Віншуем прафесара Эдмунда Звяровіча з юбілеем!

27 Dec, 2016.

zverovich2

30 снежня 2016 года – 80-гадовы юбілей у значнага беларускага матэматыка, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара, заслужанага работніка БДУ Эдмунда Іванавіча Звяровіча.
 
Эдмунд Іванавіч нарадзіўся ў 1936 г. ля станіцы Новаўладзімірскай Краснадарскага краю. Па заканчэнні Растоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і аспірантуры ў г. Маскве працаваў у ВНУ Растова і Адэсы.
 
У 1975 г. доктар фізіка-матэматычных навук Э. І. Звяровіч пераязджае ў Мінск і распачынае працу на механіка-матэматычным факультэце БДУ на пасадзе загадчыка кафедры тэорыі функцый, якой загадваў на працягу 27 гадоў. З 2002 г. і па цяперашні час працуе прафесарам гэтай кафедры.
 
zverovichЭ. І. Звяровіч – вядомы спецыяліст па матэматычным аналізе, які мае высокі аўтарытэт сярод матэматыкаў шматлікіх краін свету. Ён атрымаў фундаментальныя вынікі па тэорыі краявых задач для аналітычных функцый. У першую чаргу гэта адносіцца да пабудаванай ім тэорыі краявых задач на рыманавых паверхнях. Ён таксама распрацаваў метад лакальна-камформнага склейвання, які дазваляе вырашаць усе вядомыя двухэлементныя краявыя задачы ў найбольш агульнай пастаноўцы, даследаваў шматлікія адмысловыя інтэгральныя ўраўненні, пытанні тэорыі рыманавых паверхняў, канструктыўна вырашыў шэраг складаных задач тэорыі пругкасці і электрадынамікі.
 
Прафесар Э. І. Звяровіч з’яўляецца заснавальнікам навуковай школы: ён падрыхтаваў 23 кандыдаты навук, а чацвёра яго вучняў сталі дактарамі навук. У наш час вучні Эдмунда Іванавіча працуюць у Беларусі, Расіі, Украіне, Малдове, Таджыкістане, Польшчы, Германіі, Эквадоры, Канадзе.
Амаль 40 гадоў Эдмунд Іванавіч кіруе навуковым семінарам імя акадэміка Ф. Д. Гахава, на якім выступаюць з дакладамі матэматыкі блізкага і далёкага замежжа. Дарэчы, і сам кіраўнік штогод выступае на гэтым семінары са сваімі новымі навуковымі вынікамі і рэгулярна публікуе іх у аўтарытэтных матэматычных часопісах. Спіс яго публікацый налічвае каля 200 прац.
 
За шматлікія гады працы ў БДУ Эдмунд Іванавіч прачытаў дзясяткі курсаў лекцый па розных раздзелах матэматыкі. Вынікам шматгадовай выкладчыцкай працы стала выданне Эдмундам Іванавічам у 2006–2008 гг. навучальнага дапаможніка “Рэчыўны і комплексны аналіз” у 4 кнігах. Дапаможнік змяшчае сучасныя, шмат у чым новыя метадычныя падыходы да вывучэння класічнага базавага раздзела вышэйшай матэматыкі.
 
Талент матэматыка і педагога прыцягвае да Эдмунда Іванавіча студэнтаў, супрацоўнікаў універсітэта і ўсіх, каму даводзіцца з ім мець зносіны. Да Эдмунда Іванавіча можна звярнуцца і па ацэнку матэматычнага выніку, і па жыццёвую параду. Адданасць навуцы,  мудрасць настаўніка ўдала спалучаюцца  ў ім з нязменным аптымізмам і досціпам.
 
Калектыў кафедры тэорыі функцый, вучні, а таксама супрацоўнікі, аспіранты і студэнты механіка-матэматычнага факультэта сардэчна віншуюць Эдмунда Іванавіча з юбілеем, жадаюць яму дужага здароўя, сямейнага дабрабыту і новых творчых поспехаў!
 
Калегі і вучні

 

print

Вам таксама можа спадабацца: