А ты абраў сабе прафесію будучыні? Удзел студэнтаў БДУ ў прафарыентацыі

24 Apr, 2015.

Прафарыентацыя

4 і 11 красавіка інфармацыйна-практычная ўстанова «Студэнцкая фабрыка думкі» арганізавала прафарыентацыйны трэнінг для абітурыентаў «А ты абраў сабе прафесію будучыні?». У рамках праекта «Прафарыентацыя» цяперашнія студэнты распавядаюць пра свае спецыяльнасці, факультэты і універсітэты. Дзеляцца з абітурыентамі інфармацыяй пра студэнцкае жыццё і адукацыйныя магчымасці. І менавіта студэнты нашай alma mater складаюць большасць з ліку валанцёраў-трэнераў «Прафарыентацыі» розных універсітэтаў Беларусі.

Прафарыентацыя праходзіць ужо трэці раз. І кожны раз на заняткі прыходзяць навучэнцы 8-11 класаў, якія не вызначыліся са сваёй будучай прафесіяй. У першы дзень, 4 красавіка, студэнтка-псіхолаг з БДУ Кацярына Кавальчук правяла з вучняміі прафарыентацыйнае тэставанне, якое выяўляе схільнасць да таго ці іншага віду дзейнасці. Пасля была арганізавана індывідуальная праца з кожным школьнікам, даваліся тлумачэнні па анкетах і рэкамендацыі на будучыню. Другой часткай першага дня стала сустрэча са студэнтамі, якія, выкарыстоўваючы методыку «жывой бібліятэкі», расказвалі пра тое, як паспяхова здаць іспыты і ЦТ, пра этапы падачы дакументаў у ВНУ, ваенную кафедру і ўніверсітэцкае жыццё ўвогуле.

Другі блок, 11 красавіка, праходзіў у нефармальнай абстаноўцы. У адпаведнасці з заяўкамі школьнікаў запрашаліся студэнты цікавых для іх універсітэтаў і факультэтаў. Варта адзначыць, што менавіта студэнтаў БДУ чакалі больш за ўсіх. Асаблівай цікавасцю ў абітурыентаў карысталіся факультэт міжнародных адносін і Інстытут журналістыкі БДУ. У завяршэнні нефармальнай размовы студэнт гефака Аляксандр Малевіч распавёў пра адукацыйныя магчымасці замежных краін. Аднак пасля яркіх прэзентацый універсітэтаў і спецыяльнасцяў Беларусі будучыя абітурыенты рашуча настроены застацца ў нашых ВНУ.

Дарэчы, галоўны арганізатар «Прафарыентацыя» таксама студэнтка факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Вольга Падамацька:

«У гэты раз прафарыентацыю прайшлі 20 абітурыентаў. Нашы заняткі носяць індывідуальны характар, таму нам прасцей працаваць у невялікіх групах. У пачатку першага дня мы прасілі удзельнікаў пісаць лісты ў будучыню і прапаноўвалі адказаць на пытанне, кім яны бачаць сябе праз 5 гадоў. А 11 красавіка пасля ўсіх блокаў мы зноў задалі гэтае ж пытанне. Адказы паклалі ў канверты і аддалі дзецям, каб яны самастойна іх параўналі і зразумелі, ці была прафарыентацыі сапраўды карысная для іх, ці вызначыліся яны з будучай спецыяльнасцю і выбралі сабе прафесію будучыні. Мы кантактуем са школьнікамі пасля трэнінгу, падтрымліваем з імі сувязь, перажываем за іх. Дарэчы, тых, хто не змог наведаць сустрэчу са студэнтамі, мы «звязваем» праз сацыяльныя сеткі, каб вучні змаглі асабіста задаць свае пытанні. Хочацца сказаць вялікі дзякуй усім удзельнікам і студэнтам-лектарам!»

«Прафарыентацыя» – ініцыятыва студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі. Студэнты і выпускнікі адчуваюць сваю сацыяльную адказнасць перад будучымі пакаленнямі, бо яны ўжо прайшлі многія этапы універсітэцкага жыцця, самі калісьці баяліся паступаць, не верылі ў свае сілы, не ведалі сваіх магчымасцяў. Дзякуючы такім праектам можна адзначыць, як важна асабіста падтрымліваць кантакт з абітурыентамі. Мы не толькі атрымліваем матываваных абітурыентаў, але і ўдзячных студэнтаў, якія становяцца высакакласнымі спецыялістамі. Бо той, хто так адказна падыходзіць да выбару спецыяльнасці, можа дамагчыся неверагодных поспехаў у справах.

Ксенія КАРАВАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: