Адукацыя ў вымярэнні будучыні. Працяг навукова-адукацыйнага партнёрства БДУ і Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта

9 Jun, 2015.

томск25–30 мая 2015 года Цэнтрам якасці ўніверсітэцкай адукацыі і Лабараторыяй праектавання інавацыйных адукацыйных сістэм Нацыянальнага даследчага Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта была арганізавана серыя навукова-педагагічных мерапрыемстваў, актыўны ўдзел у якіх прынялі супрацоўнікі Цэнтра праблем развіцця адукацыі ГУВНМР БДУ Аляксандр Палоннікаў і Дзмітрый Кароль. Ключавымі тэмамі сумеснай працы з томскімі навукоўцамі і педагогамі сталі: экспертыза праграмы магістратуры "Кіраванне сацыяльнымі і адукацыйнымі інавацыямі", праца Школы гуманітарнага даследавання, прэзентацыя навучальнага курса па фарміраванні ў будучых кіраванцаў адукацыі досведу крытычнага педагагічнага мыслення. Навуковая экспертыза праграмы магістратуры пачалася з даклада дырэктара Цэнтра якасці ўніверсітэцкай адукацыі ТДУ Вольгі Калачыкавай з дэталёвым выкладам арганізацыйна-педагагічнай структуры кірунку падрыхтоўкі магістрантаў па кіраванні адукацыйнымі інавацыямі. У фокус экспертызы з актыўным удзелам беларускіх навукоўцаў была змешчана даследчая і навучальная дзейнасць студэнтаў, якая ўключае ў сябе сітуацыйны аналіз, мадэляванне сістэмы дзеянняў кіраванца, апрабаванне створанай мадэлі на прадмет яе рэалізоўнасці. Абмеркаванню лёсу навуковай школы ў сітуацыі сыходу з жыцця яе заснавальніка была прысвечана серыя семінараў, якія адбыліся ў ТДУ ў перыяд з 25 па 29 мая 2015 года, суарганізатарамі якіх выступілі беларускія навукоўцы. Гаворка ішла пра навукова-педагагічную школу Галіны Мікалаеўны Празументавай, з імем якой звязана інавацыйна-адукацыйнае супрацоўніцтва БДУ і ТДУ, якое актыўна развіваецца ў апошнія гады. Пачатак гэтаму супрацоўніцтву было пакладзена ў 2012 годзе падчас стажыроўкі прафесара Г. М. Празументавай у Цэнтры праблем развіцця адукацыі нашага ўніверсітэта. У наш час у актыве ўніверсітэцкага ўзаемадзеяння і досвед сумесных выданняў, і ўзаемная экспертыза вынікаў навуковых даследаванняў, і распрацоўка інавацыйна-адукацыйных праграм навучання, запатрабаваных сучаснай педагагічнай практыкай. Даследчая праца па вывучэнні навуковай традыцыі Г. М. Празументавай была арганізавана як калектыўнае аналітычнае і праектыўнае перапрачытанне ("rereading") навуковага даклада Г. М. Празументавай "Метадалогія і методыкі гуманітарнага даследавання адукацыйных інавацый". Асаблівасцю працэдуры яго правядзення выступала ўжытая арганізатарамі тэхніка "павольнага чытання" ("сlose reading"), для якога ўласцівая аналітычная ўстаноўка, сумесны спосаб ажыццяўлення, уключанасць у працэс чытання ўзаемадзеяння каментарыяў удзельнікаў. У дадзеным выпадку педагагічнае выкарыстанне "павольнага чытання" па-за традыцыйным для яго філалагічным кантэкстам звязана з беларускімі распрацоўкамі. Паводле апошніх вынікаў эксперыментальных даследаванняў ЦПРА БДУ, "павольнае чытанне" прыводзіць не толькі да большай асэнсаванасці тэксту, які вывучаецца студэнтамі, але і дазваляе перамясціць у цэнтр чытацкай увагі саму практыку чытання, працэс вытворчасці чытацкай пазіцыі, дыферэнцыяваць стаўленне да яе чытача. Апошняе ў поўнай ступені супадае з вядомым палажэннем айчыннай педагагічнай псіхалогіі, паводле якога сутнасць адукацыі складаецца ў апасродкаванай скіраванасці навучальнай актыўнасці навучэнца на яго самога як на свой прадмет. У выпадку семінара рэфлексіўнае даследаванне захоплівала таксама і галіну апасродкавання чытацкай пазіцыі практыкай чытання. Адным з важных вынікаў праробленай працы стала праграма развіцця навукова-педагагічнай школы Г. М. Празументавай на 2015–2016 год, якая ўключыла ў сябе праект сумесных эксперыментальных навукова-практычных пляцовак развіцця педагагічных інавацый БДУ і ТДУ. Таму, як праектаваць формы і змест навучальных праграм магістратуры ў сітуацыі перманентных універсітэцкіх змен, былі прысвечаны два навукова-практычныя семінары пад агульнай назвай "Крытычнае педагагічнае мысленне", арганізаваныя ў Томску навукоўцамі БДУ. Акцэнт у абмеркаванні быў зроблены на культурнай інавацыі – медыятарнай трансфармацыі. Гаворка ідзе пра тое, што навучальны працэс, цэнтраваны на друкаваным тэксце і вусным выказванні, якое яго каментуе, усё часцей змушаны дзяліцца сваім "месцам" дамінантных адукацыйных ведаў з аўдыявізуальнымі пасярэднікамі і зрокавымі выявамі. Даследаванне таго, наколькі ўніверсітэт гатовы прыняць сёння "іканічны выклік", стала вызначальным у эксперыментальным пошуку семінара. Падчас працы першага семінара яго ўдзельнікі выявілі, што тэкстацэнтраваныя маўленчыя практыкі, сфарміраваныя досведам адукацыйнага ўзаемадзеяння, блакуюць зрокавае ўспрыманне, перакладаюць прадметы бачання (выявы) у іх мажлівыя аналагі (уяўленні), падпарадкоўваюць інтэрпрэтацыю зрокавых канструкцый логіцы аналізу пісьмовых тэкстаў і правілам паводзін, што дыктуецца навукова-навучальным наратывам. Другі семінар даследаваў дыскурсіўны "лёс" інтэрнэт-паведамлення ў паўсядзённай навучальнай сітуацыі. Прысутным быў прапанаваны для аналізу тэкст, пазбаўлены часткі элементаў "пісьменнай" тэкстуальнай арганізацыі (вялікая колькасць памылак, адсутнасць разбіўкі на абзацы, бачная перавага ў тэксце пафасу над логасам). Першая палова заняткаў, якія прытрымліваліся нарматыўнай устаноўкі, развівалася як прынцыповая крытыка паведамлення. Прысутныя актыўна выкарыстоўвалі рэсурс персаналізацыі выказвання, былі схільныя ацэньваць яго аўтара ў тэрмінах інтэлектуальнай недастатковасці, наўмыснай эпатажнасці, а аўтарскую пазіцыю як правакатыўную ці сутнасна акультурную. І толькі пераход у другой частцы заняткаў да "захраслага", дыскрэтнага і зваротна-паступальнага аналізу тэксту дазволіў удзельнікам семінара выявіць у вонкава "без-вобразным" паведамленні і змястоўную глыбіню, і эфектыўны педагагічны прыём. Вынікам пяцідзённай напружанай працы серыі навукова-адукацыйных семінараў стала праграма сумесных даследаванняў навукоўцаў Томскага і Беларускага дзяржаўных універсітэтаў у галіне практыкі адукацыйнай інаватыкі, распрацоўкі эксперыментальных навучальных курсаў магістарскай падрыхтоўкі, публікацыйнай дзейнасці. Наступныя сустрэчы даследчыкаў і распрацоўшчыкаў універсітэцкай адукацыі адбудуцца ў кастрычніку бягучага года ў Мінску і Томску. Д. Ю. КАРОЛЬ А. А. ПАЛОННІКАЎ    
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *