Універсітэцкая паўсядзённасць на старонках шматтыражкі: чытаць і асэнсоўваць

19 Dec, 2014.

Бел унниверс+

Гістарычны шлях, які прай­шоў за 93 гады наш універсітэт, цяпер пакрыху асэнсоўваецца праз доследы яго ж наву­коўцаў. Праз БДУ ві­да­воч­на праходзілі ўсе плы­ні гра­мадска-палітычнага жыцця і 1920-х гадоў, і гадоў 30-х, універсітэт разам з усёй краінай ваяваў і аднаў­ляўся, не заставаўся ўбаку ад працэсаў міжнародных, ус­прымаў дзе стрымана, а дзе з апераджэннем розныя ўрадавыя ўстаноўкі і гра­мадскія ініцыятывы. Такім ён застаецца і сёння.
Пра гэту шматбаковую ўні­­версальную сутнасць БДУ можна даведацца з самых розных крыніц. Даведацца і асэнсаваць, асэнсаваць і паспрабаваць узнавіць прой­дзены ўніверсітэтам шлях, лёсы яго выкладчыкаў, супра­­цоўнікаў, студэнтаў. Упэўне­ны, што гэта наш абавязак.
Сярод самых розных кры­ніц па гісторыі БДУ вылучаецца сваёй інфарматыў­най унікальнасцю яго шматтыражка, якая цяпер носіць спрошчаную, але вельмі адказную сэнсавую назву – «Універсітэт». Наша газета – пераемніца традыцый папя­рэдніх выданняў. Падаецца, што ўжо існуе неабходнасць пісаць гісторыю самой уні­версітэцкай прэсы. Гэта быў бы цікавы прадмет навуковага даследавання. Справа ў тым, што прэса дагэтуль застаецца на «перадавой» усіх кірункаў жыцця краіны і грамадства. У тым ліку і ўнівер­сітэцкая газета. Трэба мець на ўвазе, што шматтыражка дзейнічала побач з іншымі выданнямі, сярод якіх было нямала моладзевых, дакладней студэнцкіх, не толь­кі газет, а і часопісаў – напрыклад, часо­піс «Чырвоны Сьцяг», у выпуску якога да­па­магалі і прафесары БДУ.

титул чырвоны сцягАсобным раздзелам можа стаць расповед пра факультэцкі насценны друк, пра які зноў жа расказвае пераважна ўніверсітэцкая шматтыражка. Пра яго можна знайсці цікавыя звесткі і ў іншых выданнях. Так, ужо згаданы орган «Цэнтральнага бюро Пралетарскага студэнцтва Беларусі і Цэнт­ральнага Кіраўніцтва Бела­рускіх зямляцтваў г. Масквы» часопіс «Чырвоны Сьцяг» у № 7 за 1925 г. падаў агляд стану насценнага друку ў БДУ і іншых навучальных установах БССР. Галоўная мэта публікацыі «Аб насьценных газэтах» – абгрунтаванне сэнсу і мэты такога віду друку. У якасці дадатку да гэтага як бы тэарэтычнага артыкула часопіс падаў матэрыял пра дзейнасць насценнай газеты медфака БДУ «Медфакавец», якая на 1925 год мела ўжо 12 вы­пус­каў. Адзначым, што газета была не рукапісная, а друкаваная – «на добрай тоўстай паперы на шырокіх кускох».

Пэўную цікавасць уяўля­юць нават пертурбацыі з самой назвай нашай «ведамаснай» газеты і пазначэнні, «органам» якіх універсітэцкіх кіраўнічых структур яна з’яўлялася ў той ці іншы час. Так, у зменах назвы адлю­строўвалася не столькі ака­дэ­мічная скіраванасць БДУ, а яго дзяржаўна-палітычная заангажаванасць. Між тым выданню такой газеты, якая б мела агульнаўніверсітэцкі статус, перашкаджалі розныя акалічнасці. Мабыць, пэўны час перавага аддавалася якраз насценнаму друку, які быў больш апера­тыўным і дакладным у падачы інфармацыі свайму чытачу. Патрэбна адзначыць і той факт, што пра БДУ амаль штодня пісалі самыя розныя рэспубліканскія і мясцовыя газеты і часопісы. Іх пералік унушальны нават на сёння­шні час. Таму чытач мог даведацца пра самыя розныя падзеі ўніверсітэцкага жыцця з беларускай прэсы. А яшчэ была магчымасць зразумець сутнасныя характа­рыс­­тыкі штодзённасці і сэнсу дзейнасці ўніверсітэта праз выданні, якія падсумоў­валі вынікі з рознай нагоды («Першы выпуск Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсы­тэту. 20 лютага 1925 году», «Бела­рускі Дзяржаўны Унівэрсы­тэт. 1921–1927. Да 10-й гадавіны Кастрыч­ніка­вай рэвалюцыі», «Дзесяць год Беларускага Дзяржаў­нага Унівэрсытэту. 1921–11.VII–1931» і інш.).
Хаця можна лічыць пэўнай кропкай адліку 1924 год, калі ўніверсітэцкі друк увасобілі «Голас студэнта» і «Голас рабфакаўца», хаця і яны былі толькі насценнымі газетамі. На рубяжы 1920–1930-х гг. «Голас рабфакаў­ца» выдаваўся як орган камуністычнай і камсамольскай ячэек і прафкама рабфака БДУ. Тады ж з’явілася і газета «За бальшавіцкія кад­ры» – орган бюро парткалектыву і прафкама нядаўна створанага факультэта народнай гаспадаркі. І неў­забаве гэтая газета разам з факультэтам стала пасля «разбуйнення» ўніверсі­тэта ўвасабляць прэсу са­мас­тойнага Беларускага ін­сты­тута народнай гаспадаркі імя Куйбышава. Відавочна, што ўніверсітэцкая прэса суправаджала і адлюстроў­ва­ла дзейнасць нашага БДУ амаль што з самага пачатку яго гісторыі!

 бгу гаета университет редколегия стеной газеты голос рабфаковца 1922-1923
Аднак, па-сапраўднаму, універсітэцкія газеты да канца 1920-х гадоў так і не змаглі стаць паў­нава­р­тас­ным друкам. А па­дзеі рубя­жу 1920–1930-х гг. і ўвогуле амаль зламалі па­пярэднюю практыку прэзен­тацыі ўні­вер­сітэцкага жыцця і непасрэдна карпа­рацыі вык­лад­чыкаў і студэн­таў, і навакольнаму свету.
Ужо пры новым рэктару Язэпу Каранеўскім, з 1929 г., выйшла некалькі нумароў газеты «Ленінскім шляхам».

бгу газета университет Ленинским шляхам Яна спачатку была «органам Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту», а рэдакцыя размяшчалася ў Праўленні (рэктарат) БДУ. Аднак дзейнасць газеты поўнасцю кантралявалася ўніверсітэцкай партыйнай арганізацыяй. Даволі хутка пад відавочным уплывам гонкі, якая распачалася ў савецкай вышэйшай школе, за як мага хутчэйшую і таннейшую падрыхтоўку кадраў для індустрыялізацыі газета стала называцца «За пралетарскія кадры». А калі ж нарэшце савецкая вышэйшая школа стала набываць пэўную стабільнасць, калі яе кіраўнікі змаглі сумясціць у сістэме вышэйшай адукацыі рысы і характарыстыкі як бы класічнага ўзору з ідэаламі і неабходнасцю мацавання савецкага ладу, то з’явіліся не толькі грунтоўныя навучальныя планы і былі акрэслены адпаведныя навуковыя парадыгмы, але і набыла свае адметныя рысы ўнівер­сітэцкая шматтыражка. Газета па-сапраўднаму стала пераўтварацца ў носьбіта падзей, якімі жыў БДУ, у ін­фарматара пра яго поспе­хі і няўдачы, у распаўсюдж­валь­ніка ведаў пра навакольны свет, найбольш знакавыя падзеі міжнароднага жыцця. І адначасова – стала абсалютным завадатарам, ініцы­я­т­­а­рам розных рухаў, заклі­каў, рэагаванняў і г. д. Як і крытыкам і нават цэнзарам, які адсочваў усе адхіленні ад партыйнай лініі.
З 1935 года ўніверсітэц­кая газета стала выходзіць пад выключна «правільнай» і акрэсленай усім тагачасным сэнсам дзейнасці БДУ назвай – «За ленінскія кадры». І такой заставалася да чэрвеня 1941 г. – да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

бгу газета университет за ленинския кадрыЧас «Сходні», узнаўленне ў жніўні 1944 г. працы БДУ ў зруйнаваным Мінску не спры­ялі ўзнаўленню выхаду газеты. Першы яе нумар пабачыў свет толькі 6 ліста­пада 1947 г. ужо пад новай назвай, якая адлюстравала выключнасць асобы Сталіна ў перамогах савецкага народа на ўсіх франтах – мірным і ваенным. Газета БДУ стала называцца «За сталінскія кад­ры». І такой яна заставалася да 2 верасня 1955 г. А потым была адноўлена бадай што самая дакладная і сутнасная назва – «Бела­рус­кі ўніверсітэт».
Патрэбна звярнуць увагу на мову выдання: яна была – і застаецца – выключна роднай, беларускай (у 1923–1924 гг. «Голас рабфакаўца» яшчэ дапаўняўся нумарамі на ідыш). А калі ўчытацца ў безліч рэпартажаў, інфарма­цыйных замалёвак, справаздач і многіх іншых газетных артыкулаў, то звяртае на сябе ўвагу дастаткова высокая рэдакцыйная і моўная культура нашага выдання. Як і разнастайнасць матэры­ялаў, імкненне «трымаць руку на пульсе» часу, быць пэўным навігатарам для сваіх чытачоў у віхуры сучасных (тагачасных) падзей. Увогуле, атрымліваеш нейкую асалоду, калі ўчытва­ешся ў газетныя радкі, якія нясуць абсалютна дакладную (нават калі відавочны суб’ектыўны ўхіл) інфарма­цыю пра тое, чым жыў БДУ ў той ці іншы час, як працавалі, вучыліся, займаліся навукай яго выкладчыкі і студэнты. А калі знаходзяцца факты пра асоб, што ў пэўны час рас­пачыналі свой шлях у БДУ з лаўкі студэнта і потым (і сёння) сталі гонарам універсі­тэта, усёй краіны, то як бы дакранаешся да самога сэнсу існавання alma mater.
Але пакуль што, на жаль, мы не змаглі прачытаць і асэнсаваць усе старонкі як знакавай для нас гісторыі НАШАГА ЎНІВЕРСІТЭТА, так і найцікавейшыя старонкі НАШАЙ шматтыражкі – «ЎНІВЕРСІТЭТ». А ра­біць і зрабіць гэта патрэбна, каб адпавядаць духу і сэнсу атрыманай універ­сітэцкай адукацыі.
Прафесар Алег ЯНОЎСКІ

На фота: 2. рэдкалегія  насценнай газеты "Голас рабфакаўца"

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *