Віртуальная рэальнасць ці рэальная віртуальнасць?

18 Dec, 2015.

интернет- зависимость- социальные-сети - басалыго - артём Памятаю, як у дзяцінстве сцягваў прасціну з ложка, завязваў яе сабе на шыю і бегаў па кватэры, трымаючы ў руках «меч» — маміну качалку для цеста. Мне здавалася, што я супергерой, які ўмее лётаць і абараняць людзей ад небяспекі. Узімку разам з хлопцамі з двара будавалі велізарныя снежныя крэпасці. У тыя імгненні мы станавіліся непераможнымі ваярамі, і кожны абараняў свой замак ад «іншаземцаў». Час прайшоў, але мы не перасталі прымяраць выдуманыя вобразы ў сваім паўсядзённым жыцці. Толькі гэта ўжо не дзіцячыя жарты, а неад’емная частка нашага існавання. Сацыяльныя сеткі даюць магчымасць быць не тым, хто ты ёсць на самой справе, а тым, кім хацелася б. З аднаго боку, гэта і добра. Сціплы, нерашучы ў жыцці, «УКантакце» ці «Аднакласніках» ты можаш стварыць удалы вобраз цікавага, камунікабельнага маладога чалавека, які з лёгкасцю  пазнаёміцца з любой прыгожай дзяўчынай, і падтрымліваць з ёй прыемную гутарку. интернет- зависимость- социальные-сети - басалыго - артём Калі ты не можаш рэалізаваць свае мары ў рэальным жыцці, Інтэрнэт — гэта тое месца, дзе можна, здаецца, здейсніць усё. Асноўнымі карыстальнікамі сацыяльнай сеткі з’яўляюцца падлеткі. Гэта і так усім вядома. Нашы бацькі не вельмі рады таму, што большую частку вольнага часу мы праводзім за камп’ютарам у віртуальнай прасторы. Але яны і самі — тыя яшчэ хітруны. Напрыклад, матулі старанна выбіраюць фотаздымкі, дзе на іх твары няма ні адной маршчынкі, яны, адзетыя ў прыгожыя сукенкі, стаяць на фоне мора ці дарагой машыны. Для дарослых сацыяльная сетка — гэта у першую чаргу, не зносіны, а магчымасць паказаць сябе з выгоднага боку. На іх віртуальнай пляцоўцы ідзе няспыннае спаборніцтва — хто чаго дасягнуў у жыцці. Сучасны чалавек, на жаль, хавае свой сапраўдны твар пад маскай, нават пад шматлікімі маскамі. интернет- зависимость- социальные-сети - басалыго - артёмНа кожны выпадак у яго падрыхтавана новае аблічча. Часам мы самі забываемся, хто мы ёсць на самой справе. Чалавек настолькі зліваецца з выдуманым вобразам, што вельмі часта губляе сябе ў велізарным свеце фальшывых пачуццяў. На паверхні — глянцавая вокладка: добрае месца працы, прыгожая вопратка, дарагая парфума… А што ўнутры? Унутры — пустата, адзінота, абыякавасць, няўпэўненасць, непаразуменне, адсутнасць перажыванняў і канкрэтных жыццёвых мэтаў. Пад уплывам сацыяльных сетак мы нярэдка забываемся пра свой уласны стыль маўлення, пра свае індывідуальныя, непаўторныя якасці. Знайшоўшы прыгожы шаблон, мы выкарыстоўваем яго як свой. А куды падзелася наша індывідуальнасць? Чаму мы не шукаем цікавае для сябе ў кніжках, у пазнавальных гуртках, у спорце? Чаму не рэалізуем сябе? Усё проста. За нас гэта можа зрабіць іншы чалавек, навошта сябе напружваць працай?! Узяў гатовае — і карыстайся. А ці спрабаваў ты быць абстрагаваным ад сацыяльных сетак і чужога меркавання? Думаю, не. Але выйсце ёсць… Каб ізаляваць нас ад сацыяльных сетак і Інтэрнэта, трэба не проста адключыць камп’ютар, трэба паляцець на іншую планету, каб не было ніякіх сродкаў сувязі. Вось тады будзе зразумела, як мы на самой справе залежым ад віртуальнага свету. интернет- зависимость- социальные-сети - басалыго - артём Для мяне гэта ўжо менавіта залежнасць. Не было дня, каб я не зайшоў прагледзець сваю пошту і навіны сяброў. І кожны раз лаўлю сябе на думцы: чаму нельга патэлефанаваць сябру проста так, без усялякай на тое прычыны. Гэта ж так прыемна! Яшчэ лепш было б сустрэцца дзе-небудзь за кубачкам гарачай гарбаты. Сучасная моладзь не жыве поўным жыццём. Здаецца, што мы нікому не патрэбныя. А чаму? Тэма адзіноты пастаянна фігуруе ў сацыяльных сетках. Начытаешся — і ўвесь час песімістычны настрой. Майму пакаленню яшчэ крыху пашанцавала. Я яшчэ памятаю, як гуляў у вайнушку, тузаў дзяўчат за косы, збіраў для матулі букеты з палявых кветак. Гэта назаўсёды застанецца для мяне добрым успамінам пра дзяцінства. Я разумею, што засцерагчы дзяцей і падлеткаў ад уздзеяння Інтэрнэта і сацыяльных сетак немагчыма, бо куды ні глянь — усюды ёсць доступ да камп’ютараў і іншых электронных «дэвайсаў». На мой погляд, станоўчых рысаў сацыяльных сетак няшмат, але ўсё ж такі яны ёсць. Дзякуючы ім можна з лёгкасцю падтрымліваць сувязь з тымі, хто далёка ад нас жыве, выкарыстоўваць іх для дзелавых камунікацый. Мы залежым ад сацыяльных сетак, але разам з тым можам скараціць гэту залежнасць да мінімуму. Ніколі не забудуся, як бегаў па кватэры, прыкідваючыся супергероем, які абараняў людзей ад небяспекі. Я не змяніўся. Зараз я таксама ратнік, неабыякавы да людзей. Хачу, каб кожны меў права на самавызначэнне і змагаўся за сваё ўласнае меркаванне, быў актыўным, зацікаўленым, са сваім поглядам на жыццё, а не з штампаванымі меркаваннямі і ідэаламі. Арцём БАСАЛЫГА интернет- зависимость- социальные-сети - басалыго - артём
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *