Сум студэнта не філалагічнай спецыяльнасці наконт самасвядомасці беларускай моладзі

16 Jun, 2016.

l3U4W6e3LJc

Папулярызацыя беларускай мовы, культуры, гісторыі: ці ўсё правільна робіцца ў суверэннай Беларусі?

Напэўна, не так шмат знойдзецца краін, грамадзяне якіх былі б задаволены захаваннем нацыянальных традыцый і культуры, і яшчэ менш краін, дзе грамадзяне гатовыя штосьці зрабіць, каб гэта змяніць. Культурныя праблемы Беларусі шмат у чым падобныя да праблем Расіі. Праўда, шмат у чым з-за Расіі, а дакладней, яе ўплыву, гэтыя праблемы і ўзнікаюць: варта ўспомніць 30-я гады і СССР. Тым не менш у абедзвюх краінах можна адзначыць грэбаванне нацыянальнай мовай і імкненне спрасціць яе, выкінуўшы самабытныя словы, нежаданне вывучаць айчынную гісторыю і незацікаўленасць культурай у цэлым, яе адрыньванне, ілжывы патрыёцтва (нават не патрыятызм), заснаванае на крычалках і малюнках з інтэрнэту.

Значную ролю грае мода, так званы "мэйнстрым": піць і паліць модна – так ты паказваеш сваю незалежнасць ад стэрэатыпаў, грамадства, дзяржавы – а здольнасць мысліць і чытаць кнігі, якія развіваюць нацыянальную самасвядомасць – навошта? Бо калі аднагодкі сустракаюць цябе, яны ў першую чаргу глядзяць на тое, як ты апрануты, што ты слухаеш, якія паліш цыгарэты і ў якія тусовачныя месцы ходзіш, а зусім не на тое, ці чытаў ты кнігі беларускіх класікаў.

Дарэчы, пра іх: калі замежная літаратура ў нас цяпер хоць неяк набірае звароты – лічыцца модным чытаць Оруэла, Паланіка, Букоўскі – то беларуская проста "не каціруецца". Можна зразумець нежаданне чытаць Дубоўку і Калюгу, шчыра прызнацца, сацрэалізм разам з мясцовымі гаворкамі парой здужаць сапраўды цяжка, над такімі кнігамі журацца звычайна студэнты толькі філалагічных спецыяльнасцяў.

Але ж ёсць Караткевіч і Быкаў з іх лёгкім стылем. З больш старога – той жа Баршчэўскі з яго аповедамі пра Беларусь, якія вельмі ярка адлюстроўваюць яе самабытнасць. Няма жадання капацца ў мінулым – вось вам "Карабель" Гігевіча, модная па сучасных мерках антыўтопія, ці актуальная "Вёска" Федарэнкі, у якой можа пазнаць сябе, мабыць, любы студэнт-правінцыял: тут вам і палітыка, і раскладанне вёскі. А вершы Барадуліна – проста пра ўсё на свеце, ды яшчэ і з мовай смачнай, ушацкай.

Проста гэта не модна, асабліва ў негуманітарных колах. Больш за тое, з досведу сваіх сяброў ведаю, што чалавек, які чытае Быкава не па праграме ці не крычыць пра свой патрыятызм, успрымаецца грамадствам як дзіўны. Бо мог бы шанаваць Каэлья, напрыклад, чаго ж ён так. Вядома, можна сказаць, што шмат у чым адчуваецца незацікаўленасць дзяржавы – і гэта таксама праўда. Відавочная адсутнасць кіраўнічай рукі як на дзяржаўным узроўні (чаму так мала фільмаў пра Беларусь, чаму не знайсці "Сотнікава" на беларускай?), так і на выкладчыцкім, калі настаўнікі не могуць зацікавіць дзяцей айчыннай гісторыяй – яна ператвараецца ў зазубрыванне сухіх фактаў да ЦТ. А ў таго ж Караткевіча гэтулькі сюжэтаў, якімі можна зацікавіць вучняў, вядома, яны з доляй мастацкай выдумкі, але там ёсць і Каліноўскі, і Крычаўскае паўстанне, і віцебскі Кунцэвіч.

Шмат мастацкай літаратуры з гістарычнымі матывамі ёсць і ў іншых пісьменнікаў, пра Ефрасінню Полацкую, напрыклад. А калі ўзяцца пералічваць, што напісана пра Рагнеду, проста закапаешся: ад біяграфічных аповесцяў да адважных інтэрпрэтацый Дударава. Усё гэта можна распавесці на ўроку, "ачалавечыўшы" гістарычных асоб. Хай не ўсіх задавальняе бачанне сучаснікамі-літаратарамі той жа Рагнеды, але ж гэта можна вынесці як пытанне на абмеркаванне: якая інтэрпрэтацыя падабаецца больш і ці мае права аўтар наогул змяняць гістарычныя факты, як Дудараў, ці лепш проста надаць увагу ўнутранаму свету гераіні, як Тарасаў?

Таксама ні для каго не сакрэт, што дзецям цяжка слухаць экскурсіі, яны адкрыта нудзяцца: таму мэта настаўніка тут – прыцягнуць увагу дзяцей да незвычайнага гістарычнага ў іх родным горадзе, распавесці пра гэта жыва і ярка, як гісторыю-легенду. Але тут атрымліваецца замкнёны круг, бо настаўнік сам ніколі гэтым не цікавіўся. Я лічу, што жыхары любой краіны маюць права рабіць, што хочуць: гэта тычыцца і мовы, і ніводная іншая краіна наогул не мае права ў гэта ўмешвацца.

IMG_6985Толькі што зробіш, калі людзі не хочуць? Калі за 20 гадоў прадстаўленай волі (хай і адноснай) зроблена так мала? І нарыхтаваны адказ на гэта ёсць: уплыў Расіі, назапашанае за гэтулькі гадоў, так проста не выкараніш. Але ж 20 гадоў! Гэта ж цэлае пакаленне! Асабліва крыўдна выяўляюцца гэтыя рэчы ў стаўленні падлеткаў, у якіх фарміруецца грамадзянская пазіцыя (ці павінна фарміравацца), але часцяком яны не адрозніваюць сваю культуру ад расійскай, не ведаюць нават імёнаў беларускіх класікаў, не кажучы ўжо пра іх творы. Менавіта таму, напэўна, у большасці беларусаў няма самасвядомасці (плюс старэйшае пакаленне ніколі да гэтага не жыло ў вольнай краіне).

Ёсць і іншая частка моладзі – тая, што крычыць пра культурныя адрозненні з Расіяй, пра мову, але пры гэтым, як і першая катэгорыя, твораў класікаў не чытала, а на беларускай размаўляе далёка не з усімі і не мае сілы перайсці на беларускую мову нават у сям’і, не кажучы ўжо пра тое, каб несці яе ў масы. Гэта значыць, паўсядзённым выкарыстаннем мовы гэта назваць складана. Тыя, хто не выкарыстоўвае мову ў штодзённасці, вельмі любяць нападаць на замежнікаў, якія спрабуюць асвоіць мову, лічачы, што акцэнт і адсутнасць слоўнікавага запасу – здзеклівая спроба перакруціць мову, насмяяцца, паказаць перавагу сваёй мовы. І з адмысловай скрупулёзнасцю шукаюць памылкі ў тых, хто адносна нядрэнна асвоіў беларускую: бач куды замахнуўся, мова вось багатая, табе яшчэ шмат падвучыць прыйдзецца, каб са мной гутарку падтрымаць. Такія патрыёты ўсе культурныя праблемы грамадства апраўдваюць тым, што суверэнная краіна маладая, маўляў, павага да культуры і мовы яшчэ не вырасла. І такіх людзей я пра сама сабе называю "канапавымі культуролагамі".

А яна і не вырасце, гэта павага. Таму што шмат у чым адчуваецца антыціск з боку дзяржавы, якая даўно б ужо магла ўвесці, прынамсі, больш інтэнсіўнае вывучэнне беларускай, павялічыць колькасць  гадзін на літаратуру і гісторыю. Як сказаў адзін з апазіцыянераў, у найгоршым разе, зняць серыял пра ВКЛ. Але пра што можна казаць, калі лідар дзяржавы не змог адкінуць палітычныя матывы і проста парадавацца за першага беларускага "Нобеля"?

Вядома, калі браць іншых лаўрэатаў, мала ў каго было ўсё гладка з уладамі: што Бродскі, што Салжаніцын, што Бунін. Але гэта і лагічна, бо проста так прэмій не даюць – павінна быць закранута праблема, якая хвалюе грамадства. Мабыць, неабходны час і змены, каб і ўлада, і некаторыя супернікі з грамадства зразумелі і прынялі праблемы, якія паднімае Алексіевіч, як гэта было з папярэднімі лаўрэатамі. Калі гэта наогул адбудзецца: з такім уплывам рускай культуры на гэта спатрэбіцца або шмат часу (і яшчэ не факт, што грамадства не выцесніць уласную культуру), або прыйдзецца ўжо "канапавым культуролагам" прачнуцца і пачаць дзейнічаць. Бо ёсць рэчы, якія можа зрабіць практычна кожны. Чаму б, напрыклад, не прыйсці ў школу і не распавесці падлеткам пра адрозненні рускай і беларускай культур? Не заняцца стварэннем папулярных сёння квэстаў/камп'ютарных гульняў па беларускіх матывах? Не паўплываць на малодшых братоў і сясцёр, растлумачыўшы ім ідэю выкарыстання мовы ў штодзённасці? Не распавесці свайму дзіцяці беларускую казку? Не напісаць матэрыял на культурную тэматыку на той жа tut.by? Каб " глаголом жечь сердца людей". Не ў сацыяльных сетках, а, нарэшце, у рэальным жыцці.

Антаніна ХАЦЕНКА

07_brsm-vyshivanki

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *