«Універсітэт – гэта мой лёс …»

22 Jan, 2016.

День белорусской науки 2016 выставка "Фундаментальные работы женщин - докторов наук» «Союз женщин БГУ" Казакова Данильченко

21 студзеня ў Фундаментальнай бібліятэцы БДУ па ініцыятыве ГА “Саюз жанчын БДУ” адбылося адкрыццё выставы “Фундаментальныя працы жанчын – дактароў навук”. Выстава прысвечана Дню беларускай навукі, які шырока адзначаецца навуковай грамадскасцю рэспублікі.

Жанчыны Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта заўсёды прымалі актыўны ўдзел у фундаментальных навуковых даследаваннях, дасягнулі значных поспехаў на ніве беларускай навукі і адукацыі. На пачатку XXI стагоддзя працягваюцца пошукі новай змястоўнасці навуковага светапогляду. Узмоцнены апафеоз сучаснай навукі – заканамерны працяг навуковых дасягненняў і творчых традыцый папярэднікаў – выкладчыкаў БДУ.

На выставе прадстаўлена больш за сто манаграфій, кніг, зборнікаў навукова-метадычных прац, падручнікаў, аўтарамі якіх з’яўляюцца жанчыны – дактары навук, члены ГА “Саюза жанчын БДУ”. Усе яны – сапраўдны гонар нашага ўніверсітэта, усёй краіны. Заслужаныя навукоўцы, шчыра адданыя раз і назаўсёды абранай прафесіі, вопытныя выкладчыкі, яны маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, свае веды і вопыт аддаюць служэнню роднай alma mater. Адчуванне праблем грамадства – абавязковая прыкмета навуковага таленту і разам з тым крытэрый яго глыбіні. Навука ўплывае на развіццё жыцця, змяняе воблік часу, але і час уплывае на навуку і навукоўцаў, дае магчымасць развівацца і ўдасканальвацца, адчуваць сябе на вастрыні жыцця. Удзельнікі выставы – годныя жанчыны, адданыя сваёй справе, а таксама сваім сем’ям. Яны выхавалі цудоўных дзяцей, многія з якіх працягваюць традыцыі сваіх бацькоў і навучаюцца ці ўжо працуюць ва ўніверсітэце. Для многіх з гэтых жанчын Беларускі дзяржаўны універсітэт – гэта не толькі месца працы, але і сапраўдны дом, іх другая сям’я. Яны заўсёды імкнуцца намацаць такую зрошчанасць навукі з іх уласным лёсам, што давала магчымасць улоўліваць заканамернасці грамадскага руху і адкрываць перспектыву будучыні. Пра гэта яны расказваюць самі.

Старшыня ГА “Саюз жанчын БДУ”, доктар філалагічных навук Ірына Валер’еўна Казакова : “Больш за 30 год майго жыцця звязана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам. У 22 гады, толькі паспеўшы атрымаць “чырвоны” дыплом, стала выкладчыкам. У 24 гады стала кандыдатам філалагічных навук, у 32 гады абараніла доктарскую дысертацыю. Свайго жыцця без роднага ўніверсітэта не ўяўляю. Гэта не проста месца маёй працы, гэта мой другі дом, мая сям’я. Усе мае калегі з філалагічнага факультэта сталі для мяне роднымі, блізкімі па духу людзьмі, якім я ўдзячна за сумесную працу і сапраўдную падтрымку. А Саюз жанчын БДУ – унікальная супольнасць людзей, якімі я не перастаю захапляцца. Я ўдзячная лёсу за тое, што мы разам можам працаваць на карысць нашага ўніверсітэта, рабіць шмат добрых спраў, дапамагаць людзям. У мяне цудоўная сям’я, муж падтрымлівае мяне ва ўсіх справах і пачынаннях. У нас з ім класічны саюз “фізіка і лірыка”, таму ён, відаць, надзвычай гарманічны. Дачка з “чырвоным” дыпломам закончыла гістарычны факультэт БДУ, зараз заканчвае вучобу ў магістратуры і мае амаль двухгадовы выкладчыцкі вопыт.”

Ірына Іванаўна Калачова, прафесар кафедры сацыяльнай камунікацыі факультэта філалогіі і сацыяльных навук, доктар гістарычных навук: “Працую ў сістэме БДУ з 2000 года, у мінулым годзе адзначыла 30-годдзе выкладчыцкай і навуковай працы ў ВНУ краіны.

БДУ ў маім юнацтве быў установай, на якую мы, студэнты Мінскага інстытута культуры, паглядалі з павагай. Сёння мой лёс звязаны з універсітэтам, БДУ – перш за ўсё, праз маіх калег – выкладчыкаў і тых спецыялістаў, якія працуюць са студэнтамі. У 2004 годзе я стала першай загадчыцай кафедры міжнародных адносін і сацыяльнай камунікацыі ў РІВШ БДУ. Працавала са студэнтамі БДУ, якія праявілі сябе як лідары, і іх выкладчыкамі, арганізатарамі шматлікіх моладзевых праграм, праектаў і іншых цікавых форм працы. Зараз я працую на кафедры сацыяльнай камунікацыі факультэта філасофіі і сацыяльных навук. Сацыяльная камунікацыя – новы напрамак падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы інфармацыі і камунікацыі, таму даводзіцца шмат працаваць, каб рыхтаваць лекцыі, пісаць падручнікі, весці семінары і г.д.

Шлях у вялікую навуку звязаны з вядомымі вучонымі краіны, спецыялістамі ў галіне гісторыі, этналогіі, фальклору і мастацтвазнаўства. Многія з іх – выпускнікі БДУ, гістарычнага факультэта. Маімі настаўнікамі сталі Бандарчык В.К., Сабаленка Э.Р., Піліпенка М.Р., Барташэвіч Г.А., Ракава Л.В., Кухаронак Г.І. і інш. Скончыла аспірантуру і дактарантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Кожны раз абаранялася хутчэй, чым патрабавалі гады навучання.

Мой педагагічны лёс звязаны з Нацыянальным інстытутам адукацыі, у якім я працавала да 2000 года. Там я сустрэла вядомых педагогаў і псіхолагаў – гэта Я.Л.Камінскі, М.А.Станчыц, А.К.Воднева і шмат іншых. Там стала дацэнтам па псіхалогіі. Многім маім настаўнікам я ўдзячна за тыя парады, якія атрымлівала ад шчырага сэрца: гэта і Я.Д. Грыгаровіч, якая, на жаль, ужо пайшла з жыцця, і А.І. Лакотка, акадэмік НАН Беларусі, і М.Ф. Піліпенка і многія іншыя.

Мая сям’я сёння – гэта востраў стабільнасці, абарона ад усіх вятроў і хібаў жыцця. Наша сям’я – гэта міжнацыянальны шлюб, я – беларуска, муж – рускі. Калі развальваўся Савецкі Саюз і людзі не ведалі, што будзе заўтра, мы стварылі сям’ю і змаглі захаваць найлепшыя пачуцці праз гады.

Лёс маіх дзяцей таксама звязаны з БДУ. Дачка Крысціна абаранілася ў БДУ, кандыдат сацыялагічных навук, сумяшчае працу ў турыстычнай фірме з выкладчыцкай дзейнасцю. Сын Віталій скончыў БДУ, ён матэматык, зараз вучыцца ў аспірантуры ўніверсітэта.

Мой лёс і лёс маёй сям’і звязаны з БДУ вельмі моцна. Як гэта сталася? Адказаць няпроста, але ж вынікае адно важнае меркаванне: гэта найлепшая краіна ведаў і культуры, педагагічнай салідарнасці і глыбокай павагі да чалавека. Тут жыве дух вялікіх вучоных, педагогаў, якія стваралі і ствараюць лёс нашай краіны, працягваюць традыцыі Універсітэта як установы, дзе спраўджваюцца мары, дзе лунае гуманізм, свабода і інтэлігентнасць! Таму тут хочацца быць і тварыць…”.

Наталля Паўлаўна Максімава, доктар біялагічных навук, загадчык кафедры генетыкі: “Лёс мой склаўся такім чынам, што маім другім домам стаў наш універсітэт. Мае бацькі працавалі ў БДУ, бацька – дэканам на біяфаку, маці – дацэнтам кафедры неарганічнай хіміі на хімфаку. Гэта не магло не прадвызначыць і мой лёс. Пасля заканчэння школы я паступіла на біялагічны факультэт, дзе і працую да сённяшняга дня. Пасля аспірантуры абараніла кандыдацкую дысертацыю, з 1974 па 1985 працавала ў навукова-даследчай лабараторыі эксперыментальнай біялогіі БДУ. З 1995 загадваю кафедрай генетыкі біялагічнага факультэта. У 2005 годзе абараніла доктарскую дысертацыю, вучоная ступень доктара была прысуджана за вырашэнне буйной навуковай праблемы. У 2006 годзе атрымала званне прафесара. Шмат увагі аддаецца ўдасканаленню навучальнага працэса і арганізацыі навукова-даследчыцкай дзейнасці, інтэграцыі навукі і навучання. Усяго апублікавана больш за 360 навуковых прац, з іх 12 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў Рэспублікі Беларусь і Расіі. Маю ўзнагароды “За высокія паказчыкі ў навукова-педагагічнай дзейнасці”. Была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рспублікі Беларусь, граматамі БДУ, маю Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2012 годзе атрымала ганаровае званне “Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”, у 2013 – медаль Рэспублікі Беларусь “За працоўныя заслугі”.

Наталья Васільеўна Логінава, прафесар кафедры неарганічнай хіміі БДУ, доктар навук: “Пасля заканчэння з залатым медалём сярэдняй школы №12 у г. Мінску паступіла на хімічны факультэт БДУ, дзе з 1969 года займалася ў школе “Юны хімік” на кафедры неарганічнай хіміі. Менавіта гэтыя заняткі абумовілі далейшы выбар прафесіі. Мае бацькі – таксама хімікі па адукацыі. У 1976 годзе з “чырвоным” дыпломам закончыла вучобу на хімічным факультэце, завочную аспірантуру, абараніла кандыдацкую дысертацыю. Доктарская дысертацыя дазволіла стварыць новы навуковы напрамак распрацоўкі біяактыўных рэчываў шырокага спектра дзеяння для камбінаванай тэрапіі змяшаных інфекцый. Удзельнічала ў дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў, у шэрагу міжнародных праектаў, адзначана кіраўніцтвам рэспублікі за ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Усяго апублікавана больш за 190 навуковых і навукова-метадычных прац. Муж таксама закончыў хімічны факультэт, абараніў дысертацыю і працуе ў адной з хімічных лабараторый, паспяхова займаецца навукова-даследчай работай”.

Яловичева Ядвига Казакова Ирина День белорусской науки 2016 выставка "Фундаментальные работы женщин - докторов наук» «Союз женщин БГУ"

Злева: Ядвіга Казіміраўна Яловічава, доктар навук, закадчык кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій

Ядвіга Казіміраўна Яловічава, доктар навук, закадчык кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій: “Свой шлях у БДУ выбірала асэнсавана – прывабіла вывучэнне роднага краю ўдзельнікамі турыстычнага гуртка Дома піянераў г. Мінска, сярод якіх апынулася і я. За пяць гадоў вучобы на геаграфічным факультэце БДУ універсітэцкія выкладчыкі далі грунтоўныя і рознабаковыя веды. Атрымала дыплом з адзнакай і ў 1969 годзе паступіла ў аспірантуру пад кіраўніцтвам акадэміка Г.І. Гарэцкага. У 31 год абараніла кандыдацкую дысертацыю, а ў 46 – доктарскую.

На сённяшні час кірую кафедрай фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій. У 2016 годзе кафедры спаўняецца 55 год, і гэта менавіта тая кафедра, на якой праходзілі ўсе пяць гадоў актыўнага студэнцкага жыцця, перыяд станаўлення мяне як асобы і навукоўцы. Геафак – гэта родны дом, у які я з задавальненнем вярнулася пасля працы ў НАН Беларусі, гэта цеснае супрацоўніцтва з новым пакаленнем студэнтаў, з блізкімі па духу выкладчыкамі. Хочацца прыкласці ўсе намаганні, каб быць карыснай і патрэбнай людзям. Праца на геаграфічным факультэце стала парцягам усяго майго жыцця, нечаканым паваротам у маім асабістым лёсе. У БДУ створана спрыяльная навуковая і творчая атмасфера, ёсць магчымасць актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Члены кафедры прымаюць актыўны ўдзел у працы Савета Саюза жанчын БДУ.

Ацэньваючы свой жыццёвы шлях, магу з упэўненасцю сказаць, што ён быў насычаны актыўнай прафесійнай і грамадскай дзейнасцю, клопатам пра выхаванне новага пакалення студэнтаў, фарміраванне кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Мая дачка Вольга таксама закончыла філалагічны факультэт БДУ і абрала прафесію выкладчыка рускай мовы і літаратуры, працуе ў школе. З універсітэтам злучаны лёс і старэйшай унучкі”.

Таццяна БЕЛЬСКАЯ

 День белорусской науки 2016 выставка "Фундаментальные работы женщин - докторов наук» «Союз женщин БГУ"

print

Вам таксама можа спадабацца: