«Здароў, браце!..»

10 Mar, 2016.

kahanovski1

Так шчыра і добразычліва вітаў бы кожнага свайго сябра і знаёмага наш зямляк, краязнавец, пісьменнік, нястомны руплівец на ніве беларушчыны доктар гістарычных навук Генадзь Каханоўскі. Людзі старэйшага пакалення, якім пашчасціла ведаць яго асабіста, з вялікай цеплынёй успамінаюць гэтага надзвычай інтэлігентнага чалавека. Дасягнуўшы вышынь у навуцы, атрымаўшы прызнанне ва ўсёй краіне, ён заставаўся сціплым і простым, прыязным і шчырым. Дзверы яго дома заўсёды былі расчынены для добрых людзей. А ў адзін з апошніх студзеньскіх дзён гасцінна расчыніў свае дзверы гарадскі Палац культуры: тут адбыўся вечар-успамін «Ішоў ён сейбітам нястомным па зямлі», прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Генадзя Каханоўскага. Каардынатары суполкі правінцыяльных гарадскіх гульняў «Тутэйшыя квэсты» і цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча правялі таксама квэст «Маладзечанскія Кірыл і Мяфодзій. Частка 1: жыццё і дзейнасць Генадзя Каханоўскага», а ўспаміны Любові Карповіч пра славутага земляка мы публікавалі нядаўна. Рэдка пра каго праз дзесяцігоддзі ўспамінаюць з такой шчырасцю і ўдзячнасцю: 22 гады няма яго сярод нас, а людзі гаварылі аб ім, нібы бачыліся ўчора. Непагадзь, занятасць, паважны ўзрост не сталі перашкодай для прафесара, даўняга сябра і паплечніка Генадзя Каханоўскага Адама Мальдзіса, які прыехаў з Мінска. Перадаючы яго сыну кнігу «Спадчына Беларусі», Адам Восіпавіч даў наказ абавязкова адрадзіць краязнаўчае таварыства, якое некалі стварыў Генадзій Аляксандравіч. Дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Таісія Лянкевіч з удзячнасцю расказвала пра ўнікальныя экспанаты, што здабыў для музея Каханоўскі, які працаваў у ім 18 гадоў, узначальваў яго. Выстаўку з самымі цікавымі рарытэтамі супрацоўнікі музея наладзілі перад пачаткам вечарыны. «Хітом» паказу, безумоўна, стаў слуцкі пояс, які Генадзь Каханоўскі прывёз у Маладзечна з Масквы. Скрыпка з палаца Агінскіх у Залессі, рукапісы Паўліны Мядзёлка, прыжыццёвыя выданні Янкі Купалы, Браніслава Тарашкевіча – яму ўдалося здабыць больш за 300 значных экспанатаў (усяго іх нашмат больш). Краязнавец, укладальнік гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць» Любоў Карповіч прапанавала хадайнічаць аб тым, каб нашаму музею прысвоілі імя Генадзя Каханоўскага. Гэта было б удзячнай памяццю пра нястомнага рупліўца. Прагучала прапанова сабраць сродкі на помнік Каханоўскаму, як раней усім горадам збіралі на помнік Агінскаму. Былы рэдактар часопіса «Алеся», пісьменніца Тамара Бунта прыгадвала, з якім задавальненнем яна хадзіла ў раённую газету на пасяджэнні літаратурна-краязнаўчага аб’яднання «Купалінка», якім кіраваў Генадзій Аляксандравіч. Колькі слушных парад даваў ён маладым літаратарам, як сур’ёзна ставіўся да іх творчасці! «Самая галоўная парада, якую ён мне даў, – пісаць толькі па-беларуску, і я прыслухалася», — сказала Тамара Пятроўна. Археолаг, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі Вадзім Шадыра, які ў маладосці працаваў у нашым музеі разам з Каханоўскім, асабліва зазначыў заслугу свайго старэйшага калегі ў тым, што дзякуючы яго намаганням у Маладзечне былі вернутыя гістарычныя назвы многім вуліцам, чаго не скажаш нават пра Мінск. Дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока вельмі цёпла расказвала аб сваім шматгадовым сяброўстве з жонкай, дачкой Генадзія Аляксандравіча, падкрэсліла, што для супрацоўнікаў Палаца вялікі гонар ладзіць вечарыны ў памяць аб слынным земляку. Успаміны чаргаваліся з відэасюжэтамі пра юбіляра. Асабліва шчымлівым было інтэрв’ю з жонкай Каханоўскага Зінаідай Пятроўнай, якая з вялікай пяшчотай і любоўю расказвала пра мужа, пра яго працавітасць, нягледзячы на дрэннае здароўе, яго дабрыню да сваёй радні. У гэты вечар у зале сабраліся ўсе самыя блізкія яго людзі: жонка, дзеці Аляксандр і Таццяна, сястра Зінаіда Аляксандраўна, брат Лявон Аляксандравіч.
kahanovski

Жонка Зінаіда, дачка Таццяна, сын Аляксандр, сястра Зінаіда, брат Лявон

Бралі за душу таленавітыя вершы Ларысы Сысун – галоўнага арганізатара вечарыны. Арга- нічна ўпісваліся ў канву размовы выступленні калектываў і выканаўцаў Палаца культуры, устаноў горада. Выдатна справіліся са сваёй роляй вядучыя Павел Дзянісік і Крысціна Корбут. Радавала, што ў канцэртнай зале было шмат моладзі. Вельмі важна, каб яна ведала пра нашых слынных землякоў, каб юнакі і дзяўчаты, ідучы па вуліцы імя Генадзя Каханоўскага, разумелі, чаму горад увекавечыў яго імя. — Дзякую вам за памяць пра нашага самага блізкага чалавека! – звярнуўся да прысутных сын Генадзія Аляксандравіча доктар гістарычных навук загадчык кафедры гісторыі Беларусі Белдзяржуніверсітэта Аляксандр Каханоўскі. Ён прадоўжыў справу бацькі, а свайго сына ў яго гонар назваў Генадзем. Генадзій Аляксандравіч Каханоўскі цяпер ходзіць у пяты клас сталічнай гімназіі… Прыйдзе час — ён прачытае дзедавы кнігі. І ад- крые для сябе дзедаву Беларусь, якую той так любіў і якой служыў так самааддана… За  што  мы  асабліва  ўдзячныя  Генадзю Каханоўскаму Падарыў гораду дзень нараджэння Знайшоў у гістарычных крыніцах першае ўпамінанне пра Маладзечна ў прысяжным лісце князя Ноўгарад-Северскага княства Дзмітрыя Карыбута вялікаму князю ВКЛ Ягайлу. Гэты дакумент датаваны 16 снежня 1388 года, які і лічыцца днём нараджэння нашага горада. Дарэчы, першая яго кніга прысвячалася роднаму гораду і называлася «Маладзечна». Устанавіў, што ў Ракуцёўшчыне жыў Багдановіч Адшукаў дакументальнае пацвярджэнне таму, што два летнія месяцы 1911 года Максім Багдановіч правёў у Ракуцёўшчыне, дзе цяпер створаны філіял-музей «Фальварак Ракуцёўшчына», б’е Максімава крыніца, расце Максімаў сад. Гэта вёсачка стала месцам паломніцтва ўсіх аматараў паэзіі і беларушчыны. Прывёз у Маладзечна з Масквы слуцкі пояс У 1968 годзе Генадзію Аляксандравічу ўдалося дамовіцца з Маскоўскім гістарычным музеем аб перадачы маладзечанскаму музею слуцкага пояса. Гэта вялікая нацыянальная каштоўнасць, якіх ва ўсёй Беларусі адзінкі. Сімвалічна, што два гады таму абласны краязнаўчы музей пры фінансавай падтрымцы аблвыканкама набыў яшчэ адзін слуцкі пояс. Анжаліка КРУПЯНЬКОВА, «Маладзечанская газета» Фота: Аляксей ПЛАТКО
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *