Вялікі спорт у БДУ (+вiдэа)

30 Dec, 2016, усяго праглядаў: 104.

Вручение дипломов

Ігар Бокі і рэктар БДУ Сяргей Абламейка

У нашым універсітэце рэгулярна праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы, святы і спаборніцтвы па розных відах спорту, студэнты штогод становяцца прызёрамі прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных турніраў. У рамках прэс-канферэнцыі пад дэвізам «Спартыўная эліта выбірае БДУ» 20 снежня былі падведзены спартыўныя вынікі года, а журналісты задалі пытанні рэктару акадэміку Сяргею Абламейку, спартсменам Джавіду Гамзатаву і Ігару Бокаму, а таксама старшаму выкладчыку кафедры фізвыхавання і спорту барцу Камандару Маджыдаву.

У круглагадовай універсіядзе  БДУ ўдзельнічалі 15 факультэтаў, а таксама студэнты ДІКСТ, ІБМТ, Інстытута журналістыкі і МДЭІ імя А. Д. Сахарава. Спаборніцтвы праходзілі па 20 відах спорту. Першае месца ў чарговы раз заняў юрыдычны факультэт, на другім – факультэт міжнародных адносін. Замкнуў тройку механіка-матэматычны факультэт.

Вручение дипломов

Кубак спартакіяды БДУ – у юрыдычнага факультэта

Таксама названы лаўрэаты 4  намінацый. «Найлепшымі спарт­с­ме­намі года» прызнаны: студэнты юрфака, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ Жанэйра па грэка-рымскай барацьбе Джавід Гамзатаў і 11-разовы чэмпіён Паралімпійскіх гульняў па плаванні, шматразовы чэмпіён свету і Еўропы Ігар Бокі.
Званнем «Найлепшая гульнявая каманда» ганаравана зборная БДУ па шахматах. Тытул «Найлеп­шы трэнер-выкладчык года» прысуджаны старшаму выкладчыку КФВС Мікалаю Прусаву. «Найлеп­шым трэнерам-арганізатарам года» названа старшы выкладчык КФВС Кацярына Лысенка.

Вручение дипломов

«Найлеп­шы трэнер-арганізатар года»-старшы выкладчык КФВС Кацярына Лысенка

На прэс-канферэнцыі было абвешчана пра заснаванне рэктаратам новай спартыўнай прэміі «Спартыўны алімп БДУ». Прэміі былі прысуджаны дзесяці найлеп­шым спартсменам універсітэта, якія годна прадставілі Беларусь на спартыўных спаборніцтвах.

Лаўрэатамі сталі студэнты юры­дычнага факультэта Ігар Бокі і Джавід Гамзатаў; студэнты эка­намічнага факультэта сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету сярод студэнтаў па каратэ Рэнат Архіпенка, Дзмітрый Архіпенка і студэнт ФФСН Глеб Алексін; студэнт ІБМТ бронзавы прызёр VII чэмпіянату свету сярод студэнтаў па боксе Яўген Меднік; прызёры чэмпіянату свету па грэка-рымскай барацьбе студэнт гістарычнага факультэта Мікалай Стадуб (серабро) і студэнт юры­дычнага факультэта Віктар Сасуноўскі (бронза); студэнткі юр­фака пераможца агульнага заліку юні­ёрс­кага Кубка IBU сезона 2015/2016 Дар’я Блашко (біятлон) і шмат­разовая чэмпіёнка Беларусі па шашэйных велагонках Алена Амялюсік. Лаўрэаты прэміі, якія навучаюцца на платнай аснове, былі вызвалены ад аплаты за 1 семестр навучання. Студэнты-бюджэтнікі атрымаюць прэмію экві­валентную гэтай суме.

img_4685

Лаўрэаты новай прэміі «Спартыўны алімп БДУ»

«Мы імкнёмся, каб усе студэнты былі ўцягнуты ў фізкультуру і спорт. У структуры нашага ўніверсітэта  ўжо 70 гадоў іс­нуе кафедра фі­зічнага выхавання і спорту. За гэтыя гады праз яе прайшла велізарная колькасць студэнтаў, чыімі спартыўнымі дасяг­­неннямі мы га­на­рымся», – адзначыў рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

Сяргей Уладзіміравіч прызнаўся, што ў юнацкасці сам займаўся футболам і баскетболам, а таксама мае I разрад па шахматах. Рэктар лічыць, што і ў навуцы, і ў спорце трэба вельмі шмат працаваць, каб дамагчыся поспехаў.
Спартсмены Джавід Гамзатаў і Ігар Бокі адзначылі, што прыемна стаць лаўрэатамі прэміі, падзякавалі БДУ за  ўвагу да спартсменаў. Яны распавялі, што сумяшчаць вучобу і заняткі спортам досыць складана, але кіраўніцтва alma mater праяўляе разуменне і ідзе студэнтам насустрач, каб яны маглі і атрымліваць адукацыю, і скарыць спартыўны алімп.
Аднак сакрэтаў паспяховай здачы сесіі студэнты не раскрылі. Па іх словах, няма ніякага іншага спосабу здаць залік ці іспыт, як выканаць усе заданні выкладчыка і вывучыць прадмет.
«Спартсменам даводзіцца цяж­ка, бо вельмі нялёгка добра ву­чыцца ва ўніверсітэце і сумяшчаць вялікі спорт, – распавёў рэктар. – Ва ўніверсітэце ёсць агульнааду­кацыйная праграма, якую трэба засвоіць, і патрабаванні многіх выкладчыкаў досыць высокія. Але маладыя спартсмены стараюцца, вучацца. І ў будучыні з дыпломам БДУ ўсё ў іх у жыцці будзе добра».

Вручение дипломов

Камандар Маджыдаў (злева) і Джавід Гамзатаў

На пытанне, чаму вялікая частка спартсменаў універсітэта вучыцца на юрфаку і адкуль у іх такая любоў да юрыспрудэнцыі, адказаў вядомы беларускі барэц Камандар Маджыдаў:

«У спорце і юрыспрудэнцыі шмат агульнага. Спорт – таксама вельмі вялікая навука, падчас барацьбы з супернікам  трэба прадумваць стратэгію, прадбачыць яго дзеянні, шукаць ра­шэнні. Акрамя таго, юрыспрудэнцыя спатрэбіцца ў жыцці кожнага чалавека, каб адстойваць свае інтарэсы. Важна ведаць свае правы падчас допінг-кантролю. Цяпер у спорце шмат палітыкі і хлусні, таму веданне юрыдычных асноў дапаможа спартсменам абараняць свае правы».

На прызавыя грошы за алімпійскія перамогі студэнты яшчэ не будавалі планаў. Для іх галоўнае – яшчэ больш працаваць над сабой, паляпшаць вынікі, каб годна прадстаўляць сваю краіну на міжнароднай арэне.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі па­жадалі ўсім здароўя і поспехаў у новым годзе. А таксама новых спартыўных дасягненняў, каб Беларусь і БДУ гучала ганарліва.

Дар’я КОЎЗА

Яшчэ больш фота тут (аўтар Васіль Кузьмічкін)

Вiдэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *