Сямейныя каштоўнасці вачыма студэнтаў

22 Dec, 2016, усяго праглядаў: 102.

img_8645
Рэпрадуктыўныя паводзіны і каштоўнасці моладзі, у прыватнасці студэнцкай, з’яўляюцца сёння аб’ектам увагі не толькі навукоўцаў-сацыёлагаў, але і шырэйшых колаў грамадства, у тым ліку дзяржаўных структур, адказных за ажыццяўленне дэмаграфічных і гендарных праграм па краіне.
Каб даведацца, наколькі настроены маладзёны на стварэнне сям’і, як ставяцца да шлюбу і нараджэння дзяцей, на базе БДУ быў рэалізаваны праект “Рэпрадуктыўныя ўстаноўкі і сямейныя каштоўнасці студэнтаў БДУ, Гродзенскага і Магілёўскага ўніверсітэтаў” (2016). Ён паўстаў як вынік супрацоўніцтва цэнтра сям’і і дзяцінства псіхалагічнай службы БДУ і кафедры сацыялогіі ФФСН БДУ. Сумесна пісалі праграму даследавання, распрацоўвалі інструментарый. А развівалі і ажыццяўлялі ідэю студэнты БДУ, а таксама іх калегі з ГрДУ і МДУ, якія выконвалі праект у межах сваёй вучэбнай практыкі. Аднак тое, што атрымалася, пераступае парог вучэбных аўдыторый. Было апытана больш за тысячу чалавек, што ўтварае сабой масіў, істотны па мерках сацыялагічных даследаванняў. Звяртае на сябе ўвагу і геаграфія апытання: Магілёўскі ўніверсітэт рэпрэзентуе ўсход краіны, Гродзенскі – захад, а БДУ – цэнтр, што дазваляе гаварыць пра пэўную шырыню ахопу і прадстаўнічасць вынікаў. Сярод апытаных былі вылучаны дзве групы: па-першае, студэнты 1 і 4 курсаў, па-другое, людзі ва ўзросце 23-35 гадоў, якія маюць стаж сямейнага жыцця 2 гады і больш, прычым адзін з сужэнцаў мае вышэйшую адукацыю. Вынікі праекта былі прадстаўлены на круглым стале, прысвечаным Дню маці (“Мама ў нашым жыцці”, 14 кастрычніка 2016 г., БДУ) і арганізаваным псіхалагічнай службай БДУ, а таксама на пасяджэнні інавацыйнай пляцоўкі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ (18 лістапада 2016 г., БДУ).
???????????????????????????????????? “У нас не вучаць сямейнаму жыццю” Адна з кіраўніц праекта, Ларыса Філінская (кафедра сацыялогіі ФФСН, цэнтр сацыяльных і палітычных даследаванняў БДУ, к. ф. н., дацэнт) вылучае сярод вынікаў наступныя: дзве траціны апытаных – як маладых сямейных пар, так і студэнтаў – адзначылі неабходнасць дадатковых звестак пра сямейнае жыццё. “Раней у школе быў курс “Асновы сямейнага жыцця”, – каментуе Ларыса Уладзіміраўна. – Цяпер яго, на жаль, няма. І ў нас няма аніякіх падобных курсаў ва ўніверсітэцкай праграме. На кожным факультэце процьма ўсялякіх курсаў і спецкурсаў на выбар, але тое, што будзе тут жа патрэбна па завяршэнні ўніверсітэта ці неўзабаве, аказваецца, адсутнічае, у нас гэтаму не вучаць. Таму гэты кірунак зносін са студэнтамі вельмі важны, і праведзенае даследаванне толькі пацвярджае запатрабаванасць такіх звестак”. Сярод пытанняў, найбольш цікавых для рэспандэнтаў у сямейнай тэматыцы, на першым месцы стаіць пытанне выхавання дзяцей, на другім – пазбяганне канфліктаў у сям’і, на трэцім – стварэнне эмацыйна камфортнай атмасферы ў сям’і. Паводле даследавання, гэтыя звесткі вельмі патрэбныя як тым студэнтам, якія толькі думаюць пра стварэнне сям’і, так і маладым сем’янінам, якія ўжо скончылі свае ўніверсітэты і аказаліся перад дарослым жыццём не зусім гатовымі. Яшчэ адна праблема, якую самі студэнты прапанавалі ўключыць у даследаванне, – праблема абортаў. “Сёння гэта пытанне надзвычай актуальнае, – заўважае Ларыса Філінская. – У краінах-суседзях мы назіраем складаныя працэсы, звязаныя з заканадаўчымі спробамі рэгулявання сітуацыі. І ў нашай краіне ўсе разумеюць, што аборты – гэта праблема. Даследаванне паказала, што дзве траціны нашых студэнтаў лічаць аборты забойствам. А ў Гродне і Магілёве працэнт такіх меркаванняў яшчэ вышэйшы, там лічба сягае да 80 %. img_1503 У прынцыпе можна заўважыць, што студэнты БДУ ва ўсіх сямейных пытаннях больш “талерантныя”, у той час як студэнты Гродна і Магілёва прыхільныя да больш традыцыйнай сістэмы каштоўнасцяў. Паводле нашай гіпотэзы, у Гродне мае свой уплыў пашыранасць каталіцкага веравызнання і адпаведных перакананняў, а ў Магілёве праводзіўся шэраг акцый, скіраваных на ўсведамленне каштоўнасці жыцця і сям’і, якія, верагодна, і аказалі свой пазітыўны ўплыў, што і праявілася ў нашым даследаванні”. Сярод іншых пытанняў, узнятых у даследаванні, фігуруюць сурагатнае мацярынства, ідэйная бяздзетнасць (т. зв. чайлд-фры), пажаданы ўзрост бацькоўства, меркаваная колькасць дзяцей у сям’і, мадэлі выхавання дзяцей. Прапануем некалькі найбольш яскравых, на нашу думку, фрагментаў. Рэгістрацыя шлюбу Тры чвэрці студэнтаў лічаць рэгістрацыю шлюба неабходнай. Існуе розніца па ўніверсітэтах: Гродненскі і Магілёўскі ўніверсітэты ў большай ступені выступаюць за рэгістрацыю шлюбаў. Іх негатыўнае стаўленне да жыцця маладой пары без шлюбу аформлена больш яўна, чым у студэнтаў БДУ. Дзяўчаты у большай ступені, чым хлопцы, выказваюць спадзяванні, што такое сужыццё прывядзе ў выніку да афіцыйнага афармлення стасункаў, у той час як хлопцы больш схільныя лічыць, што няма розніцы паміж зарэгістраваным шлюбам і незарэгістраванымі стасункамі. Тыя, хто выступалі супраць неаформленных адносін, указвалі на іх несур’ёзнасць, на тое, што такія пары часта разыходзяцца з-за дробязяў, і амаль чвэрць рэспандэнтаў лічыла, што ў такім “шлюбе” ўзнікаюць цяжкасці пры раздзеле маёмасці пры расставанні. panorama-354 Якасці партнёраў Сярод якасцяў партнёраў на першым месцы апытаныя вылучылі вернасць, якая апярэдзіла адукаванасць і эрудыцыю, наяўнасць побытавых навыкаў, эмацыйна-псіхалагічную сумяшчальнасць і нават прывабную знешнасць. Як адзначаюць даследчыцы Настасся Кічатая і Марына Цялюк, дзяўчаты больш патрабавальныя да сваіх партнёраў па ўсіх крытэрыях. Моцны пол традыцыйна хоча бачыць побач знешне прывабную пару, а прыўкрасная палова схільная шукаць матэрыяльнай забяспечанасці і скіраванасці на стварэнне сям’і. Цікава, што на пытанне, праз які час у шлюбе мяркуецца аптымальным нараджэнне першынца, больш за палову адказалі – праз 1-2 гады, каля 30 % – праз 3-4 гады. Відавочна, большасць студэнатў наўпрост звязвае шлюб і нараджэнне дзяцей. Колькі дзяцей вы плануеце? Кожны другі студэнт-рэспандэнт марыць пра двух дзяцей у сваёй будучай сям’і; 18,5 % плануюць 3 і больш дзяцей, 12 % пакуль яшчэ не думалі пра гэта; 6,7 % апытаных адказалі, што зусім не хочуць мець дзяцей. Моладзь больш скіраваная на маладзетную ці нават шматдзетную сям’ю, чым на аднадзетную. Заўважым, што на пачатак 2016 г. у Беларусі налічвалася звыш 77 тыс. сямей, у якіх дзетак выхоўваецца трое і больш, у той час як у 2013 г. такіх сем’яў было 62 тысячы, што выяўляе даволі выразную станоўчую дынаміку. Нежаданне мець дзяцей у прынцыпе для нашай краіны новае, прывезенае з-за акіяна (прытым у Амерыцы – радзіме “чайлд-фры” – гэта ідэя ўжо выявіла сваю згубнасць і паступова адыходзіць у нябыт) і, на шчасце, не надта ўхвальна сустрэтае нашымі студэнтамі. Больш за палову апытаных лічаць недапушчальным адмаўленне маладой пары ад дзетак у імя асабістых інтарэсаў або з-за неахвоты займаць сябе “дзіцячымі” клопатамі. dsc03255 Пара бацькоўства Няшмат студэнтаў плануе стаць бацькамі ва ўзросце да 22 гадоў, але ў Гродне і Магілёве такіх адважных маладзёнаў больш, чым у Мінску. Узрост-лідар – гэта 23-27 гадоў, то бок нараджэнне дзетак адразу па завяршэнні ўніверсітэта. Блізкі па папулярнасці сярод рэспандэнтаў узрост 28-33 гады, што, верагодна, звязана з імкненнем маладых спецыялістаў зрабіць першыя крокі па кар’ернай лесвіцы, не абцяжарваючы сябе клопатамі пра пялюшкі. Хлопцы падзяліліся амаль пароўну паміж абодвума папулярнымі ўзростамі, а ў дзяўчат сітуацыя іншая: 75 % аддалі перавагу ўзросту 23-27 гадоў. Сацыёлагі тлумачаць гэта вышэйшай адчувальнасцю жаночага полу да біялагічных рытмаў – умоўна кажучы, дзяўчаты выразней чуюць, што гадзіннік-та цікае. Увогуле, меркаваны ўзрост бацькоўства часта становіцца прадметам вывучэння сацыёлагаў, якія адзначаюць, што гэты паказчык знаходзіцца ў простай залежнасці ад масавізацыі вышэйшай адукацыі, у тым ліку сярод жанчын. Многія хочуць спакойна адвучыцца, адкладваюць бацькоўства – а вучоба ў большасці ВНУ працягваецца да 22-23 гадоў, што і абумоўлівае атрыманыя ў даследаванні ўзроставыя інтэрвалы. Паводле апошніх даследаванняў, сярэдні ўзрост нараджэння першага дзіцяці па горадзе Мінску складае 29 гадоў (па сельскай мясцовасці 27,4 гады), і гэты ўзрост, на жаль, працягвае расці. dsc03267 Дэмаграфія Скарачэнне колькасці насельніцтва і яго старэнне з’яўляюцца вядомымі дэмаграфічнымі праблемамі ў нашай краіне. Кожныя пяць гадоў прымаюцца праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Па рэалізацыі апошняй такой праграмы, 2010-2015 гг., былі заўважныя некаторыя станоўчыя тэндэнцыі: планавалася, што на тысячу чалавек насельніцтва будзе 12 дзяцей, а на 2015 г. гэта лічба склала 12,5. А вось колькасць дзяцей на адну жанчыну складае 1,7, у той час як для стабільнага замяшчэння пакаленняў гэты паказчык павінен раўняцца 2,15. Даволі вялікі разрыў пацвярджае актуальнасць тэмы, узнятай у даследаванні. Дзяржава імкнецца весці збалансаваную пранаталісцкую палітыку (палітыку падтрымкі нараджальнасці), прытым тут могуць выкарыстоўвацца як забарончыя метады (напрыклад, рэгуляванне абартыўных практык, забарона пэўных кантрацэптыўных сродкаў), так і заахвочвальныя метады (сацыяльная і матэрыяльная падтрымка сем’яў). Шэраг сацыёлагаў адзначае, што немалаважным момантам у паспяховай рэалізацыі такой палітыкі з’яўляецца ўздзеянне на каштоўнасныя ўстаноўкі моладзі. Сама моладзь грае вызначальную ролю ў фарміраванні замяшчэння пакаленняў, аднаўленні сацыяльна-дэмаграфічнай структуры грамадства – таму менавіта ў моладзі надзвычай важна фарміраваць правільныя каштоўнасныя арыентацыі ў дачыненні да сям’і. Праведзенае студэнтамі даследаванне выявіла, што патрэба ў рабоце з сямейнымі каштоўнасцямі велізарная і што самі студэнты гатовыя і зацікаўленыя атрымліваць звесткі, датычныя сямейнага жыцця. Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *