А ты запісаўся ў валанцёры? (+відэа)

5 Oct, 2016.

_dsc0243 Дзе ў БДУ можна сустрэць самых неабыякавых і спагадлівых студэнтаў? Вядома ж, на адкрытай сустрэчы валанцёраў, якую арганізавала ўпраўленне выхаваўчай працы з моладдзю! 29 верасня на ФМА сабраліся кіраўнікі добраахвотніцкіх арганізацый, каб распавесці пра сваю дзейнасць, знайсці аднадумцаў і разам ажыццяўляць новыя праекты! Усяго ў БДУ функцыянуе 7 добраахвотніцкіх арганізацый, якія аб'ядноўваюць больш за 230 чалавек. За апошні год праведзена каля 70 мерапрыемстваў, сярод якіх музычныя канцэрты, пастаноўкі, дабрачынныя акцыі, прафарыентацыйныя гутаркі, дапамога ў навучальным працэсе і не толькі. _dsc0133 Фармат сустрэчы першапачаткова заяўляўся адкрытым, больш за 50 зацікаўленых і студэнтаў, што наведалі мерапрыемства, змаглі пазнаёміцца з добраахвотніцкімі арганізацыямі і іх кіраўнікамі, а таксама навучыліся методыцы "6 капелюшоў мыслення", якой падзялілася Ганна Пелагейчык, сертыфікаваны коўч ICU, дыпламаваны псіхолаг, педагог, HR і трэнер. З дапамогай яе наўпрост у аўдыторыі валанцёры прыдумалі дзясяткі новых ідэй для праектаў, якія ім дапаможа ў далейшым ажыццявіць alma mater! А зараз бліжэй пазнаёмімся з добраахвотніцкімі арганізацыямі. Высветлілася, шматлікія факультэты задзейнічаны ў валанцёрстве. На факультэце міжнародных адносін, напрыклад, ёсць "Сацыяльная ініцыятыва", якой кіруе Анастасія Прохарчык. Студэнты ездзяць у дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гульні, шпацыры, чытанне, творчыя заняткі, гуманітарная дапамога – хлопцы і дзяўчаты робяць шмат добрага для асаблівых дзетак! А тыя вельмі любяць пытаць пра жыццё валанцёраў. Распавядзеш ім пра сваё і ты? _dsc0142 Пра добраахвотніцкі рух БРСМ БДУ "Абдымкі", напэўна, чуў кожны. Неабыякавыя студэнты ўвесь час ездзяць у сацыяльныя прытулкі і дзіцячыя дамы Мінска, спецыялізаваную школу-інтэрнат г. Асіповічы. Кіраўнік праекта Анастасія Ілютка так эмацыйна распавяла пра паездкі і свой досвед, што ў аўдыторыі стаяла поўная цішыня – усе слухалі, стаіўшы дыханне. Валанцёры праекта студсаюза "Мая школа" курыруюць дзіцячы дом № 5 г. Мінска і часта прыязджаюць, каб дапамагчы дзецям з хатнім заданнем, а па чацвяргах гуляюць з хлапчукамі ў футбол. Апошнія па-сапраўднаму хварэюць гэтым відам спорту. Акрамя гэтага, "Мая школа" рыхтуе творчыя праграмы для правядзення ў Івянецкім дзіцячым доме-інтэрнаце, дзіцячай бальніцы ў Бараўлянах. Калі хочаш далучыцца, звязвайся з Каралінай Чарношай! _dsc0135 Не адстае і "Школа валанцёраў" факультэта сацыякультурных камунікацый. Куратарам з’яўляецца Ірына Віктараўна Панцюк. Прадстаўлялі праект студэнткі Анастасія Жукоўская і Дар'я Каралькевіч. Разам з валанцёрамі яны арганізоўваюць добраахвотніцкія акцыі ў падтрымку здаровага ладу жыцця і сямейных каштоўнасцяў, святочныя мерапрыемствы ў школах. На рахунку гуртка выстава, прысвечаная сацыяльнай адаптацыі маладых інвалідаў і праект "Мы памятаем. Мы дзякуем" у даніну памяці героям Вялікай Айчыннай вайны. Валанцёры філалагічнага факультэта пад кіраўніцтвам Аляксандры Таранчанкі ездзяць у дзіцячыя дамы п. Івянец і г. Асіповічы, г. Мінск з канцэртнымі праграмамі і падарункамі. Па словах дзяўчыны, яны імкнуцца стаць для дзетак сябрам. Пасябруй і ты? wp_20160929_006 У Інстытуце тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірылы ўжо які год дзейнічае праект "Элеас", у рамках якога ажыццяўляецца дапамога шматдзетным сем'ям, інвалідам, дзецям-сіротам. Багдан Грышко падняў праблему маральнага выхавання і ўзаемадзеяння з дзецьмі, пазбаўленымі бацькоўскай увагі. Таццяна Валянцінаўна Трацінка курыруе адразу два праекты: "Дарогу надзеі" ДІКСТ БДУ і навуковы гурток "Сацыяльная праца з непаўналетнімі групы рызыкі". Прадставіла працу праектаў Кацярына Старавойтава. Валанцёры адмыслова навучаюцца, каб аказаць псіхалагічную, педагагічную і рэабілітацыйную падтрымку розным групам насельніцтва. Самы "спелы" добраахвотніцкі праект БДУ – "Сувязь пакаленняў". Валанцёры пад кіраўніцтвам Таццяны Ярмаловіч дапамагаюць ветэранам і пажылым людзям дома і ў гаспадарцы, падтрымліваюць і віншуюць з асабістымі і традыцыйнымі святамі. _dsc0203 Творчая студыя "МІМ-БДУ" не адстае ад добраахвотніцкіх арганізацый. Разам з імі ўдзельнікі студыі – мімы і каманды фхэйс-арту – ездзяць у дзіцячыя дамы, прывозячы з сабой атмасферу весялосці і яркія малюнкі на тварах дзетак! Добраахвотніцкім кірункам студыі загадвае Вольга Краўчанка. Рабіць дабро так проста! Далучыся і ты да гэтага марафона дабра! Надзея МАРХЕЛЬ Відэа: _dsc0231
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *