнай бібліятэкі БДУ. Галоўная яго задача – развіццё цікавасці да чытання і літаратурнай творчасці студэнтаў і далучэнне іх да гістарычнай спадчыны Беларусі і сусветнай культуры.

Клуб стаў пляцоўкай для дыскусій і сустрэч навучэнскай моладзі з вядомымі пісьменнікамі і творчымі людзьмі. На яго аснове адбываецца мноства тэматычных мерапрыемстваў: літаратурныя гасцёўні і вечары, лекцыі, круглыя сталы і майстар-класыў. Акрамя таго, клуб – гэта добрая альтэрнатыва “сцэны” для аўтараў-пачаткоўцаў. Іх творчасць могуць ацаніць вядомыя беларускія крытыкі і літаратуразнаўцы. Сябрам клуба можа стаць любы студэнт, магістрант і аспірант БДУ.«КЛУмБа» БГУ

На другім пасяджэнні клуба падзяляліся сваім творчым і жыццёвым досведам пісьменнікі Уладзімір Аляксандравіч Навумавіч, адзін з галоўных універсітэтазнаўцаў БДУ, і доктар медыцынскіх навук прафесар Эдуард Іосіфавіч Збароўскі.

Гэта пасяджэнне было прысвечана Дню нараджэння БДУ і сабрала мноства студэнтаў, якія выконвалі свае вершы і песні, а таксама падзяляліся ўражаннямі ад вучобы ва ўніверсітэце.

Арганізатары культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ былі прыемна здзіўлены, што на “КЛУмБу” сабраліся не толькі тыя, хто ўжо быў на першым пасяджэнні ў верасні: “Нашы шэрагі значна выраслі. Нам трэба будзе падумаць пра больш прасторнае памяшканне, каб змясціць усіх ахвотнікаў”.

Адна з арганізатараў і вядучая пасяджэння Ірына Сцяпанаўна Шкіронак распавяла пра клуб: “Наша КЛУмБа” мае досыць сур’ёзныя планы. Ва ўніверсітэце так шмат вас – таленавітых дзяцей. Хтосьці любіць пісаць вершы. Хтосьці – іх спяваць. Хтосьці любіць выступаць, весці мерапрыемствы. Хтосьці – проста слухаць і ўдзельнічаць у літаратурных гульнях і дыспутах. І таму мы вырашылі аб’яднаць усіх. І так стварыўся клуб аматараў мастацкага слова. На нашы сустрэчы мы запрашаем знакамітых людзей з творчым досведам. Яны могуць многае нам распавесці і падзяліцца чымсьці асаблівым”.клумба бгу

Клуб плануе праводзіць сустрэчы кожны месяц. “Але гэта не значыць, што мы будзем бачыцца толькі ад сустрэчы да сустрэчы. Таксама на базе Фундаментальнай бібліятэцы будуць праводзіцца розныя літаратурныя конкурсы. А на пасяджэннях мы будзем абмяркоўваць нашу творчасць”, – распавяла Ірына Сцяпанаўна.

З вітальным словам першым на “КЛУмБе” выступіў галоўны универсітэтазнавец і сябар бібліятэкі Уладзімір Аляксандравіч Навумовіч.клумба бгу наумович

“Я люблю ўсё, што робіць бібліятэка. Імкнуся прыходзіць на кожны конкурс, таму што мяне прыцягвае ўсё, што звязана са студэнцкай творчасцю”, – падзяліўся Уладзімір Аляксандравіч.

Ён распавёў пра гісторыю ўніверсітэта, пра навукоўцаў, пісьменнікаў і іншых знакамітых выпускнікоў БДУ. Таксама Уладзімір Аляксандравіч распавёў пра сваю кнігу “Універсітэт – феномен цывілізацыі”, якая была напісана да 90-годдзя БДУ і адрасавана студэнтам.

“На сінім фоне залацістая галінка – гэта “папараць-кветка”. Гэта знак поспеху, ведаў. Гэта і знак БДУ. Гэта кветка ў душы кожнага з нас. Яе святло – гэта ззянне душы. А зараз папараць зацвіла на “КЛУмБе”, – распавёў Уладзімір Аляксандравіч.

Напрыканцы свайго выступу Уладзімір Навумовіч прачытаў верш Алеся Гурло “Беларускаму ўніверсітэту”.

Далей на “КЛУмБе” прагучалі вершы, прысвечаныя БДУ. Першай выступіла Аліна Карпіцкая, студэнтка філалагічнага факультэта, з “Клятвай універсітэту”.

“Укантакце” ёсць група “КЛУмБа”. Вы можаце пісаць сюды свае аповеды і вершы, як зрабіла гэта і Аліна, і іншыя ўдзельнікі. Можаце каментаваць свае ўражанні пра сустрэчы. Галоўнае – не саромцеся”, – адзначыла Ірына Сцяпанаўна Шкіронак.

Другой выступіла са “Студэнцкай одай БДУ” Кацярына Роўда, студэнтка завочнага аддзялення філалагічнага факультэта. Пасля прагучаў верш Таццяны Купрыянец, студэнткі фізічнага факультэта “Роднаму БДУ ад выпускніцы” і акраверш Ганны Швыдлоўскай “Восень і БДУ”.

“Гэтыя вершы мы перадалі Міхасю Паўлавічу Пазнякову, паэту, старшыну Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён праводзіў з бібліятэкай конкурс студэнцкіх прац “Славянскі калейдаскоп”. Сумесна з ім мы плануем выдаць зборнік студэнцкіх прац да 95-годдзя БДУ”, – падзялілася Ірына Сцяпанаўна.

У якасці музычнай паўзы на “КЛУмБе” выконваліся песні дуэта з удзелам Аліны Масалавай і саксафаніста Ільі Візера.

Таксама на сустрэчы быў кардыёлаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі энергаінфармацыйных навук, член Саюза беларускіх пісьменнікаў Эдуард Іосіфавіч Збароўскі. Ён аўтар дзесяці кніг паэзіі і навуковай публіцыстыкі. Пяць сваіх паэтычных зборнікаў ён падарыў чытачам БДУ.клумба бгу збаровский

Эдуард Іосіфавіч звярнуўся да студэнтаў з прапановай пра супрацоўніцтва. “Хутка 70 гадоў Перамогі. З некаторымі студэнтамі я рыхтую эсэ “Успаміны пра Вялікую Айчынную вайну”. Яны апытваюць сваіх родных, знаёмых, якім давялося жыць у той час. Я спадзяюся, што мы разам з вамі выдадзім гэтыя ўспаміны і ўнясём уклад у гісторыю. Таму прапаную падзяліцца ўспамінамі вашых бабуль і дзядуляў”.

Другой тэмай пасяджэння была “Восень”.

“Сёлета кастрычнік сонечны і цёплы. Але лістапад – не заўсёды вясёлы і яркі… У восені ёсць свой настрой, ён змяняецца. Кожны ўспрымае восень па-свойму. І ўсе вершы, якія былі адпраўлены ў групу, таксама былі рознага настрою. Напрыклад, Аліна Карпіцкая напісала: “Жадаю яркую восень”, а Лера Ісаковіч: “Восень, ты шчырая… Ціхая восені мілата” і шматлікія іншыя вершы”, – распавяла Ірына Шкіронак.

Завяршылася сустрэча ўдзельнікаў “КЛУмБы” вершам Уладзіміра Караткевіча “Заяц варыць піва” ў выкананні вядучай.

“І ўсім жадаю радасці. Радасці творчасці. Радасці ад чытання добрай кнігі, радасці натхнення, радасці сустрэчы са сваімі сябрамі, радасці чакання новай сустрэчы”, – пажадала Ірына Сцяпанаўна Шкіронак.

25 лістапада на “КЛУмБе” адбудзецца сустрэча з паэтам-лірыкам, сувядучым тэлеперадачы “дыя@блог PS” Анатолем Зэкавым. Ён правядзе майстар-клас, які дапаможа маладым і таленавітым паэтам.

Фаіна НАКАНЕЧНАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: