Першыя крокі і ўпэўнены поступ. Студэнты БДУ займелі поспех на Кубку Беларускай федэрацыі каратэ сётакан

16 Dec, 2015.

IMG_4189

Працэс трэніроўкі каратыста – працэс доўгі, складаны і неаднастайны. Кожнаму, хто хоча дасягнуць поспехаў у дадзеным відзе адзінаборстваў, неабходна рэгулярна наведваць заняткі, самастойна выконваць фізічныя практыкаванні і адпрацоўваць фармальныя комплексы, прытрымлівацца пэўнага ладу жыцця і ўмець якасна адпачываць. Акрамя таго, неабходна адсочваць прагрэс на кожным этапе трэніроўкі. Адным з найважнейшых і даволі аб’ектыўных спосабаў вызначыць паспяховасць засваення спартсменам тэхнічных і тактычных навыкаў, развіцця фізічных і ментальных якасцяў у любым відзе спорта з’яўляецца ўдзел у спаборніцтвах самага рознага ўзроўню.

13 снежня Беларускай федэрацыяй каратэ сётакан сумесна з Федэрацыяй ніхон сётакан каратэ-до (NSKF) на базе спарткомплексу “Алімпійскі” быў праведзены “Кубак Фунакошы” – спаборніцтвы па каратэ, названыя ў гонар вядомага майстра каратэ Фунакошы Гіцін з вострава Акінава – радзімы адзінаборства. У дадзеным спаборніцтве прынялі ўдзел і члены клуба “Фудасін” – студэнты БДУ. Для многіх з іх, хто пачаў займацца толькі з восені, гэта першая спроба сваіх сіл у рэальным змаганні; для тых спартсменаў, што ўжо маюць уласны невялікі ці значны досвед удзелу ў спаборніцтвах, мерапрыемства стала чарговай прыступкай ва ўдасканаленні майстэрства.

І юнакі, і дзяўчаты выступалі ў катэгорыі ката. Перад спаборніцтвамі мы пацікавіліся меркаваннямі спартсменаў.

– Гэта ўжо не першы мой вопыт удзелу ў спаборніцтвах падобнага ўзроўню, – распавядае Шчурык Валерый, – але ў асноўным я ўдзельнічаў у спаборніцтвах клубнага ўзроўню.

IMG_4222

На фота: 1 месца – Шчурык Валерый, 2 месца – Прыстаўка Іван, 3 месца – Пасанен Дзяніс і Сяргееў Яўгеній. Злева ад п’едэсталу – дырэктар клуба “Фудасін” Снегіроў Сяргей Мікалаевіч, справа – суддзя Сасункевіч Іван Аляксандравіч

— Да чаго складаней падрыхтавацца эмацыянальна – да спаборніцтваў па ката ці па кумітэ?

– Напэўна, па кумітэ, таму што ў ката, калі ты ведаеш сваю праграму, калі ты давёў яе да аўтаматызму, ты проста выходзіш і паказваеш яе. А ў кумітэ няма, так бы мовіць, рэцэпту перамогі, патрэбна ўвесь час сачыць за супернікам, прадказваць яго дзеянні, быць хутчэйшым, чым ён.

— Як вы пераадольваеце эмацыянальныя перашкоды перад спаборніцтвамі?

– Стараюся думаць пра тое, як мне варта рабіць патрэбнае ката, патрэбныя рухі – і не думаю пра тое, перамога будзе ў выніку ці параза. Мне патрэбна зрабіць усё як найлепш – нібы для сябе.

– Я стараюся не думаць пра важнасць спаборніцтваў, – дзеліцца сакрэтам пераадольвання хвалявання Зайцаў Яўген. – Проста адключаюся ад усіх старонніх і непатрэбных думак.

— Ці займаліся вы раней, апроч каратэ, іншымі відамі адзінаборстваў?

– Так, дагэтуль я займаўся джыу-джытсу, дакладней, двума яго кірункамі: бушынкан джыу-джытсу і кабудо джыу-джытсу.

— Як вы мяркуеце, ці дапаможа вам гэты вопыт у сённяшніх спаборніцтвах?

– Наўрад ці вопыт джыу-джытсу мне дапаможа выступіць сёння больш удала, таму што з атрыманых ведаў зараз я прымяняю толькі правільныя стойкі.

— Што для вас было самым галоўным у падрыхтоўцы да спаборніцтваў па ката? – звяртаемся да Пасанена Дзяніса. – Што наогул самае галоўнае пры выкананні ката?

– Мяркую, галоўнае – гэта пэўны настрой. Таксама пры падрыхтоўцы патрэбна надаваць вялікую ўвагу падрыхтоўчым практыкаванням – у прыватнасці, расцяжцы.

Каб лепш выступіць, вы імкняцеся перадаць свой пэўны настрой, ці спрабуеце знайсці эмацыйную падаплёку ў самім ката?

– Я спрабую ўявіць, што гэта – рэальны бой.

— А як вы пераадольваеце хваляванне?

– Я не спрабую яго пераадолець. Гэта натуральны элемент спаборніцтваў.

– Я спрабую ўявіць сабе, што я ў зале абсалютна адзін. Што ніхто не сочыць за мной і ўсім абыякава, – адказвае на тое ж пытанне Лапацін Данііл.

— Ці займаліся вы дагэтуль якімі-небудзь адзінаборствамі?

– Займаўся, але толькі каратэ.

— Як доўга?

– Год.

— Скажыце, што самае важнае для спартсмена ў спаборніцтвах: перамога, удзел ці вопыт?

– Вопыт і ўдзел.

— А як жа, не імкнучыся да перамогі, можна перамагчы?

– Перамога прыйдзе сама, калі будзеш займацца належным чынам.

– Параза можа быць не менш значная, чым перамога, – дапаўняе свайго “калегу-суперніка” Прыстаўка Іван.

— У якім сэнсе?

– Мы на спаборніцтвах, і натуральна, што на п’едэстале апынуцца не ўсе з нас. Але нішто так не стымулюе чалавека, як магчымая няўдача – калі яму сапраўды важна пакарыць пэўную вяршыню. Дарэчы, менавіта такая сітуацыя і вызначае, наколькі вяршыня рэальна важная для яго. Калі так, то чалавек будзе працаваць і дасягне пазітыўнага выніку – і ў першую чаргу здабудзе перамогу сам над сабой.

Гэта для Вас першы вопыт выступлення? – пытаемся ў студэнткі філалагічнага факультэта Хвядчэні Юліі.

– Не, гэта не першы вопыт. Я займалася каратэ і ўдзельнічала ў спаборніцтвах раней – у дзяцінстве, можа, гадоў 10 таму. Цяпер зноў аднавіла свае трэніроўкі.

— У сувязі з чым?

– У сувязі з настальгіяй.

— А як вы сёння пераадольваеце хваляванне?

 – У мяне няма хвалявання. Я такі чалавек, які не хвалюецца ніколі.

Кубак Фунакошы прынёс новыя ўзнагароды ў скарбонку БДУ.

 

IMG_4232

1 месца – Філонава Анастасія, 2 месца – Іванова Алеся, 3 месца – Чабан Аляксандра і Жаркова Аліна. Злева ад п’едэсталу – дырэктар клуба “Фудасін” Снегіроў Сяргей Мікалаевіч, справа – суддзя Сасункевіч Іван Аляксандравіч

Сярод дзяўчат першае месца ў катэгорыі ката здабыла Філонава Анастасія з журфака, 2 месца Іванова Алеся з геафака, трэцяе месца падзялілі паміж сабою Чабан Аляксандра (1 курс, філфак) і Жаркова Аліна (2 курс, ІБМТ). Сярод юнакоў: 1 месца – Шчурык Валерый (1 курс, ФПМІ), 2 месца – Прыстаўка Іван (4 курс, гістфак), 3 месца – Сяргееў Яўген (1 курс, хімфак) і Пасанен Дзяніс (1 курс, біяфак)

– Насамрэч, я вельмі хвалявалася, – дзеліцца сваімі ўражаннямі дзяўчына, што ўпершыню прымала ўдзел у змаганнях. – Я думаю, усе хваляваліся. Напэўна, сённяшнія спаборніцтвы – гэта ў першую чаргу вопыт.

— А апроч вопыту?

– Вельмі многа эмоцый. Аналізуеш свае памылкі, вучышся “быць у камандзе”.

— Ці хацелі б Вы ў будучыні выступаць у камандным ката?

– Напэўна, найперш трэба добра адпрацаваць індывідуальнае ката. Пра ўдзел у камандным пакуль яшчэ гаварыць рана.

Наперадзе ў спартсменаў безліч спаборніцтваў, і для многіх з іх гэта толькі пачатак уласнага шляху ў каратэ. Хочацца пажадаць ім не толькі новых перамог і новых вяршынь, але і новых спартыўных выпрабаванняў – бо толькі ў выпрабаваннях загартоўваецца характар спартсмена і сапраўднага воіна непахіснага духу.

Падрабязней азнаёміцца з дзейнасцю клуба “Фудасін” у БДУ можна па спасылцы на суполку клуба ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”: https://vk.com/fudoshinsk

Сяргей МАЕЎСКІ

Каратэ – у многім індывідуальны від спорту, і нават вучні з аднаго клуба, што падчас трэніровак актыўна дапамагаюць адзін аднаму засвоіць патрэбныя элементы, на спаборніцтвах аказваюцца супернікамі. Тым не менш відавочна тое, што ў эмацыйным плане выходзіць на татамі пад наглядам старэйшага таварыша можна куды больш упэўнена, чым самому, тым больш калі гэта адбываецца ўпершыню. У свеце ўсходніх адзінаборстваў (і наогул у японскай культуры) менш вопытны чалавек у адносінах да больш вопытнага, які яго вучыць, называецца кахай (сугучна нашаму прыгожаму дзеяслову ў загадным ладзе), а больш вопытны ў адносінах да менш вопытнага – сэмпай. Варта толькі зазначыць, што азначэнне кахай, дадзенае чалавеку звонку (у тым ліку і ад уласнага сэмпая), лічыцца непрыстойным, але сам чалавек сябе можа так называць.

Склад каманды БДУ па факультэтах:

Факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій:
Багамазаў Раман, 3 курс
Наказнюк Ягор, 1 курс
Свіягін Марцін, 1 курс

Факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі:
Шамякоў Сяргей, 2 курс
Зайцаў Яўген, 3 курс
Шчурык Валерый, 1 курс

Гістарычны факультэт:
Панасавец Ілья, 2 курс
Лапацін Данііл, 2 курс
Прыстаўка Іван, 4 курс

Хімічны факультэт:
Сяргееў Яўген, 1 курс
Назараў Яўген, 1 курс

Біялагічны факультэт:
Панасен Дзяніс, 1 курс
Кацюбко Уладзіслаў, 1 курс

Фізічны факультэт:
Анікееў Ілья, 1 курс
Філалагічны факультэт:

Маеўскі Сяргей, аспірант (1 год)
Дзяўчаты:

 Біялагічны факультэт:
Бардзілоўская Паліна, 1 курс
Дзямко Яўгенія, 2 курс
Варковіч Вольга, 1 курс
Курыліна Елізавета, 3 курс

Факультэт філасофіі і сацыяльных навук:
Цайко Анастасія, 4 курс
Нікіцік Віялета, 2 курс

Філалагічны факультэт:
Жмайлік Марыя, 1 курс
Чабан Аляксандра, 1 курс
Хвядчэня Юлія, 3 курс

Інстытут журналістыкі:
Калдасава Меруэрт, 2 курс
Філонава Анастасія, 5 курс
Шахно Вікторыя, 1 курс
Івашка Ірына, 1 курс

Інстытут бізнэса і менеджменту тэхналогій
Жаркова Аліна, 2 курс

Геаграфічны факультэт:
Іванова Алеся, 3 курс

print

Вам таксама можа спадабацца: