Паэзія каратэ Уладзіміра Пашкевіча

28 Jan, 2016.

Пашкевич Владимир Васильевич

Дзейнасць чалавека, які глыбока займаецца баявым мастацтвам любога кшталту, заўсёды спалучана з напружанай і рэгулярнай працай. Адзін з самых выбітных майстроў і выкладчыкаў каратэ, стваральнік стылю кёкусінкай Масутацу Аяма казаў: «Патрэбна штодня старацца пашырыць свае межы». У дзейнасці каратыста, як здаецца, складана знайсці месца для лірычных момантаў. Усходні светапогляд спрыяе імкненню да пазнання, што знайшло адлюстраванне і ў адзінаборствах. Чалавеку, які прысвяціў сваё жыццё ім, уласціва наймацнейшая цікавасць да навакольнага света, жаданне спазнаць ягоува ўсіх яго фарбах. Але тым, што здольна здзівіць ў такім чалавеку, можа з’явіцца душэўная чуллівасць і ўменне глыбока і па-філасофску асэнсоўваць жыццёвыя сітуацыі. Каштоўнасць меркавання такога спецыяліста па пытаннях, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, безумоўна вялікая. І заключаецца яна ў тым, што дзякуючы свайму шырокаму і неардынарнаму кругагляду чалавек здольны ўбачыць у сваім прадмеце рысы, якія для іншага спецыяліста могуць застацца незаўважанымі або не быць прынятымі ўсур’ёз. Гэта тым больш справядліва, калі чалавек неверагодна дасведчаны і з’яўляецца сапраўдным майстрам сваёй справы.

Уладзімір ПАШКЕВІЧ – галоўны трэнер барысаўскай каманды па каратэ, спартыўны стаж якога налічвае без малога 37 гадоў. Навучанне і трэніроўку пад яго наглядам прайшло незлічонае мноства людзей рознага полу, узроставых катэгорый, людзей з рознымі фізічнымі магчымасцямі, якія прыйшлі ў каратэ з рознымі мэтамі. Пачаўшы займацца каратэ ў 1979 годзе ў знакамітага трэнера Леаніда Мікалаевіча Лушчыка, што з’яўляўся на той момант выкладчыкам кафедры тэорыі і методыкі фізвыхавання, у 1981 годзе, адразу пасля заканчэння універсітэта, Уладзімір Васільевіч сам становіцца трэнерам. Паводле яго ўспамінаў, у той час у Беларусі яшчэ не існавала ніякіх федэрацый каратэ, але ўжо існавалі клубы. Свая арганізацыя была і ў Барысава – роднага горада будучага майстра.

На працягу амаль 35 гадоў выхаванцы У. В. Пашкевіча рэгулярна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах усіх узроўняў – ад рэспубліканскіх да міжнародных, – і рэгулярна становяцца іх пераможцамі і прызёрамі. Рух прыхільнікаў ўсходніх адзінаборстваў у Барысаве рос і пашыраўся, і з часам вырас ў арганізацыю федэрацыі. Першынство Барысаўскай федэрацыі ўсходніх адзінаборстваў лічыцца рэспубліканскім турнірам, колькасць яго ўдзельнікаў – ад 200 да 300 спартсменаў. Акрамя дадзенага першынства, федэрацыя праводзіць таксама спаборніцтвы рэгіянальнага ўзроўню – Адкрыты кубак горада Барысава. На спаборніцтвы Барысаўскай федэрацыі ўсходніх адзінаборстваў, старшынёй якой з’яўляецца Уладзімір Пашкевіч, рэгулярна з’язджаюцца спартсмены з усёй краіны – у тым ліку і ад Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

-Уладзімір Васільевіч, у сваёй шматгадовай практыцы Вы назіралі розную ступень цікавасці грамадства да каратэ, яе ўздымы і спады. Скажыце, як зараз ідуць справы?

-Магу адзначыць, што сёння адбываецца ўздым цікавасці да каратэ ў дзяцей. На мой погляд, гэта абумоўлена тым, што бацькі зацікаўлены ў іх фізічным развіцці – бо цяпер час «камп’ютэрных» дзяцей. Але таксама ў сваёй практыцы я назіраю, што людзі, пачынаючы з 16-17 гадоў, сыходзяць з спорту. У гэтым узросце бацькі зноў саджаюць сваіх дзяцей за кнігі, арыентуюць іх на паступленне ў навучальныя ўстановы. Таму дарослых спартсменаў і юніёраў сёння ў каратэ становіцца менш, у той час як дзіцячы спорт прагрэсуе. Выхад з сітуацыі, якая склалася на дарослым і юніёрскім узроўні, мне бачыцца ў добрай матывацыі з боку дзяржавы – у тым ліку фінансавай матывацыі.

-На сённяшні дзеньВы з’яўляецеся і трэнерам, і суддзёю ў каратэ?

-Так.

-Скажыце, на Ваш погляд, добры трэнер – ён заўсёды добры суддзя?

-Я скажу так: добрым трэнер будзе толькі ў тым выпадку, калі ён разбіраецца ў правілах спаборніцтваў. Я для гэтага і суджу часам – каб бачыць сістэму знутры, лепш разумець правілы, якія з цягам часу могуць змяняцца і залежаць ад стылю каратэ, мець выразнае ўяўленне пра тое, за якія дзеянні спартсмен караецца, а за якія яму даюцца балы. У тым ліку гэта важна для пазбягання непатрэбных спрэчак з іншымі суддзямі. Хоць, прызнаюся, з узростам судзіць становіцца цяжэй. Мне хутка ўжо 59 гадоў споўніцца. Рэакцыя ў маім узросце ўжо не тая, і бывае складана, як кажуўць, «бачыць без акуляраў». Веданне судзейскай практыкі вельмі дапамагае ў трэнерскай працы, таму што існуюцьспецыфічныя,менавіта судзейскія дэталі і нюансы. Гэтыя нюансы трэба не толькі ўлічваць, імі трэба ўмець і карыстацца. Неабходна разумець, як змагацца, «вязаць» суперніка, каб ён не мог зрабіць лішні рух. Але ў той жа час карысна ведаць, як змушаць суперніка парушыць правілы, як яго «выводзіць з сябе», прымушаць паводзіць сябе так, каб ён атрымаў заўвагу або папярэджанне. Гэта вельмі важна, як і кожны аспект паядынку.

-Як вопытны суддзя, вы шмат разоў бачылі паядынкі абсалютна розных людзей. Хто, як правіла, перамагае, што важней – фізічныя дадзеныя, з якімі спартсмен выходзіць на татамі, валоданне тэхнікай або ўменне зымправізаваць ў патрэбны момант?

-Нішто з гэтага неаддзельна адно ад іншага. Бывае, што спартсмен тэхнічна вельмі моцны, але мае слабую псіхалагічную падрыхтоўку. У самы адказны момант такі спартсмен можа пачаць ламацца псіхалагічна – і ў выніку не выканаць тыя дзеянні, якія ён адпрацоўваў на трэніроўцы. Фізічная падрыхтоўка, безумоўна, вельмі важная, але таксама важная тэхніка і тактыка. Што такое тэхніка? Сваім вучням я тлумачу так: тэхніка – гэта спосаб захаваць сілу. Уявім, што вы едзеце на возе, а іншы чалавек ідзе пешшу. Натуральна, што ў канцы шляху вы захаваеце больш сіл і застанецеся больш «свежым». А што такое тактыка? Тактыка – гэта спосаб прымяніць тэхніку, г. зн. расставіць свой арсенал. Дзецям я тлумачу так: вось пісталет – з яго ты страляеш на кароткай дыстанцыі; вось гармата – з яе ты страляеш на сярэднюю дыстанцыю; а вось ракета – гэта ўжо для далёкай дыстанцыі. У агульных рысах тактыка ў каратэ зводзіцца да таго, каб граматна прыйсці на сярэднюю дыстанцыю для нанясення ўдару нагой, або на блізкую дыстанцыю – каб нанесці ўдар рукой. А з далёкай дыстанцыі мы ажыццяўляем ўваход. І каб «ўвайсці», мы праводзім камбінацыі, выконваем разнастайныя падманныя тактычныя дзеянні, прымушаем суперніка выйсці на наш каронны ўдар, на тое месца, дзе мы яму дазволілі быць. Але, акрамя тэхнікі і тактыкі, ёсць яшчэ стратэгія. А стратэгія – гэта нанясенне вырашальнага ўдару ў вырашальны момант. Тэхніка, тактыка, стратэгія – вось тры рэчы, якія павінны ведаць і спартсмены, і трэнеры. А псіхалогія – гэта тое, што звязвае гэтыя элементы як цэмент. Моцная псіхіка – гэта, перш за ўсё спакой. Свядомасць чалавека павінна быць чыстай, яснай, ён не павінен мітусіцца і рабіць лішнія рухі. Усё, на што чалавек запраграмаваны, павінна адбывацца ў той момант, калі чалавеку гэта неабходна.

-Каго зараз больш рыхтуюць у каратэ: байцоў або спартсменаў?

-Я думаю, што перш за ўсё мы рыхтуем моцных духам людзей, якія ведаюць, што ім рабіць у жыцці і як дабівацца выніку. Заняткі каратэ фарміруюць добрую матывацыю ў далейшым жыцці чалавека. Я не падзяляў бы каратыстаў на «спартсменаў» і «байцоў». Дрэнны баец не можа быць добрым спартсменам. Дрэнны спартсмен, наадварот, тэарэтычна можа быць добрым байцом, але яму можа не хапаць тэхнічнай базы і дзе-нідзе нават фізічнай падрыхтоўкі. Таму названыя бакі падрыхтоўкі, зноў жа, неаддзельныя адзін ад аднаго. Хаця, гэта мая мой асабісты пункт гледжання, я не настойваю на яе ўсеагульнасці.

-Ці адрозніваецца падрыхтоўка да спаборніцтваў дарослых і дзяцей, мужчын і жанчын?

-Натуральна, адрозніваецца, прычым заўсёды. Псіхалогія дзяцей і дарослых розная. Дзеці больш эмацыйныя, дапускаюць больш памылак. Але яны і больш бяспечныя, за кошт чаго часам выконваюць такія дзеянні, якія асцерагаюцца выконваць дарослыя. Дзеці не заўсёды прадбачаць наступствы сваіх дзеянняў, больш рызыкуюць. Дзяўчынкі і жанчыны значна больш эмацыйныя, чым мужчыны, іх трэба стрымліваць у гэтым плане, для чаго з імі праводзіцца адмысловая работа. Падрыхтоўка розных людзей – вельмі складаная задача, але трэнеру трэба быць гатовым да ўсяго – у тым ліку і да рознага роду эмацыйным усплёскаў сваіх падапечных. Трэнер павінен быць добрым псіхолагам, умець своечасова супакоіць і своечасова правесці патрэбную працу. Гэта выключна важна, таму што без псіхалагічнай працы немагчыма паказаць годны вынік.

-На спартыўных зборах па падрыхтоўцы да трэцяга этапу Мінскай гарадской лігі каратэ я сустракаўся з Вашым калегам – старшынёй асацыяцыі Мінскай федэрацыі каратэ Пяцько Паўлам Станіслававічам. У тым ліку, задаваў яму пытанне аб этапных спаборніцтвах. Скажыце, наколькі важныя этапныя спаборніцтвы?

-Вельмі важныя. Пасля адпачынку ад бурнай спаборніцкай дзейнасці спартсмены павінны нанова ўваходзіць у спаборніцкі рэжым – і рабіць гэта плаўна.

-Як вы ацэньваеце якасць спаборніцтваў Мінскай гарадской лігі каратэ?

-Безумоўна, станоўча. Па-першае, неабходна адзначыць вельмі добрую арганізацыю. На дадзеных спаборніцтвах сярод спартсменаў не бывае непатрэбных стоўпатварэнняў, лішняга ажыятажу і лішняй мітусні. Кожны спартсмен змагаецца ў свой час. Па-другое, выдатныя залы. Прадумана ўсё да дробязяў. Але асобна хочацца звярнуць увагу на наступны аспект: вельмі важна тое, што арганізатары ставяць першымі спаборніцтвы дарослых, а не дзяцей, якіх на спаборніцтвах больш. Па-першае, гэта дае дзецям шанец паглядзець, як неабходна змагацца. Па-другое, гэта дае ім магчымасць выспацца з раніцы, адпачыць, спакойна прыехаць у свой час. Бо раніцай дзеці могуць яшчэ “не прачнуцца” і не паказаць свайго максімальнага выніку. Пры гэтым адразу за дарослымі ідуць менавіта маляняты, яны адпрацуюць – і іх адпусцяць дадому адпачываць; ну а потым ужо выступаюць дзеці 12-13 гадоў – ужо больш вопытныя спартсмены. На мой погляд, па арганізацыі спаборніцтвы проста ідэальныя.

-Нашу газету чытаюць у асноўным дарослыя. У ліку іх – студэнты ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў, маладыя выкладчыкі. Скажыце, з чым сутыкаецца чалавек, які ў такім узросце прыходзіць у секцыю каратэ? Ці не ўпушчаны час?

-Калі чалавек займаецца каратэ з дзяцінства, у яго, натуральна, больш шанцаў на перамогу ў спаборніцтвах. Але бываюць абдараваныя спартсмены, а таксама спартсмены, якія займаліся нейкімі відамі спорту раней. У іх добрая каардынацыя рухаў, добрая фізічная і псіхалагічная падрыхтоўка. Застаюцца тэхніка і тактыка. Таму я думаю, што шанцы заўсёды ёсць. Але ў той жа час істотна тое, што з узростам губляецца гнуткасць і пластыка цела. Аднак бываюць такія каратысты – напрыклад, Гайдук Анатоль, тытулаваны спартсмен. Ён пачаў займацца ў мяне ў 17 гадоў – і потым не раз выйграваў чэмпіянат рэспублікі і быў прызёрам сусветных спаборніцтваў. Фізічна і псіхалагічна развіты, нават адораны, мае добрую прыродную гнуткасць – і выступаў цалкам самадастаткова. Таму я лічу, што дадзенай узроставай катэгорыі ставіць крыж на занятках не трэба – але, натуральна, да пэўнага ўзроўню, таму што спорт вышэйшых дасягненняў усё-ткі прадугледжвае стаж. Але і заняткі, як кажуць, для сябе, таксама вельмі важныя. Бо каратэ – гэта від спорту, які дысцыплінуе чалавека і дае яму магчымасць пацвердзіць свой статус сярод аднагодкаў.

-Што б вы пажадалі людзям, якія прыходзяць займацца ў студэнцтве або на больш познім этапе жыцця?

-Па-першае, не фарсіраваць нагрузкі, таму што ўсё ж такі пэўныя ўзроставыя цэнзы тут ужо прысутнічаюць. А па-другое – не губляць надзеі.

-У кожнага спартсмена калісьці былі першыя спаборніцтвы. Былі яны нядаўна і ў нашых студэнтаў. Наколькі мне вядома, пачаткоўцаў першапачаткова імкнуцца дапускаць да ўдзелу ў раздзеле «Ката», дзе яму неабходна паказаць сваю тэхніку, а не ў «кумітэ», дзе ўсё жорстка. Выступ у ката на пачатковым этапе – гэта сродак матывацыі спартсмена да далейшага развіцця, або сродак адсейвання тых, каму, можа быць, не вельмі патрэбныя заняткі?

-Ката – гэта сапраўды спосаб падрыхтаваць спартсмена тэхнічна. Але яно з’яўляецца не толькі дапаможным сродкам трэніроўкі, яно праходзіць і як асобная дысцыпліна, асобная ад кумітэ. Безумоўна, ёсць таленавітыя спартсмены, якія выступаюць і ў ката, і ў кумітэ, але ў асноўным ідзе спецыялізацыя. Аднак калі, дапусцім, кумітыст адчувае, што праз якія-небудзь прычыны не можа паказаць годны вынік у сваёй дысцыпліне, ён можа выступіць на бягучых спаборніцтвах у раздзеле «Ката». Што тычыцца пачаткоўцаў – так, бывае так, што некаторыя адсейваюцца пасля першых спаборніцтваў. Але тут шмат што залежыць ад трэнера, які павінен сказаць спартсмену-пачаткоўцу: «сёння ты не абавязкова павінен выйграць, ты павінен паказаць тую тэхніку, на якую ты здольны, праявіць свае лепшыя якасці». Трэнер павінен указаць вучню на яго памылкі, але ў той жа час у выпадку пройгрышу трохі суцешыць яго, зберагчы ад лішніх перажыванняў з гэтай нагоды, растлумачыць, што пройгрыш – гэта таксама пэўны этап шляху.

-«Фініш – таксама вынік»?

-Можна і так сказаць. Бо справа ў тым, што выпадковы чалавек ніколі не выйдзе змагацца на татамі. Сваім вучням я кажу: калі ўдзельнічаеш у спаборніцтве сярод самых моцных – значыць, ты ўжо моцны, ты ўжо сталы спартсмен. Пераможцам, чэмпіёнам становіцца толькі адзін, і яшчэ трое – прызёрамі, а ты пастараешся ў наступны раз выступіць лепш. Заўсёды трэба старацца. Вось напрыклад: ты сустракаўся з супернікам – і прайграў яму з лікам 0:8. А на наступных спаборніцтвах ты сустрэўся з ім жа – зноў  прайграўшы, напрыклад, з лікам 1:3. Гэта ўжо крок наперад, гэта значыць, што ты ўжо павысіў свае кандыцыі, свой тэхнічны і тактычны ўзровень. Гэта і мая псіхалогія, і тое, што я выкладаю вучням – менавіта каб паступова матываваць іх і паэтапна пераходзіць ад простага да складанага. Імкнуся для гэтай жа мэты для розных маладых спартсменаў выбіраць спаборніцтвы рознага ўзроўню, каб вучні маглі расці.

-Рост у спаборніцкай практыцы не заўсёды ідзе ў нагу з ростам у паясной сістэме?

-Паясная сістэма – гэта вельмі мудрая сістэма. Яна дае чалавеку не толькі павышэнне статусу, самадастатковасці, але і магчымасць самаацэнкі. Скідаць з рахункаў паясную сістэму нельга ні ў якім выпадку. Інакш усё звядзецца толькі да спаборніцкіх практык паядынкаў. А каратэ – гэта шлях, у слове «каратэ-до» вось гэтае “до” менавіта як «шлях» і перакладаецца. Шлях, па якім ты ідзеш, адкідаючы ўсё шкоднае і асвойваючы ўсё самае карыснае. Гэтае засваенне адбываецца не толькі ў спартыўным кантэксце або ў кантэксце імкнення «стаць бязлітасным байцом», але і ў значна больш глыбокім, жыццёвым плане. Займаючыся каратэ, чалавек вучыцца паважаць свайго суперніка, не прыніжаць яго, ставіцца да яго як да самога сябе, як да лепшага сябра. Таму што немагчыма займацца каратэ ў адзіночку, табе трэба з кімсьці змагацца. Калі ты пакалечыш суперніка, з кім жа ты будзеш трэніравацца? Таму берагчы яго трэба нават больш, чым самога сябе.

-Раскажыце аб якім-небудзь запамінальнымі выпадку з Вашай практыкі.

-Адзін з самых запамінальных выпадкаў – рост у каратэ маёй вучаніцы Марыі Аляксеевай. Маша прыйшла да мяне трэніравацца ў 5 гадоў – і яна панічна баялася змагацца. Ды нават выходзіць баялася – яна каля сценкі сядзела, здавалася, не адарваць было ад яе. А на сённяшні дзень у каратэ сётакан яна ўжо 3 разы выйграла чэмпіянат свету, выйграла рэспубліканскія спаборніцтвы па правілах WKF (World Karate Federation). Маша – першы нумар нашай зборнай сярод дзяўчынак 14-15 гадоў, якія выступаюць у абсалютнай катэгорыі. Яна сапраўды вельмі-вельмі баялася выходзіць на пляцоўку – і вось як паспяхова пераадолела гэтую псіхалагічную мяжу.

-Паступова пераадолела або наскокам?

-Паступова. З самага пачатку мы патроху ставілі яе на спаборніцтвы. Дзесьці медальку зарабіла – ужо пайшла матывацыя, а для дзіцяці гэта вельмі важна. А калі з’яўляецца матывацыя, чалавек пачынае прагрэсаваць. Самае  галоўнае жа – гэта паверыць у свае сілы. Як ні круці, псіхалогія – гэта самая важная рэч. Я чалавек адкрыты і стараюся і ў сваёй методыцы трэніроўкі працаваць у напрамку псіхалагічнай падрыхтоўкі. Хаця я – чалавек з перыферыі, мінскія трэнеры, як мне здаецца, валодаюць больш шырокай інфармацыяй у гэтым плане.

-Хацелася б падрабязней даведацца пра спецыфіку Вашай працы. Скажыце, чым адрозніваецца абраны Вамі стыль каратэ ад іншых стыляў, і чым каратэ, як від адзінаборства ў большай ступені ўдарны, адрозніваецца ад іншых – напрыклад, змешаных відаў?

-Па-першае, усе стылі каратэ адрозніваюцца адзін ад аднаго ступенню кантакту, што адлюстравана ў правілах спаборніцтваў. У каратэ сётокан (шатакан) свае правілы, адрозныя ад іншых. Напрыклад, у спаборніцтвах па правілах WKF даюць заўвагу за дотык да твару суперніка, а ў спаборніцтвах па шатакан за гэта даюць бал. І за ўдары насустрач, калі збіваецца дыханне, даюць іпон (чыстую перамогу), ці за ўдар нагой у галаву, нават з дапушчальным кантактам, таксамамогуць даць перамогу іпонам. А што тычыцца змешаных стыляў, то мне здаецца, можна гэтае пытанне разгледзець на прыкладзе рукапашнага бою. Дадзены від баявога мастацтва – гэта кангламерат некалькіх стыляў, базавым з іх можа з’яўляцца або бокс, або каратэ, або які-небудзь від барацьбы. Кожны спартсмен, які выступае на спаборніцтвах па рукапашным баі або па змешаных адзінаборствах, атрымлівае сваю перавагу з дапамогай арсенала таго стылю, якім лепш валодаюць. Змешаныя стылі, натуральна, з’яўляюцца кантактнымі. На світанку сваёй трэнерскай кар’еры я быў прыхільнікам менавіта такіх, у большай ступені кантактных стыляў, аддаваў прыярытэт ім. Але потым я ўсё ж такі перайшоў на стылі больш мяккія і больш хуткасныя – з той прычыны і з таго пункту гледжання, што галоўнае ў чалавеку – гэта галава, цэнтральная нервовая сістэма, яго «персанальны кампутар». Чалавек павінен развівацца гарманічна, у тым ліку развіваючы свае разумовыя здольнасці. Сітуацыю ж, калі ўвесь час б’юць па галаве, наўрад ці можна назваць такой, якая спрыяе гарманічнаму развіццю. Мы ж не будзем рамантаваць кампутар пры дапамозе малатка і зубіла, правільна? Каратэ я лічу ў гэтым плане больш гуманным напрамкам. Навыкі, атрыманыя пры рабоце ў ім, трэба выкарыстоўваць як сродак развіцця чалавека, а не як сродак яго самазнішчэння. Так, ёсць прафесійныя спартсмены, у іх свае прыярытэты. Я ў гэтую справу не ўмешваюся. Але і прафесійныя каратысты, па маіх назіраннях, выгадна адрозніваюцца сваімі інтэлектуальнымі здольнасцямі. А інтэлект – гэта, паўтаруся, галоўнае, што ёсць у чалавека, менавіта ён з’яўляецца рухавіком прагрэсу. Рабочыя рукі заўсёды патрэбныя, але менавіта інтэлект іх праграмуе на працу.

Трохі адцягваючыся ад тэмы пытання, адзначу, што сёння я больш дзіцячы і юніёрскі трэнер, які імкнецца дапамагчы сваім вучням у самаразвіцці. Атрымаўшы пэўны багаж ведаў, чалавек павінен навучыцца карыстацца ім і рабіць свае ўласныя высновы. Гэта тычыцца і пытання аб тым, як яму далей распарадзіцца сваім жыццём – ці застацца ў спорце, ці ж выкарыстоўваць характар, які ён сфармаваў на занятках, для дасягнення мэтаў у іншай сферы жыцця. Усе мы выдатна разумеем – не заўсёды і не ўсе спартсмены застаюцца здаровыя па завяршэнні спартыўнай кар’еры, не ўсе могуць працягнуць прасоўвацца у нейкіх сваіх жыццёвых пачынаннях. Але ў любым выпадку на занятках яны атрымліваюць загартоўку характару, уменне супрацьстаяць стрэсам, спраўляцца са складанымі жыццёвымі сітуацыямі. Фарміраванне менавіта такіх кампетэнцый у падапечных я лічу самым важным у сваёй працы. Неабходна выхоўваць людзей інтэлігентных, разумных, кемлівых, а не «бязбашанных» – людзей, якія маюць пачуццё павагі да атачэння, якія ўмеюць разумець іншых і здольных суперажываць.

-Мне здаецца, што, акрамя каратэ, у Вашай жыцці ёсць і іншыя сферы, дзе Вы праяўляеце сябе – і гэта сферы творчыя.

-Так і ёсць. Я пішу вершы.

-Якія?

-Скажам так, свабоднай формы, не жорсткай. Я не разбіраюся ў паэтычных формах, проста пішу – пра жыццё, пра штосьці філасофскае. Цікаўлюся і творчасцю некаторых аўтараў. Дагэтуль, напрыклад, Высоцкага спяваю.

-І, напэўна, граеце на гітары?

-Так, граю. І мой рэпертуар – гэта рэпертуар Уладзіміра Сямёнавіча Высоцкага. Я вывучаю, адкрываю яго – і зноўку пачынаю адкрываць. Таму што ў яго творчасці настолькі шмат закладзена, што яшчэ доўга мы не зразумеем, што ж ён хацеў сказаць. Але ж усё ў яго нараджалася з канкрэтных жыццёвых сітуацый. Хаця, канешне, чалавекам ён, як вядома, быў досыць цяжкім.

-Скажыце, а ў вашым досыць жорсткім відзе спорту ёсць свая паэзія?

-Канешне ёсць.

-А ў чым яна заключаецца?

-Яна заключаецца, па-першае, у самапазнанні чалавека, у пошуку праўды і сэнсу жыцця; па-другое – ва ўсведамленні сэнсу сваіх ўласных паводзінаў: разуменні таго, навошта я іду па сваім шляху, чаму штосьці я павінен рабіць, а штосьці не павінен. Вядома, яшчэ ніхто не знайшоў той самы філасофскі камень, які даруе свайму ўладальніку духоўную свабоду. Але ж усе мы да гэтага імкнемся, і кожны на гэтым шляху набівае свае шышкі – альбо, быць можа, знаходзіць роўныя сцежкі.

-У чым вы чэрпаеце натхненне для творчасці?

-У сваёй працы і ў зносінах з людзьмі. Мае вершы не абстрактныя, у іх аснове тая ці іншая жыццёвая сітуацыя. Калі адбываецца нешта негатыўнае, вершы такія ж. Праз верш, праз творчы вопыт пераасэнсавання я імкнуся прааналізаваць сітуацыю і разабрацца ў ёй. Мне потым ад гэтага становіцца лягчэй. Зусім інакш, калі вершы пішуцца на пазітыўнай хвалі. Але ўсё роўна ў аснове павінна быць нешта неардынарнае – тое, што можа наштурхнуць на жаданне тварыць.

Уладзімір Васільевіч пагадзіўся пазнаёміць нас з некаторымі сваімі вершамі.

Чаша

Тело – чаша, а мысль – это щит,
Что прикрытьем души нашей служит
Не всегда наше тело болит
И с душою, бывает, не дружит

Что кому расплескал наш Создатель
В наши чаши – то знать не дано
Нашей жизни лишь он  предсказатель
Раз плеснул – и забыл уж давно.

Нам теперь предстоит разобраться,
Стукнуть чашей об чашу не раз
Каплям душ наших дать размешаться
Чтоб увидел его зоркий глаз

Что с годами накоплено в чаше,
С кем стучалися чашами мы,
С кем стучаться бы надо бы чаще,
С кем вообще не стучаться кабы

Бывает мутная вода в блестящей чаше,
И в тусклой – родниковая вода
Из повседневной пьют намного чаще,
А из парадной – может, никогда.

По звону чаши не узнаешь,
Что накопили в ней века
А содержимое смешаешь –
И будешь знать наверняка.

На каждой чаше наш Создатель
Поставил жёсткое тавро
Он сам – верховный различатель,
А нам – лишь опытом дано.

***

Смысл потеряв, мы ищем славы
Добившись славы, мы уйдём
В потоке всемогущей лавы
Вновь смысл потерянный найдём

Чего бояться в этом мире –
Кошмара войн иль катаклизм
На жизнь смотреть нам надо шире
И проявлять максимализм

Секунда – век, а жизнь – мгновенье
У Вселенной на часах
Не каждому дано прозренье
Узнать всё здесь о Небесах

Непрост тот путь познания краткий
Спрессован жизнью он в года
Бывает трудный он и шаткий,
А вот чтоб лёгкий – никогда

Терпеньем путь в длину отмечен
И пониманьем – в ширину
Порой не прост, не безупречен
Бывает жизни на кону

Миг просветленья, бог удачи
Заслужен ранами в душе,
Что зарубцуются – и сдачей
Дадут познания клише.

Чалавеку, які з’яўляецца кіраўніком школы адзінаборстваў, па японскай традыцыі прысвойваецца тытул Сокэ (Soke), што ў перакладзе азначае «глава сям’і» або «глава дома». Такі чалавек не абавязкова з’яўляецца стваральнікам уласнага стылю, але можа самастойна змяняць тэхніку выкладаемага стылю, удасканальваць навучанне і валодае мноствам іншых правоў. У прыватнасці, ён мае права на выдачу мэнкё кайдэн («поўная перадача») – сертыфіката, уладальнік якога, на думку Сокэ, асвоіў усе тонкасці яго стылю. Паводле даследаванняў спецыялістаў у галіне баявых мастацтваў (у прыватнасці, Дональда Дрэгера), для атрымання такога сертыфіката вучань павінен быў займацца ў майстра больш за 30 гадоў.

Асаблівасць развіцця японскай паэзіі і літаратуры ў цэлым, у адрозненні, напрыклад, ад еўрапейскай традыцыі, заключаецца ў тым, што літаратура ў Японіі не лічылася ў большай ступені мужчынскім заняткам: свае творы свабодна стваралі і мужчыны, і жанчыны. Першапачаткова паэтаў у Японіі называлі утабіта – «чалавек песні», паколькі першыя вершы існавалі ў гукавай форме і маглі быць увасоблены, напрыклад, у выглядзе асабістай песні падчас святаў і абрадаў. Пазней дадзенае слова замяніла слова ёмібіта – «чалавек, які чытае». Адна з першых анталогій японскай паэзіі называецца Ман’ёсю, што ў перакладзе азначае «Збор мірыядаў лісцяў». Такая назва дадзена не выпадкова і многае кажа пра метафарычнасць і адмысловы вобраз творчага мыслення японцаў, што традыцыйна атаясамліваюць словы з лісцем раслін.

Сяргей МАЕЎСКІ

print

Вам таксама можа спадабацца: