Ідэя “Дома студэнтаў БДУ”. Студэнцкая асамблея акрэсліла планы далейшай дзейнасці

12 Dec, 2017.

5 снежня на геаграфічным факультэце было шматлюдна. Больш за 100 прадстаўнікоў студэнцкага самакіравання сабраліся для падвядзення вынікаў дзейнасці Студэнцкай асамблеі БДУ і прыняцці плана яе далейшай працы.

Студэнцкая асамблея БДУ з'яўляецца вышэйшым прадстаўнічым органам студэнцкага самакіравання, яна аб'ядноўвае грамадскія арганізацыі і органы студэнцкага самакіравання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У складзе Студэнцкай асамблеі БДУ прадстаўлены сем студэнцкіх аб'яднанняў БДУ. Аднак справаздача пра дзейнасць тычылася не кожнай арганізацыі паасобку, а ў цэлым дасягненняў асамблеі як самастойнага органа.Падчас справаздачы былі адлюстраваны такія вектары дзейнасці асамблеі, як распрацоўка прапаноў па павышэнні якасці адукацыі, падрыхтоўка студэнцкіх лідараў, абарона правоў і інтарэсаў студэнтаў.

Адмысловая ўвага была нададзена пытанню развіцця міжнароднага студэнцкага супрацоўніцтва. За апошні год у гэтым напрамку адбыліся сур'ёзныя станоўчыя змены. Толькі за 2016/2017 навучальны год па ініцыятыве Студэнцкай асамблеі 132 студэнты прынялі ўдзел у міжнародных выездах за межы Рэспублікі Беларусь. З іх 30 чалавек у рамках 6 студэнцкіх праектаў.

Так, па ініцыятыве Студэнцкай асамблеі быў праведзены Міжнародны моладзевы форум "М.І.Р.: Моладзь. Інтэграцыя. Развіццё" ў 2016 годзе і II Міжнародны моладзевы форум "М.І.Р. – наша будучыня" ў 2017 годзе. Вынікам апошняга сталі падпісанне мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Студэнцкай асамблеяй БДУ і саюзам моладзевых студэнцкіх арганізацый Азербайджана і ўдзел дэлегацыі прадстаўнікоў Студэнцкай асамблеі ў міжнародным форуме 22–28 кастрычніка ў г. Мітвайда, Германія.Зусім нядаўна дэлегацыя БДУ наведала з сяброўскім візітам Рыгу. Гэта стала магчымым дзякуючы рэалізацыі сумеснага праекта Студэнцкай асамблеі БДУ і студэнцкага савета Латвійскага ўніверсітэта да Сусветнага дня студэнта (17 лістапада). Тут таксама быў падпісаны мемарандум пра супрацоўніцтва Студэнцкай асамблеі БДУ са студэнцкім саветам Латвійскага ўніверсітэта.

Што ж тычыцца планаў на будучыню, то там не менш уражлівыя маштабы. Апроч развіцця ўжо існых праектаў, рыхтуюцца і іншыя, якасна новыя мерапрыемствы. Напрыклад, правядзенне фэсту студэнтаў краін-суседзяў Беларусі. Мэтай мерапрыемства стане знаёмства з сістэмай вышэйшай адукацыі іншых краін і абмен досведам студэнцкага самакіравання падчас выязных культурна-адукацыйных тураў.

Увесну 2018 года плануецца сяброўскі візіт студэнтаў БДУ ў Малдаўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Дзякуючы гэтаму на карце міжнародных студэнцкіх вандровак з'явіцца яшчэ адна краіна-партнёр.

Увага дэлегатаў сесіі была акцэнтавана на прасоўванне "стылю студэнта БДУ", якое прадугледжвае стварэнне матэрыяльнай базы сувенірнай прадукцыі, а таксама фарміраванне месцаў, асацыяваных з універсітэтам і студэнцтвам. Таму ў планах ідэя стварэння "адкрытага амфітэатра" для заняткаў і вольнага баўлення часу для студэнтаў, а таксама прасоўванне ідэі "Дома студэнтаў БДУ".

Асноўным дакладчыкам стаў Яўген Харук, старшыня Студэнцкай асамблеі БДУ. Кандыдатуру Яўгена аднагалосна падтрымалі ўсе дэлегаты сесіі. У сваю чаргу Яўген падзякаваў аўдыторыі за давер і паабяцаў апраўдаць чаканні, удасканальваючы працу асамблеі.

Асобным пытаннем на парадку дня была падтрымка для вылучэння ў кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў дэпутатаў 28 склікання прадстаўніка студэнцтва. Так, было прапанавана студэнтамі падтрымаць кандыдатуру старшыні каардынацыйнага савета органаў студэнцкага самакіравання Студэнцкага гарадка БДУ Вольгу Цесакову.

Пасля выступленняў прадстаўнікоў каардынацыйнага савета, Студэнцкай асамблеі і самай Вольгі было прынята аднагалоснае рашэнне падтрымаць Вольгу ў выбарчай кампаніі. Асобна пасля галасавання па дадзеным пытанні выступіў прарэктар па выхаваўчай і вучэбнай рабоце БДУ Уладзімір Сувораў. Ён сказаў, што з улікам аднагалоснага меркавання студэнцтва Вольга можа разлічваць на ўсебаковую падтрымку БДУ як карпарацыі.

Гасцямі справаздачна-выбарнай сесіі сталі прадстаўнікі розныя навучальных падраздзяленняў на чале з прарэктарам па выхаваўчай і навучальнай працы У. В. Суворавым. Ад гасцей выказаўся намеснік дэкана па навучальнай і выхаваўчай працы на факультэце міжнародных адносін Сяргей Карэлін.

Справаздачна-выбарную сесію Студэнцкай асамблеі БДУ можна лічыць паспяховай не толькі таму, што ўсе рашэнні былі ўспрыняты натхнёна, але і таму, што сустрэча атрымалася інтэрактыўнай і матывацыйнай.

Паліна ДАЎГІЛЕНКА

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: