Ягор Конеў: “Толькі беларушчынай мы будзем цікавыя свету” (+відэа)

4 Oct, 2016.

dscn4571На Дні беларускага пісьменства ў Рагачове ўзнагароджвалі пераможцаў ІІ Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Найлепшым творам драматургіі прызнана п’еса «Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы» дацэнта кафедры міжнароднай журналістыкі і літаратуры Інстытута журналістыкі Ягора КОНЕВА. Мы пагутарылі з аўтарам пра прызнанне гістарычнай драмы і яе далейшы лёс.
– Ягор Фёдаравіч, віншуем з узнагародай! Ці было нечаканым для Вас такое прызнанне?
– Яно было дужа прыемным. У апошняй дэкадзе жніўня мне па­званіў старшыня Мінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў і запрасіў паехаць разам з дэлегацыяй у Рагачоў на ўручэнне прэмій. Так я і даведаўся, што ўганараваны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у галіне драматургіі. А літаральна за два месяцы да таго ўдзельнічаць у конкурсе мне прапанаваў пісьменнік і драматург Георгій Марчук. Ён узначальвае ў саюзе секцыю драматургіі і таму ўважліва адсочвае, хто з сяброў СПБ штосьці апублікаваў або паставіў за бягучы перыяд. Мая п’еса патрапіла ў поле яго зроку, дык ён ад імя секцыі і вылучыў яе на разгляд камісіі па прысуджэнні прэміі.
– Вы ўдзельнічалі ў конкурсе толькі з драматургічным творам, ці была яшчэ проза? Як Вы ўспрымаеце тое, што Вас ад­зна­чылі менавіта як драматурга?
– Нацыянальная прэмія прысуджаецца ў розных намінацыях, у тым ліку ў галіне прозы, літаратуразнаўства, твораў для дзяцей, «дэбют» і г. д. За прозу (раман «Амерыканская адысея Тадэвуша Касцюшкі») я атрымаў прэмію Са­юза пісьменнікаў «Залаты купідон» дзесяць гадоў таму… А тое, што адзначылі менавіта як драматурга, то гэтым ганаруся. Я сябе збольшага і ўспрымаю як драматурга. На семінарскіх занятках у Інсты­туце журналістыкі, дзе выкладаю ўжо сямнаццаць гадоў, часта бачу такія праявы студэнцкай натуры, што і ў тэатр хадзіць не трэба. Але і ў тэатр хаджу.
– Як узнікла п’еса? Чаму менавіта тэму гістарычнай драмы Вы выбралі для свайго твора?
– Трыццаць гадоў таму патрапіў мне ў рукі раман «Чорны замак Альшанскі» Уладзіміра Караткевіча (гэты пісьменнік, шчыра кажучы, і прыахвоціў мяне да беларушчыны). Другарадным персанажам у ра­мане быў знакаміты следчы і суддзя Андрэй Станкевіч – «беларускі Шэрлак Холмс сямнаццатага стагоддзя». Дарэчы, рэальная асоба, яго дзейнасць зафіксавана ў су­довых актах, што захоўваюцца ў архівах. З тае пары глыбока засеў у маёй памяці гэты персанаж. І    паколькі ніхто болей не пісаў пра гэтага дзеяча, то я падумаў: чаму б мне за яго не ўзяцца? А паколькі самым знакамітым злачынствам у часы «залатога спакою» Рэчы Пас­палітай было забойства шляхціца Карловіча яго жонкай Мары­най Дастаеўскай (прапрабабуляй Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага), то немагчыма было не звесці ў кры­мінальным паядынку гэтых каларытных персанажаў. Дарэчы, маёнтак Дурынічы, дзе адбылося злачынства, знаходзіўся прыблізна на месцы цяперашняга Палаца Рэспублікі. Ахвяру пахавалі на Каль­варыйскіх могілках, а пакаранне злачынцы адбылося там, дзе зараз станцыя метро «Няміга». Барацьба за справядлівае пакаранне Дастаеўскай заняла куды болей часу, чым следства і выкрыццё. Але тое, што законнасць, якая ў пачатку сямнаццатага стагоддзя мела неакрэслены характар, пакрысе ўкаранялася ў рэальнасць, тлума­чы­лася выключнымі высілкамі такіх падзвіжнікаў, як Андрэй Станкевіч. Таму я прысвяціў гэтай постаці не толькі п’есу, але і шэраг апавя­данняў, якія былі апублікаваны на старонках тыднёвіка «Літаратура і мастацтва», а таксама дэтэктыўную аповесць, якую сёлета друкуе часопіс «Маладосць».
– Вядома, што на рэспубліканскі конкурс адбіраліся творы, надрукаваныя не раней за 2015 год. У якім выданні была надрукавана Ваша п’еса? Дзе чытачу можна пазнаёміцца з творам?
– На старонках часопіса «Маладосць», а таксама ў зборніку «Сучасная беларуская драматургія».
– Па некалькіх Вашых п’есах ставіліся спектаклі. Магчыма, у хуткім часе ўбачым на сцэне «Зла­чынства і пакаранне…»?
– Сам вельмі хацеў бы там яе ўбачыць. Ды на ўласны досвед  пераканаўся, што кіраўніцтва бела­рускіх тэатраў збольшага пагарджае беларускай драматургіяй. У гэтым лёгка пераканацца, калі паглядзець на афішы нашых тэ­ат­раў і пашукаць там п’есы беларус­кіх аўтараў. У самым лепшым выпадку яны складаюць меней за чвэрць усіх спектакляў, а ў правінцыі сітуацыя яшчэ горшая.
Раз­важаць на гэты конт і тлумачыць прычыны такой гаротнай з’явы можна доўга, але я схільны бачыць пазітыўную перспектыву нават у сённяшнім крызісе. Зараз дзяржава выдае датацыі тэатрам, а іх кіраўнікі самі вырашаюць, што будуць ставіць. Зразумела, пыху галоўнага рэжысёра болей паце­шыць пастаноўка Бамаршэ або Шэкспіра, чым Марчука або Руд­коўскага. З жывымі аўтарамі трэба працаваць, а мёртвыя класікі   не запярэчаць. Аднак цяпер у склада­ных эканамічных варунках, мяркую, дзяржава павінна фінансаваць толькі пастаноўкі беларус­кіх аўтараў. А Бамаршэ і Шэкспіра, якія мусяць «зрабіць касу», няхай тэатры ставяць за ўласны кошт. У свой час наша дзяржава дамагла­ся гучання беларускіх выканаўцаў  у беларускім радыёэфіры на 50 %    і такім чынам надала стымул для развіцця айчыннай эстрады. Мне падаецца, прыспела пара зрабіць тое ж самае і з беларускім тэат­рам. Бо толькі беларушчынай мы і бу­дзем цікавыя свету.
Гутарыла
Наталля КУДРАШОВА
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: