Асобы БДУ. Універсітэцкі фатограф пабачыў многае

14 Apr, 2015.

Красковский БГУ фото

Сваім вобразам БДУ шмат у чым абавязаны фатографу Генадзю КРАСКОЎСКАМУ, які на працягу 50 гадоў здымае выкладчыкаў, студэнтаў  і навукоўцаў альма-матар.

Аднак сам Генадзь Аляксандравіч, хоць ён бывае амаль на ўсіх мерапрыемствах, заў­сё­ды застаецца за кадрам. Рэдакцыя газеты «Універсітэт» нарэшце вырашыла зняць на камеру таго, хто здымае іншых, і распытаць яго пра адданасць прафесіі.
У кабінеце Генадзь Аляксандравіч сядзіць вельмі рэдка. Часцей ён бярэ свайго вер­нага сябра, фотаапарат, і адпраўляецца на здым­кі па просьбе супрацоўнікаў на розныя факультэты. Камусьці патрэбна стварыць дыдактычны матэрыял, хтосьці запрашае на дзень нараджэння кафедры, іншыя адзначаюць свята, а некаторыя праводзяць канферэнцыю. Бываюць дні, калі Генадзь Крас­коўскі пераходзіць з аднаго мерапрыемства на другое, не маючы часу на адпачынак, і гэта ў яго сталым узросце. Ніхто лепш за яго не ведае, наколькі багатае на падзеі жыццё ўніверсітэта.
На здымках Генадзя Аляксандравіча не пазначана, што яны зроблены менавіта ім. Па яго словах, ён зусім абыякавы да славы. І толькі хоча, каб яго праца была заўва­жана людзьмі.
Тое ж самае тычыцца і гістарычных падзей, якіх Генадзь Аляксандравіч адлюстраваў багата. У яго фотаархіве знойдуцца выявы ажно васьмі рэктараў, за дзейнасцю якіх ён сачыў па «абавязку службы», асаблівае месца ў гісторыі БДУ займаюць фотаздымкі Пятра Машэрава падчас яго наведвання на­шага ўніверсітэта, візіты Міхаіла Гарбачова, Аляксандра Лукашэнкі і шматлікіх прэзідэнтаў і высокіх гасцей іншых краін. Ён прысутнічаў пры падпісанні першых дамоў аб супрацоў­ніцтве БДУ з МДУ рэктарамі Фёдарам Ка­пуц­кім і Віктарам Садоўнічым, з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, пры ўшана­ваннях многіх ганаровых прафесараў, пры сустрэчах з нобелеўскімі лаўрэатамі, касма­наўтамі і пры іншых неардынарных падзеях.
Генадзь Краскоўскі патрапіў у БДУ, калі ў далёкія 60-я гады паступіў на вячэрняе аддзяленне факультэта радыёфізікі і стаў ла­барантам праблемнай лабараторыі паўпра­ваднікоў фізфака, якой загадваў Валянцін Ткачоў. Але атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі з пэўных прычын яму не ўдалося. У 1967 г., калі з’явілася кафедра паўправад­нікоў, Генадзь Аляксандравіч уладкаваўся туды тэхнікам і займаўся апрацоўкай розных крышталяў для навуковых экспе­рыментаў. Адначасова ён рэгулярна фата­графаваў для вучэбных патрэб усяго фа­культэта і нават зняў кінасюжэт пра буд­ат­радаўскі рух для агульнага фільма пра БДУ.
З 1971 г. пасля службы ў арміі ён пэўны час прапрацаваў у толькі створаным НДІ ПФП, а ў 1975 г. разам з Давідам Прэсам арганізаваў агульнаўніверсітэцкую фоталабараторыю. З таго часу Генадзь Краскоўскі і засяродзіўся на сваёй любімай справе – фатаграфаванні. У 1978 г. ён стаў загадчыкам фоталабараторыі, кім і з’яўляўся да нядаўняга часу. «На той час фоталабараторыя была даволі вялікай, – расказвае Генадзь Краскоўскі. – Пад маім кіраўніцтвам працавала 12 фоталабарантаў і кінамеха­нікаў, якія абслугоўвалі ўсе падраздзяленні ўніверсітэта. Яна была створана з не зусім творчай мэтай. У нашу задачу ўваходзіла забеспячэнне навучальнага працэсу. Нашы фотаздымкі і слайды часта служылі наглядным дапаможнікам да практычных і лабараторных заняткаў студэнтаў».
Фатаграфіі Генадзя Аляксандравіча былі выкарыстаны для выпуску розных буклетаў, фотаальбомаў і плакатаў. Ён, асабліва ў ма­ладосці, пасылаў фотапрацы на розныя рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы і нават выйграваў іх. Аднак часцей ён проста выконвае свае штодзённыя абавязкі, фік­суючы ўсе важныя для ўніверсітэта падзеі і ствараючы памяць пра яго асоб.

красковскій геннадій бгу
Нядаўна ён фатаграфаваў супрацоўнікаў і студэнтаў на дошку гонару. Для яго гэта адказная справа. Людзей, якія заслугоў­ваюць пашаны, трэба было прадставіць у найбольш выгадным святле. А для гэтага прыйшлося заклікаць на дапамогу ўсё ўласнае пра­фе­сійнае майстэрства. І, як вынік, уганараваныя БДУ асобы прыцягваюць увагу ўсіх, хто праходзіць каля стэнда.

Генадзь Аляксандравіч памятае, як у 7 гадоў самастойна змайстраваў камеру Абскура. Гэтай картоннай прыладай ён фатаграфаваў на працягу 2-х гадоў. І самае цікавае, што атрымоўвалася. У школе заўважылі яго новае захапленне. Да Генадзя Краскоўскага звярталіся самі настаўнікі, каб ён зрабіў фотаздымкі для школьных насценных газет і стэндаў.  Фотасправа спадарожнічала яму і пад час вучобы ў гарадскім прафтэхвучылішчы, дзе ён атрымаў спецыяльнасць наладчыка аўтаматаў і паўаўтаматаў, і пад час службы ў войску.
Фатаграфанне стала яго жыццём. І ўжо не мае сэнсу разважаць, наколькі выпадковым гэта было. Галоўнае, што яго жаданне здымаць людзей і з’явы прынесла плён.
Ганна ЛАГУН
Фота Ганны ЗАНКОВІЧ

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *