Навуку робяць не прылады і абсталяванне, а людзі-навукоўцы

21 Jan, 2016.

11_thumb+Дадзеным матэрыялам мы распачынаем цыкл прэзентацый, прысвечаны нядаўна абвешчаным студэнтам года–2015 БДУ. Ігар ДУБАНОС, пяцікурснік гістарычнага факультэта стаў адным з пераможцаў у намінацыі “Лідар”. Яму слова:

— Гісторыя мяне цікавіла яшчэ з дзяцінства, калі я зачытваўся раманамі Друона, Сабаціні, Дзюма. У старэйшай школе я, хоць і вучыўся ў фізіка-матэматычным класе, удзельнічаў і перамагаў у рэспубліканскіх алімпіядах па гісторыі. Таму ў выніку і апынуўся на гістфаку БДУ. Гэта быў 2011 г. Тады, на мяжы дзесяцігоддзяў, беларуска-венесуэльскія адносіны былі ў цэнтры ўвагі масмедыя. Не дзіўна, што Венесуэла мяне зацікавіла. Але на рускай мове практычна не было матэрыялаў, прысвечаных сучаснай гісторыі гэтай краіны, а тыя, што былі, больш былі падобным да антычавэсаўскай прапаганды, чым да навуковых даследаванняў. Смешна сказаць, але я задаўся мэтай напісаць “сапраўдную” гісторыю баліварыянскай рэвалюцыі – задачай, на погляд мяне цяперашняга, зусім недасяжнай. У выніку, зрэшты, так і не дайшоў да Чавэса як асноўнай тэмы сваіх даследаванняў, “завісшы” ў разборы папярэдняй яму эпохі “прадстаўнічай дэмакратыі”, дзе дагэтуль ёсць мноства “белых плям” і дыскусійных ацэнак. А матывацыя ў мяне, як і ва ўсіх гісторыкаў, простая – дакапацца да праўды, зразумець, як было, як ёсць і як будзе.10302257_685879024814530_8810901874702205421_n++ На ўсіх этапах майго навуковага шляху мяне ацэньвалі строга, але справядліва, без зніжак на ўзрост. Вельмі высока шаную я дапамогу майго навуковага кіраўніка, Дзяніса Генадзьевіча Ларыёнава, які, не спрабуючы навязваць мне тэматыку даследаванняў, даваў вельмі слушныя парады, уважліва прачытваў мае тэксты і ў цэлым навучыў мяне быць сапраўдным даследчыкам. Дапамагала і кафедра ў цэлым, асабліва яе загадчык прафесар Уладзімір Сяргеевіч Кошалеў, і факультэт, дзе студэнтам, ахвотным займацца навукай, не замінаюць, а, наадварот, дапамагаюць у іх станаўленні.

Апроч маіх венесуэльскіх даследаванняў, вельмі цікавым для мяне стала напісанне шэрагу матэрыялаў па знешняй палітыцы Кітая, якое дазволіла лепш пазнаць гэту вялікую краіну, яе вялікі народ, зразумець, што будучае стагоддзе пройдзе пад кітайскім сцягам. Не менш цікава было арганізоўваць студэнцкую канферэнцыю “Памяць: вайна ў гісторыі краіны і маёй сям’і”, дзе нашы студэнты падзяляліся сваімі сямейнымі гісторыямі Вялікай Айчыннай вайны, што дазволіла як бы знутры зразумець увесь жах і боль ваеннага ліхалецця.

Игорь Дубонос БГУ истфак  Jin Bang Lu, Шанхай, Кiтай

Jin Bang Lu, Шанхай, Кiтай

Дарэчы, калі я быў на стажыроўцы ва Усходне-кітайскім педагагічным універсітэце (ў Шанхаі), я заўважыў у іх адну файную штуку.У адрозненне ад нас, дзе размяркоўванне стыпендыі сярод бюджэтнікаў адбываецца па ўраўняльным прынцыпе, калі выдатнік атрымлівае ўсяго ў 1,5–2 разы больш за двоечніка, яны ўвялі цвёрдую дыферэнцыяцыю: пры базавай стыпендыі прыкладна ў 200 тыс. рублёў у эквіваленце штомесяц выбіраецца некалькі студэнтаў, якія атрымліваюць стыпендыю ў 30–40 мільёнаў рублёў! За гэтыя грошы ідзе неабыякая барацьба, усе пільна сочаць, каб ніхто не спісаў, таму што гэта паменшыць іх уласныя шанцы на атрыманне гэтай велізарнай, па студэнцкіх мерках, сумы. Мне здаецца, было б выдатна ўвесці гэту сістэму ў нас, тым самым моцна павялічыўшы матывацыю студэнтаў да вучобы.

Безумоўна, займанне навукай у Беларусі мае і свае недахопы. Прывяду просты прыклад: у БДУ набыты доступ толькі да 8 падпісных баз дадзеных, а ў расійскага НДУ ВШЭ – больш за 50. Хоць без падпісных баз дадзеных вельмі складана сачыць за актуальнай літаратурай, асабліва той, якая выходзіць у далёкім замежжы. Без доступу да матэрыялаў па тэме нашых даследаванняў мы асуджаны ўвесь час “вынаходзіць ровар”, атрымліваючы вынік новы суб’ектыўна, але ніяк не аб’ектыўна! Пры гэтым нельга сказаць, каб гэтыя базы дадзеных каштавалі гэтак ужо дорага – уся падпіска НДУ ВШЭ каштуе не больш за некалькі мільёнаў долараў; не думаю, што мы выдаткоўваем менш на абнаўленне фондаў нашай бібліятэкі – а значэнне гэтых фондаў у стагоддзе інфармацыйных тэхналогій несупастаўна меншае, чым значэнне падпісных баз дадзеных.

Алёна ЯКАВЕНКА

10394626_685880354814397_7752542832768802198_n

print

Вам таксама можа спадабацца: