Акунуцца ў мару. Калядны баль у БДУ (+відэа)

20 Dec, 2016.

vals_2

З самага дзяцінства кожная дзяўчына марыць сустрэць выдатнага прынца, закруціцца з ім у вальсе і правесці ўвесь вечар на балі. Філалагічны факультэт БДУ шырока расчыніў свае дзверы для гасцей штогадовага каляднага дабрачыннага балю. 16 снежня жадання летуценніц увасобіліся ў рэальнасць.

organizatory

Арганізатары балю

Камін саграваў сэрцы, а зіхатлівыя гірлянды асвятлялі радасныя твары прысутных.

"Так, было складана, – прызнаецца галоўны арганізатар балю Анастасія НIКIЦIНА, – але мы ўлічылі памылкі мінулых гадоў і сёе-тое памянялі".

Калядны баль стаў добрай традыцыяй, бо напярэдані навагодніх святаў ужо шосты год на філалагічным факультэце пануе казачная атмасфера. "Вытанчанасць і грацыя. Інтрыга і захапленне…" – слоган мерапрыемства. Усе дабрачынныя ўнёскі, сабраныя на балі, ідуць на набыццё навагодніх падарункаў для выхаванцаў Асіповіцкай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата.

vals

Першакурсніцы-дэбютанткі балю ператварыліся ў сапраўдных папялушак: пасля вальсу зніклі, пакінуўшы толькі туфлік

Першакурсніцы-дэбютанткі балю ператварыліся ў сапраўдных папялушак: яны танчылі вальс з курсантамі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, а неўзабаве зніклі, пакінуўшы толькі туфлік. А курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай Акадэміі авіяцыі, якія ўжо не першы год з'яўляюцца гасцямі на балі, сталі надзейнымі партнёрамі ў гарачым танга для дзяўчат філалагічнага факультэта.

"З кожным годам калядны дабрачынны баль на філфаку станавіцца ўсё лепшым і лепшым" – дзеліцца сваімі ўражаннямі Юлія Пагосава, галоўны арганізатар "Каляднага дабрачыннага балю–2014". Дзяўчына таксама распавяла, што ў конкурсе "Кароль і Каралева балю" ўжо традыцыйна перамагае або пара, якая з'яўляецца сям'ёй, або пара, якая ў хуткім часе ёй становіцца. Гэты год не стаў выключэннем, бо пераможцы Мойса Міхаіл і Саковіч Лізавета паабяцалі, што правядуць разам не толькі Новы год, але і астатняе жыццё.

 

s_mimami

Чароўныя мімы з творчай студыі "MiM-BSU" не давалі засумаваць гасцям

Чароўныя мімы з творчай студыі "MiM-BSU" не давалі засумаваць гасцям, спевакі і танцоры творчага саюза БДУ сваімі выступленнямі дапамаглі расслабіцца і нацешыцца жыццём. Для тых, у каго ногі стамляліся ад танцаў, быў міні-фуршэт, дзе можна было паласавацца і набрацца сіл.

korol_i_koroleva_bala

Кароль і Каралева балю

"Сёння сапраўды святочная і добрая атмасфера пануе ў нас на факультэце. Я лічу, што мэты, якія паставілі перад сабой арганізатары мерапрыемства, абавязкова будуць дасягнуты!" – прызнаўся намеснік дэкана па навучальна-метадычнай працы філалагічнага факультэта Мікалай Мікалаевіч ХМЯЛЬНIЦКI.

І мэты дасягнуты былі! Усе лоты аўкцыёну былі прададзены, Кароль і Каралева абраны, новыя закаханыя пары створаны, і сяброўства паміж факультэтамі наладжана. Кожная дзяўчына ў гэты казачны вечар адчула сябе прынцэсай. Усе госці мерапрыемства з нецярпеннем чакаюць наступнага балю, каб ізноў акунуцца ў мару.

Праект філалагічнага факультэта "Калядны дабрачынны баль" заняў першае месца ў намінацыі "Факультэт" у конкурсе "Найлепшы моладзевы праект" па выніках 2016 года.

Анастасія РАБКО

Фота: Анастасія Шпартова

Яшчэ больш фота тут ( фатограф Васіль Кузьмiчкiн)

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *