«Под сводами великих тех соборов, звучит орган, прославленный в веках»

22 Oct, 2015.

полоцкий собор

Саюз жанчын БДУ ў мінулыя выхадныя арганізаваў паездку ў горад-патрыярх Полацк. Трэба прызнаць адразу, што шчаслівым уладальніцам гэтага тура незвычайна пашчасціла двойчы: у гэты дзень і надвор’е стаяла цудоўнае! Цёплае і з характэрнымі для кастрычніка кароткімі сонечнымі прамянямі. Не зусім, каб яно даслоўна адпавядала пушкінскаму радку, але, прызнаюся: з вышыні Сафійскага сабора можна было разглядзець плаўны рух багавіння ў Заходняй Дзвіне… Зачараванне!

Першым пунктам нашай праграмы было наведванне Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.

полоцкий соборЁн заснаваны каля 1128 года. Яго ўзнікненне звязана з імем беларускай падзвіжніцы – святой прападобнай Ефрасінні. Толькі ўявіце сабе: на адносна невялікай пляцоўцы ўзвышаюцца тры храмы: Крыжаўзвіжанскі сабор (1897), Праабражэнскі (XII ст.) і Ефрасіннеўскі (1847). Усе яны розныя па архітэктуры і значнасці. У Праабражэнскім храме захоўваюцца ўнікальныя фрэскі XII стагоддзя, а таксама алейны жывапіс таго часу. Да 2009 года на тэрыторыі манастыра вяліся працы па аднаўленні храма. Рэстаўрацыяй размалёўкі займалася група міжабласнога навукова-рэстаўрацыйнага мастацкага ўпраўлення пры Міністэрстве культуры і масавых камунікацый Расіі на чале з В. Сараб’янавым і беларускія спецыялісты з інстытута “Мінскрэстаўрацыя”.

Выдатны экскурсавод, краязнаўца, малады гісторык Дзяніс Філіпчук “аформіў” стандартную даведачную інфармацыю ў аповед пра святую Еўфрасінню і пра Полацк. Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Беларусі быў буйным духоўным цэнтрам. Манастыр перажыў Першую сусветную вайну і паслярэвалюцыйныя ганенні вернікаў, гады фашысцкай акупацыі і паваеннае трыццацігадовае запусценне… Толькі ў 1989 годзе Святы сінод Рускай праваслаўнай царквы блаславіў адраджэнне Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра. Сёння ў ім па статуце пражываюць больш за 90 сясцёр. Калісьці багатая манастырская бібліятэка страчаная, але ў наш час ствараецца новая.

полоцкий собор

Наступным пунктам праграмы быў знакаміты Сафійскі сабор. Ён быў пабудаваны ў сярэдзіне XI стагоддзя па падабенстве Сафійскага сабора ў Канстанцінопалі (цяпер –Стамбул, заўв. аўтара). Яго будаўніцтвам па версіі адных гісторыкаў займалася запрошаная з Канстанцінопаля арцель. Галоўная ідэя храма – уваходжанне жыхароў Полацкай зямлі ў Сусветную царкву, напамін пра Сафійскі сабор Канстанцінопаля – знак магутнасці княжай улады.

Але першапачатковы выгляд гэтага сабора да нашых дзён не захаваўся. Падчас Паўночнай вайны 1700–1721 гадоў у прытворы храма размяшчаўся парахавы склад, які 1 мая 1710 года ўзарваўся. Пасля чаго Сафійскі сабор быў цалкам разбураны і праляжаў у руінах аж да 1738 года. Ускосна паспрыяў гэтаму факту расійскі імператар Пётр I. Але падрабязней пра гэтыя версіі можна знайсці інфармацыю ў інтэрнэце.

Сафійскі сабор аднавілі ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ўжо ў стылі віленскага барока. полоцкий соборАрхітэктурны помнік уваходзіць у склад Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

У наш час пад купалам сабора гучыць арган. Тут арганізаваны канцэрты. Адзначу, што гараджане і турысты ў выходныя дні заўсёды напаўняюць залу легендарнага сабора. І нас уразіла віртуознае выкананне арганісткі, выпускніцы Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайковского па класах фартэпіяна і аргана Ксеніі Пагарэлай класічных твораў Баха, Бетховена, Вівальдзі… Падкрэслю, тут, у Сафійскім саборы, ужо мелі гонар выступіць такія арганісты-віртуозы, як Ёган Трумер (Аўстрыя), П’ер Жыво (Францыя), Вераніка Вэбер-Геркен (Германія).

полоцкий собор

Побач з саборам усталяваны адзін з Барысавых камянёў – гэта адзін з валуноў, пакінутых на нашай тэрыторыі пасля раставання ледніка. У Беларусі пастаўлена некалькі падобных камянёў па загадзе полацкага князя Барыса Усяславіча.На камені выбіты крыж і надпіс “Господи помози”.

борисов камень полоцк Легенда сцвярджае, калі абысці камень тры разы і загадаць жаданне, дакранаючыся да крыжа, тое яно спраўдзіцца. Цяжка паверыць, але мы, адукаваныя жанчыны, так і зрабілі! Пагадзіцеся, без веры ў цуды свет становіцца нейкім цьмяным і нецікавым, ці што… Пакуль ніхто не бачыў, як цуды дзеюцца. Хтосьці з вялікіх казаў, што ёсць два спосабы пражыць жыццё: так, быццам цудаў не бывае і так, быццам усё жыццё – цуд. Але ўсе ведаюць адно: яны здараюцца там, дзе ў іх вераць.

Хай так і будзе!

 Жанна ВАСАНСКАЯ

полоцкий собор

print

Вам таксама можа спадабацца: